Ацяпленне. Вы не пайшлі на «Дажынкі»? Тады яны ідуць да вас
SOS! Мы замярзаем. Мы замярзаем каторы дзень! З-за «Дажынак», уявіце сабе. Дзе тыя «Дажынкі» былі — за 100 кіламетраў ад нас, у Жлобіне, а мерзнем зараз мы. Таму што. Таму што было так.
У нашым мілым доме год ідзе капітальны рамонт (тэрміны не парушаны, не, ён будзе працягвацца да 30.12.2013). Рабочыя сумленна працавалі на нашым аб'екце, пакуль у Жлобіне не здарыліся раптам «Дажынкі». І раптам, у жніўні, нашы ўсе рабочыя зніклі з нашага аб'екту. Якраз яны павінны былі мяняць нам радыятары.
Мы пайшлі да начальства ў структуру ЖЭК-КЖРЭУП-КЖЭУ-ЖРЭТ.
З пытаннем: «Людзі добрыя! Холад жа сабачы, га? Калі нам радыятары будуць мяняць? Дзе наогул рабацягі?». Кіраўніцтва нам паведаміла (па сакрэту), што «усе сілы, рабочыя і грашовыя, кінуты на «Дажынкі», пацярпіце, «Дажынкі» скончацца — і ў вас працягнецца капітальны рамонт». Тут цярпіце-не цярпіце — нічога не зробіш. 1, 2, 3 кастрычніка па гарадскіх кватэрах пайшло гуляць цяпло.
Толькі ў нас трубы-радыятары маўчалі, не булькалі.
Мы насцярожана прыслухоўваліся — можа, хоць нешта зашуміць у радыятары? Не. Зацятае маўчанне. «Зашумела! Зашумела нешта ў радыятары!», — радасна закрычаў малы з суседняга пакою, дзе нёс варту каля батарэі.
Мы пабеглі і прыклеілі чатыры пары вушэй да той трубы. Не. Гэта не вада. Не цёплая вада, і нават не халодная. Гэта сусед зверху нешта муціць. Напэўна, таксама сядзіць усёй сям'ёй ля радыятараў, прыклаўшы вушы, і, шапочучы тымі вушамі, чакае добрую вестку.
Тэлефанаванні ў КЖРЭУП-ЖЭУ-ЖРЭТ-ЖКХ не давалі плёну. Там нічога не ведалі.
Напэўна, напярэдадні ўсіх камунальных начальнікаў звольнілі з працы, а на іх месцы пасадзілі іншапланецян, якія не ў курсе, што такое ацяпленне — у іх там на Тральфамадоры няма зімы. Напэўна, па той жа прычыне адключылі нам і гарачую ваду. Чаму адключылі, хто адключыў — у КЖРЭП-ЖЭС-КЖУП-КРЭУТ ніхто не ведаў. Тральфамадорцы, што ад іх чакаць! У іх там, на іх Радзіме, не вады, не цяпла, ні холаду няма.
Нам сказалі ўчора рабацягі так. У жніўні, яшчэ пакуль не было «Дажынак», рабочыя вырашылі ў нашым падвале змяніць нейкую «сістэму» ацяплення — старую на новую, сучасную. Для гэтай мэты яны старую «сістэму» выразалі і выкінулі. А новую не паставілі, таму што пачаліся раптам «Дажынкі».
І таксама раптам пачаліся халады, і раптам ва ўсім горадзе ўключылі ацяпленне, а нам не маглі ўключыць, таму што няма ў нашым доме «сістэмы». Што ж будзе зараз?
Не ведаю, як патлумачыла бы нам кіраўніцтва ЖРЭУП-КЖРЭТ-ЖЭУ (бо там пакуль не ў курсе, тральфамадорцы захапілі ЖЭС), але рабацягі патлумачылі так: трэба узяць старую «сістэму», якую яны выразалі і выкінулі, і прыварыць назад. Бо новую прыладжваць няма часу — людзі ж мерзнуць! Ну а потым ужо, як пачнуцца белыя мухі — тады можна будзе зліць ваду з «сістэмы», ненадоўга, можа, на тыдзень які, на два, і паставіць нам новую сучасную «сістэму».
Але сёння рабацягі не могуць і старую прыварыць. Таму што яны занятыя іншымі справамі. А заўтра субота. Шабат. Працаваць нельга. Трапіш у пекла, дзе будуць цябе чэрці грэць дзень і ноч.
А мы пацерпім. Я ведаю, чаму так здарылася. Ты можаш вывесці сябе з сістэмы, але гэта не значыць, што сістэма забудзе на цябе. Ты можаш не ўдзельнічаць у «Дажынках», але «Дажынкі» самі прыйдуць у твой дом.
Калі ўсе жыхары Гомельскай вобласці ў адзіным парыве ўдзельнічалі ў «Дажынках» (малацілі, касілі, вазілі збожжа, іншыя ўдзельнічалі там у суботніках — фарбавалі, будавалі, кіравалі, іншыя — прадавалі, спявалі, іншыя — пісалі, фатаграфавалі, нешта набывалі)
наш дом (пенсіянеры і мы) самаўхіліўся ад Галоўнага свята краіны. Сядзелі сабе па хатах, нават тэлевізар не ўключалі, не радаваліся разам з народам. Ах вы!
Карацей, як прыйшоў наш дом на шлюбны баль не ў шлюбнай вопратцы, то выкінулі нас вонкі, і там быў плач і скрыгат зубоў. Калі раней я сушыла зубы, даведаўшыся, што знаёмыя жыхары Гомеля (са ўсіх дзяржаўных структур) паехалі на «Дажынкі» працаваць на суботніках, ці прадаваць нешта, ці спяваць і танцаваць, то зараз у мяне зуб на зуб не трапляе.
Вось так мая злараднасць была пакараная.
PS. У нас усе гатова! Толькі што сказалі рабацягі. Маўляў, старую «сістэму» прыварылі назад. Але нам, кажуць рабацягі, ЖЭУ (КЖРЭТ-ЖСПК-КЖУП) загадаў, каб вам не падключалі ацяпленне.
У КЖРЭУП (ЖЭС-ЖЭК-КЖРУП) нам адказалі так:
«Мы не ведаем, чаму няма ацяплення, мы да вашага дому накіравалі сваіх сантэхнікаў, а вашы сантэхнікі прагналі нашых сантэхнікаў, сказалі, што самі запусцяць ацяпленне. А вашы сантэхнікі самі не маюць права запускаць ацяпленне». А «нашы» сантэхнікі сказалі нам, што «брэшуць яны! Яны нам сказалі да 15-га не ўключаць вам ніякага ацяплення».
Паказальна закруціўшы галаву хусткай, апрануўшы на сябе дзве зімовыя курткі, я выйшла з пад'езда, стала перад будаўнікамі як маўклівая статуя і сказала: «Я замерзла». А яны паглядзелі здзіўлена і прапанавалі: «Ну і што! Ідзі да нас у вагончык пагрэйся!».
Далей працягваю пісаць гэты тэкст з будаўнічага вагончыка, прыціснуўшыся бокам да буржуйкі. Але ў чатыры гадзіны ў будаўнікоў скончыцца працоўны дзень, і што я буду тады рабіць? Сяду ў цёплы цягнік і паеду ў белы свет, напрыклад, у Жлобін.
Вось так мы плацім за тое, што праігнаравалі «Дажынкі». Што не пілі, не пелі і не весяліліся.
І адзіны наш ўнёсак у «Дажынкі» ўзяты з нас не па добрай нашай волі. Але што ты зробіш? Гэта галоўнае свята краіны! І яго трэба падтрымліваць, хоць чым. Заўсёды трэба нешта ахвяраваць для Радзімы. «Што ты зрабіў для Радзімы? Што, у вас пытаем, у вас, жыхары дому № 21?!» — Толькі тое, што маглі — ахвяравалі сваім ацяпленнем. І яшчэ пацерпім. У зямлянкі пойдзем! Але «Дажынкі» не пакінем без свайго ўнёску! Як і «Дажынкі» не пакінуць нас.
Каментары