Попыт на нафту расце, здабыча не падае… Але так будзе не заўсёды.
Індустрыя, урады, інвестары свету вераць, што попыт на нафту, а ў доўгай перспектыве і цэны на яе, не будуць падаць. Але казаць такое трэба з асцярожнасцю, папярэджвае Эмі Маерс Яфэ з Універсітэта Каліфорніі на старонках Wall Street Journal.
Сусветную эканоміку ў бліжэйшыя 20 год чакаюць вялікія перамены. Попыт на нафту дасягне піку. Затым зменяцца самі прынцыпы спажывання энергіі, мяркуе эксперт.
Для гэтага ёсць цэлы шэраг падстаў. Вядома, яны не «высечаныя ў камяні», і многае можа змяніцца, але палітыкі па ўсім свеце не могуць іх не заўважаць.
Нафта — гэта зброя. Яе выкарыстоўваюць для эканамічнага ціску ў палітычных канфліктах. Але гэтая зброя становіцца слабейшай: ужо адчуваецца падзенне палітычнага ўплыву Саудаўскай Аравіі і Расіі. Эканамічны рост становіцца адарваным ад нафты, расце важнасць такіх рэсурсаў, як дабрабыт насельніцтва, ежа і вада, разнастайныя карысныя выкапні. Хутка адарваным ад нафты можа стаць і палітычны ўплыў.
Развітыя краіны развіваюцца. Прагнозы індустрыі ўлічваюць развіццё такіх краін як Кітай, Індыя, Інданэзія, Малайзія, Таіланд, часткова і Афрыкі ды Бліжняга Усходу. Паводле гэтых прагнозаў, да 2040 года попыт на нафту складзе 104 млн барэляў нафты на дзень супраць сённяшніх 90. Але гэтыя прагнозы не ўлічваюць, што тэхналогіі дазволяць скараціць попыт — найперш у развітых краінах (сёння яны ўжо скарачаюць спажыванне праз эканомію, высокія тэхналогіі і дэмаграфію), а затым і ў тых, што развіваюцца. ЗША ўжо прайшлі пік спажывання нафты ў 2007-м. Нават Кітай, самы прагны спажывец нафты, плануе дасягнуць піку спажывання дызельнага паліва ў 2017-м, а бензіну — у 2025-м. Таксама кажуць пра рост патрэбы ў пластыку, але пластык складае толькі 5% у агульным спажыванні нафты.
ІТ эканоміць паліва. Высокія тэхналогіі і аналіз вялікіх звестак дапамогуць скараціць спажыванне паліва на самых розных узроўнях. Мабільныя праграмы і навігатары ўжо эканомяць мільёны літраў нафты — кіроўцы менш прастойваюць у заторах і, адпаведна, трацяць менш паліва. Аналіз спадарожнікавых здымкаў, вялікіх звестак у адносінах да людзей ды камп’ютарныя сістэмы эканоміі паліва ўжо зрэзалі 10-20% патрэб авіятранспарту.
Гарады не прагнуць паліва. Урбанізацыю не спыніць — сёння гарады даюць 66% глабальнага спажывання энергіі, хутка дадуць усе 80%. Але гарады баяцца забруджвання паветра —прыцішаюцца (скарачаюцца і выносяцца за межы горада) і прагныя да паліва вытворчасці, і рух транспарту ў цэнтрах мегаполісаў. Гарады баяцца затораў і намагаюцца перасадзіць жыхароў з уласных аўто на больш энерга- і прастораэфектыўны транспарт. Гарады краін, што развіваюцца, прыйдуць да гэтых прагрэсіўных тэндэнцый проста праз беднасць большай часткі насельніцтва. Ды і патэнцыйных кіроўцаў у іх становіцца менш праз зніжэнне эканамічнай актыўнасці, выкліканае палітычнай сітуацыяй і, як ні дзіва, падзеннем цэн на нафту.
Аднаўляльныя крыніцы энергіі былі недаацэненымі. Сонечная энергія, біяпаліва, электрамабілі — гэтыя словы кажуць ужо даўно, але яны нарэшце пачынаюць значыць нешта прыбытковае. Напрыклад, Кітай, які так пужае эколагаў, сёння стаў галоўным экспарцёрам сонечных батарэй і электрамабіляў ды гібрыдных аўто.
Чытайце таксама:
Пяць рэчаў пра будучыню аўтамабіляў, якія мы зразумелі дзякуючы Tesla
Коста-Рыка цалкам перайшла на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі
Bloomberg: нафта гатовая ўпасці да 20 даляраў
Якім будзе свет у 2050 годзе: 7 цікавых фактаў
Каментары