Меркаванні88

Віктар Марціновіч: Чаму я не напішу гістарычны раман

Адразу некалькі добрых людзей выказалі запыт-пажаданне: «Напішы ты, Віктар, гістарычны раман! Бо такіх раманаў цяпер вельмі не хапае»! І далей удакладняюць па жанры і сюжэце: там павінна быць дэтэктыўная завязка, нейкая інтрыга, якая б трымала, а герой — сапраўдная гістарычная постаць, але з ліку тых, пра якіх няшмат вядома.

У сюжэт павінна быць уключанае вялікае і прыгожае каханне, каб раман «падабаўся дзевачкам», «дзевачак» жа без кахання не прывабіш. «Гістарычны раман, гістарычны раман!» — нясецца з усіх бакоў. «Віктар, ну ты зразумей, гістарычны раман нам патрэбны, каб аднавіць цікавасць да нашай гісторыі», — кажуць адны. «Віктар, не будзь падлюкай, нахерач ты гістарычны раман, бо гістарычны раман — гэта сапраўдная крыніца міфаў. А міф — гэта якраз тое, што патрэбна людзям». І вось я хацеў бы адказаць адразу ўсім гэтым добрым людзям. Адказаць сістэмна. Патлумачыць, чаму гістарычны раман я пісаць не буду. Гэты адказ тычыцца толькі мяне і не з’яўляецца спробай адахвоціць ад пісання гістарычнага fiction іншых.

Уласна, прычыны.

1. Тыя, хто кажуць, што «гістарычны раман» — тое, чаго вельмі не хапае нашай культуры, мабыць, проста дрэнна ведаюць кантэкст. Дык вось, сябры, гэтая ніша — адзіная прыстойна распрацаваная ў сучаснай беларускай прозе. Мне там проста няма чаго рабіць. Ці ведаюць тыя, хто «чакае» гістарычнага рамана, што ў мінулым годзе выйшаў бліскучы «Сім победіші» Алеся Пашкевіча, дзея якога адбываецца ў 16-м стагоддзі і ў нашую пару? Ці чыталі яны «Сутарэнні Ромула» Людмілы Рублеўскай — твор, дзе ёсць якраз і дэтэктыў, і каханне, і сюжэт, і глыбіня? Ці чулі яны пра «Літоўскага ваўка» Алеся Наварыча? Ці ведаюць, што нават у такога цудоўнага майстра апісання сучаснасці, як Андрэй Федарэнка, ёсць вытанчана-напружаны тэкст пра слуцкі збройны чын? Гістарычны раман — адзіны жанр у беларускай літаратуры, які пасля смерці сапраўднага майстра, Уладзіміра Караткевіча, знайшоў пераемніка і захавальніка Караткевічавых традыцый, Уладзіміра Арлова. Усе астатнія жанры засталіся без паслядоўнікаў. Няма нікога, хто пісаў бы аб вайне так, як пісаў Быкаў, ці аб вёсцы так, як пісаў Мележ. А традыцыя гістарычнага рамана мае сваіх скарбнікаў.

2. Яшчэ Хэмінгуэй казаў: пісаць трэба пра тое, што добра ведаеш. Ці, — дадаваў Мікеланджэла Буанароці, — пра тое, чаго не ведае ніхто іншы. Бо найбольш складана маляваць коз і пеўняў, кожны дурань іх бачыў! А прасцей за ўсё — анёлаў і чарцей, якіх ніхто не бачыў. Я не ведаю гісторыі так, як яе ведае Уладзімір Арлоў ці Алег Дзярновіч. Я не магу раўняцца не толькі з гісторыкам, але і проста з выпускніком гістфака БДУ. Так, я шмат  часу праводжу ў вандроўках па Беларусі, слухаючы аповеды дасведчаных людзей. Але калі я задумаю ўсур’ёз напісаць гістарычны раман, я змарную шмат часу на вывучэнне кантэксту і ўсё роўна дзе-небудзь у дробязі памылюся.

3. Дык давайце зразумеем, ці патрэбны беларусам гістарычны раман? І нашто ён патрэбны? Дзеля таго, каб заахвоціць цікавіцца гісторыяй? Але парадокс сённяшняй сітуацыі — у тым, што чытачы чакаюць не інтэрпрэтацыі гісторыі. Яны чакаць простага і ўцямнага падручніка пра тое, што ж адбывалася. Як знікла ВКЛ? Чаму мы апынуліся ў Расіі? Разумееце, за апошнія 20 гадоў гісторыя была самай імклівай пераменнай беларускай гуманітарыстыкі. Нам то ўрачыста прадстаўлялі Геніюш і Арсенневу, то дазвалялі вучыць «Магутны Божа», а то зноў гэта ўсё забаранялі і адбіралі. У чалавека без наяўнай мазаічнай шызафрэніі ўсё гэта стварала адчуванне анталагічнай няўпэўненасці. Якое трэба тэрмінова «лекаваць». І толькі пасля, калі да людзей дойдзе ўласная гісторыя, ствараць гістарычны раман. Тэксты цяпер павінны быць простыя, пажадана — з ілюстрацыямі. З мапамі і старажытнымі дакументамі, якія б пацвярджалі, што ў кніжцы выкладаецца сапраўднае, а не чарговы міф пра славянскае братэрства брацкіх народаў. Дарэчы, ці не ў гэтым попыце на  ўцямны, зразумелы, гістарычны наратыў — сакрэт папулярнасці «Краінаў…» Арлова? Вось што трэба!

4. Другі складнік патрэбы ў гістарычным рамане — стварэнне міфаў, якіх бракуе культуры. Але, ведаеце, пачынаючы прыкладна з мадэрных часоў гісторыя з’яўлялася не адзіным пастаўшчыком міфаў у культуру. Сучасны міф — гэта міф пра пацыка з Аўтаза роўна ў той жа ступені, у якой і пра Усяслава Чарадзея. У сітуацыі, калі 1,5% жыхароў пры перапісе просяць запісаць іх этнічнымі «хобітамі», робіцца зразумелым, якія міфы сёння фундуюць свядомасць. Хочаце з’яднаць народ, вынайдзіце свайго Супермена. Бо відавочна ж, што для амерыканскай культуры Чалавек-Павук, Халк ці Расамаха з Рыдыкам — куды болей пазнавальныя амерыканская героі, чым нейкія генералы часоў Грамадзянскай вайны. Вось над такімі міфамі і варта працаваць. Вынайдзіце супергероя, і нацыя будзе ганарыцца ім так, як ганарылася б Вітаўтам ці Альгердам сто гадоў назад.

5. Маючы столькі тэкстаў пра мінулае (штогод у Беларусі выдаецца як мінімум два бліскучыя  гістарычныя раманы), мы не засяляем літаратурную сучаснасць. Мы баімся сучаснасці, бо ў развагах пра яе вельмі проста перайсці нябачную чырвоную рысу, за якой кніжка знікне з крам, а аўтар — з буйных газет і мэйнстрымаўскіх медыяў. І нават калі адкінуць гэты кан’юнктурны страх, сучаснасць сённяшняя — нешта Вялікае і Незразумелае. А таму ёсць болей глыбінны страх — не адчуць яе і стварыць тэкст, які будзе выглядаць смешным ці дурным праз дзесяць год. Але жывём мы ўсе не ў мінулым, а вось сёння, цяпер, у 2013. Місія пісьменніка, калі хочаце, дапамагаць чытачам зразумець менавіта гэты сённяшні 2013-ты. І ніяк інакш! І нават добры гістарычны раман павінны служыць менавіта гэтаму!

6. Галоўнае ж, гістарычны раман — не адзіны шлях расказу пра гісторыю. Сюжэт пра тое, што адбывалася ў Гародні з падручнікам «Гродназнаўства» можа стварыць большае адчуванне бягучых дачыненняў беларусаў з уласнай гісторыяй, чым аповед пра сівую мінуўшчыну Гародні. Раман, у якім будзе казацца пра далёкую будучыню, у якой мы пабачым усё тую ж трасцу, што была ў мінулым, зробіць для асэнсавання гісторыі болей за класічны гістарычны твор.

А таму, сябры, прабачце. Я не буду пісаць гістарычны раман. Толькі гістарычнага рамана Марціновіча вам яшчэ не хапала!

Каментары8

Цяпер чытаюць

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты27

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты

Усе навіны →
Усе навіны

Марка Рубіа паляцеў у Кітай у спартыўным касцюме, як у Мадура7

Сёння на Гомельшчыну заляцелі мінімум шэсць расійскіх беспілотнікаў

Кліматолагі абмяркоўваюць магчымасць перакрыцця дамбай Берынгава праліва. Навошта?9

Стваральнікі MSQRD закрываюць праект Locals2

Спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» Беларусі папоўніўся яшчэ трыма праектамі2

Пачобут: Турэмныя наглядчыкі святкавалі напад на Украіну савецкімі песнямі50

У Мінску далі назвы васьмі прыпынкам транспарту, адзін перайменавалі2

У мінскім метро памёр чалавек

Стала вядома пра вызваленне палітвязня Уладзіміра Дударава — былога віцэ-мэра Магілёва2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты27

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць