«Мінёр» рэстарана ў Курапатах: Я не ведаў, што за такія жарты бывае адказнасць
На аднаго з удзельнікаў абароны Курапатаў Мікіту Найдзёна завялі крымінальную справу — артыкул 340 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Заведама лжывае паведамленне пра небяспеку».
Высветлілася, што хлопец патэлефанаваў у рэстаран «Паедзем, паядзім» і паведаміў яго супрацоўнікам, што ўстанова замінаваная. Прыехалі ратавальнікі і хуткая дапамога. Адразу высветлілася, што паведамленне лжывае.
Актывіста затрымалі ўтрымлівалі 3 сутак за кратамі, але вызвалілі да судовага паседжання пад хатні арышт.
Мікіта Найдзён — 27-гадовы актывіст «Альтэрнатывы», працуе штампоўшчыкам на Мінскім трактарным заводзе, жыве з маці.
«Наша Ніва» звязалася з хлопцам, каб высветліць, чым ён кіраваўся.
Мікіта Найдзён: Не ведаю, што падштурхнула. Няведанне, чаго будзе… Быў дома. Пазваніў.
НН: Вы шыфраваліся неяк?
Мікіта Найдзён: Не, я думаў пажартаваць.
НН: Вы не ўсведамлялі, што можа быць адказнасць?
Мікіта Найдзён: Я думаў пажартаваць, я не ведаў, што за такія жарты бывае.
НН: Чаму для вас гэта важна? Чаму вы не падтрымліваеце будаўніцтва рэстарана?
Мікіта Найдзён: Таму што там людзі пахаваныя.
НН: А калі б выпала адматаць час назад, то вы б гэтак сама зрабілі?
Мікіта Найдзён: Не-не, я б не рабіў.
Цяпер актывісту «Альтэрнатывы» пагражае штраф, альбо арышт, альбо абмежаванне свабоды да трох гадоў, альбо пазбаўленне свабоды да пяці гадоў.
Каментары