Дразды №2: поўны спіс чыноўнікаў, якім раздалі зямлі на $10 мільёнаў
«Наша Ніва» вяртаецца да тэмы выдзялення зямлі ў мінскім раёне Вяснінка.
Гэта элітнае месца на беразе вадасховішча, за кіламетр ад пасёлка Дразды, дзе ў пачатку 2000-х пабудавалі сабе катэджы людзі, набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі — ад паплечніка Віктара Шэймана да асабістай доктаркі Ірыны Абельскай і мільянера Юрыя Чыжа. «Зона лаяльнасці» да кіраўніка дзяржавы год за годам пашыралася, аднак урэшце месца для забудовы ў Драздах скончылася.
Новае пакаленне наменклатурнай эліты магло б застацца без жыллёвага бонуса. Аднак цяпер кватэрнае пытанне міністраў вырашылася — ім дазволілі асвойваць Вяснінку.
Палацы замест развалюх
Папярэдняя публікацыя пра «новыя Дразды» была надрукаваная ў «Нашай Ніве» №11 за 19 сакавіка 2014 года. Цяпер нам сталі вядомыя новыя падрабязнасці.
Адзначым, што дадзеныя, прыведзеныя ў расследаванні, атрыманыя з адкрытых крыніц. «Наша Ніва» ніколі не карысталася нічыімі інфармацыйнымі «злівамі» і не ўдзельнічае ў «войнах кампраматаў».
Нагадаем, што некалькі дзясяткаў хат вёскі Вяснінка былі ўключаныя ў склад Мінска 40 гадоў таму. За гэты час цана на зямлю істотна вырасла, і карэнныя жыхары пачалі прадаваць свае надзелы. Ад багацеяў, ахвотных пабудаваць сабе катэджы на месцы развалюх, яны атрымлівалі па $300—600 тысяч.
Рэвалюцыйныя змены прыйшлі ў жыццё вяснінцаў у пачатку 2013 года.
На грамадскае абмеркаванне быў вынесены праект рэканструкцыі Вяснінкі. Асноўная яго сутнасць — з’яўленне каля 40 новых участкаў. Прычым некаторыя з іх мусілі паўстаць ля самага берага вадасховішча.
Нязгоду мясцовых жыхароў, у многіх з якіх для новага будаўніцтва забралі агароды, мінскія ўлады праігнаравалі. Затое пакінулі «інтрыгу»: каму дастануцца новыя ўчасткі?
Толькі шматдзетныя
Па агульным правіле, вызначаным прэзідэнцкім указам №667 ад 27 снежня 2007 года «Аб канфіскацыі і перадачы зямельных участкаў», участкі пад будаўніцтва выдзяляюцца па выніках аўкцыёнаў. У Мінску выключэнне зроблена толькі для шматдзетных сем’яў, якім зямля можа выдавацца без таргоў. Што праўда, на аўкцыёны ў такой сітуацыі звычайна трапляе толькі «неліквід», ад якога адмовіліся шматдзетныя. Да адкрытых таргоў участкі ў Вяснінцы так і не дайшлі. Зрэшты, з носам засталіся і вялікія сем’і.
Зямлю між сабой падзяліла лукашэнкаўская эліта. Як такое магло здарыцца? Ніводзін з юрыстаў, да якіх звярталася «НН», не змог нават тэарэтычна абгрунтаваць такую схему раздачы ўчасткаў.
Больш за тое, выявілася, што на час правядзення грамадскіх слуханняў усе ўчасткі, апроч трох, ужо былі… раздадзеныя!
Скурны інтарэс
Права на пажыццёвае валоданне зямлёй і перадачу яе ў спадчыну новыя жыхары Вяснінкі атрымлівалі праз рашэнні Мінгарвыканкама. Адно з першых было падпісана 10 лістапада 2011. Надзел быў выдзелены… старшыні Мінгарвыканкама Мікалаю Ладуцьку. 14 сотак элітнай зямлі ад арганізацыі, якую ўзначальваеш сам, — надзвычай выйгрышная схема.
Ці меў Ладуцька патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў?
У ягонай афіцыйнай біяграфіі на сайце інфармацыйнага агенцтва БелТА не пазначаны сямейны статус. Паводле інфармацыі на інтэрнэт-форумах, кіраўнік Мінска мае адну дачку, прычым тая вучыцца за мяжой — ці то ў ЗША, ці то ў Вялікабрытаніі. Зрэшты, гэта толькі чуткі. Так ці інакш, але трохпакаёўкі плошчай амаль 100 квадратных метраў, у якой жыве Ладуцька, яму хапае за вочы.
Зрэшты, па падобнай схеме мінскі мэр засяляўся і ў сваю цяперашнюю кватэру на вуліцы Чарвякова.
Гэты дом узводзіла Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама. А кіраўніком гэтай установы ў сярэдзіне 2000-х якраз і быў Мікалай Ладуцька.
Квартал на вуліцы Чарвякова, дзе пакуль што жыве мэр — унікальны для Мінска. Гэта бадай адзінае месца ў сталіцы, дзе выпадковы госць нават не можа зайсці ў двор. З усіх бакоў квартал абнесены высокім плотам, а месцы заезду аўтамабіляў на паркоўку замкнёныя на ключ.
А ў Вяснінцы мэр абраў сабе месца на першай берагавой лініі, за 100 метраў ад вадасховішча. Раней ягоны надзел быў агародам іншых жыхароў. Было вырашана пракласці сюды дарогу. Праціснуць яе паміж хатамі не ўдалося, таму жыхароў аднаго дома давялося адсяліць, выплаціўшы ім кампенсацыю.
Першая берагавая лінія
Тэрыторыю ля вады пачалі забудоўваць яшчэ ў 2007 годзе, калі дазвол на будаўніцтва атрымаў мільянер і сябар Аляксандра Лукашэнкі Аляксандр Шакуцін. З цягам часу збоку падсяліліся тэнісны трэнер і іншы сябар Лукашэнкі Сяргей Цяцерын, а таксама савецкі біятланіст Сяргей Булыгін.
А ў пачатку 2011-га ўчастак атрымала тэнісістка Вікторыя Азаранка. Яе катэдж таксама ўжо дабудаваны, але гаспадыня з’яўляецца ў ім рэдка.
Як размеркавалі астатнія пяць самых прэстыжных участкаў ля вады?
…Некалі мы звярталі ўвагу, што Пятро Пракаповіч — адзіны чыноўнік з вышэйшай наменклатуры, хто здолеў атрымаць адразу два элітныя ўчасткі. Катэдж у Драздах віцэ-прэм’ер пакінуў сыну, а сам адхапіў яшчэ і дом за «Мінск-Арэнай», побач з паплечнікамі па Нацбанку і — магчыма — беглым кіргізскім прэзідэнтам Курманбекам Бакіевым (пацвярджэння мы не атрымалі). Але, як выявілася, тым жа шляхам пайшла і пераемніца Пракаповіча на пасадзе старшыні Нацбанка.
Надзея Ермакова неаднаразова заклікала да сціпласці. Яе парада беларускім жанчынам насіць адныя туфлі стала легендарнай. Можа, менавіта ашчаджаючы па дробязях, Ермакова сабрала грошы на яшчэ адзін катэдж, цяпер у «новых Драздах»? Старую хату яна перапісала на дачку, а сама будуецца на беразе вадасховішча.
Яшчэ адзін фінансіст, былы віцэ-прэм’ер, а цяпер кіраўнік Банка развіцця, Сяргей Румас, доўгі час жыў з вялікай сям’ёй на ўскрайку Калодзішчаў, далёка ад іншых чыноўнікаў. У Вяснінцы ён будзе бліжэй да наменклатуры. Будаўніцтва ідзе актыўна, Новы год Румасы змогуць сустрэць у сталіцы.
Кантраляваць банкіра зможа дзяржаўны сакратар саюзнай дзяржавы, грамадзянін Расіі Грыгорый Рапота, які больш за 30 гадоў свайго жыцця аддаў замежнай выведцы ў савецкім КГБ і расійскім ФСБ.
У генеральнага пракурора Аляксандра Канюка жыллёвае пытанне вырашылася надзвычай хутка. Чыноўнік нарадзіўся ў Гродне, але кар’еру рабіў у Мінску, амаль два дзесяцігоддзі працаваў вайсковым суддзёй. У 2012-м ён займеў кватэру ў навабудзе ва Уруччы, за некалькі крокаў ад праспекта Незалежнасці. А праз некалькі месяцаў атрымаў і зямлю пад будаўніцтва ў Вяснінцы.
У кампанію чыноўнікаў нейкім чынам трапіў і бізнэсмен Іван Буракоўскі. Алкагольны кароль пазалетась аб’яднаў свой аконны бізнэс з кампаніяй Юрыя Чыжа. Ягоны ўчастак адсутнічае на схеме, вынесенай на разгляд на грамадскія слуханні, аднак у рэальнасці існуе.
Квартал сілавікоў
Наступная група катэджаў будзе пабудаваная на заходнім баку Вяснінкі, у наваствораным Сёмкаўскім завулку. Бліжэй да берага забраніраваў сабе месцы пад будаўніцтва «сілавы блок». Кампанія падабралася ўплывовая.
Разжалаваны за «плюшавы дэсант» былы галоўны памежнік краіны Ігар Рачкоўскі цяпер працуе першым віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Ён — бацька пяцярых дзяцей! Таму Рачкоўскія маглі б будавацца і як шматдзетная сям’я. Як, дарэчы, і Румасы, у якіх чацвёра дзяцей. Што праўда, старэйшы іх сын ужо паўналетні.
Старшыня КДБ Валерый Вакульчык доўгі час жыў у панэльцы ў сталічным спальным раёне Сухарава. Вялікую трохпакаёўку ён пабудаваў праз кааператыў.
Побач атрымаў надзел міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. Ураджэнец Комі, у сталіцу Беларусі ён пераехаў з Магілёва, дзе доўгі час узначальваў абласное ўпраўленне МНС. Мяркуючы па ўсім, свайго жылля ў Мінску ён не меў, бо быў прапісаны… на тэрыторыі адной з пабудоў прэзідэнцкай рэзідэнцыі «Дразды».
Міністр Уладзімір Вашчанка.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч прыйшоў у ведамства з пасады дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў. А да гэтага быў суддзёй і намеснікам міністра юстыцыі.
Ад доктара да дэпутата
Праз дарогу ад іх, паводле плана забудовы, меркавалася набудаваць сем катэджаў, аднак адно з месцаў дагэтуль вольнае.
На астатніх надзелах збіраецца пасяліцца надзвычай разнастайная публіка. Алег Румо — адзін з самых вядомых беларускіх дактароў. Гэта ён першым у Беларусі выканаў аперацыю па перасадцы печані — хірургі працавалі 12 гадзін! У 2010 годзе Румо ўзначаліў створаны Рэспубліканскі навуковапрактычны цэнтр трансплантацыі органаў і тканак. У свае 44 гады ён ужо абараніў доктарскую дысертацыю і атрымаў званне «Заслужанага доктара Беларусі».
Побач з ім знаходзіцца адзіны ўчастак, які быў набыты, а не выдадзены рашэннем Мінгарвыканкама. Загадкавы пакупнік, у сваю чаргу, аддаў надзел рынкавым коштам пад паўмільёна даляраў усяго за $8 тысяч. Цяпер ім валодае Алівера Нядзелькавіч, прадстаўніца сям’і Карычаў — самых багатых бізнэсменаў Сербіі часоў Слабадана Мілошавіча. Багацце Карычаў тады ацэньвалася ў $4 мільярды. Сям’я вядзе ў Беларусі некалькі буйных будаўнічых праектаў, напрыклад «Маяк Мінска». Адзін з братоў, Багалюб, за фінансавыя махінацыі быў аб’яўлены ў вышук, але атрымаў прытулак у Расіі. Іншы, Драгамір, лічыцца ганаровым консулам Беларусі ў Сербіі.
Дом сербаў будзе дабудаваны ўжо хутка, як і катэдж міністра адукацыі Сяргея Маскевіча. Гродзенскі рэктар пераехаў у сталіцу ў сярэдзіне 2000-х, калі стаў дэпутатам. У палаце прадстаўнікоў Маскевіч быў адным з самых актыўных, узначаліў камісію па міжнародных справах, але пастаянна выказваўся і па пытаннях адукацыі. У Мінску міністр паспеў пабудаваць кааператыўную кватэру ў Сухараве, а цяпер замахнуўся і на свой дом.
Намеснік старшыні Дзяржкантролю Леанід Анфімаў будоўлі фактычна не пачынаў. Сваю кар’еру ураджэнец Уладзімірскай вобласці Расіі перадусім рабіў у Мінгарвыканкаме, аднак паспеў папрацаваць і намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
І Дзяржкантроль таксама атрымаў сваю долю ў Вяснінцы. На фота: Леанід Анфімаў.
Не будуецца пакуль і папярэднік Анфімава ў Дзяржкантролі Аляксандр Агееў. Знаходжанне чыноўніка ў «спісе на зямлю» выглядае дзіўным — іншыя ўчасткі перадусім раздалі службоўцам пры пасадах. А былы міністр энергетыкі быў на вышыні гадоў дзесяць таму. Цяпер Агееў — усяго толькі малазаўважны дэпутат ад Шклоўскага раёна.
Ураджэнец Луганскай вобласці, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, атрымаў участак апошнім, літаральна некалькі месяцаў таму. За апошняе дзесяцігоддзе былога міліцэйскага следчага паспелі перакінуць у КДБ, дзе ён змагаўся з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю, а пасля зноў вярнуць у МУС.
Падарожжа па Вербнай
Яшчэ адна вуліца, Вербная, таксама ствараецца з нуля (глядзі карту). На ёй паўстануць 24 новыя катэджы, пасярод якіх вырашана пакінуць некалькі старых хат. «Комплексную рэканструкцыю квартала» планавалася скончыць да сакавіка 2014 года, але будаўнікам яшчэ працаваць і працаваць. Пасля дажджу прабрацца па вяснінкаўскім бездарожжы можна хіба што на МАЗе. Але гэта хвалюе толькі мясцовых жыхароў, чые хаты не пайшлі пад знос.
Яны расказваюць, што ўлады спрабавалі «раскруціць» багатых навасёлаў на будаўніцтва дарогі і правядзенне камунікацый за свой кошт, але тыя нібыта праігнаравалі прапанову.
41-гадовы Андрэй Швед — самы малады сярод вяснінкаўскіх чыноўнікаў-навасёлаў. Вось ужо год ён ачольвае наваствораны Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. Як і многія суседзі, у элітны пасёлак Швед пераедзе з кааператыўнай кватэры, пабудаванай падчас будаўнічага буму канца 2000-х.
Менавіта Швед курыраваў расследаванне справаў аб забойстве журналіста Бябеніна і аб выбуху ў метро.
Другая пасля Надзеі Ермаковай жанчына-чыноўніца ў Вяснінцы — Марыяна Шчоткіна. Яе дзяцінства і маладосць прайшлі каля Мурманска, адкуль у сярэдзіне 1980-х Шчоткіна прыехала ў Мінск і стала настаўніцай фізікі. Катэджам цяперашні міністр працы і сацыяльнага забеспячэння здолее забяспечыць сваю сям’ю напоўніцу. Суседзі кажуць, што брыгада будаўнікоў стала працуе на яе ўжо некалькі месяцаў.
Пра кіраўніка «Белнафтахіма» Ігара Жыліна расказваюць іншае. Суседзі заўважылі, што, па дзіўным супадзенні, будаўнічыя матэрыялы на ўчастак гэтага занятага чалавека прывозяць пераважна ўначы. Жылін з’явіўся ў Беларусі ўсяго пяць гадоў таму. Расійскі менеджар да таго, як Лукашэнка паклікаў яго кіраваць «Гродна-Азотам», працаваў у Грузіі.
Побач паселіцца яшчэ адзін уплывовы бізнэс-кіраўнік. Анатоль Гусараў узначальвае «Белавія» ўжо 18 гадоў. Зрэшты, авіяцыі ўраджэнец Бранскай вобласці прысвяціў усё жыццё.
Ніводнай згадкі пра дзейнасць міністра фінансаў Андрэя Харкаўца няма ўжо амаль паўгода. Ён нават не трапіў у новы склад Рады бяспекі, куды чыноўнік на ягонай пасадзе мусіць уваходзіць па змоўчанні. Паводле чутак, Харкавец знаходзіцца на лячэнні за мяжой. Як і Гусараў, ён не любіць мяняць працу — у сістэме Міністэрства фінансаў Харкавец ужо працуе 29 гадоў.
Суседа ім падбіралі па тым жа прынцыпе. Кіраўнік Белстата Уладзімір Зіноўскі няспынна займаецца статыстыкай ужо 33 гады.
Валерый Іваноў зрабіў выдатную кар’еру — ад заатэхніка да віцэ-прэм’ера і, галоўнае, гендырэктара «Беларускай калійнай кампаніі». А пасля пакаціўся назад. Цяпер ён кіраўнік шматпакутнага «Белкаапсаюза». Дарэчы, у чыноўніка тры адукацыі, ён лічыцца спецыялістам па сельскай гаспадарцы, паліталогіі і ў кіраванні. На вуліцы Вербнай у Вяснінцы Іваноў пабудаваўся хутчэй за ўсіх.
Для параўнання, Андрэй Уцюрын атрымаў зямлю ў той жа дзень, што і Іваноў, але вышэй за падмурак пакуль не падняўся. У ахове Лукашэнкі ён амаль ад пачатку прэзідэнцтва — з 1995 года. А апошнія сем гадоў узначальвае службу аховы.
Яшчэ адзін новы жыхар Вяснінкі — першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Аляксандр Федарцоў. Гэты суддзя вядомы тым, што вынес расстрэльны вырак Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву.
«Могілкі дыназаўраў»
Пераходзім на адваротны бок вуліцы, дзе сабралася мноства адстаўнікоў.
Аляксандр Бароўскі апошні раз узгадваўся як кандыдат на старшынства ў назіральнай радзе холдынга «БелРосАўта». Былы кіраўнік «Белнафтахіма» ў свой час лічыўся адным з галоўных кандыдатаў на пасаду прэм’ер-міністра. Ды апынуўся на лаве падсудных. Бароўскага пасадзілі на пяць гадоў, але выпусцілі праз паўгода. Лукашэнка прызначыў яго дырэктарам МАЗа, дзе праца менеджара была паспяховай.
Міхаіл Матусевіч паспеў пабыць віцэ-спікерам савета рэспублікі і старшынёй Мінскага гарадскога савета дэпутатаў.
З высокімі пасадамі развіталіся і двое калісьці ўплывовых сілавікоў. Ураджэнец Азербайджана, былы міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў (пад ягоным «кіраваннем» была разагнаная Плошча-2010) захварэў на рак, а пасля курса тэрапіі ўладкаваўся дарадцам у выканкам СНД.
А вось кар’ерны памежнік, старшыня КДБ Вадзім Зайцаў пайшоў працаваць генеральным дырэктарам у аператара кабельнага тэлебачання «КосмасТБ». Ён, дарэчы, нарадзіўся ва Украіне. Суседзі-адстаўнікі атрымалі зямлю яшчэ падчас знаходжання пры ўладзе.
Уладзімір Андрэйчанка ўсё яшчэ на высокай пасадзе, хоць і дэкаратыўнай. Апошнія шэсць гадоў ён ачольвае палату прадстаўнікоў, а да таго амаль 15 гадоў кіраваў Віцебскай вобласцю. Андрэйчанка і цяпер жыве ў Драздах, але не ў катэджы, а ў кватэры ў элітным пяціпавярховіку.
Доктар тэхнічных навук Анатоль Русецкі спецыялізуецца на электронным машынабудаванні. Пасля адстаўкі з пасады кіраўніка Акадэміі навук застаўся ў савеце рэспублікі, тут ён намеснік старшыні.
Кампанію адстаўнікоў разбаўляюць старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон (яшчэ за савецкім часам ён узначальваў Светлагорск, а ў 2000-х — Гомельскую вобласць) і віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы. Ён паспеў пабыць міністрам прыродных рэсурсаў, двойчы — міністрам сельскай гаспадаркі і дэпутатам.
Не чыноўнікі
Асаблівасцю забудовы Драздоў быў той факт, што ніводзін прадстаўнік творчай інтэлігенцыі зямлі так і не атрымаў. У Вяснінцы ж пару ўчасткаў для людзей культуры ўсё ж пакінулі.
Сярод мастакоў уганараванымі аказаліся Віктар Альшэўскі і Уладзімір Зінкевіч. Разам з Віктарам Савічам яны сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі за серыю гістарычных партрэтаў для Гомельскага палацава-паркавага комплекса. Зінкевіч, сярод іншага, вядомы і тым, што прадмову да ягонага альбома напісаў «збройны барон» Уладзімір Пефціеў.
Зямлю займеў і спявак Анатоль Ярмоленка. Да стварэння дома ён падышоў з размахам. Ужо цяпер пабудова нагадвае старажытны амфітэатр.
Яшчэ некалькі гадоў таму да людзей культуры можна было б аднесці былога артыста і дырэктара Купалаўскага тэатра Генадзя Давыдзьку. Аднак, стаўшы кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі, ён адышоў ад культуры і заняўся зацятай прапагандай. «Глыбока перакананы, што інтэлігентнасць і ўлада — рэчы несумяшчальныя», — заяўляў у свой час Давыдзька. Але калі высокая пасада паклікала…
Тэлевізійным прапагандыстам улады заўсёды рады. У Драздах на адным участку дазволілі пабудаваць два катэджы цяперашняму кіраўніку АНТ Рыгору Кісялю, а ў Вяснінцы паселіцца адыёзны вядучы Юрый Казіятка. Цяпер ён узначальвае Сталічнае тэлебачанне.
Апроч Вікторыі Азаранкі, у Вяснінцы паселяцца яшчэ двое спартсменаў. Фрыстайліста Аляксея Грышына аддзячылі за перамогу на зімовай Алімпіядзе-2010 у Ванкуверы. А ягоны калега па зборнай Антон Кушнір атрымаў зямлю авансам, яшчэ да перамогі ў Сочы-2014. Адметна, што літаральна за месяц да атрымання ён скардзіўся у інтэрв’ю, што ледзь выжывае ад зарплаты да зарплаты. Затое цяпер мае зямлю коштам паўмільёна!
Ненарматыўны акт
Рашэнні, праз якія раздаваліся ўчасткі, засталіся па-за ўвагай грамадскасці. Яны адносяцца да ненарматыўных актаў, таму не праходзяць экспертызы ў Міністэрстве юстыцыі і не трапляюць у агульнадаступны Нацыянальны рэестр прававых актаў.
Напрыклад, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька атрымаў зямлю ў Вяснінцы рашэннем Мінгарвыканкама №3855/1 ад 22 снежня 2011 года.
Дзе можна азнаёміцца з гэтым дакументам? Паказаць яго «Нашай Ніве» копію дакументаў у Мінгарвыканкаме адмовіліся. «У сувязі з тым, што запытаныя рашэнні не змяшчаюць інфармацыі, якая датычыцца непасрэдна вас, задаволіць ваш запыт не можам», — адказаў на запыт кіраўнік спраў Мінгарвыканкама Мікалай Котаў.
Як тлумачаць юрысты, пры патрэбе сталічныя ўлады накіруюць гэты дакумент у суд альбо магчымым «зацікаўленым асобам» — напрыклад суседзям, якія мяркуюць, што Давыдзька незаконна забраў у іх частку агарода.
Закрытая цана
Менавіта ў гэтых таямнічых рашэннях прапісваюцца падставы для выдзялення надзелаў.
Можа, чыноўнікі выкупілі зямлю па кадастравай цане? Альбо за сімвалічную адну базавую велічыню? Альбо ўвогуле задарма? Інфармацыя закрытая ад грамадства.
Звернемся да досведу папярэднікаў. Калі ў сярэдзіне 2000-х забудоўваліся Дразды, прапанову аб будаўніцтве атрымаў акадэмік Аляксандр Вайтовіч, на той момант старшыня савета рэспублікі. На выбар былі прапанаваныя два тыповыя праекты катэджаў, узгадвае ён. Аднак Вайтовіч адмовіўся: «Зразумеў, што з маім заробкам будаўніцтва не пацягну». Ці трэба было плаціць за зямлю? На жаль, Вайтовіч дакладна не памятае. Але кажа, што вырашыў адмовіцца толькі калі даведаўся пра кошт самога будаўніцтва.
Цікава, што прапановы аб выдзяленні ўчасткаў тады рабіла Кіраўніцтва справаў прэзідэнта.
За чые грошы?
Катэджы ў Драздах чыноўнікам цэнтралізавана будаваў «Трэст Прамбуд». Ахвотныя маглі ўзяць крэдыты на аплату працаў.
Напрыклад, тагачасны віцэ-прэм’ер, а цяперашні кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў узяў валютны крэдыт на $120 тысяч пад заклад дома.
А вось новаму пакаленню лукашэнкаўскай эліты даводзіцца самім наймаць будаўнікоў. За якія грошы, калі ўзвядзенне сучаснага дома памерам, як мы назіраем у Драздах і Вяснінцы, пад ключ каштуе як мінімум $80 тысяч, а ў многіх выпадках рэальнасці значна больш?
Паводле заканадаўства, льготныя крэдыты на будаўніцтва пакінутыя толькі для некаторых катэгорый грамадзянаў. Гэта шматдзетныя сем’і, жыхары інтэрнатаў, маладыя сем’і, адораная моладзь… — і тое пры ўмове іхняй малазабяспечанасці.
Асобная магчымасць пакінутая для сілавікоў, прычым фактычна для любых, ад КДБ да пракуратуры. Яны могуць будавацца пад 5% гадавых. Некаторыя з вяснінкаўскіх навасёлаў маглі праскочыць у гэтую заканадаўчую шчыліну. Але хапае тут і цывільных чыноўнікаў.
Па словах жыхароў Вяснінкі,
льготныя крэдыты выдзяляюць усім ахвотным элітным землеўласнікам.
Пацвярджэння гэтай інфармацыі пакуль няма. Дакладнасць з’явіцца, калі хаця б першыя з чыноўнікаў дабудуюць катэджы і афіцыйна ўвядуць іх у эксплуатацыю. Тады дадзеныя пра іхнія крэдытныя дамовы з банкамі трапяць у дзяржаўны рэгістр нерухомасці.
Ці забярэ Ладуцька зямлю ў Ладуцькі?
Вялікая колькасць участкаў, выдзеленых чыноўнікам, дагэтуль стаіць пустая — ва ўласнікаў не даходзяць рукі да будоўлі. Паводле прэзідэнцкага ўказа №520 ад 11 лістапада 2011 года, на тое, каб дабудаваць дом, гаспадарам даецца тры гады. Адлік вядзецца з 1 сакавіка 2012 года.
Іншымі словамі, Мікалай Ладуцька, чый участак на дадзены момант стаіць цалкам пустым, мусіць дабудавацца да 1 сакавіка 2015 года.
Да гэтага дня патрэбна, каб ў дома былі падмурак, сцены і дах.
Аднак заканадаўства прадугледжвае шэраг адтэрміновак.
Напрыклад, калі Ладуцька не паспее да вызначага тэрміну, ён зможа звярнуцца да мясцовых уладаў (чытай — да сябе) з просьбай даць яму на будоўлю яшчэ два гады, спаслаўшыся на цяжкі матэрыяльны стан, хваробу, адсутнасць у краіне ці іншую ўважлівую прычыну.
Калі зноў не атрымаецца, то можна будзе закансерваваць будоўлю яшчэ на тры гады. І толькі пасля заканчэння гэтага тэрміну ў нядбайнага гаспадара канфіскуюць зямлю і перададуць яе камусьці іншаму.
Нетыповыя праекты
На стэндах, выстаўленых падчас грамадскага абмеркавання забудовы Вяснінкі, былі намаляваныя два віды тыповых катэджаў.
Меркавалася, што новыя гаспадары абяруць адзін з гэтых варыянтаў. Аднак ужо цяпер бачна, што катэджы чыноўнікаў зусім не падобныя да прапаноў архітэктараў. Ці ёсць у гэтым парушэнне? Як тлумачаць юрысты, калі праект прайшоў зацвярджэнне, ніхто не будзе патрабаваць, каб гаспадары вярталіся да першаснай прапановы.
Цана пытання
У пачатку 2009 года на адкрыты аўкцыён выстаўляліся некалькі свабодных участкаў, па 7—8 сотак у Драздах. Іх стартавая цана дасягала $130 тысяч. У Мінскім гарадскім цэнтры нерухомасці «Нашай Ніве» адмовіліся паведаміць, за колькі ў выніку былі прададзеныя надзелы, спаслаўшыся на «камерцыйную таямніцу».
З таго часу кадастравая цана зямлі вырасла, і, паводле ацэнкі на канец 2012 года, квадратны метр зямлі ў Вяснінцы цяпер каштуе $191.
Чыноўнікі атрымалі вялікія надзелы, па 12—15 сотак. Фактычна кожнаму — як мінімум па $230—290 тысяч. Пры пераліку на ўсю Вяснінку — каля $10 мільёнаў. Рэальная цана зямлі нашмат большая, суседнія ўчасткі з хатамі пад знос прадаюцца па $600—700 тысяч.
Гатовыя катэджы ў Вяснінцы на продаж не выстаўленыя, але іх рынкавая цана перавышае $1 мільён.
Але колькі каштуе лаяльнасць чыноўнікаў і разуменне, што яны адчуваюць сябе ў фінансавым неаплачаным абавязку? Неацэнна.
* * *
Жыхары Драздоў
У Драздах у свой час атрымалі жыллё больш за 50 чыноўнікаў. Некаторыя з іх з цягам часу перапісалі катэджы на жонак ці дзяцей.
Абельская Ірына — кіраўніца Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра
Бамбіза Іван — у свой час віцэ-прэм’ер
Бардзюжа Мікалай — генеральны сакратар Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, расіянін
Батура Барыс — у свой час старшыня Мінаблвыканкама
Васілевіч Рыгор — у свой час генеральны пракурор
Галаванаў Віктар — у свой час міністр юстыцыі
Дражын Уладзімір — у свой час віцэ-прэм’ер
Ермакова Надзея — старшыня Нацбанка
Ерын Леанід — у свой час старшыня КДБ, пасля працаваў у Расіі
Захараў Міхаіл — хакейны трэнер
Іванчанка Мікалай — у свой час намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта
Кабякоў Андрэй — кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта
Калінін Анатоль — віцэ-прэм’ер
Камянкоў Віктар — у свой час старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда
Канаплёў Уладзімір — у свой час старшыня палаты прадстаўнікоў
Кісель Рыгор — кіраўнік АНТ
Корбут Мікалай Мікалаевіч — у свой час кіраўнік справаў прэзідэнта
Косінец Аляксандр — старшыня Віцебскага аблвыканкама
Курачкін Генадзь — у свой час міністр архітэктуры і будаўніцтва
Латыпаў Урал — у свой час кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, расіянін, пасля працаваў у Расіі
Макей Уладзімір — міністр замежных спраў
Мальцаў Леанід — старшыня памежнага камітэта
Мартынаў Сяргей — у свой час міністр замежных спраў
Мясніковіч Міхаіл — прэм’ер-міністр
Навіцкі Генадзь — у свой час прэм’ер-міністр
Навумаў Уладзімір — у свой час міністр унутраных спраў, расіянін, пасля працаваў у Расіі
Нявыглас Генадзь — у свой час кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта
Папкоў Аляксандр — у свой час віцэ-прэм’ер
Папоў Вадзім — у свой час старшыня палаты прадстаўнікоў
Паўлаў Міхаіл (памёр) — у свой час старшыня Мінгарвыканкама
Паўлоўскі Аляксандр — у свой час старшыня памежнага камітэта
Поўны Фёдар — святар
Пракаповіч Пятро — віцэ-прэм’ер
Праляскоўскі Алег — у свой час міністр інфармацыі
Пяткевіч Наталля — памочніца прэзідэнта
Радзькоў Аляксандр – першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
Рыбакоў Валянцін — намеснік міністра замежных спраў, у свой час памочнік Аляксандра Лукашэнкі
Селязнёў Аляксандр — у свой час міністр архітэктуры і будаўніцтва
Сідорскі Сяргей — у свой час прэм’ер-міністр
Сукала Валянцін — старшыня Вярхоўнага суда
Сухарэнка Сцяпан — у свой час старшыня КДБ
Сямашка Уладзімір — першы віцэ-прэм’ер
Тапузідзіс Павел — бізнэсмен
Таўпянец Эдуард — у свой час першы намеснік міністра энергетыкі
Ткачоў Сяргей — у свой час памочнік прэзідэнта
Тозік Анатоль — віцэ-прэм’ер
Цалко Уладзімір — міністр прыродных рэсурсаў
Чыж Юрый — бізнэсмен
Шаўцоў Віктар — бізнэсмен
Шпілеўскі Аляксандр — старшыня мытнага камітэта
Шэйман Віктар — кіраўнік справаў прэзідэнта
Ярмошына Лідзія — старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі.
* * *
Сярод вышэйшай наменклатуры засталося няшмат уплывовых чыноўнікаў, якія не засвяціліся сярод уласнікаў зямлі ні ў Драздах, ні ў Вяснінцы. Кагосьці наша расследаванне проста не выявіла, магчыма, нехта падчас «раздачы» працаваў на нізкай пасадзе ці быў занадта маладым для такога. А нехта, можа, і адмовіўся, бо палічыў несумленным атрымліваць такі гонар. Так, мы не зафіксавалі міністра абароны Юрыя Жадобіна, старшыню Канстытуцыйнага суда Пятра Міклашэвіча, старшыню савета рэспублікі Анатоля Рубінава, міністра юстыцыі Алега Сліжэўскага.
* * *
У «Драздах-2» папаўненне: падсяляюць старшыню Следчага камітэта і дырэктарку Беларускай калійнай кампаніі
* * *
Каментары