У Мінску жанчына насіла корм галубам цэлымі вёдрамі. Яе аштрафавалі
Жыхарку мінскага мікрараёна Сухарава аштрафавалі за тое, што яна карміла галубоў каля шматпавярховых дамоў. Яе дзеянні не спадабаліся суседзям, якія паскардзіліся ў ЖЭС — жанчына раскідала зерне і іншы корм у дварах і на зялёных зонах, што прыводзіла да забруджвання тэрыторыі, пішуць «Мінск-Навіны».

Спачатку жанчыну папярэджвалі, але яна не спынілася — наадварот, пачала прыносіць корм цэлымі вёдрамі. У выніку яе аштрафавалі паводле артыкула 22.12 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Але і пасля гэтага яна працягвала карміць птушак.
Суседзі склалі калектыўную скаргу, і пасля праверкі камунальнікі зноў прыцягнулі жанчыну да адказнасці. Жанчына патлумачыла, што чула на царкоўнай службе пра тое, што птушкі — гэта «працяг душы», а таму іх трэба карміць. Яна сцвярджала, што не думала пра негатыўныя наступствы сваіх дзеянняў.

Пазней жанчына абяцала больш не карміць птушак каля дамоў, але ўжо ў чэрвені зноў пачала гэта рабіць — праўда, меншымі аб’ёмамі і ў іншы час сутак. Сведкі кажуць, што яна рабіла гэта раніцай або ўвечары.
ЖЭС арганізаваў сустрэчу з удзелам абодвух бакоў, падчас яе жанчына паведаміла, што цяпер плануе карміць птушак у іншых месцах, далей ад жылля — напрыклад, каля МКАД.
Па словах адміністрацыі Фрунзенскага раёна, новых скаргаў пакуль не паступала, але калі яны з’явяцца, справу зноў будуць разглядаць.
Цяпер чытаюць
«Час, які патрабуе надзвычайнай асцярожнасці». Польскі вундэркінд, які стаў галоўным навукоўцам OpenAI, патлумачыў, чаму менавіта зараз ШІ можа вырвацца з-пад кантролю
Каментары