Меркаванні4747

Князь Вітаўт з Калымы: гісторыя поспеху (ці падзення) Генадзя Давыдзькі

Як артыст Купалаўскага стаў кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі? Піша Ягор Марціновіч.

Артыкул быў першасна апублікаваны ў лістападзе 2014 года.

Участак у сталічным раёне Вяснінка каштуе больш за паўмільёна даляраў. Разам з домам — цэлы мільён. На вуліцы Вербнай будаўнікі дакладаюць другі паверх дома. Праект незвычайны. Паколькі катэдж знаходзіцца на рагу вуліцы, робяць круглую сцяну. «А як можна гаспадара пабачыць?» — «Тэлевізар уключай, дык і ўбачыш», — смяюцца рабочыя.

Сямейны маёнтак каля Драздоў.

Неўзабаве ў гэтым катэджы паселіцца новаспечаны мільянер — старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Побач з ім будуецца іншы вядомы прапагандыст — кіраўнік СТБ Юрый Казіятка. Зорны час Казіяткі­-прапагандыста прайшоў, а вось Давыдзька шчыруе тут і цяпер.

Уважлівыя тэлегледачы прыкмецілі, што тэма апазіцыі фактычна знікла з эфіру беларускіх дзяржаўных каналаў. Дагэтуль выкрывае ворагаў толькі сам Давыдзька ў штотыднёвым «Клубе рэдактараў».

У сваёй адзінаасобнай барацьбе кіраўнік БТ выглядае абсалютна натуральна. Давыдзьку настолькі падабаецца быць у цэнтры ўвагі, што ён не чуе абсурднасці сваіх заяваў, з якіх смяецца ўвесь інтэрнэт.

Самае неадэкватнае выказванне было зроблена ў 2008-­м.

«Будзе значна лепш, калі тата возьме сваю дачку або сына, якому ўсяго сем гадоў (потым будзе позна), пасадзіць перад экранам тэлевізара, паставіць порнафільм і стане падрабязна тлумачыць», — раіў Давыдзька, тагачасны дэпутат, сябар камісіі па адукацыі і культуры.

Генадзь Давыдзька на з’ездзе «Белай Русі». Фота photo.bymedia.net

«Мы ведаем вельмі многа эпізодаў, калі чалавек на выкрык «Слава Украіне!» не адказваў «Героям слава!», яго і забіць могуць», — расказваў свае фантазіі кіраўнік БТ паўмесяца таму.

«На многія бытавыя і жыццёвыя тэмы ў яго сапраўды своеасаблівы погляд. Ён шчыры і глыбокі прыхільнік цяперашняга рэжыму і нават узмацнення жорсткасці», — кажа драматург Андрэй Курэйчык, які цяпер трапіў у неафіцыйны «чорны спіс» на БТ.

«Давыдзька быў цікавым акцёрам, але чыноўнік у ім усё ж быў мацнейшым. І перамог артыста», — мяркуе Курэйчык.

«Наша Ніва» расказвае гісторыю шляху ва ўладу Генадзя Давыдзькі.

Фота sb.by

Аднаго дзеда забілі партызаны, другога — рэпрэсавалі

У сваіх інтэрв’ю Давыдзька неаднаразова пераказваў трагічную гісторыю сям’і.

Дзед па бацькавай лініі, Франц Адамавіч Давыдзька, быў хутаранінам. Пасля яго загналі ў калгас. Нацярпеўся ён ад немцаў. Тыя даведаліся, што ягоныя старэйшыя сыны партызаняць. «Катавалі, білі, цкавалі сабакамі, пакінулі паміраць, але ён ачуняў — сям’ю ж карміць трэба», — расказваў Генадзь.

А калі Франц Адамавіч вяртаўся з Сянна ў родную вёску Папоўку з ежай, яго абрабавалі і збілі партызаны. Ён памёр на наступны дзень.

Гісторыя іншага дзеда, Андрэя Бараннікава, таксама адпавядала рэаліям часу. Ён, цясляр з Разанскай вобласці, прабіўся ў Маскву і стаў працаваць у НКВД.

Сістэма адыгралася на ім — у 1938 годзе яго рэпрэсавалі і выслалі на ртутныя рудні на Калыму.

Жонцы Вользе з малымі дзецьмі давялося вяртацца на сваю радзіму, у тую ж Папоўку. Тут яна зноў узяла шлюб, але другі муж загінуў у пачатку вайны.

Цікава, што ў пашпарце дачку Вольгі і «ворага народа» Андрэя запісалі Таісіяй Рыгораўнай. Дзяўчына паступіла ў Віцебскае фармацэўтычнае вучылішча і стала оптыкам. А пасля выйшла замуж за земляка. Браніслаў, малодшы сын Франца Давыдзькі, быў мараком.

Гендос і ягоны сябар Тарас Шаўчэнка

У верасні 1955 года ў маладой сям’і нарадзіўся першынец — Генадзь. Пасля смерці Сталіна дзед на Калыме быў рэабілітаваны. Ён вырашыў застацца ў Магаданскай вобласці. А неўзабаве паклікаў да сябе жонку і дачку з зяцем. Нягледзячы на складаныя кліматычныя ўмовы, там можна было зарабіць неблагія грошы.

У 1960 годзе сям’я Давыдзькаў выправілася ў далёкае падарожжа. Маленькі пасёлак Сеймчан на беразе Калымы — гэта больш за 6 тысяч кіламетраў ад дома.

Суворы Сеймчан.

Пра кватэры размовы не ішло, сем’і жылі ў бараках. Браніслаў Давыдзька быў дальнабойшчыкам, а Таісія працавала ў бальніцы. Ну а Генадзя аддалі ў Сеймчанскую школу-інтэрнат. З бацькамі ён бачыўся толькі па выходных.

Праз некалькі гадоў у сям’і нарадзілася дачка Ларыса. Цяпер яна жыве ў расійскім Тальяці, працуе на радыё.

Генадзь з бацькамі і сястрой.

«У школе мяне называлі Гендос. І яшчэ Гваздзём, бо я быў вельмі худым і доўгім, — расказваў артыст. — Адзін хлапчук мяне ўвесь час крыўдзіў. Дарэчы, яго звалі Тарас Шаўчэнка. Ён увесь час біў мяне ў жывот і ўсё адбіраў. А потым неяк за лета я раптам моцна вырас. Падышоў Тарас, паглядзеў на мяне, і мы сталі неразлучнымі сябрамі, як гэта бывае, дружбакамі. Яшчэ я быў у класе клоўнам, завадатарам, які заўсёды жартуе, весяліць».

У вольны час Генадзь гуляў у футбол, а яшчэ цікавіўся літаратурай. «Калі мне было 12 гадоў, я вырашыў самаадукоўвацца: пайшоў у дарослую бібліятэку і ўзяўся чытаць усю літаратуру, пачаў з аўтара на літару «А» і дайшоў да «С» — апошні быў Сервантэс. Так што да Чэхава і Шэкспіра не дайшоў», — жартуе Давыдзька.

Жыццё ў Магаданскай вобласці зрабіла з хлопца адданага патрыёта Беларусі. На радзіму ён прыязджаў летам, і гэтага было дастаткова, каб марыць пра вяртанне.

«Для мяне Беларусь была раем. Я здзіўляўся, што яблыкі так папросту растуць на дрэвах. Звон царкоўных званоў, пах паравознага дыму, цёплая вада ў возеры — усё гэта мяне прыводзіла ў захапленне, бо нічога падобнага на Калыме не было. Я ўсё дзяцінства марыў жыць у Беларусі, у гэтым раі».

Шлях да Купалаўскага

Са школы-­інтэрната Генадзь выйшаў кваліфікаваным трактарыстам. Хлопец марыў стаць археолагам, але захапіўся гітарай і вырашыў вучыцца на музыканта. «Увогуле, у мяне не аналітычны склад розуму. Я чалавек імправізацыі, аўралу, не ўмею быць паслядоўным», — прызнаваўся ён. Так і адбылося.

Генадзь паступіў у Хабараўскі інстытут культуры па класе домры (бо на гітару не набіралі), адвучыўся семестр, перавёўся на тэатральнае аддзяленне. А пасля першага курса кінуў вучобу. Генадзь меўся перапаступаць у Маскву, але прагуляў адкладзеныя грошы і да сталіцы не даехаў. У выніку апынуўся ва Уладзівастоку, на акцёрскім факультэце Далёкаўсходняга педагагічнага інстытута мастацтваў.

Тут Давыдзька знайшоў сваё каханне. Наталля Мотлах была ягонай аднакурсніцай. Яна, дарэчы, скончыла інстытут з чырвоным дыпломам.

* * *

Пра конкурсы прыгажосці

«У мяне іншае, адрознае ад міжнароднага, разуменне прыгажосці. Я не супраць 90­-60­-90, але мне больш падабаецца, скажам, 120-­80­-140. Але такіх не пускаюць на конкурсы прыгажосці! Гэта як пракрустава ложа, у якое спрабуюць ўціснуць жанчыну». — «А сваю спадарожніцу жыцця вы выбралі ў адпаведнасці са сваім стандартам?» — «Зразумела!»

* * *

Пару маладых размеркавалі ў тэатр у Арэнбургу, на мяжу з Казахстанам. Неўзабаве Генадзя забралі ў войска.

Тым часам з Калымы ў Беларусь вярнуліся бацькі Давыдзькі. Яны пасяліліся ў Бабруйску. Пасля службы ў войску сын з жонкай пераехалі да іх.

Таісія Давыдзька.

Маладыя артысты ўладкаваліся ў мясцовы Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Дуніна­-Марцінкевіча. Аднак Генадзь марыў зрабіць кар’еру ў Маскве. Не ўдалося. Уладкаваўшыся ў адзін са сталічных тэатраў, ён на навагоднія святы сарваў голас. Лячыць без прапіскі яго не сталі, таму давялося вяртацца ў Беларусь. Цяпер ужо канчаткова.

У Мінску ўдалося знайсці працу, прычым не абы­якую — маладога артыста ўзялі ў Купалаўскі. «Мой самы шчаслівы дзень у жыцці — 23 снежня 1981. Тады я ўпершыню як акцёр паказваўся ў тэатры Янкі Купалы перад мастацкай радай, і мяне прынялі», — расказваў Давыдзька.

«Калі трапіў у Купалаўскі, улюбіўся адразу ж: у трупу, тэатр, атмасферу, адчуў, што я сапраўдны беларус», — прызнаваўся ён.

Для працы ў тэатры давялося з нуля вучыць беларускую мову. І ёй Давыдзька авалодаў выдатна.

Артыст, рэжысёр, дырэктар

Напярэдадні прэм’еры «Тутэйшых» у 1990 годзе Давыдзька дэманстратыўна выйшаў з кампартыі разам з некалькімі калегамі-­купалаўцамі. Незалежнасць Беларусі ён сустрэў не толькі артыстам, але і рэжысёрам, скончыўшы Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысура драмы».

Тэатразнаўцы скептычна ставяцца да ягоных уласных пастановак, а вось некаторыя ролі Давыдзькі добра запомніліся гледачам.

Яго галоўнай роляй стаў князь Вітаўт у аднайменным спектаклі Валерыя Раеўскага.

Па словах самога артыста, гэты вобраз быў найбольш блізкі яму як чалавеку і грамадзяніну. «Гэты спектакль выхоўваў гонар за сваю гісторыю», — казаў Давыдзька.

Сярод знакавых роляў і ўсходні вучоны ў «Тутэйшых». «Гэтая п’еса актуальная і па сёння. Гэта вечная тэма для нас, беларусаў. Я больш аддаю перавагу слову «лiцвiны». Надзвычай важнае выхаванне нацыянальнай самасвядомасці, патрыятызму праз павагу да роднай мовы, нацыяльнай гісторыі, дзяржавы», — разважаў артыст.

А ў 1997 годзе яго прызначылі дырэктарам Купалаўскага. Давыдзька патроху адыходзіў ад творчасці і браў на сябе адміністратыўныя функцыі.

Менавіта пры ім з рэпертуару знялі «Тутэйшых», якіх ён раней так хваліў. Нібыта праз састарэласць дэкарацый. «Гэта хлусня», — каментаваў сітуацыю рэжысёр спектакля Мікалай Пінігін.

Тэледэбют

А Давыдзька тым часам асвойваў тэлеэфір. Ягоным дэбютам стала праграма «Гурман­-клуб», якую на мяжы стагоддзяў паказваў 8 канал.

«Пуцёўку ў тэлевізійнае жыццё Давыдзьку выпісаў я, — расказвае Аляксандр Зімоўскі, які ў пачатку 2000-­х быў дырэктарам Сталічнага тэлебачання. — У 2003­-м наверсе нарадзілася ідэя зняць «дыхтоўны, душэўны, некандовы дакументальны фільм» (я цытую заданне) пра Беларусь у 1994—2004 гадах».

Аляксандр Лукашэнка тады рыхтаваўся да рэферэндуму аб праве ісці на трэці тэрмін. Паводле словаў Зімоўскага, праекты «Беларусьфільма», БТ і АНТ былі адхіленыя, і за здымкі ўзяўся ён.

«Расказчыкам я выбраў Давыдзьку, ён фактурны быў, якраз для гэтага праекта, добра ў кадры глядзеўся дзе­небудзь на дняпроўскіх кручах. Дый голас такі душэўны, аксамітны… — узгадвае Зімоўскі. — Знялі дакументальны фільм, назвалі «Суверэнная Беларусь. Імгненне часу». АНТ і БТ прымусілі паказаць у прайм­-тайм наш праект. А Генадзя заўважылі, ацанілі і ўключылі ў абойму».

У 2006, калі Зімоўскага павысілі да кіраўнікоў БТ, ён зацвердзіў Давыдзьку вядучым у праграму «Белорусское времечко» — штодзённыя народныя навіны і разбор скаргаў у жывым эфіры.

Шарж на Давыдзьку.

У дэпутацкім крэсле

Падчас працы ў «Времечке» Давыдзька ўжо быў дэпутатам. У 2004-­м ён ішоў на выбары ў якасці ўладнага кандыдата. Збор подпісаў за Давыдзьку быў азмрочаны некалькімі скандаламі. А галоўную суперніцу, прадстаўніцу АГП Валянціну Палевікову, знялі яшчэ да галасавання. Давыдзька «атрымаў» 56,6% галасоў.

Чым Давыдзька запомніўся, дык гэта сваёй дэкларацыяй аб даходах. У 2003­-м сярэдні заробак у беларусаў складаў каля $120. А дырэктар Купалаўскага задэклараваў сярэдні месячны даход памерам… $1065. Вядома ж, улічваўся не толькі заробак, але і, напрыклад, ганарары за здымкі ў кіно.

Перадвыбарчы плакат за 2004 год.

У якасці дэпутата Давыдзька заклікаў да… легалізацыі прастытуцыі. Праўда, аднадумцаў у парламенце ён так і не знайшоў.

Быўшы дырэктарам тэатра, ён лабіраваў увядзенне кантролю за пастаноўкамі заезджых калектываў. Урад прыняў адпаведную пастанову. Але яна аказалася няправільнай. І Давыдзька­дэпутат пачаў з ёй… змагацца. «Аказалася цалкам знiшчанай беларуская недзяржаўная тэатральная iнiцыятыва. Загiнулi ўсе антрэпрызы», — наракаў ён.

У 2008-­м Давыдзька пайшоў на другі тэрмін. Ягоны «вынік» на выбарах быў такім самым — 56%. Дэпутаты, якія пераабіраліся ў тым годзе, у сярэднім дэкларавалі больш за $1600 месячнага даходу за працу ў парламенце (сярэдні заробак у краіне тады быў каля 350 даляраў).

Паводле закона, дэпутат палаты прадстаўнікоў выконвае свае абавязкі на прафесійнай аснове. Гэта значыцца, што не можа працаваць нідзе, апроч парламента. Выключэнне зробленае толькі для навуковай ці творчай дзейнасці. Давыдзька апошнія гады дэпутацтва ў парушэнне закона стаў яшчэ і кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі, змяніўшы на гэтай пасадзе Зімоўскага.

Некалькі гадоў Давыдзьку называлі кандыдатам на пасаду міністра культуры, але апынуўся на чале тэлебачання. «Так вырашыў кіраўнік дзяржавы. Я магу толькі выказаць здагадку: магчыма, маё прызначэнне было звязана з тым, што Аляксандр Рыгоравіч больш бачыў ува мне менеджара, ідэолага, грамадскага дзеяча, чым дзеяча мастацтва», — разважаў ён.

Жалезам па сяброўстве

Першым жа праектам новы тэлекіраўнік запляміў сябе. Выкрывальніцкі фільм «Плошча. Жалезам па шкле» агучваў асабіста Давыдзька. «Альтэрнатыва ад апазіцыі — гэта гвалт, пагромы і кроў. Гэта не палітычная барацьба — гэта заяўка на дзяржаўны пераварот», — падсумоўваў ягоны голас. Адметна, што фільм быў цалкам ананімным, імя дыктара на экране так і не з’явілася. Але ж пазналі.

Калісьці Давыдзька і паэт Уладзімір Някляеў былі сябрамі. Але палітычныя рэаліі развялі іх па розныя бакі барыкадаў. Калі Някляеў спрабаваў прайсці на Усебеларускі народны сход, Давыдзька зрабіў выгляд, што не знаёмы з ім.

А пасля было яшчэ і «Жалезам па шкле»…

Някляеў кажа, што выкрасліў Давыдзьку са сваёй памяці: «Гэта пластылінавы чалавек, якога ляпілі ў розных кабінетах».

«Чаго нельга прабачаць нават лепшым сябрам? Здрады. Як пагубіць можна толькі жывое, так і здрадзіць можа толькі лепшы сябар. І гэта самае страшнае», — разважаў сам Давыдзька.

Рэфарматар БТ

Сваю дзейнасць на чале Белтэлерадыёкампаніі Давыдзька называе антыкрызісным кіраваннем: «Я пераняў разам з кампаніяй яе велізарныя даўгі — 8 мільёнаў еўра. Нам давялося сціснуць штат супрацоўнікаў на 31%».

Зімоўскі пярэчыць яму: «Гэта няпраўда. БТ ні разу не брала банкаўскіх крэдытаў, адпаведна, не магло мець даўгоў. Што да эканамічнага становішча ў цэлым, то ў 2010­м БТ кантралявала каля 35% тэлевізійнага рэкламнага рынку Беларусі. Даходы ад рэкламы склалі каля $22 мільёнаў! Гэта быў самы высокі ўзровень даходаў за ўсю гісторыю кампаніі. Сярэдні заробак на канец 2010­га быў дзесьці $710—730».

Да дасягненняў Давыдзькі адносяць пашырэнне медыяхолдынгу. «Беларусь­-3» ствараўся як цалкам беларускамоўны канал. Але задуму да канца так і не рэалізавалі, бо сродкаў на стварэнне ўласнага кантэнту і дубляж фільмаў на беларускую мову не выдзялялася. «Беларусь­-5» стаў спартыўным каналам, а «Беларусь-­24» — спадарожнікавым люстэркам БТ для замежнага гледача.

Працоўны кабінет Давыдзькі. Фота Goals.by

Іншыя змены датычаць працы з рэкламай. Цяпер час у эфіры Белтэлерадыёкампаніі прадае кампанія «Алькасар», звязаная з «Газпрамам». Давыдзька запэўніваў, што гэта прывядзе да росту рэкламных даходаў.

А ягоны асабісты даход быў узняты спецыяльным указам Лукашэнкі. Яшчэ з канца 1990-­х кіраўніку БТ выплачваецца штомесячная прэмія ў памеры службовага аклада. У 2012­-м гэтая прэмія павялічылася ўдвая.

Па словах Зімоўскага, на момант ягонага сыходу заробак старшыні Белтэлерадыёкампаніі даходзіў да 5 мільёнаў рублёў. Гэта каля $1600.

Невыязны прапагандыст

У пачатку 2000-ых Давыдзька быў князем Алелькавічам у «Настассі Слуцкай».

Давыдзька не пакідае і творчую кар’еру. Ён прадзюсіруе фільмы (камедыя «Скрасці Бельмандо» пра жыццё ў аграгарадку) і сам здымаецца ў кіно, цяпер пераважна ў другасных ролях ці ў расійскіх серыялах.

У ролі расійскага міністра ў «ПіраМММідзе».

Ну і, вядома ж, працягвае самарэалізоўвацца ў «Клубе рэдактараў». Праўда, іншы заўсёднік праграмы, рэдактар «Савецкай Беларусіі» Павел Якубовіч, змякчае акцэнты Давыдзькі.

Высокая пасада адкрыла перад Давыдзькам вялікія магчымасці, але закрыла выезд у Еўрасаюз. Ён апынуўся сярод дзясятка журналістаў-­прапагандыстаў, якія трапілі ў «чорны спіс» за ціск на свабоду слова. «Вялікі гонар быць сярод сапраўдных барацьбітоў за незалежнасць Беларусі», — адгукнуўся Давыдзька.

Чалавек-хамелеон

Навыкі артыста Давыдзька выкарыстоўваў не раз і ў палітыцы. Дзе ён шчыры, а дзе хлусіць? Параўнайце заявы на тэмы беларуска-­расійскіх адносінаў.

«Лёсы нашых народаў пераплецены настолькі цесна, што ўжо больш не бывае — на крэўным, сямейным узроўні. Таму мы ніколі не будзем чужымі. … У братэрскай дзяржаве настолькі добрыя адносіны да нас, беларусаў, што пра гэта нават казаць лішне», — казаў Давыдзька ў 2009­-м.

«Гістарычна Расійская Імперыя заўсёды думала глабальна, каб як мага больш захапіць тэрыторый, далучыць да сябе … Гэты вялікадзяржаўны шавінізм, які прысутнічаў і прысутнічае ў любым, нават самым маленькім чалавеку-­расіяніне, не можа прызнаць, што Беларусь — гэта абсалютна самастойная, незалежная дзяржава», —

гэта таксама словы Давыдзькі, але прамоўленыя ўжо ў 2010­м, калі Расія на чале з Дзмітрыем Мядзведзевым пачала інфармацыйную вайну супраць Лукашэнкі.

«Саюз дзвюх дзяржаў, двух брацкіх народаў з’яўляецца адным з безумоўных дасягненняў на постсавецкай прасторы. Бо адносіны беларускага і расійскага народаў, нашы лёсы пераплеценыя, перамяшаныя, павязаныя гэтак непарыўна, як, напэўна, наогул не перасякаліся лёсы аніякіх іншых народаў ва ўсёй сусветнай гісторыі», — а гэта ён жа ў 2012-м, калі расійскія і беларускія ўлады памірыліся.

Што застаецца нязменным, дык гэта словы адданасці Аляксандру Лукашэнку. «Існуе паняцце каманды, абоймы, у якую ўваходзяць людзі прэзідэнта. Я — адзін з такіх людзей», — пераконвае Давыдзька.

* * *

Прыватнае жыццё Давыдзькаў у фотаздымках

Наталля Мотлах займаецца выкладчыцкай дзейнасцю. Калі муж адкрываў уласныя праекты — тэатр сатыры і гумару «Бульвар смеху» і дзіцячы тэатр «Гоша» — клікаў іграць і жонку­-актрысу.
Паводле шлюбнай дамовы, трохпакаёўка ў доме каля «Белай вежы» належыць жонцы, а не Давыдзьку.
Адзіная дачка Яніна скончыла БНТУ і цяпер працуе ў «Мінскпраекце». Разам з мужам яна прыхільніца альтэрнатыўнай музыкі. У сям’і падрастае маленькі сын Артур.

Даведка

Генадзь Давыдзька

Нарадзіўся 29 верасня 1955 у вёсцы Папоўка Сенненскага раёна. Скончыў Далёкаўсходні педагагічны інстытут мастацтваў (1977), Беларускую акадэмію мастацтваў (1991).

Працаваў у Арэнбургскім абласным драматычным тэатры імя Горкага, Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя Дуніна­Марцінкевіча, Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

У 1997—2004 — дырэктар Купалаўскага тэатра, у 2004—2012 — дэпутат палаты прадстаўнікоў. З 2010 — старшыня Белтэлерадыёкампаніі.

Жанаты, мае дачку.

Каментары47

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу14

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Усе навіны →
Усе навіны

Агенты ГРУ Мішкін і Чапіга, якія атруцілі Скрыпалёў, вярбуюць людзей для дыверсій у Еўропе4

Прэтэндэнт у прэзідэнты Аляксандр Хіжняк расказаў, што трапіў у 2020 годзе ў «Чорную кнігу»3

Ва Узброеных сілах заявілі, што распрацавалі аналаг Starlink для беларускай арміі13

Бізнэсоўца з Гомеля судзяць па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве і абразе Лукашэнкі

92-гадовая жанчына штотыдзень абедае ў замку ўжо 37 гадоў

Зяленскі: Перамір'е магчыма, калі Украіну запросяць у NATO7

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу14

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Галоўнае
Усе навіны →