Луiджы Пiрандэла

Пара жаўрукоў

 

Лука Пэлета не пазнаў бы на рымскiм
вакзале Санцi Курао, калi б той ня
кiнуўся да яго з крыкамi:

— Дружа Пэлета! Дружа Пэлета!

Ачмурэлы ад падарожжа, пасярод сумятнi i натоўпу пасажыраў, ад чаго круцiлася галава, ён застыў i глядзеў на яго аслупянела:

— О, гэта ты, Санцi? Як жа гэта? Вось так...

— Пра што гэта ты?

— Quantum mutatus ab illo!1

— Што за abillo? Гады, дружа Пэлета!

— Гады, праўда, але ж... — Лука зiрнуў на яго ў сьвятле электрычных сьвяцiльнiкаў. Гады? А гэтая вопратка? Вялiкi маэстра-музыкант у гэтай кашулi, пiнжаку, у гэтых портках i чаравiках? Значыць, жыве ў беднасьцi? А гэтая недагледжаная барада, ужо амаль зусiм сiвая, што нарасла больш на шчаках, чым на падбародзьдзi? А гэты твар, бледны i тлусты? А гэтыя падпухлыя кругi вакол вадзянiстых вачэй? Што здарылася? Ды й ростам ён стаў нiжэйшы?

Пад позiркам Лукi Пэлеты, поўным зьдзiўленьня, вусны Курао выцягнулiся ў нямой грымасе:

— Ты багаты, дружа Пэлета, i час цябе не руйнуе. Хадзем, хадзем! Але давай дамовiмся: нi слова пра мiзэрнае месца, дзе я i ты мелi няшчасьце нарадзiцца. Хто жывы, той жывы, хто мёртвы, той мёртвы: не хачу нiчога пра гэта ведаць. Ня трэба браць экiпаж: я жыву тутака ў канцы алеi. Давай мне валiзу або скрынку.

— Не, дзякуй, сам данясу, яны зусiм ня цяжкiя.

— А багаж ты пакiнуў у захавальнi на вакзале?

— Якi там багаж? — гукнуў Лука Пэлета. — Са мной толькi гэтыя два клункi: кнiгi й бялiзна.

— Значыць, ты прабудзеш тут мала?

— Не, чаму ж? Магчыма, я прыехаў назаўсёды.

— Вось так, з пустымi рукамi?

Яны iшлi пэўны час у маўчаньнi.

— А твая сыньёра? — рызыкнуў урэшце спытаць Лука.

Курао схiлiў галаву i прамармытаў:

— Я сам.

— Яна зьехала з Рыму?

— Яна ў Рыме, дружа Пэлета. Раскажу дома. Цяпер пагаворым пра цябе. Але давай бяз хiтрыкаў, вось як. Чаму ты прыехаў у Рым? Ну i чмо ж я. Забыўся, што ў цябе грошаў куры не дзяўбуць.

— Памыляесься... — паправiў яго Пэлета з дабрадушнай усьмешачкай. — Сапраўды, штосьцi маю, мне хапае, але й трэба мне мала. Няма што дзяўбсьцi. А вось, што праўда, дык я цяпер урэшце сам сабе гаспадар. Ледзь-ледзь усё ня ляснула, ведаеш? На дзiва, беднасьць не пастукалася ў нашыя дзьверы. Але ўрэшце паўтараю, я цяпер вольны i гаспадар...

— ... сам сабе. Добра. Але, калi ты не такi ўжо багаты, то чаму прыехаў у Рым?

— Бачыш! — уздыхнуў Лука, зноў таямнiча прыплюшчваючы вочы. — Гэта мой горад. Я заўсёды яго сьнiў.

— Дружа Пэлета, я нешта падазраю, — паўтарыў Санцi Курао. —Клянуся: ты хлусiш. Скажы праўду, ты бяднейшы за мяне?

— Не, чаму ж? — iнстынктыўна выгукнуў Лука, i адразу спахапiўся — Магчыма, не...

— Гэтае ТВАЁ, хаця б намякнi, на колькi пацягне?

— Прыбытачак сьцiплы, але надзейны: пяць лiраў на дзень. Мне хапае.

Санцi Курао зарагатаў, матаючы галовой.

— Сто пяцьдзесят лiраў на месяц? I што ты зь iмi робiш?

Яны дайшлi да канца алеi, Курао зазiрнуў у браму дому i перш, чым увайсьцi, сказаў Луку:

— Прашу размаўляць у паўголас.

Пакойчык мiзэрны, бруднаваты, у беспарадку, з ложкам у кутку, не перасьцеленым даўным-даўно; просты столiк без абрусу, побач з адзiным вакном, вешалка на сьцяне, плеценыя крэслы, умывальнiк.

Санцi Курао запалiў сьвятло на столiку i запрасiў сябра сесьцi.

— Калi хочаш памыцца, усё, што трэба, тут.

— А... люстра ў цябе няма? — здушана спытаў Лука, разгублены ад такой бядоты, разглядаючы навокал пыльныя сьцены.

— Плачу дванаццаць лiраў на месяц, дружа Пэлета, i мяне не паважаюць. Час ад часу даю ўрокi музыкi, i мне ня плоцяць; надыходзiць канец месяца, i я не плачу; а чым больш не плачу, тым менш мяне паважаюць. Тамака, каля ручнiка, было люстра, калi не памыляюся. Яго зьнесьлi.

— Дык як жа ты глядзiсься? — спытаў уражана Лука.

— Ды я пра гэта й ня думаю!

— Гэта кепска, Санцi! Таму што фiзычны бок...

— Сапраўдны фiзычны бок — гэта хлеб, дружа Пэлета! — рэзка падвёў рысу Курао.

— Э-э, дык жа не, не... — гукнуў Лука. — Non solo pane vivit homo...2

— А ўсё ж, — заключыў Санцi, — ў першую чаргу нам трэба хлеба. Не кажы больш глупстваў ды яшчэ на лацiне.

Яны надоўга паглыбiлiся ў пакутлiвае маўчаньне. Санцi Курао сядзеў ля столiка, схiлiўшы галаву i ўтаропiўшыся ў падлогу. Лука Пэлета, выпрастаны, як заўсёды ў жыцьцi, насупiўшыся, уважлiва разглядаў яго.

— Ну дык... твая сыньёра?

Курао падняў галаву i пэўны час глядзеў у вочы сябру.

— Тутака вось мая сыньёра! — ён урачыста зьняў з галавы капялюш, некалькi разоў пастукаў сябе па шырокiм iлбу, асьветленаму лямпай:

— Бачыш? Алень! — крыкнуў ён, i тоўстыя бледныя вусны, выцягнуўшыся ў страшнай грымасе, адкрылi сьцiснутыя зубы, жоўтыя ад доўгага галадаваньня.

Лука Пэлета глядзеў на яго, зьбiты з панталыку, няўпэўнена вывучаючы выраз твару Курао, каб зразумець — цi трэба сьмяяцца, цi не.

— Алень! Алень! — паўтараў Санцi i не пераставаў кiваць галавой ў пацьверджаньне гэтага. — I гэта ня я вытурыў яе, ведаеш! Яна сама сышла, сама. Я вось такi, — дадаў ён, ухапiўшыся абедзьвюма рукамi за шчацiньне, што нарасло на шчаках, — але мая жонка прыгожая i вельмi паважаная сыньёра! Галота, дружа Пэлета. Ня будзь галоты, яна, магчыма, i не зрабiла б так. Яна ж у прынцыпе была нiкчэмная. Папраўдзе для яе я быў толькi ўзорны муж: прыносiў ёй усё, што зарбляў... па-за нейкiм грошам, каб зьвесьцi канцы з канцамi. Але ж на самой справе мужык, якой бы сьвiньнёй ён ня быў, заўсёды варты ў тысячу разоў болей за любую жанчыну. Ты скажаш, што не, дружа Пэлета? Хаця, хто ведае? Магчыма, гэта й ня так. Цяжка сказаць. Галота, разумееш? Што робiцца з жалезьзем у вагнi? Яно выкрыўляецца. Дык вось, i ты, муж, таксама даходзiш да таго, што кажаш сваёй жонцы: «Ты наставiла мне рогi? Здабыла на хлеб? Так? Ну дык i добра зарабiла! Дай жа кавалачак i мне!»

Ён падняўся i пачаў крочыць па пакоi, апусьцiўшы галаву на грудзi i з рукамi за сьпiнаю.

— А цяпер... што яна робiць? — нясьмела спытаў Лука.

Курао працягваў крочыць, нiбыта не пачуў пытаньня.

— Ты ня ведаеш, дзе яна?

Курао спынiўся перад лямпай:

— Пайшла ў прастытуткi! — сказаў ён. — Ня будзем марнаваць дарма газу! Памыйся, калi лiчыш гэта сапраўды неабходным. I пойдзем у горад. Ня хочаш павячэраць?

— Не.. — адказаў Лука. — Я павячэраў у Нэапалi дастаткова добра.

— Я табе ня веру.

— Слова гонару. Скажы ў двух словах, як я табе?

— Шкода цябе, дружа Пэлета!

— Не кажы! Табе здаецца, што я кепска выглыдаю з твару?

— Не, яшчэ не здаецца, — гукнуў Санцi.

— М-да, — пагадзiўся Лука, — на самой справе, мне вельмi пасуе есьцi няшмат. Але можа я трошкi бледны сёньня, не?

— Ты бледны, таму што бедны! — выбухнуў Курао. — Давай, хадзем! Ты, пэўна, хацеў бы паглядзець на Калiзэй у месяцовым сьвятле.

Лука з энтузiязмам прыняў прапанову, i яны рушылi моўчкi.

Перад парогам дому Пэлета прытрымаў за руку сябра, потым ляпнуў яму далоняй па сьпiне i сказаў, заплюшчыўшы вочы:

— Санцi, мы не здамося! Паспадзявайся на мяне!

— Ды супакойся ты... — прабурчэў Курао.

I абодва растварылiся ў цемры.

 

Пераклаў з iтальянскай Валеры Буйвал

 

Luigi Pirandello. Un’altra allodola. — La giara. Milano, 1992.

 

1Колькi ўсяго зьмянiлася з тае пары (лацiнск.).

2Ня хлебам адзiным жыве чалавек (лацiнск.).


 

Луiджы Пiрандэла (1867-1936), iтальянскi пiсьменьнiк i драматург. Аўтар раманаў «Адзiн, нiводзiн i сто тысячаў», «Нябожчык Мацiя Паскаль», п’есаў «Шэсьць Пэрсанажаў у пошуках Аўтара», «Сёньня ўвечары iмправiзуем», «Знайсьцiся», шматлiкiх навэлаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0