Свет

Панамскі канал абмялеў праз Эль-Ніньё. Праз яго будуць прапускаць менш суднаў

Адміністрацыя Панамскага канала вырашыла скараціць колькасць суднаў, якія могуць праходзіць праз адзін з найважнейшых водных шляхоў свету. Прычына — недахоп ападкаў і зніжэнне запасаў вады, звязаныя з Эль-Ніньё, піша Бі-бі-сі.

Панамскі канал. Фота: Wikimedia Commons

З 15 верасня праз канал змогуць праходзіць 32 судны ў суткі замест цяперашніх 36. Новыя абмежаванні пачнуць уводзіць паэтапна з 3 верасня.

Улады Панамы тлумачаць рашэнне неабходнасцю захаваць надзейнасць працы канала і запасы прэснай вады для насельніцтва. Нягледзячы на пачатак сезона дажджоў у Цэнтральнай Амерыцы і ўжо прынятыя меры па эканоміі вады, адміністрацыя лічыць дадатковыя абмежаванні неабходнымі для доўгатэрміновай стабільнасці суднаходства.

Панамскі канал мае вялікае значэнне для сусветнага гандлю, бо істотна скарачае адлегласць і час перавозак паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі. Штогод праз яго праходзяць каля 14 тысяч суднаў. Канал працуе кругласутачна на працягу ўсяго года і прыносіць Панаме каля 3 мільярдаў даляраў даходу штогод.

Сёлетнія праблемы звязваюць з Эль-Ніньё — перыядычным павышэннем тэмпературы паверхневых вод Ціхага акіяна, якое ўплывае на надвор'е ў розных рэгіёнах свету. Паводле прагнозаў, сёлетні Эль-Ніньё можа стаць адным з самых моцных за ўсю гісторыю назіранняў. Яго наступствы могуць закрануць сельскую гаспадарку, харчовыя пастаўкі і сусветную эканоміку.

Падобная сітуацыя ўжо ўзнікала ў 2023 годзе. Тады праз засуху ў Панаме ўлады таксама былі вымушаныя абмежаваць колькасць суднаў, якія праходзілі праз канал. Пасля гэтага адміністрацыя прыняла меры, якія дазволілі скараціць расход вады.

Новыя абмежаванні ўзнікаюць на фоне іншых праблем у сусветным суднаходстве. Вайна з Іранам ужо прывяла да сур'ёзных перабояў у перавозках і скарачэння колькасці суднаў, якія выкарыстоўваюць стратэгічна важны Армузскі праліў. Абмежаванні ў Панамскім канале могуць дадаткова павялічыць ціск на глабальныя ланцужкі паставак.

Панамскі канал мае таксама важнае геапалітычнае значэнне. Яго пабудавалі пераважна на амерыканскія сродкі і афіцыйна адкрылі ў 1920 годзе. Доўгі час ён знаходзіўся пад кантролем ЗША, але ў 1999 годзе поўнае кіраванне каналам было перададзена Панаме.

Дональд Трамп у пачатку свайго другога прэзідэнцкага тэрміну заявіў пра магчымасць вяртання канала пад кантроль ЗША. Ён сцвярджаў, што за высокімі тарыфамі для амерыканскіх суднаў і ўплывам на інфраструктуру канала стаіць Кітай. Прэзідэнт Панамы Хасэ Рауль Муліна гэта адмаўляў, падкрэсліваючы, што канал не кантралюецца ні Кітаем, ні ЗША, ні Еўрасаюзам.

У 2025 годзе пад ціскам адміністрацыі ЗША ганконгскі холдынг CK Hutchison абвясціў аб перадачы 90% долі ў Panama Ports Company кансорцыуму на чале з амерыканскай інвестыцыйнай кампаніяй BlackRock.

Каментары

Цяпер чытаюць

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму7

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму

Усе навіны →
Усе навіны

У Светлагорскім раёне бацька збіваў аднагадовага сына. Сінякі заўважылі ў дзіцячым садку2

Закрываецца адзін з беларускіх шэлтараў у Варшаве7

Падводны паляўнічы паляваў на Бярэзіне і знайшоў чалавечае цела

Лукашэнка патрабуе адкрываць у сельскай мясцовасці міні-пякарні са свежым хлебам14

Журналіста «Еўрарадыё» Тарналіцкага дадалі ў базу «Міратворац» — за некрытычную гутарку з украінскім ухілянтам34

У прэзідэнты Францыі вырашыў балатавацца пяціразовы алімпійскі чэмпіён1

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?38

Хакейнае «Дынама» закрыла сваё кафэ ў мінскім гандлёвым цэнтры1

У Беларусі выпусцяць навагодняе марожанае са смакам святочных напояў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму7

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць