Меркаванні88

Кандыдат у рэктары ЕГУ Дарыюс Удрыс аб беларускасці, сям'і і рэкрутынгу — інтэрв'ю

Дарыюс Удрыс — літовец, які вырас у Амерыцы і не ведае ніводнай славянскай мовы, балатуецца ў кіраўнікі беларускага ўніверсітэту ў выгнанні. Аб сваіх думках што да будучыні і перспектывах ЕГУ Дарыюс распавёў «Нашай Ніве».

НН: Дарыюсе, мы аб вас нічога не ведаем.

Дарыюс Удрыс: Мне 42 гады, я нарадзіўся ў сям'і літоўцаў, якія эмігравалі ў ЗША. Маці — лінгвістка-настаўніца, бацька — юрыст. Так выйшла, што ў Літве я адчуваю сябе на сваім месцы, уважаю яе сваёй бацькаўшчынай, таму я вярнуўся сюды, а бацькі засталіся ў Амерыцы.

Перад вяртаннем у Літву я скончыў каледж у Мічыгане, потым універсітэты ў Нямеччыне і Каліфорніі.

Што сказаць яшчэ пра сябе? Я разведзены і не маю дзяцей, захапляюся снаўбордзінгам, плаваннем і гісторыяй. Адчуваю ў сабе сілы працаваць і рабіць жыццё навокал лепшым.

НН: ЕГУ крытыкуюць за раздзьмуты штат і непамерныя траты грошай на менеджараў. Скажыце, колькі на ваш погляд павінен зарабляць рэктар, топ-менеджары і выкладчыкі?

Дарыюс Удрыс: Увогуле, годны рэктар можа зарабляць да 100 000 еўра за год, але гэта не кажа аб тым, што я стаў рэктарам і адразу прызначыў сабе такую зарплату — не. Мы мусім выпрацаваць канкрэтную сістэму аплаты, заснаваную на эфектыўнасці кожнага супрацоўніка. Нашыя топ-менеджары не павінны зарабляць у дзясяткі разоў больш за выкладчыкаў. Што датычыць выкладчыкаў ЕГУ, то іх заробкі і так вельмі канкурэнтаздольныя. Але я б вельмі ганарыўся, калі мы адшукаем рэсурсы — за кошт эканоміі ці чагосьці яшчэ, і кожны год будзем павышаць настаўнікам заробкі сыходзячы з узроўню інфляцыі.

НН: А колькі за адукацыю павінны плаціць студэнты?

Дарыюс Удрыс: Гэта вельмі далікатнае пытанне, і вырашаць яго трэба ў цесным супрацоўніцтве з самімі нашымі студэнтамі і астатняй часткай акадэмічнай супольнасці. Але мне падаецца, што мы павінны стварыць сістэму мэтавай фінансавай дапамогі і зніжак на адукацыю, каб прыцягнуць ва ўніверсітэт больш студэнтаў. Плюс да гэтага я прапаную стварэнне адмысловага фонду, праз які можна будзе дапамагаць беларускім студэнтам згладжваць наступствы, напрыклад, рэгулярных дэвальвацый.

А кошт адукацыі без усялякіх бонусаў мне бачыцца на ўзроўні 2000—2500 еўра.

НН: ЕГУ — беларускі ўніверсітэт у выгнанні, які сёння, на думку некаторых, згубіў разуменні паняцця «беларускасць». Што вы ўкладваеце ў гэтае і слова і ці будзе беларускім ВНУ, рэктар якога — літовец-амерыканец?

Дарыюс Удрыс: ЕГУ — гэта ўнікальны праект, унікальнасць якога менавіта ў беларускасці. Калі б яе не было, то ўніверсітэт нават не праіснаваў бы, бо не было б той донарскай падтрымкі, той ідэнтычнасці, цікавасці да яго. Я бачу сваю місію ў тым, каб навучыць нашых беларускіх студэнтаў адчуваць сябе сапраўднымі еўрапейцамі, сапраўднымі беларусамі, свабоднымі беларусамі.

НН: Якая частка прадметаў павінна выкладацца па-беларуску?

Дарыюс Удрыс: Моўная палітыка ў беларускім універсітэце — гэта складанае пытанне. Калі мы гаворым аб папулярызацыі ЕГУ і рэкрутавання ў яго новых студэнтаў, нельга адштурхоўваць і іншых патэнцыйных ахвотных да адукацыі – рускамоўных беларусаў, рускіх ці ўкраінцаў. Нельга рабіць іх белымі варонамі.

І ў той жа час мова фармуе разуменне таго, хто мы ёсць — я на сабе адчуў гэта, калі жыў у Амерыцы. Таму найлепшы спосаб да прасоўвання беларускай мовы ў ЕГУ — гэта дэманстрацыя яе карыснасці: правядзенне перадавых даследаванняў па-беларуску, распрацоўка высакаякасных матэрыялаў і курсаў на беларускай мове.

Я мушу зрабіць так, каб «беларускае» стала сінонімам «якаснага». Для пачатку гэта можна стымуляваць бонуснымі выплатамі, узнагародамі і грантамі для даследаванняў — я асабіста ведаю шмат людзей-беларусаў, якія гатовыя шчодра фінансаваць такія праекты.

НН: Калі вы станеце рэктарам, то праз які час вы навучыцеся размаўляць па-беларуску?

Дарыюс Удрыс: Я вывучыў літоўскую мову, калі ў дзяцінстве слухаў гутаркі бацькоў. Вывучыў англійскую, калі жыў у ЗША. Вывучыў нямецкую ў школе і ўдасканаліў яе, калі жыў у Нямеччыне. І неўзабаве планую вывучыць рускую і беларускую — ужо наняў настаўніка для інтэнсіўных курсаў. Тое, што я пакуль не валодаю гэтымі мовамі, — безумоўна, мой мінус. 

НН: На што вы, калі станеце рэктарам, зробіце акцэнты пры распрацоўцы навага плана развіцця ЕГУ?

Дарыюс Удрыс: Гэта, канечне, фінансавыя пытанні: размеркаванне сродкаў, эканомія. ЕГУ — маленькі ўніверсітэт, таму мы павінны сканцэнтравацца на тым, што можам добра рабіць — і рабіць гэта. Пра іншае — я ведаю аб заняпадзе якасці сярэдняй адукацыі ў Беларусі. Таму, як мне падаецца, ЕГУ павінен рабіць стаўку на граматны і паслядоўны рэкрутынг. Мы павінны рабіць усё для таго, каб зацікавіць у нашай адукацыі, у першую чаргу, пераможцаў унутрыбеларускіх алімпіядаў, гімназістаў і ліцэістаў. ЕГУ павінен прыцягваць да сябе лепшую беларускую моладзь з высокай матывацыяй. І вось яшчэ — нядаўна я дамовіўся аб спецыяльных умовах атрымання шматразовай візы для нашых выпускнікоў, а надалей планую працаваць над тым, каб аблегчыць уезд у Літву і бацькам студэнтаў ЕГУ.

НН: Калі вы станеце рэктарам, колькі часу вам трэба, каб вырашыць праблемы ЕГУ?

Дарыюс Удрыс: Цяжка дакладна адказаць, але я думаю, што правесці рэформы можна за 6 месяцаў, унармаваць бюджэт — за год, а паказаць значны прагрэс — за 2—3 гады.

Каментары8

Цяпер чытаюць

Што танная нафта прынясе Беларусі?6

Што танная нафта прынясе Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

Каб абысці санкцыі, Альфа Банк перайменаваў свой мабільны дадатак для айфонаў у «Разумны спадарожнік»3

У метро паказалі, як непазнавальна за 30 гадоў змяніліся ваколіцы станцыі «Усход» ФОТАФАКТ14

Прадаюць недабудаваную вілу кіраўніка студыі ZROBIM architects на Пхукеце13

Біл Гейтс расказаў падрабязнасці пра сваіх расійскіх палюбоўніц1

У Добрушы грузавік урэзаўся ў хату і амаль яе знёс

З'явіўся сусветны рэйтынг вытворцаў піва. На якім месцы Беларусь?5

Зяленскі зацвердзіў 40‑дзённую аперацыю па змушэнні Расіі да міру14

Іван з Ваўкавыска пайшоў на вайну, каб не сядзець у расійскай турме. Ён не думаў, што «там проста жах»4

Прызначылі новага намесніка начальніка Генштаба1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што танная нафта прынясе Беларусі?6

Што танная нафта прынясе Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць