Грамадства2727

Ідэолагі канчаткова патапілі «Заходнебеларускую Атлантыду» ФОТА, ВІДЭА

Ідэолаг і пажарны інспектар зачынілі выставу, якая «прыніжае ролю СССР».

Сёння раніцай гісторыка-культурны музей-запаведнік у Заслаўі, дзе адбываецца выстава «Заходнебеларуская Атлантыда», наведалі начальнік аддзела ідэалогіі і культуры Мінскага райвыканкама Сяргей Кудзін і прадстаўнік МНС. Пасля кароткага агляду выставы, які заняў пяць хвілін, чыноўнікі вынеслі вердыкт: выставу трэба зачыніць, бо ў музеі «не ўсё ў парадку з электраправодкай». Пра гэта карэспандэнту «Нашай Нівы» паведаміў арганізатар выставы, гісторык Ігар Мельнікаў.

Выстава «Заходнебеларуская Атлантыда. Гісторыя Заходняй Беларусі ў міжваенны час у дакументах, фотаздымках і артэфактах» мелася адчыніцца 12 верасня. Яна прымеркаваная да 75-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны, якая прыйшла на заходнебеларускія землі ў верасні 1939-га.

Выстава адразу сустрэла непрыманне ідэолагаў. Начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінаблвыканкама Руслан Трухан, па словах Мельнікава, наведаў яе перад адкрыццём і пабачыў небяспеку. «Такая выстава прыніжае ролю СССР, правапераемніцай якой з’яўляецца Беларусь, а значыць прыніжае і саму Беларусь», — паўтарыў гісторык словы ідэолага. Афіцыйных папер ніхто не атрымліваў, усё абмежавалася словамі: «Рабіце што хочаце, але выстава не павінна працаваць».

Нягледзячы на забарону, дырэктар музея Мікалай Паграноўскі выставу адчыніў. «Майце мужнасць спакойна ўспрымаць нашу гісторыю!» — сказаў ён на адкрыцці. Выстава праіснавала ўсяго адзін дзень, пасля была зачыненая да сканчэння перамоваў з ідэолагамі.

На думку Ігара Мельнікава, ён хацеў паказаць мужнасць беларускіх жаўнераў польскай арміі падчас Вераснёўскай кампаніі 1939 года, якія першымі сутыкнуліся з нацысцкімі войскамі. Таксама на выставе планавалася паказаць і мірнае жыццё Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг. праз фота, дакументы, рэчы таго часу

Усяго ў экспазіцыі было 300 прадметаў, большая частка з якіх — арыгіналы. Усе гэтыя рэчы Ігар Мельнікаў збіраў не адзін год.

Абгрунтоўваць закрыццё выставы кепскай праводкай — дзіўна, кажа Мельнікаў. Улетку ў музеі зрабілі капітальны рамонт на 200 млн рублёў. Чаму зачынілі насамрэч? «Напэўна, не хацелі псаваць добрае свята яднання Беларусі, якое пройдзе 17 верасня. Бо прадстаўленая інфармацыя давала зразумець, што вяртанне заходняй часткі Беларусі да СССР прынесла не толькі радасць уз'яднання, але і страты са смерцю», — кажа Мельнікаў.

Журналісты былі апошнімі, хто пабачыў выставу. Не прайшло і гадзіны пасля візіту чыноўнікаў, як супрацоўнікі музея прыцягнулі торбы, каб пакаваць экспанаты.

Каментары27

Цяпер чытаюць

«Пра які саюз можна гаварыць?» Лукашэнка ў Астане раскрытыкаваў Расію за навязванне утыльзбораў4

«Пра які саюз можна гаварыць?» Лукашэнка ў Астане раскрытыкаваў Расію за навязванне утыльзбораў

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусбанк таксама будзе патрабаваць ад кліентаў геалакацыю4

Украінскія дроны атакавалі Валгаград. Гарыць НПЗ

Даследчыкі дзесяцігоддзямі памыляліся наконт касцёла ў Будславе. Археалагічныя знаходкі абверглі старыя тэорыі11

У Румыніі расійскі дрон трапіў у шматпавярховік4

Як любоў да катоў у Японіі ператварылася ў мільярдную індустрыю1

Скончыў жыццё самагубствам канадскі хакеіст Клод Лем’ё2

30 тысяч еўра для лячэння Аляксандра Мілінкевіча сабралі за тры дні1

У Гродне знеслі амаль 100‑гадовы дом на рагу Міцкевіча і Філарэта — яшчэ адзін помнік драўлянага канструктывізму2

Пад Мінскам насмерць разбіўся матацыкліст1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пра які саюз можна гаварыць?» Лукашэнка ў Астане раскрытыкаваў Расію за навязванне утыльзбораў4

«Пра які саюз можна гаварыць?» Лукашэнка ў Астане раскрытыкаваў Расію за навязванне утыльзбораў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць