Культура11

Майстры, якія вырабляюць чаўны, яшчэ не перавяліся на Палессі

Човен — лодка, выдзеўбаная з аднаго цэльнага камля дуба, які выраблялі спрадвеку майстры па берагах Прыпяці, мае адметны выгляд: востры нос і карма, доўгі корпус, пры ім адналопаснае кароткае вясло з папярэчынай на ручцы. Яго зручна было выкарыстоўваць у рыбалоўстве, перавозцы грузаў і людзей, служылі чаўны і ў якасці парома. Вясной падчас разліву човен быў адзіным сродкам руху. Па Прыпяці плавалі на вялікія адлегласці чаўны даўжынёй дзесяць метраў і больш, на якіх можна было перавозіць цяжкія грузы, а ў побыце выкарыстоўвалі зручныя невялікія — ад двух з паловай метраў даўжыні. Востры нос дазваляў бясшумна ўразацца ў зараснікі на беразе падчас палявання на качак, ды і ў рыбалоўстве вельмі зручны. Мае надзіва хуткі ход, але кіраваць ім трэба асцярожна: прыгроб моцна ваду пад дно — і ён не спыніцца, пакуль не зробіць поўны паварот на месцы.

Дубоў на Палессі было багата, і чалавек з даўніх часоў ацаніў трываласць гэтага дрэва, быў удзячны за доўгую службу. Да таго ж дуб у вадзе рабіўся яшчэ мацнейшым. Такі човен амаль паўсюдна называлі «дуб». Невялікія чаўны, на аднаго-двух чалавек, зробленыя з іншых дрэў, называюць таксама па пародзе дрэва, з якога яны зробленыя: ліпаўка, асінаўка, вярбуўка… А на Палессі іх празвалі «душагубкамі», бо яны лёгкія, няўстойлівыя, часта пераварочваліся, ствараючы небяспеку людзям.

Для ўстойлівасці да іх пачалі прыбіваць крылы з дошак — такая лодка называлася шугалея. Са з’яўленнем паўсюдна лодак з дошак шугалеі зніклі, а вось чаўны яшчэ служаць. Човен у Беларусі вядомы з неаліту і быў распаўсюджаны шырока на ўсёй тэрыторыі. Толькі ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя яго выцеснілі лодкі з дошак.

Зрабіць човен для гаспадарчых патрэб умеў бадай што кожны мужык, бо з дзяцінства вучыўся даўбёжнаму рамяству на вырабе посуду (міскі, лыжкі, кублы, карцы, апалушкі, сальніцы, маслабойкі і іншыя), мэблі (боні — своеасаблівы куфар на Палессі ў выглядзе бочкі, шафкі для кухні), майструючы кайдуб для студні і такія прыстасаванні, як ступа, калоды для бортніцтва і шмат іншага. Інструменты выкарыстоўвалі тыя ж, што і для іншых патрэб, — сякеру, цяслу, долата, разец. Сёння мала хто займаецца гэтым рамяством, хіба што для вырабу сувеніраў, каб адлюстраваць народную традыцыю. А вось чаўны па Прыпяці яшчэ плаваюць. Захаванню старадаўняй традыцыі садзейнічае Нацыянальны парк «Прыпяцкі», які пабуджае майстроў адраджаць рамяство. У экспазіцыі Музея прыроды ў Ляскавічах (адчынены ў 2012 годзе) можна ўбачыць човен з дубу работы майстра з вёскі Перароў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці Леаніда Швяца. Мы спецыяльна адправіліся да яго ў госці, каб пазнаёміцца і параспытваць пра рэдкае рамяство, але мелі магчымасць і паназіраць, як рухаецца гэтая старадаўняя лодка, упэўніліся, што яна яшчэ выкарыстоўваецца мясцовымі жыхарамі.

Жонка Тамара Георгіеўна сустрэла мужа з рыбалкі і занялася гаспадарчымі клопатамі, а Леанід Іванавіч пачаў паказваць нам інструменты, якімі ён робіць човен. Іх пяць відаў. Гэта сякера, струг, капыл прамы і каленападобны, рубанак. Цяпер карыстаюцца і бензапілой, бо гэта паскарае працу. Удваіх можна нават за дзень зрабіць човен, а раней чыстай работы над ім было тыдні на два. Ніколі не карыстаюцца дубам, у які ўдарыла маланка, або з дуплом. Бацька Леаніда Швяца чаўны не рабіў, бо купіў адзін у майстра і карыстаўся 25 гадоў. Дзед, Нікіфар Максімавіч Ільеня, быў родам з Хваенска, дзе нарадзіўся і Леанід, і славіўся як выдатны цясляр і бондар. Яго рубанкі яшчэ служаць Леаніду ў працы. А яшчэ ўнук захоўвае дзедаў жак і сеткі — цяпер іх можна ўбачыць хіба што ў музеі. Вырабляў дзед і чаўны. Праўда, ад яго Лёня навучыцца не змог, асноўныя сакрэты па вырабе чоўна перадалі яму перароўскія майстры Віктар Якубовіч і Васіль Масло. Яны казалі, што для ходкасці чоўна ён павінен быць даўжынёй не менш за пяць метраў дваццаць сантыметраў. Калі карацейшы — будзе вёрткі. А шырыня — не меншая за 65 сантыметраў. Гэта без кары і абалоні (слой паміж стрыжнем і карой). Для чоўна вырубалі дзве лаўкі, паміж якімі павінная быць аднолькавая адлегласць.

Супраць цячэння човен ідзе непараўнальна лепш, чым лодка, у гэтым яго перавага. Мы ўпэўніліся ў гэтым, калі паехалі з Леанідам Іванавічам на Прыпяць і ён сеў у свой човен. Дарэчы, на беразе іх стаяла некалькі. Мясцовыя жанчыны расказалі, што мужыкі карыстаюцца яшчэ чаўнамі і цэняць іх значна вышэй за лодкі. Дубам тут называюць доўгія лодкі з дубовых дошак, а выдзеўбаныя з цэльнага ствала дуба — чаўнамі. Успаміналі, колькі рыбы лавілі раней у Прыпяці. Цяпер можна лавіць толькі на вуду, таму, жывучы ля ракі, людзі не заўсёды маюць рыбу ў харчаванні. Тут нерасціцца язь, лешч (на глыбіні вясла, не больш за метр). Часам ловіцца сом, судак, жэрах, шчупак. Калі б не забаранялі, браканьеры знішчылі б усе віды рыб, таму правільна, што дзяржава ахоўвае рыбнае багацце Прыпяці. Перароў якраз знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парка «Прыпяцкі». І каму, як не жыхарам гэтай тэрыторыі, захоўваць даўнія рамёствы продкаў!

Каментары1

Цяпер чытаюць

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай34

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Усе навіны →
Усе навіны

Пры наведванні Кітая будзьце асцярожны з сэксам. Вас могуць здымаць схаванай камерай5

З Акрэсціна — у Forbes. Беларуска прадавала ў Чэхіі замкі, а цяпер вучыць, як стаць арыстакратам14

Віктар Орбан назваў Украіну ворагам Венгрыі22

Аўтарам дызайну новага гродзенскага праязнога стаў 17‑гадовы хлопец8

Адключэнне «Старлінкаў»: як гэта паўплывала на ўкраінскую і расійскую арміі2

Спявак Ap$ent: У адрозненне ад вясёлкавых поні кшталту Калеснікавай я ніколі не забуду жэсць 2020‑2022 гадоў44

На вуду інтэрнэт-махляроў трапіла нават супрацоўніца банка

Кітай не будзе ўдзельнічаць ні ў якіх перамовах аб кантролі над ядзернымі ўзбраеннямі2

Хэйтарскія акаўнты аўтобусаў — новы трэнд беларускіх зумераў16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай34

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць