Беларускія нацыяналістычныя песні 1940-х гадоў
У інтэрнэце зьявіліся запісы адноўленых песень і маршаў СБМ і БКА
У чыімсь малавядомым блёгу ў Livejournal зьявілася рэканструкцыя беларускіх незалежніцкіх песень часоў Другое сусьветнае вайны.
Гэтыя песьні — частка пласту квазівайсковай музычнай спадчыны, які 50 гадоў быў пад забаронай у Беларусі і захаваўся толькі дзякуючы эмігранцкім архівам.
Частка 1: http://kryczny-horn.livejournal.com/966.html
Частка 2: http://kryczny-horn.livejournal.com/2348.html
Маючы перад намі гэтыя адноўленыя песьні і разважаючы пра магчымую «актуалізацыю» прынамсі некаторых зь іх, мы непазьбежна зноў
вяртаемся да старое дыскусіі пра калябарацыю з акупантамі — што нацыстоўскімі, што савецкімі.
Я асабіста лічу, што можна і варта адраджаць тыя патрыятычныя песьні,
1) у якіх няма праслаўленьня Гітлера і ягонай ідэалёгіі,
2) у якіх няма распальваньня нацыянальнай або клясавай варажнечы,
3) якія не зьвязаныя наўпрост са структурамі, адказнымі за ваенныя злачынствы. Розныя паліцэйскія злучэньні відавочна ўдзельнічалі ў злачынствах (вынішчэньні габрэяў, спаленьні вёсак), а Саюз беларускай моладзі ці Беларуская краёвая абарона — не.
Увогуле, разважаючы пра гісторыю Беларусі ХХ стагодзьдзя, мы павінны выразна разумець:
Не савецкія акупанты нам заснавалі першы ўнівэрсытэт. Не бальшавікі нам правялі нядоўгую беларусізацыю пачатка 1920-х. Не КПСС напісала творы Васіля Быкава.
Гэтаксама, не бальшавікі напісалі нам «Радзіму маю дарагую» і не нацысты напісалі песьні Саюза беларускай моладзі.
Гэта ўсё нашыя, беларускія творы і дасягненьні.
Гэта мы, беларусы, змушалі нацыстаў і камуністаў з сабой лічыцца і рабіць нам саступкі. Гэта мы прымусілі іх не перашкаджаць нам стварыць ІнБелКульт (будучую Акадэмію Навук), беларускія школы і беларускія нацыянальныя вайсковыя фармаваньні.
Вяртаючыся да тэмы музыкі — напісаны ў 1938 прыгожы нямецкі ваенна-марскі марш «Kameraden auf See» дагэтуль спакойна выкарыстоўваецца нямецкай Bundesmarine. І немцаў не засмучае той факт, што ў адным куплеце некалі пелася «сьцягу, які даў нам Фюрэр, мы будзем верныя да магілы». Тыя радкі проста не выконваюцца. Як не выконваюцца ў якасьці нямецкага дзяржаўнага гімна два з трох куплетаў «Песьні Нямеччыны», дзе сьпяваецца ў тым ліку пра Нёман як мяжу нямецкіх зямель.
Трэба сказаць, першапачатковы тэкст сучаснага дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь (а ня проста нейкага там марша) калісьці зьмяшчаў радкі
«Нас аб’яднала Леніна імя,
Сталін павёў нас к шчасцю ў паход.»
А ў песьні, якая цяпер гімн Расеі, калісь сьпявалася:
«Нас вырастил Сталин — на верность народу,
На труд и на подвиги нас вдохновил!»
І што? І нічога.
Мэлёдыя сучаснага гімна РБ аўтарства Несьцера Сакалоўскага мне, дарэчы, таксама падаецца вельмі прыгожым музычным творам. І я спадзяюся, што гэты марш застанецца ў актыўным выкарыстаньні таксама і пасьля сыходу Лукашэнкі. Вядома, ня ў якасьці дзяржаўнага гімна і, найлепш, бяз тэксту.
Каментары