Пра таямніцы касцёла ў Гайне піша краязнаўца Уладзімір Скрабатун.
На 500-я ўгодкі Аршанскай бітвы.
У 1975 годзе, на пачатку верасня, нас, навучэнцаў Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, адправілі на ўборку бульбы. У прыватнасці нашую групу — пад Лагойск, у вёску Гайна. Месцазнажоджанне вёскі надзвычай прыгожае — «Беларуская Швейцарыя»: яры і пагоркі. Размясцілі нас па вясковых хатах: дзе па два, а дзе і па тры чалавекі. Пасля засялення сабраліся ў цэнтры вёскі, і ўсе пачалі хваліць сваё месца засялення: «У нашай бабкі ёсць тэлевізар!»— кажа Галя Сазонава. «Фігня ваш тэлевізар! А ў нашай бабкі — цэлы цэбар самагонкі пад ложкам!» — хваліцца аднагрупнік, з якім я засяліўся разам.
Дык вось
у цэнтры вёскі былі ці то нейкія руіны, ці то вясковая звалка — усё зарасло крапівой, дзядоўнікам, чартапалохам ды чарнобылем.
Гэтая жахлівая карціна была бачная і з вакон нашай хаты.
— А чаму ніхто не прыбірае гэтае смецце ў цэнтры вёскі?—пытаю ў гаспадыні.
— Гэта — руіны нашага касцёла. Разбураны ў апошнюю вайну.
Як я зразумеў, да разбурэння касцёла мелі дачыненне партызаны, але ж гэта была вайна. У немцаў, нібыта, быў тут апорны пункт.
Здзівіла мяне тады адна акалічнасць. У тыя гады нам усім убівалі ў галаву: каталік ёсць паляк. А тут мне апавядаюць, што пад час вайны гаспадыня і яе дачка хадзілі ў касцёл Св. Алены і Сымона ў Мінску, і набажэнства там пры немцах вялося на беларускай мове. Яны маюць такія малітоўнікі і цяпер (1975 г).
Пасля сканчэння тэхнікума па «усесаюзным» размеркаванни я трапіў на 15 гадоў у г. Вентспілс (Латвія), працаваў прарабам і начальнікам участка, вучыўся вячэрне ў Рыжскім політэхнічным інстытуце. Не да краязнаўства было!
У 1993-м, хоць і здаў іспыты па латышскай мове, аднак не схацеў быць эмігрантам, вярнуўся дадому, у Глыбокае. Працы па спецыяльнасці знайсці не мог… А я думаў, што з маім рэзюмэ ў працоўнай кніжцы (інжынер геадэзіст, майстар, прараб, начальнік участка) і тузінам удзячнасцяў, запісаных там — знайду працу без праблемаў. Аднак, не!
На кожным прадпрыемстве адзел кадраў казаў: «Так, нам патрэбны майстар». І штораз мне задавалі адно і тое пытанне: «Скрабатун? Гэтай той, што піша ў раёнцы пра гісторыю Глыбокага?»
— Так.
— Чыталі… Мы вам патэлефануем.
Але ніхто не тэлефанаваў… І я зразумеў, што такіх «разумных» на працу не тое што майстрам, нават грузчыкам ці дворнікам не возьмуць. Заставалася жыць толькі за выпадковыя заробкі. Аднойчы глыбоцкі музей замовіў у мяне мапу Глыбокага на 1930 г. (то бок за «польскім часам»). Чарціць мапы я любіў. Адну такую начарціў для Глыбоцкага райпаліўзбыта яшчэ ў 1975-м, дзе пад час вакацыяў падпрацоўваў грузчыкам. Вісела яна на сцяне канторы і кіроўцы, якія вазілі паліва, ведалі куды ехаць. Дык прыехалі глыбоцкія міліцыянты — канфіскавалі! Сакрэтна! А я тую мапу намаляваў па памяці, бо абышоў і аб’ехаў на ровары ўсё Глыбокае: запамінаў візуальна ўсе адлегласці, прапорцыі і звіліны вуліцаў. Чарціў, заплюшчваў вочы і пракручваў у памяці візуальна ўсе адлегласці і павароты… Потым, праз колькі гадоў, як усё «рассакрэцілі» і я ўбачыў мапу Глыбокага на пошце не мною накрэсленую і з масштабам, то я быў у шоку — адзін у адзін!
З вялікім энтузіязмам узяўся я складаць для музея мапу з польскімі назвамі вуліц. А я іх ведаў з дзяцінства, як з царскімі, так і з польскімі — сусед 1907 г.н. апавядаў. Аднак, як жа называлася за «польскім часам» вуліца Маякоўскага? Халера! Трэба кагосьці запытацца! Параілі мне спадарыню Ганну Казлоўскую, якая і жыве на той вуліцы. Завітаў!
— Маякоўскага? Понятовскего!— у польскім вымаўленні паведамляе сп-ня Казлоўская.
І тут яна адчыняе куфар і дастае «плян» са сваім зямельным надзелам, купленым за грошы, што яе браты зарабілі ў Швейцарыі.
Чырвоныя пячаткі «мяста Глэмбоке», подпісы каморнікаў і архітэктара… Бачу назовы тагачасных вуліцаў: Радзівіловска (цяпер Кірава), Гімназіяльна (частка сённяшняй вул. Дзяржынскага), Крулевска (Каралеўская, але хіба што ад назвы станцыі Крулеўшчына)… Нават не падазраваў, што сённяшняя вуліца Дзяржынскага пры паляках існавала, але ж — «плян»…
— Па польску чытаеш?— пытае Ганна Казлоўская.
— Чытаю, але на аснове ведання беларускай мовы. Калі слова не зразумелае — заглядваю ў слоўнік.
— То бяры, дару! Ксёндз некалі загадаў ачысціць гарышча касцёла ад старых кніг — іх раздавалі на распалку печаў. І я ўзяла, але паклала ў куфар…
Тытульнага ліста ў кнізе не было і невядома хто яе аўтар. Першая я ж ацалелая старонка пачынаецца загалоўкам «Opisanie powiatu Borysowskiego».
Дома пачаў гартаць старую, пакрытую пацінай часоў, кнігу. Яна не тое што цалкам польскамоўная. Ёсць цэлыя тэксты (прымаўкі, народныя песні) па-беларуску, але польскай лацінкай.
У раздзеле «Kościoły rzymsko-katolickie», у тэме Hajeński (касцёл) чытаю такі тэкст: «Парафіяльны касцёл належыць да гістарычных помнікаў у краю.
Гэта адзін з сямі касцёлаў, якія Уладзіслаў Ягайла заклаў у прасоўванні веры святой на Літве.
Фундацыю касцёла ў Гайне нашы хранікёры, а менавіта Стрыйкоўскі, Бельскі, Мехавіта называюць пад 1387 годам. Кромер адносіць да 1386. Першапачаткова ён быщ пабудаваны з дрэва і колькі вякоў прастаяў. Заснаваная парафія адразу не была значнай, але ў хуткім часе сталася багатай. Таму што
Аляксандр Вітаўт в(ялікі) к(нязь) літ(оўскі) да фундушу Уладзіслава Ягайлы дадаў значны маёнтак, званы Кацелі.
У хуткім часе новы выпадак усвенціў памяць святыні і павялічыў фундуш пробашчаў.
У 1514 годзе па бітве пад Оршай, Жыгімонт І з Барысава прыйшоў да Гайны, як найбліжэйшайга касцёла, для складання Богу ўдзячнасці, з войскам, з высокімі панамі і палоннымі. Тры дні кароль тут адпачываў і адбываў жалобнае набажэнства ды пахаванне двух слуг сваіх Станіслава Аарона, і Станіслава Ніскоўскага, целы якіх прывезлі з-пад Оршы;
нарэшце надаў плябаніі свае каралеўскія грунты, праз што значна пашырыў разлегласць зямель і павялічыў фундуш касцёла, з абавязкам, каб у памяць таго подзвігу пробашчы штомесяц правілі адну імшу аб Нараджэнні Найсвяцейшай Панны Марыі са згадкай імёнаў двух Станіславаў, што ў бітве палеглі; нарэшце пакінуўшы дары ў касцёле, кароль падаўся да Вільні.
Той прывілей цікавы, на латыні пісаны, датаваны праз Жыгімонта ў Гайне 1514 годам у нядзелі першай па фэсце Узвышэння Крыжа Святога, знаходзіўся колькі гадоў у гайнаўскім архіве. У астатніх гадах мінулага стагоддзя (кніга выйшла ў 1847 г,— заўвага У.С.), пробашч гайнаўскі кс. Тышкевіч, пастанавіў касцёл першапачатковай фундацыі, які ўжо валіўся, замяніць мураваным. Задумаў аб гэтым шчыра, пачаў матэрыялы завозіць; але яму смерць тую чыннасць перарвала, наступнік яго кс. Цыдзік, задуму свайго папярэдніка выканаў.
Стараннем, коштам і працай гэтага пабожнага пробашча, паўстаў у 1789 годзе цудоўны мураваны касцёл у Гайне.
З фундушаў, якія належалі да гайнаўскага касцёла, маёнтак Кацелі быў яшчэ даўней на мінскай капітуле ўзяты ў зварот, а капітула пробашчам выплаціла пэўны даход. У 1833 годзе цэлы фундуш, з грунтаў наданых праз Уладзіслава Ягайлу і Жыгімонта І, і з юрысдыкі гайнаўскай, якая мела адзінаццаць хатаў, перайшлі да скарбу. Цяпер гайнаўская парафія налічвае 5.415 душаў, у штаце да 3-га класа залічанай. У гайнаўскім касцёле на год ёсць колькі фэстаў.
Дзве імшы чытаюцца штотыдзень за душу К-зя Літоўскага Аляксандра Вітаўта, што ёсць запісана ў абавязках касцёльных».
Натуральна, што часы інтэрнету высвеліць аўтара кнігі «Opisanie powiatu Borysowskiego» не скадае цяжкасцяў — ім быў граф Яўстах Тышкевіч,
кніга выдадзеная ў Вільні ў 1847 годзе.
Бачыў сёлета ў Бычках мастака Міколу Купаву… — А ці ведаеце Вы, што ў Гайне пад Лагойскам былі пахаваныя два героі бітвы пад Оршай?— пытаю ў сп. Міколы. — Станіслаў Аарон і Станіслаў Ніскоўскі.
— Чуў, і пэўна ад вас некалькі гадоў таму!— кажа спадар Купава. — Напярэдадні 500-х угодкаў Аршанскай бітвы было б цікава даведацца аб гэтай падзеі больш дэталёва.
Што ж да угодкаў Аршанскай бітвы яшчэ больш за месяц і можна падумаць як годна ўшанаваць памяць двух Станіславаў.
* * *
Уладзімір Скрабатун
краязнаўца, рэдактар незалежнай газеты «Вольнае Глыбокае», сталы аўтар НН. Жыве ў Глыбокім.
-
У Нацыянальным мастацкім музеі паказваюць артэфакты з археалагічных раскопак у Мінску і Ваўкавыску
-
Іранічная архіўная знаходка: малітва, якая не зберагла галоўнага атэіста Вялікага Княства Літоўскага ад вогнішча
-
Знойдзены ў беларускім архіве малюнак раскрывае таямніцу загадкавага мяча са старажытнага кургана
Каментары