У некаторых школах пэдкалектыў рыхтаваў нават асобны канцэрт — застольны. Так было, прынамсі, да вядомага прэзыдэнцкага дэкрэту. У тым, чаму так цяпер шалеюць правяральшчыкі, нехта бачыць і забарону расслабіцца пасьля інспэкцыі за чужы кошт.
Аб праблемах сучаснай школы піша Аляксандар Бохан.
У кожным раёне ёсьць пасьпяховая гаспадарка, куды раённае начальства любіць вазіць рознага кшталту гасьцей. Гэта можа быць моцны калгас, маслазавод, а бывае, што візытоўкай раёну робіцца школа.
Прыцягальнымі для рознага кшталту візытаў школы робяцца з розных прычын: гэта могуць быць новыя сучасныя школы, установы з моцным пэдагагічным складам і таленавітымі вучнямі. Яны могуць быць да ўсяго зручна разьмешчаныя — недалёка ад цэнтру, калі не ў самім цэнтры. То чаму б і не праводзіць менавіта тут адкрытыя заняткі, сэмінары па сацыяльным упарадкаваньні і плянавыя праверкі.
Для таго каб рэгулярна прымаць гасьцей, трэба ўвесь час падтрымліваць адпаведны параднаму статусу выгляд: школа мусіць зіхацець, дзеці — дэманстраваць веды. Як і іхнія настаўнікі. На знадворны выгляд будынкаў і іх унутранае аздабленьне выдзяляюцца сродкі з раёну.
Усе работы па гэтым аздабленьні, як правіла, самі настаўнікі і выконваюць. Даводзіцца ім асвойваць у дадатак да асноўнай пэдагагічнай прафэсіі яшчэ і будаўнічую. На гэта амаль ніхто не зважае — звыклі ўжо паслухмяна выконваць, што ні загадаюць зьверху, дый кантракт трымае, якім палохаюць усіх «нахабных і сьмелых». Толькі вось крыўдна бывае, калі даводзіцца да позьняй восені штодня амаль да ночы (а трэба ж яшчэ і з гаспадаркай хатняй управіцца пасьля працы) фарбаваць сьцены і падлогу, рыхтаваць дакумэнты ды справаздачы — і ўсё дзеля даго, каб чыноўніца з вобласьці, зь цяжкасьцю стрымліваючы пазяханьне, за якія паўгадзіны абабегла школу, не затрымаўшыся нават на адмыслова падрыхтаваную канцэртную праграму. І яе не хвалюе, што ў часе падрыхтоўкі шмат хто зь дзяцей траціў прытомнасьць ад моцнага паху фарбы, бо восеньню памяшканьне ня надта і праветрыш, што тых самых дзяцей почасту адрывалі ад заняткаў дзеля падрыхтоўкі канцэрту. Гэта, як кажуць, непазьбежныя выдаткі.
Пра справаздачнасьць асобная гісторыя. Ёй у сучаснай беларускай школе падначалена ўсё: на кожнага свайго вучня клясны кіраўнік ад пачатку году афармляе так званы маршрутны ліст. І гэта толькі адзін з прыкладаў, а колькі яшчэ розных паперак даводзіцца пісаць у працэсе навучаньня, улічваючы пастаянныя зьмены і новаўвядзеньні, адным настаўнікам толькі і вядома. І зразумела, што ва ўзорных школах за справаздачнасьцю сочаць вельмі пільна.
Кантроль за школаю ўзмацняецца з году ў год, а начальства і правяральшчыкі ўсіх узроўняў робяцца ўсё больш нахабныя. Пэрсаналу школы нельга адысьціся са свайго працоўнага месца ў працоўны час, і крый божа, калі вас нехта з начальства за гэтым засьпее — будзе шмат крыку і пагроз. Увогуле, чыноўнікі паводзяць сябе па-хамску: могуць накрычаць, абразіць у прысутнасьці калег і вучняў, у размове яны ўсё часьцей на «ты». Нават калі перад імі жанчына. Вядома, ня кожны начальнік паводзіць сябе так, але гэтая звычка сярод іх пашыраецца.
Каб неяк залагодзіць нейкую сур’ёзную праверку, настаўнікі разыходзяцца ва ўсе застаўкі — фарбуюць, мыюць, пішуць, рэпэтуюць канцэрты, а некаторыя з дырэктараў нават маюць «ценявы бюджэт», каб пасьля асноўнага мерапрыемства зладзіць неафіцыйнае. У некаторых школах пэдкалектыў рыхтаваў нават асобны канцэрт — застольны. Так было, прынамсі, да вядомага прэзыдэнцкага дэкрэту. У тым, чаму так цяпер шалеюць правяральшчыкі, нехта бачыць і забарону расслабіцца пасьля інспэкцыі за чужы кошт.
Часам раённых рэсурсаў бывае недастаткова, і на адміністрацыю школы кладзецца клопат пошуку спонсараў, паслугі якіх не заўсёды альтруістычныя. Калі ў горадзе гэта неяк абыходзіцца, то ў вёсцы, дзе дапамогу, як правіла, аказвае мясцовая гаспадарка, трэба адрабіць на сэзонных работах — перабраць бульбачку вясной, увосень выкапаць… Навучальнаму працэсу гэта, натуральна, не на карысьць, але што паробіш. Нейкі час вясковыя школы спрабавалі зарабляць на ўласныя патрэбы неабходныя сродкі, але праблемы зь недасканалай бухгальтэрыяй гэтыя спробы пахавалі.
Шмат часу адбіраюць і розныя агульнадзяржаўныя мерапрыемствы з выразным ідэалягічным адценьнем. Ізноў дзеці трацяць час на канцэрты і імпрэзы. І настаўнікі мусяць падпарадкоўвацца, бо з раёну ціснуць. Навучаньне, дзеля якога, уласна, і існуюць школы, робіцца як бы неабавязковым і факультатыўным. Частыя зьмены ў праграмах (у рамках рэформы), падручніках не дадаюць ахвоты дзецям вучыцца. Іх больш цікавяць навінкі мабільнай сувязі, і гэтая забаўка апанавала нават вясковыя школы, ня кажучы ўжо пра гарадзкія. А пашырэньне шматлікіх зборнікаў дыктантаў і сачыненьняў адбівае і без таго слабае жаданьне чытаць нармальную літаратуру.
Расчараванасьць і апатыя сярод настаўнікаў — натуральная рэакцыя на існы стан рэчаў. І праўда, як тут не разгубіцца, калі кіраўнік дзяржавы, ініцыятар апошняй школьнай рэформы, са скрухай і настальгіяй прыгадвае савецкую школьную сыстэму навучаньня, «дзякуючы якой у космас паляцелі», і аб’яўляе пра неабходнасьць вяртаньня да былых каштоўнасьцяў.
Школы-маякі — гэта своеасаблівы тэст на трываласьць і ляяльнасьць, лябараторыя для абкаткі ідэй, што нараджаюцца ў галовах нашых кіраўнікоў. Застаецца спадзявацца, што яны ў хуткім часе зьнікнуць разам з генэратарамі гэтых самых ідэй і ў школах будуць проста вучыцца.
Каментары