Усяго патроху6464

Беларускамоўны немец, які носіць сукенкі: У Беларусі да мяне паставіліся талерантна

У ліпені Стэфан Мюнц другі раз у жыцці наведаў Беларусь і першы раз — у звыклым яму «жаночым» вобразе. Малады чалавек прызнаецца, што рашыцца быць сабой у нашай краіне было няпроста.

Стэфан Мюнц.

Ён кажа, на Захадзе ў Беларусі не самы лепшы імідж: дрэнная ўлада, суровая міліцыя, няпростае жыццё. Калі навіны пра Беларусь і з’яўляюцца ў нямецкіх СМІ, то гэта як правіла негатыў. Стэфан зазначае, што пра Італію і «мафію», да прыкладу, у Нямеччыне таксама шмат гавораць. Але Італія ўсё адно папулярная сярод немцаў, чаго не скажаш пра Беларусь.

Стэфан нарадзіўся ў Рэгенсбургу, жыве ў гэтым баварскім горадзе і цяпер. Зарабляе на жыццё перакладам.

«Я даўно захапляюся мовамі. Найлепш ведаю ўкраінскую, рускую і польскую, таму беларускую разумею выдатна, — кажа малады чалавек. — У Нямеччыне цікаўнасць да славянскіх краін — адносна незвычайная рэч. У школах рэдка выкладаюць славянскія мовы».

Можна сказаць, гэтая цікаўнасць да славянскіх краін была несвядомым пратэстам супраць бацькоў. У той час яны ездзілі ў Італію, Аўстрыю, збіраліся ў Францыю — толькі не ў тыя краіны, што раней былі пад савецкай уладай.

Сёлета ў Беларусі.

Стэфан — сапраўдны паліглот. Ён увесь час бярэцца за вывучэнне новых моў. Цяпер яго мара і мэта — засвоіць японскую і кітайскую.

«Маёй другой мовай была баварская гаворка, бо бацькі найперш вучылі мяне нямецкай літаратурнай мове, хоць мы і жылі ў тым рэгіёне Германіі, дзе пераважна гавораць па-баварску, — распавядае Стэфан. —

У школе вучыў англійскую, праз настаўніцу французскай мовы пачалося маё агульнае захапленне мовамі, поспехаў у мяне тады было шмат. Стаў займацца італьянскай, румынскай, рускай і іспанскай мовамі, працягваў іх вывучаць, пакуль не скончыў школу. Ва ўніверсітэце займаўся славянскімі. Мовы — мая даўняя апантанасць. Люблю іх параўноўваць, падабаюцца дыялектныя гаворкі. Калі ёсць натхненне, бяруся за новыя: албанскую, дацкую, літоўскую…».

Пра існаванне Беларусі Стэфан даведаўся ў 1995 годзе, калі яму падарылі мапу Еўропы, на якой былі пазначаныя ўсе постсавецкія краіны.

«Мой бацька выкладаў фізіку і матэматыку, праз яго я захапіўся ядзернай фізікай. З гэтай прычыны мяне таксама цікавіла чарнобыльская трагедыя і яе наступствы. Пазней у нас заснавалі групу «Дапамога Беларусі», каб падтрымаць людзей, што пацярпелі ад Чарнобыля. Я таксама валанцёрыў», — прыгадвае Стэфан.

Пасля 2002 года праблемы Беларусі для Стэфана адышлі на другі план. Цікаўнасць да краіны зноў прачнулася толькі гадоў праз пяць, калі ён выпадкова натрапіў на кнігу пра Беларусь у антыкварнай лаўцы і пазнаёміўся з дзяўчынай з Гомеля ў студэнцкім інтэрнаце. У 2009 годзе немец нарэшце ўпершыню прыехаў у нашу краіну.

Тады ў Беларусь перадавалі гуманітарную дапамогу, Стэфан дапамагаў як перакладчык, хацеў папрактыкавацца ў мовах. Праўда, на той момант беларускай ён не ведаў.

«Шчыра, да падарожжа было страшнавата. Асабліва праз тое, што на Захадзе пра Беларусь распавядаюць шмат жахаў: пра несвабоду, пра дрэнную ўладу, пра падаўленні людзей, пра Чарнобыль. Баяўся міліцыі…, — прыгадвае малады чалавек. — Хоць перад паездкай чытаў гід па Беларусі, усё адно было боязна».

Першая вандроўка ў нашу краіну была зусім нядоўгай — усяго шэсць дзён. Першыя тры дні група правяла ў Гомелі, у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Апошнія тры дні — у сталіцы.

«Мне тады здалося, што Гомель — шматлюдны горад, дзе шмат гістарычных будынкаў. Увечары, калі шпацыраваў па Савецкай вуліцы, пазнаёміўся з Аленай і Нэлі, з якімі мы сябруем па сёння. Алена — маці Нэлі. Калі мы пазнаёміліся, ім было 46 і 16 гадоў. Асабліва тады я саромеўся насіць тое, што хацеў, апранаў «мужчынскія» рэчы, — прыгадвае Стэфан. — Але для іх мой вобраз — не праблема, яны падтрымліваюць мяне».

У тую ж вандроўку немец наведаў мінскую цырульню, пасябраваў з майстрам Наталляй. Цяпер, калі прыехаў у Беларусь ужо ў другі раз, зноў сустрэўся з ёй, ужо ў новым амплуа. Праўда, пра кардынальную змену іміджу Наталля ведала і раней — праз сацсеткі.

Пасля першай паездкі Стэфан пачаў вучыць беларускую мову. Кажа, яго натхніў настаўнік адной беларускай школы, куды яны прыйшлі на экскурсію. За гэтыя восем гадоў, што мінулі з таго часу, немец купіў нямала беларускіх кніг, падручнікаў, слоўнікаў — амаль усё праз беларуску, з якой жыў разам у студэнцкім інтэрнаце.

«Набыў альбомы пра Гомель, Мінск, Гродна, Ліду і іншыя гарады, кнігі пра гісторыю Беларусі, пра Скарыну, Шагала, Суціна. Я асабліва люблю архітэктуру і жывапіс, — працягвае Стэфан. — Дарэчы, падчас той першай вандроўкі мяне ўразіла, што беларусы паважаюць традыцыі. У адной школе я звярнуў увагу на невялічкую беларускую драўляную хату, створаную ў класе. Я быў уражаны тым, наколькі філігранна яна была зроблена».

Сёлета Стэфан даведаўся пра школу беларусістыкі і вырашыў, што трэба ехаць.

«Было крыху страшнавата ісці ў консульства Беларусі ў Мюнхене. Але насамрэч там працуюць прыемныя людзі. На мытні таксама не было ніякіх праблем, — кажа Стэфан. —

Першае, што здзівіла ў Беларусі на гэты раз — новыя грошы. Купюры прыгожыя, а манеты, як па мне, так сабе. На трасе ад Брэста да Мінска шмат новых невялікіх заправак — чыстых i бясплатных, у адрозненне ад нямецкіх. Здзівіла, як шмат у Беларусі новых будынкаў. Пазітыўна ўражаны, што беларуская дзяржава паважае гісторыю. На многіх будынках вісяць шыльды з пазнакай, што гэта архітэктурная каштоўнасць. Здзівіла, як шмат людзей у вышыванках. Я прывык, што гэта ёсць ва Украіне, але не чакаў такога ў Беларусі».

Стэфан кажа, што праграма школы беларусістыкі была цудоўнай: музеі, экскурсіі, лекцыі з цікавымі асобамі. Карацей, яму спадабалася настолькі, што налета хоча прыехаць зноў. Калі возьмуць вучыцца і калі дадуць візу, вядома.

Ды і страхі маладога чалавека наконт таго, ці прымуць яго незвычайны вобраз беларусы, сышлі, бы іх і не было.

«Кожны дзень апранаў сукенку ці спадніцу. Спачатку баяўся, але ніхто мяне не чапаў. На гэта ў Беларусі рэагавалі не інакш, як у Нямеччыне. Як звычайныя мінакі, так і прадстаўнікі розных дзяржструктур. У Беларусі я адчуваў сябе ў бяспецы. Гэта гасцінная краіна, у мяне засталіся добрыя ўражанні, — кажа малады чалавек. — Я магу толькі дзякаваць за прыемны час, праведзены ў краіне».

А што датычна пытання своеасаблівага стылю адзення, то тут у Стэфана свая пазіцыя.

«Так, я нашу сукенкі, спадніцы, абутак на абцасах. Але для мяне гэтыя рэчы не маюць пола — гэта проста прыгожае адзенне. Таму азначэнне «трансвестызм» не пасуе. Як па мне, «мужчынская» вопратка папросту нудная і нецікавая, зробленая без любові.

Я заўжды адчуваў зайздрасць да жанчын і дзяўчат, пакуль не пачаў сам насіць такія рэчы. Спачатку я думаў, што толькі жанчыны могуць так апранацца, але потым зразумеў, што і мужчыны могуць. У 14 гадоў я пачаў маляваць пазногці, у 17 — рабіць макіяж. У 18 стаў насіць сукенкі [цяпер Стэфану 32 гады — НН]. Адзінае, мне перашкаджаюць валасы на маім целе, праз гэта я часта адчуваю сябе некамфортна».

Каментары64

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў10

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША5

Трамп забараніў уезд у ЗША грамадзянам 12 краін

Памёр Аляксандр Класкоўскі-малодшы7

У мінскіх крамах заўважылі мяса ў правакацыйных упакоўках і без маркіровак. Адкуль?1

Праціўнікі Ціханоўскай збіраюцца на круглы стол, каб вырашыць, як жыць далей44

На працоўным стале ў Пуціна стаіць камп'ютар з аперацыйнай сістэмай, якая ўжо шмат год не абнаўляецца14

Ціханоўская: Яны не хочуць перамоў, яны хочуць, каб мы добраахвотна пайшлі ў турмы8

Трамп неанансавана перагаварыў з Пуціным: Пуцін сказаў, і вельмі рашуча, што яму давядзецца адказаць на атаку па аэрадромах22

Новак Джокавіч зрабіў чарговую пародыю на Сабаленка. Тая падыграла3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў10

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць