У Раду праходзяць 7 партый: абсалютную перавагу мае Пятра Парашэнкі. За другое месца змагаюцца Радыкальная партыя экстравагантнага дэпутата Ляшко і «Народны фронт» Яцанюка—Турчынава.
Першая тройка палітычных партый на парламенцкіх выбарах 26 кастрычніка паводле апытання сацыялагічнай групы «Рэйтынг» — Блок Пятра Парашэнкі (33,5%), Радыкальная партыя Ляшко (12,8%) і «Народны фронт» (8,9%).
Паводле звестак апытання, якое праводзілася 1—8 кастрычніка, у Вярхоўную Раду таксама маюць магчымасць патрапіць «Моцная Украіна» Цігіпкі (7,8%), «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі (6,9%) і «Самапомач» мэра Львова Садовага (5,4%), Апазіцыйны блок, які стварыўся на базе былой Партыі рэгіёнаў, — 5,1%.
За апошнія два месяцы больш за ўсё прыбавіў «Народны фронт».
«Гэтая палітычная сіла захоўвае дынаміку росту, у той час як такія сілы, як Радыкальная партыя і «Грамадзянская пазіцыя» губляюць свае пазіцыі», — адзначыў сацыёлаг Аляксей Анцыповіч.
Паводле яго слоў, «Народны фронт» стаў самым папулярным варыянтам «другога выбару партый», які б маглі зрабіць украінцы 26 кастрычніка. Так, 10% выбаршчыкаў хочуць падтрымаць «Народны фронт» у тым выпадку, калі не прагаласуюць за сваю партыю.
Выказаліся рэспандэнты і з нагоды сімпатый адносна будучай кандыдатуры прэм'ер-міністра. Так, больш за траціну апытаных хацелі б бачыць прэм'ер-міністрам пасля выбараў Арсеня Яцанюка (35%), таксама 9% хацелі б бачыць прэм'ерам Сяргея Цігіпку, па 5% — Грыцэнка і Ляшко.
«Пры гэтым больш за палову (52%) рэспандэнтаў лічаць, што першачарговымі задачамі ўкраінскай улады мае быць спыненне росту цэнаў, а таксама барацьба з карупцыяй (41%)», — заявіў Анцыповіч.
Важнымі задачамі украінцы таксама лічаць люстрацыю і недапушчэнне росту беспрацоўя.
Дадзенае апытанне было праведзена 1—8 кастрычніка 2014. Было апытана 2000 рэспандэнтаў старэйшых за 18 гадоў ва ўсіх рэгіёнах Украіны, акрамя Крыма.
Каментары