За 5 месяцаў кляшчы пакусалі 4000 беларусаў
Кляшчы пераносяць энцэфаліт, які можа прывесьці да сьмерці, ды хваробу Лайма. За згаданы тэрмін у Беларусі зарэгістравана 160 выпадкаў хваробы Лайма і 3 выпадкі клешчавога энцэфаліту.
Найбольш зваротаў у Менску, пасьля ідуць Берасьцейская ды Менская вобласьці. Найменш выпадкаў на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Тое, што на першы месцы знаходзіцца сталіца, адмыслоўцы тлумачаць высокай ступеньню інфармаваньня насельніцтва, як паводзіць сябе, калі ўкусіць клешч. Дактары адзначаюць, што лябараторыі зараз перапоўненыя заявамі грамадзянаў на дасьледваньні дастаных зь целаў кляшчоў.
Адмыслоўцы нагадваюць. Калі вас укусіў клешч, адразу зьвярніцеся ў паліклініку па месцы жыхарства. Ваш лекар мусіць вырашыць, ці адпраўляць кляшча на дасьледваньне, ці прызначыць прафіляктычнае лекаваньне.
Каб не падхапіць кляшча, людзям раяць для адпачынку выбіраць чыстыя сонечныя пралескі. Пры гэтым адзежа мусіць максымальна затуляць аголенае цела.
Калі вы ўсё ж здабылі кляшча, панцэтам выцягніце яго за брушка, а месца ўкуса апрацуйце ёдам ці іншым сьпіртавым рошчынам. Прасачыце, каб вы поўнасьцю выцягнулі кляшча са скуры, а пасьля ўсё адно зьвярніцеся да лекара.
Каментары