Банкі Беларусі з сённяшняга дня перастануць спаганяць камісійныя і іншыя плацяжы з крэдытаатрымальніка за карыстанне крэдытам. 22 студзеня 2013 года ў сілу ўступае закон «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь», які ўключае такую забарону. Разам з тым, дзеянне забароны не будзе распаўсюджвацца на крэдытныя дамовы, заключаныя па 21 студзеня 2013 года ўключна.
Такім чынам, новаўвядзенне закране толькі крэдытныя дамовы, заключаныя пасля ўступлення ў сілу паправак у Банкаўскі кодэкс, гэта значыць з 22 студзеня 2013 года.
Мера накіравана на павышэнне празрыстасці дзейнасці банкаў пры крэдытаванні. Кошт крэдыту павінен вызначацца працэнтнай стаўкай за карыстанне крэдытам, адзначаюць у Нацыянальным банку.
Таму па некаторых крэдытных прадуктах стаўкі візуальна вырастуць, фактычна застаўшыся ранейшымі. Перш за ўсё гэта будзе датычыцца так званых хуткіх крэдытаў — якія выдаюцца за вельмі кароткі перыяд часу і з мінімальным пакетам дакументаў, што патрабуюцца ад кліентаў.Цяпер дадатковыя плацяжы, калі такія ёсць, будуць адразу ўключацца ў стаўку па крэдыту.
Па такіх прадуктах стаўкі пасля 22 студзеня могуць павялічыцца да 100% гадавых, прагназуюць эксперты. Разам з тым, маючы магчымасць адразу бачыць рэальную стаўку, крэдытаатрымальнікі змогуць адэкватна ацаніць свае сілы, перш чым браць дарагі крэдыт.
Акрамя таго, цяпер банк абавязаны будзе азнаёміць (а не проста даць магчымасць азнаямлення) крэдытаатрымальніка з памерам працэнтаў за карыстанне крэдытам да заключэння крэдытнай дамовы.
Каментары