Памерлі або зніклі

Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі, які знік разам з ім.

Дэпутатаў Вярхоўнага Савета Віктар Ганчара і Дзмітрый Булахаў называлі «маладымі ваўкамі». Яны мелі прэзідэнцкія амбіцыі, але зрабілі стаўку на Аляксандра Лукашэнку як на кандыдата, што меў найбольшыя перспектывы быць абраным.

Ганчар ды Булахаў спадзяваліся, што першы прэзідэнт Беларусі стане пешкай у іх руках, але Лукашэнка лёгка іх перайграў.

Віктар Ганчар крыху пабыў віцэ-прэм'ерам, але потым сышоў у апазіцыю. Вярхоўны Савет 13-га склікання прызначыў яго кіраўніком Цэнтрвыбаркама, але Лукашэнка зняў яго з пасады — хоць такія паўнамоцтвы меў толькі парламент — і прызначыў на тое месца Лідзію Ярмошыну.

Ганчар спрабаваў арганізаваць альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары ў 1999-м, але ў тым жа годзе знік. 

Дзмітрый Булахаў фармальна ўзначальваў ініцыятыўную групу па збору подпісаў за Лукашэнку, але пасля выбараў так і не атрымаў ніякай пасады.

Як сцвярджаў Аляксандр Фядута, улада зрабіла ўсё, каб усе патэнцыйныя прызначэнні — іх мусілі ўзгадняць з дэпутатамі парламента — праваліліся.

Праз пэўны час сышоў у апазіцыю, займаўся бізнэсам, але потым вярнуўся да Лукашэнкі, працаваў у структурах СНД.

Дзмітрый Булахаў

У 2006 годзе памёр ад сардэчнага прыступу, так і не рэалізаваўшы свае амбіцыі.

Эканамічную праграму для Лукашэнкі напісаў доктар навук Пётр Капітула.

Пётр Капітула

У камандзе ён знаходзіўся да 2000-га: узначальваў Аналітычны цэнтр, з'яўляўся памочнікам прэзідэнта.

«Адзін з нешматлікіх паплечнікаў Лукашэнкі, хто сышоў ад яго без наступстваў для здароўя і рэпутацыі»,

— пісаў пра яго Аляксандр Фядута. У нулявыя гады выкладаў. Памёр у 2016-м ва ўзросце 79 гадоў.

У 1994-м Міхаіл Сазонаў, які ўзначальваў у МУС упраўленне па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю, рызыкнуў сваёй кар’ерай. Ён далучыўся да каманды Аляксандра Лукашэнкі, праз што, хутчэй за ўсё, быў вымушаны сысці ў адстаўку.

Міхаіл Сазонаў

Але стаўка ўсё ж згуляла: Сазонаў стаў першым намеснікам Сініцына ў Адміністрацыі прэзідэнта. Як сцвярджаў Фядута,

менавіта Сазонаў і яго паплечнік Юрый Малумаў рэкамендавалі на пасаду старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну.

У якасці памочніка прэзідэнта напрыканцы 1990-х вёў перамовы з апазіцыяй, якія скончыліся безвынікова. З таго часу знік з публічнай прасторы, займаўся бізнэсам.

Памёр у пачатку 2021 года ад каранавіруса. Яму было 64 гады.

Былі ва ўладзе, але пакрысе адышлі ад спраў

Уладзімір Канаплёў (у цэнтры ў белай кашулі). Фота: Сяргей Гудзілін

У парламенце Уладзімір Канаплёў з'яўляўся памочнікам дэпутата Аляксандра Лукашэнкі. Падчас выбараў адказваў за збор подпісаў па Магілёўскай вобласці і сабраў 75 тысяч, велізарную колькасць. Пасля перамогі стаў памочнікам прэзідэнта, потым — дэпутатам парламента.

Менавіта Канаплёў узначальваў прапрэзідэнцкую фракцыю ў Вярхоўным Савеце 13-га склікання і сарваў прыняцце дамоўленасцяў, якія заключылі Лукашэнка, спікер Шарэцкі ды чыноўнікі з Расіі.

У выніку гэта раскалола парламент і дало падставу не выконваць дамоўленасці.

У Палаце прадстаўнікоў Канаплёў працаваў тры тэрміны, пэўны час з'яўляўся спікерам. У 2007-м сышоў у адстаўку «па стане здароўя» і пакрысе адышоў ад рэальнай палітыкі. У 2013-м Канаплёва затрымлівалі па справе намесніка генпракурора Аляксандра Архіпава. З сярэдзіны нулявых і дагэтуль узначальвае Федэрацыю гандбола Беларусі.

У 1994-м Рыгор Кісель узначальваў газету «Магілёўскія ведамасці» і актыўна ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі Лукашэнкі. Пасля перамогі узначаліў Нацыянальную тэлерадыёкампанію, папрацаваў паслом у Румыніі, а потым 15 гадоў кіраваў каналам АНТ. Сышоў на пенсію толькі ў 2017-м.

Рыгор Кісель

Разам з Кісялём згадаем — з-за падабенства ў прафесіі — і Ягора Рыбакова. Хоць

ён быў адзіным прадстаўніком каманды пераможцаў, хто са свайго ўтульнага кабінета адправіўся на нары.

Рыбакоў таксама працаваў у камандзе Лукашэнкі на Магілёўшчыне. Як сцвярджае Аляксандр Фядута, Кісель пасля выбараў прызначыў яго кіраваць абласным тэлебачаннем у Магілёве. У пачатку нулявых той узначаліў БТ і стаў канфліктаваць з Кісялём.

Ягор Рыбакоў

У 2004-м Рыбакоў быў арыштаваны і атрымаў 11 гадоў за злоўжыванне службовым становішчам і крадзеж у асабліва буйным памеры. У 2010-м яго вызвалілі датэрмінова. Рыбакоў спрабаваў узначаліць «Альфа-радыё», але не быў зацверджаны на пасадзе. Пасля знік з публічнай прасторы.

Армейскі палітработнік Віктар Кучынскі быў на першых прэзідэнцкіх выбарах даверанай асобай Лукашэнкі.

Віктар Кучынскі. Фота: TUT.BY

Пасля перамогі стаў памочнікам па асобных даручэннях, пасля чатыры гады ўзначальваў Дэпартамент па гуманітарнай дапамозе. З’яўляўся дэпутатам некалькіх складаў парламента.

Стаў вядомы сваёй фразай пра тое, што будзе абараняць Лукашэнку нават з гранатамётам у руках.

У 2008-м нечакана прайграў на выбарах у Палату прадстаўнікоў, пасля чаго займаўся бізнэсам, а потым працаваў намеснікам дырэктара сталічнага гатэля «Мінск».

Зараз — намеснік дырэктара прыватнай кампаніі. У кастрычніку 2020-га асудзіў гвалт пасля выбараў.

Усевалад Янчэўскі, бадай, адзіны, хто па-ранейшаму займае высокую пасаду. Зрэшты, у 1994-м яму было ўсяго 18.

Усевалад Янчэўскі (у цэнтры)

Янчэўскі паспеў стаць першым кіраўніком БРСМ, папрацаваць начальнікам галоўнага ідэалагічнага упраўлення адміністрацыі прэзідэнта. Цяпер кіруе Паркам высокіх тэхналогій.

Сышлі з улады яшчэ ў 1990-х, але не перайшлі ў апазіцыю

Леанід Сініцын

Падчас першых прэзідэнцкіх выбараў менавіта Леанід Сініцын ачольваў перадвыбарчы штаб Лукашэнкі. Пасля перамогі ўзначаліў Адміністрацыю прэзідэнта і пабудаваў «вертыкаль», што існуе дагэтуль. Таксама ён

з’яўляўся адным з арганізатараў рэферэндуму 1995 года, падчас якога была зменена дзяржаўная сімволіка. Пазней Сініцын хваліўся, што сам намаляваў эскізы чырвона-зялёнага сцяга і герба.

У 1996-м сышоў у адстаўку з пасады віцэ-прэм’ера, займаўся бізнэсам.

У 2001-м спрабаваў вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты, але яго не зарэгістравалі. Пасля зноў сышоў у цень. Нядаўна нагадаў пра сябе: сказаў, што на мінулых выбарах галасаваў за Святлану Ціханоўскую.

Іван Ціцянкоў быў калегам Аляксандра Лукашэнкі па Вярхоўным Савеце і актыўна ўдзельнічаў у перадвыбарнай гонцы. Менавіта ён разам з будучым кіраўніком Беларусі знаходзіўся ў машыне ў Лёзна (Лукашэнка заявіў, што там па ім стралялі). Пасля выбараў стаў кіраўніком справамі прэзідэнта. У 1995-м асабіста сарваў бел-чырвона-белы сцяг з даху Адміністрацыі прэзідэнта — праўда, потым адмаўляў тое ў інтэрв’ю «НН».

Іван Ціцянкоў. Фота: Надзея Бужан

Пазней у Лукашэнкі ўзніклі прэтэнзіі да свайго падначаленага. Калі быў затрыманы сябра Ціцянкова, бізнэсмен Віктар Лагвінец, той актыўна змагаўся за яго вызваленне. «Пасля я яшчэ некалькі разоў падымаў гэтую тэму, і

[Лукашэнка] аднойчы сказаў мне: ён сядзіць у турме замест цябе», — прызнаваўся «заўгас» у адным з інтэрв’ю.

У 1999-м сышоў у адстаўку і з’ехаў у Маскву, дзе займаўся бізнэсам, у тым ліку ў будаўнічай сферы. У 2011-м вярнуўся ў Беларусь, хоць усе яго дзеці засталіся ў Расіі, Жыве ў Тарасаве, не займаецца ні бізнэсам, ні палітыкай.

А вось падпалкоўніку Юрыю Малумаву не пашанцавала. Ён з’яўляўся членам часовай антыкарупцыйнай камісіі, якая стала трамплінам на шляху Лукашэнкі да ўлады.

Юрый Малумаў

Пасля працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта, а ў 1996-м сыграў адну з ключавых роляў у тым, што Лукашэнка застаўся ва ўладзе.

Спачатку дэпутаты падпісаліся за імпічмент, але пасля перадумалі, чым сарвалі адстаўку Лукашэнкі. І вось Малумаў якраз візіраваў адмову ад подпісаў — знаходзячыся ў гэты час на бальнічным. З юрыдычнага пункту гледжання тое лічылі парушэннем закона.

Пазней яго абвінавацілі ў махінацыях з кватэрай і адправілі ў ганаровую ссылку — паслом у Туркменістан. Там Малумаў працаваў да 2011-га, пасля чаго больш не мільгаў у СМІ. Яго дзеці жывуць у Маскве і кіруюць адвакацкім бюро «Малумавы і партнёры».

У апазіцыі

Некаторыя прадстаўнікі каманды Лукашэнка сышлі ад яго ў апазіцыю або ў структуры грамадзянскай супольнасці. Адным з першых так зрабіў Аляксандр Фядута, які займаўся аналітыкай ды пісаў Лукашэнку тэксты прамоў.

Аляксандр Фядута

Пасля перамогі Фядута стаў у Адміністрацыі прэзідэнта начальнікам упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі. Але ўжо

праз некалькі месяцаў сышоў у адстаўку — узяў на сябе адказнасць за «белыя плямы» у газетах: там мусіў з’явіцца антыкарупцыйны даклад дэпутата ад БНФ Сяргея Антончыка.

Фядута займаўся журналістыкай, напісаў кнігу «Аляксандр Лукашэнка. Палітычная біяграфія», мемуары пра маладосць, а таксама — як літаратуразнаўца — некалькі даследаванняў пра 19 стагоддзе. Уваходзіў у штаб Уладзіміра Някляева ў 2010-м, зараз знаходзіцца ў зняволенні. Яго абвінавачваюць у арганізацыі змовы супраць Лукашэнкі.

У якасці аналітыка ў штабе Лукашэнкі працаваў і эканаміст Сяргей Чалы. Пасля выбараў ён чатыры гады працаваў у Аператыўна-аналітычным цэнтры пры Адміністрацыі прэзідэнта. Пасля сышоў у бізнэс.

Сяргей Чалы. Фота: Надзея Бужан

Цягам 2010-х гадоў вёў папулярную перадачу «Эканоміка на пальцах» на партале Tut.by, як аналітык супрацоўнічаў з іншымі выданнямі. Мае папулярны канал на YouTube.

Анатоль Лябедзька — як дэпутат Вярхоўнага Савета і сябра штаба Лукашэнкі — курыраваў падчас выбараў Віцебскую вобласць.

Анатоль Лябедзька. Фота: Надзея Бужан

Але разам з Булахавым не атрымаў ніякага прызначэння.

Лябедзька трапіў у парламент наступнага складу — Вярхоўны Савет 13 склікання, дзе супрацьстаяў правядзенню рэферэндуму 1996 года. Пазней доўгі гады ўзначальваў Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Спрабаваў стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі, але прайграў Аляксандру Мілінкевічу.

Неаднаразова затрымліваўся.

Пасля жнівеньскіх падзей далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай. Каардынаваў працу камісіі па канстытуцыйнай рэформе і па справах моладзі і студэнтаў. Нядаўна адбыў 30-суткавы адміністрацыйны арышт.

Вайсковы палітработнік, падпалкоўнік Уладзімір Нісцюк кіраваў прэс-цэнтрам штаба Лукашэнкі. Пасля выбараў пэўны час працаваў у Службе кантролю.

Уладзімір Нісцюк. Фота: energobelarus.by

Потым стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання, удзельнічаў у спробе імпічменту Лукашэнку. З’яўляўся першым намеснікам кіраўніка партыі «Народная грамада» (яе кіраўніком быў Мікола Статкевіч). Пасля адышоў ад палітыкі. Зараз з’яўляецца выканаўчым дырэктарам асацыяцыі «Узнаўляльная энергетыка».

Выпускнік МГІМО Валер Цапкала адказваў у штабе за міжнародную дзейнасць і арганізаваў Лукашэнку візіт у Дзяржаўную думу Расіі. 29-гадовы маладзён стаў першым намеснікам міністра замежных спраў, потым — паслом у ЗША і памочнікам прэзідэнта.

Валер Цапкала. Фота: Надзея Бужан

Цапкала прапанаваў ідэю Парка высокіх тэхналогій і стаў яго першым дырэктарам. Нечакана ў 2017-м яго адправілі з адстаўку.

Колішні паплечнік Лукашэнкі нечакана нагадаў пра сябе падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў, калі вылучыўся кандыдатам у прэзідэнты.

Але яго так і не зарэгістравалі. Зараз разам з сям'ёй жыве ў Рызе. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?