Грамадства66

Бульба і малако з-пад Валожына ў 10 разоў перавысілі нормы па радыяцыі

Еўрарадыё праверыла на цэзій і стронцый хатнія прадукты людзей. Бульбу і малако мы купілі за 50 км ад Мінска, дзе некалі асела радыяцыйная пляма.

У раёне аграгарадка Пяршаі Валожынскага раёна ў 1986-м годзе асела «чарнобыльская пляма». Забруджванне цэзіем у некаторых месцах ацанілі ад 5 да 15 кюры. Давялося нават высяляць некаторыя вёскі.

Сёння Пяршаі ― гэта ўзорны аграгарадок: добрыя дарогі, прадпрыемства, зграбныя дамкі. Прыязджаем сюды (дарога легкавіком ад Мінска займае ўсяго 40 хвілін) і праводзім журналісцкае даследаванне па выяўленні радыяцыі. Для гэтага выкарыстоўваем звычайны бытавы дазіметр.

Замяраем плітку каля вядомага архітэктурнага помніка — касцёла Святога Юрыя, правяраем гліністую глебу на адным з падворкаў, яшчэ на адной гаспадарцы выкопваем ямку ў 30 сантыметраў і мераем. Нідзе магутнасць дозы выпраменьвання не перавышае 15 мікрарэнтген у гадзіну. Гэта ў межах нормы.

Вядома, што выявіць бытавым дазіметрам так званую паглынутую дозу радыяцыі (яна ўтрымліваецца, скажам, у прадуктах харчавання) немагчыма.

Таму ў мясцовых жыхароў купляем бульбу і малако. Дазіметр паказвае норму. Для пэўнасці тавар вязём праверыць ў адну з лабараторый. Даследаваць прадукты харчавання на цэзій магчыма ў кожным райцэнтры. Працэдура каштуе каля 20 тысяч рублёў. Выявіць стронцый могуць лічаныя лабараторыі, даследаванне патрабуе радыехіміі і каштуе 120 тысяч рублёў.

Вынікі экспертызы здзівілі. Па цэзіі-137 бульба аказалася чыстай. Па стронцыі-90 экспертыза паказала 40,5 бекерэля на кілаграм. Гэта перавышэнне беларускіх нормаў больш як у 10 разоў (дапускаецца 3,7 бекерэля на кілаграм). Гэту бульбу жыхарка Пяршаяў атрымлівала за бясплатна ў якасці сацыяльнай дапамогі!

Пакуль гэты матэрыял рыхтаваўся да выхаду, даследаванні па хатнім малацэ працягваліся. Звесткі з лабараторыі мы атрымалі ў апошні момант. Малако таксама аказалася радыеактыўным. І зноў жа па цэзіі прадукт аказаўся чыстым, а па стронцыі спектрометр зафіксаваў перавышэнне нормы прыкладна ў 10 разоў.

«Чарнобыльская пляма», якая накрыла Валожыншчыну ў красавіку 86-га, тычыцца выключна цэзію. Выходзіць, што верыць на слова дадзеным афіцыйных карт нельга, бо ападаў стронцыю ў раёне Пяршаяў на іх не зафіксавана.

***

Кантроль прадукцыі па цэзіі-137 ў Беларусі жорсткі. Плямы забруджванняў на картах паступова знікаюць. Складваецца ўражанне, што вось-вось некалі гучная праблема будзе вырашана і ўсё добра.

Наша даследаванне паказала, што жорсткі кантроль ажыццяўляецца не па ўсіх радыёнуклідах. Хоць той жа стронцый-90 накопліваецца ў костках і з гэтай прычыны павольна выводзіцца і паражае жыццёва важныя органы, можа прыводзіць да злаякасных пухлінаў у сістэме кровазвароту. У зоне асаблівай рызыкі ― дзеці.

Паступова на арэну выходзіць радыёнуклід амерыцый, пра ўздзеянне якога на арганізм ўвогуле мала што вядома.

У той жа час кампетэнтныя навукоўцы сцвярджаюць, што ад уздзеяння чарнобыльскай радыяцыі беларусы могуць уратавацца. Паводле дадзеных МНС, у гаспадарчы абарот увялі блізу 7% некалі забруджанай зямлі. І няма падставаў сумнявацца, што вырошчваць на гэтых землях «чыстую» прадукцыю магчыма.

Іншая справа ― ці ёсць у нас інтэлектуальныя рэсурсы для бяспечнага выкарыстання зямель? Як паказала наша даследаванне, нават на ўскосна чыстых тэрыторыях з бяспекай ёсць праблемы.

Як цалкам уберагчыся ад радыенуклідаў?

Звяртаемся да беларускіх навукоўцаў з пытаннем, ці змяншаецца ўплыў чарнобыльскай радыяцыі на беларусаў.

«Асноўнымі дозаўтваральнымі элементамі на сёння з’яўляюцца цэзій і стронцый. Перыяд паўраспаду гэтых элементаў каля 30 гадоў, ― аналізуе доктар біялагічных навук, дырэктар Інстытута радыебіялогіі НАН Беларусі Аляксандр Навумаў. ― Праходзіць 30 гадоў, і элементаў фактычна робіцца ў два разы менш, і сітуацыя паляпшаецца. Пройдзе яшчэ 30 гадоў ― і ад першапачатковай колькасці застанецца чвэрць. Адпаведна, колькасць паступленняў ў арганізмы раслінныя і чалавека таксама будуць меншыя.

З іншага боку, некаторыя элементы робяцца больш даступнымі. Вось, напрыклад, праблема стронцыя на сёння. Калі ў першыя гады пасля аварыі ён быў маларухомы, то зараз ён больш рухомы. З гэтай прычыны там, дзе стронцый прысутнічае, прадукцыя будзе забруджвацца трошкі больш. Але ў цэлым стронцыю будзе ўдвая менш».

Еўрарадыё: Ці бяспечна жыць людзям у зонах плямаў, якія пазначаны на так званых радыяцыйных картах?

Аляксандр Навумаў: Тыя плямы, якія існуюць, напрыклад, на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай абласцей і не ўвайшлі ў зону адсялення ці кантролю, — там жыць бяспечна. У тым жа Мінску можна знайсці ўчасткі ці раёны з прыроднымі фонамі, якія значна большыя. Таму што мы жывём ва ўмовах пастаяннага прыроднага радыяцыйнага ўздзеяння. Вось мы ўгнаенні калійныя ўжываем: там калій-40 ― прыродны радыёнуклід, ад якога ўвогуле немагчыма пазбавіцца. Маецца праблема радону. Мы карыстаемся газам, у якім таксама ўтрымліваюцца радыеактыўныя рэчывы. Калі на кухні ў халодны перыяд мы будзем абаграваць памяшканне пры дапамозе пліты, то наяўнасць радону там будзе ў разы большая, чым у суседнім пакоі. А радон і курэнне ― гэта рак лёгкіх.

Навукоўцы папярэджваюць, што сёння атрымаць радыяцыйную чарнобыльскую дозу магчыма толькі праз прадукты.

«Рызыка ― гэта ўсё лясное: грыбы, ягады, дзічына. Забруджанай можа быць рыба з стаячых вадаёмаў, ― тлумачыць в.а. дырэктара Інстытута радыяцыйнай бяспекі „Белрад“ Іван Краснапёраў. ― Гароды пераворваюцца, у глебу ўводзяцца ўгнаенні, каб знізіць утрыманне радыёнуклідаў. А радыяцыя ў лясной глебе як ляжала, так і ляжыць. Калі ты пражываеш на забруджанай тэрыторыі, але прымаеш пэўныя меры перасцярогі ― правяраеш прадукты ― шкоды сабе не нанясеш».

Высновы:

1) Сыравіна з праблемных рэгіёнаў усё яшчэ можа быць небяспечнай, таму прадпрыемствы павінны быць асабліва пільнымі і забяспечваць усебаковы кантроль такіх прадуктаў.

2) Беларусы могуць цалкам абяззброіць наступ чарнобыльскай радыяцыі, але для гэтага неабходна больш сур’ёзна кантраляваць «чысціню» хатніх і прамысловых прадуктаў на ўсе актуальныя радыёнукліды.

3) Магчыма, усіх варта папярэдзіць, каб прытрымліваліся радыяцыйнай бяспекі ў любым нашым рэгіёне.

Каментары6

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў67

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Двух французаў ашукалі з дапамогай «беларускіх рублёў»: ахвярам аддавалі старыя беларускія грошы ў абмен на еўра1

Кватэры з абсталяваннем для махлярскіх кол-цэнтраў выявілі ў трох абласных цэнтрах1

«Страхавалі кватэру, каб быць спакойнымі, а ў выніку…» Аднапакаёўку мінчан сур’ёзна затапіла

Жыхара Гомеля пазбавілі выплат за сына, які загінуў на фронце

Украіна папрасіла Ілана Маска дазволіць выкарыстанне Starlink для нанясення ўдараў па тэрыторыі Расіі на глыбіню да 200 кіламетраў3

Ці здымае Беларусь вяршкі з паліўнага крызісу ў Расіі? Ёсць нюансы1

На барахолках перапрадаюць папулярныя чыпсы Lay’s. Нацэнка ў два разы1

Украінскія беспілотнікі атакавалі Перм. Гарыць НПЗ

Панама названа найлепшай краінай для жыцця і працы для экспатаў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў67

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць