Культура

Пасля Надсана. Гутарка з а. Сяргеем Стасевічам і Ігарам Івановым

Айцец Аляксандар Надсан быў унікальнай постацьцю ў беларускім сьвеце. А ў комплексе беларускіх установаў у паўночным Лёндане — у «беларускай вёсцы» — ён быў практычна ўсім. Што застаецца па ім пасьля таго, як ён пайшоў з жыцьця сёлета 15 красавіка?

Аляксандар Надсан доўгія дзесяцігодзьдзі быў грэка-каталіцкім сьвятаром, апостальскім візытатарам для беларусаў-каталікоў у замежжы, кіраўніком Бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны, старшынём дабрачыннага Чарнобыльскага фонду.

Айцец Аляксандар займаў такое важнае месца ў розных палях беларускай дзейнасьці, што пасьля яго адыходу адчуваецца вялікая пустка. Няма сэнсу задавацца пытаньнем — хто заменіць яго там, дзе яго больш няма, бо гэты чалавек у сваёй унікальнасьці і ў сукупнасьці сваіх функцыяў сапраўды незаменны. На працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў ён рыхтаваў сабе наступнікаў і ўзгадаваў нямала тэолягаў, біблеістаў, бібліятэкараў, архівістаў — іх хапіла б на невялікую але сур’ёзную навуковую ўстанову. Аднак аднаго чалавека, які спалучыў бы ў сабе ўсе грані айца Аляксандра, знайсьці, бадай што немагчыма.

Што ж сёньня чакае ўсё тое, чым доўгія гады кіраваў айцец Аляксандар? Найперш — Беларускую каталіцкую місію і Бібліятэку імя Францішка Скарыны? Мы пагаварылі з вучнямі і наступнікамі Айца.

Айцец Сяргей Стасевіч — магістар кананічнага права, высьвячаны на грэка-каталіцкага сьвятара ў Лёндане ў 2006 годзе — пераняў па айцу Аляксандру сьвятарства ў Беларускай каталіцкай місіі.

а. Сяргей Стасевіч. Фота: Мікалай Пачкаеў

а. Сяргей Стасевіч: Наша беларуская супольнасьць была ў складанай сытуацыі, асабліва з пункту гледжаньня царкоўнага права. Хоць айцец Аляксандар каардынаваў дзейнасьць беларускай грэка-каталіцкай царквы ў дыяспары, але належнай кананічнай улады тут на месцы ў яго не было. У сувязі з гэтым, яшчэ задоўга да таго, як пачалася рэарганізацыя місіі, перад намі паўсталі велізарныя праблемы. Я бачыў, што мадэль, паводле якой нашы непасрэдныя рэлігійныя начальнікі былі ў Рыме, а жыць і дзеяць трэба тут, не працавала. Я пачаў спрабаваць вырашыць гэтую сытуацыю з дапамогай зацікаўленых кампэтэнтных асобаў у каталіцкай царкве Брытаніі з мэтай увайсьці ў падпарадкаваньне нейкай мясцовай кананічнай структуры, каб магчы вырашаць усе нашы праблемы на месцы. І вось пасьля нашых кансультацыяў з Апостальскім Нунцыям у Вялікабрытаніі 18 сьнежня 2014 году Сьвяты Айцец Францішак аддаў нас у царкоўнае падпарадкаваньне біскупу Глебу Ланчыну, япарху нядаўна заснаванай грэка-каталіцкай япархіі Сьвятой Сям'і ў Лёндане з захаваньнем нашай ідэнтычнасьці, царкоўных традыцый і ўсіх нашых матэрыяльных дабротаў дзеля дабра беларусаў, якія жывуць тут.

Сяргей Шупа: А якая сытуацыя існавала да гэтага?

а. Сяргей: Ад 1947 году Беларуская каталіцкая місія існавала ў непасрэдным падпарадкаваньні Кангрэгацыі для Ўсходніх Цэркваў у Рыме. Некалі тут быў біскуп Сіповіч, які сам быў ярархам. Айцец Аляксандар такой улады ня меў, але яго наяўная мадэль існаваньня задавальняла. Аднак цяпер, калі мы пачалі вырашаць практычныя пытаньні – нам трэба спачатку было прадаць зямлю, а пасьля атрымаць з яе грошы на іншыя праекты – гэта было ўжо зрабіць вельмі складана, бо нашы начальнікі былі ў Рыме, і трэба было бясконца прасіць апрабаты па кожным пытаньні. Адказы часам не прыходзілі або прыходзілі з спазьненьнем. Не было сэнсу ў тым,каб маленькая місія ў Лёндане ў практычнай дзейнасьці непасрэдна залежала ад Усходняй Кангрэгацыі ў Рыме, якая звычайна мае справу з праблемамі вышэйшага парадку. Усё так здарылася таму, што ў беларусаў дагэтуль няма сваёй ярархіі. Пасьля біскупа Тарасевіча – апошняга каталіцкага біскупа ўсходняга абраду, які памёр у 1986 годзе – у нас дагэтуль няма сваіх біскупаў. Аднак цяперашняя мадэль нас задавальняе, яна дае нам надзею на тое, што мы зможам разьвівацца. Цяпер, у адсутнасьці Айца, наш начальнік – уладыка Глеб, і ён цяпер мусіць дбаць, каб місія заўсёды мела беларускага сьвятара. Гэта – ягоны абавязак, дадзены яму Сьвятым Айцом Францішкам, Папам рымскім.

СШ: Значыць, у яго няма інтэнцыі пашырыць тут украінскія ўплывы?

а. Сяргей: Украінцы – нашыя браты. У тым ліку паводле веры. І я шмат разоў меў магчымасьць пераканацца ў гэтай простай праўдзе, жывучы тут. Воля Рыму ў тым, каб гэтае месца заставалася беларускім, і я перакананы, што ўкраінскі Ўладыка будзе пра гэта дбаць.

СШ: Ці вакол місіі складаецца парафія?

а. Сяргей:

Парафія – гэта царкоўная супольнасьць, часьцінка народу Божага, уваходзіць у япархію, якую узначальвае біскуп. Місія – таксама царкоўная адзінка, толькі ствараецца на тэрыторыі іншай япархіі, напрыклад лацінскага абраду, дзеля абслугоўваньня сваіх – беларускіх ці украінскіх вернікаў, мае часовы характар. Такой была пасьляваенная практыка ў Эўропе падчас перасяленьня гэтак званых паняволеных народаў. Усе супольнасьці эмігрантаў у Вялікай Брытаніі як лацінскага так і усходняга абраду зь місіяў ужо перарасьлі ў парафіі. Цяпер надышла наша чарга. Мы ўрэшце зьбіраемся будаваць сапраўдны храм – царкву Сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу.

СШ: Колькі людзей рэгулярна прыходзіць на службы ў хатняй капліцы ў Марыян Хаўз?

а. Сяргей: Нашы набажэнствы рэгулярна наведвае каля дваццаці чалавек – гэта ўсё новыя эмігранты. Старых людзей у нас вельмі мала, і яны ўсе праваслаўныя – яны ходзяць на набажэнствы, хоць ніколі не прычашчаюцца. Беларускіх праваслаўных цэркваў тут больш няма, а мы адзіная беларуская царква ў Лёндане.

СШ: У вас працуе і нядзельная школка для беларускіх дзяцей?

а. Сяргей: Гэта праект, які я распачаў з Божай дапамогай і з бласлаўленьня айца Аляксандра. Было зацікаўленьне з боку тутэйшых беларусаў у навучаньні іхніх дзяцей мовы і культуры беларусаў. Мы спрабуем дапамагчы бацькам закласьці і падтрымліваць у дзецях беларускасьць – у бальшыні бацькоў такіх здольнасьцяў няма, і дзеці асымілююцца. Ну і, безумоўна, выкладаем асновы рэлігіі ў зразумелай для дзяцей форме, бо зьяўляемся беларускай царквой у Брытаніі, якая думае пра сваю будучыню.

Мы ня ставім умовай абавязковае наведваньне царквы, таму палова бацькоў, якія прыводзяць дзяцей у школку, не наведваюць набажэнстваў рэгулярна. Мы імкнемся ісьці шырэй – да усіх, каму проста цікава тое, што мы прапануем. Школка існуе на ахвяраваньні – таму, хоць аплаты за навучаньне няма, мы заахвочваем беларусаў ахвяроўваць грошы на школу, у тым ліку тых, у каго няма сваіх дзяцей.

Усяго нядзельнай школай ахоплена 14 дзяцей ад трох да шаснаццаці гадоў. Ёсьць і свая настаўніца Натальля Раманчук, яна з Беларусі, пэдагог і мае багаты вопыт працы з дзецьмі пры каталіцкіх парафіях.

Яшчэ адна важная справа – некаторыя дарослыя людзі хочуць вучыць беларускую мову, для іх мы арганізавалі спэцыяльныя моўныя заняткі па суботах. Мы таксама заахвочваем усіх зацікаўленыя далучацца да гэтай суботняй школы. З Божай дапамогай будзе плён і гэтага.

а. Аляксандар Надсан, а. Сяргей Стасевіч. Фота: а. Сяргей Сурыновіч

СШ: Як ідуць справы з пабудовай новай царквы?

а. Сяргей:

Наш новы біскуп Глеб блаславіў нас на тое, каб распачаць будаўніцтва, і справа ужо падыходзіць да стадыі выкананьня задумы. Наш архітэктар знайшоў таленавітага ангельца-цесьляра, нашчадка школы Артс энд Крафтс, які будуе выключна будынкі з дрэва. Хутка будзе падпісаны зь ім кантракт, і можна пачынаць будаўніцтва.

СШ: Адкуль ідэя збудаваць царкву з дрэва паводле традыцыйных узораў? Ці прататыпам быў нейкі канкрэтны беларускі храм?

а. Сяргей: Гэта было маёй ідэяй ад пачатку служэньня ў Брытаніі. Наш архітэктар Цзы-Уай Со пабываў у Беларусі, мы былі зь ім на Лідчыне, у Менску і на Палесьсі. Яго моцна уразіў Музэй беларускай народнай архітэктуры ў Строчыцах, а таксама мае ўлюбёныя цэрквы з рэгіёну, адкуль я родам – у Івацэвіцкім ране. Ён распрацаваў сучасны праект, паводле цяперашняй брытанскага трэнду ўжываць дрэва ў гарадской архітэктуры, які, аднак быў натхнёны драўляным дойлідствам Беларусі. У Беларусі крытыкавалі наш праект за вясковасьць, неадпаведнасьць Брытанскай сталіцы, параўноўвалі яго зь сельскагаспадарчымі пабудовамі, але вось Антон Астаповіч, кіраўнік таварыства аховы помнікаў, пахваліў і сказаў, што гэта сапраўды іканічны беларускі храм – аднавежавая базыліка з вежай-сыгнатурай над фасадам, бо нічога больш тыповага для сакральнага дойлідства Беларусі няма незалежна ад рэгіёну. Такія водгукі для нас тут вельмі важныя. Я не перастаю сьцьвярджаць, што мы – дыяспара і беларусы на радзіме – адзін народ. Мы мусім будаваць і умацоўваць гэтую духоўную еднасьць.

***

Што сёньня чакае бібліятэку? Якія праблемы перад ёй стаяць? Якія варыянты далейшага разьвіцьця сытуацыі? Расказвае Ігар Іваноў, сакратар Апякунскай рады Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны:

Ігар Іваноў: Айцец пакінуў бібліятэку як грандыёзны праект зь вельмі выразнай візіяй — несьці асьвету пра Беларусь у Заходні сьвет. Гэтая візія і да сёньня застаецца рэлевантная. Яна палягае ў тым, каб зьбіраць беларусістыку і стварыць цэнтар, дзе людзі, якія цікавяцца Беларусьсю, маглі б пашыраць свае веды і інтарэсы. За 40 гадоў існаваньня бібліятэкі ў ёй пабывала тысяча дасьледнікаў, былі напісаныя дзясяткі кніг і артыкулаў пра Беларусь на самых розных мовах.

Цяпер сытуацыя крышачку мяняецца, бо мяняецца сьвет. Бібліятэка робіцца менш даступнай для дасьледчыкаў зь Беларусі, а Беларусь робіцца больш даступнай для дасьледчыкаў з замежжа. Таму бібліятэка будзе пераасэнсоўваць сваё месца. Думаю, што яна будзе больш разварочвацца ў бок беларускай грамады ў самой Брытаніі, бо тут зьяўляецца ўсё больш беларусаў, тут ёсьць маладое пакаленьне, якое прыехала сюды зь іншых прычынаў, чым паваенная хваля беларускіх эмігрантаў. Таму цяпер у бібліятэкі зьяўляецца новая задача — падтрымліваць культурныя патрэбы маладой беларускай эміграцыі.

Разам з тым роля бібліятэкі ў справе пашырэньня інфармацыі пра Беларусь у Брытаніі робіцца ўсё больш актуальнай, бо беларускі голас у Брытаніі не такі гучны. Бібліятэка можа быць грамадзкім цэнтрам, дзе людзі могуць зьбірацца, гэта месца, дзе гутарка можа весьціся і па-беларуску, і па-ангельску. Гэтае месца непрыватызаванае і непадцэнзурнае і павінна такім заставацца. Бо бібліятэка настолькі каштоўная, наколькі яна непадцэнзурная. Тым яна і ўнікальная сярод іншых арганізацыяў, яна павінна заставацца па-за ідэалёгіямі.

СШ: Значыць, выключаюцца ўсе варыянты залежнасьці бібліятэкі ад нейкай дзяржавы, напрыклад, Рэспублікі Беларусь?

ІІ: Залежнасьць выключаецца. Было б, вядома, добра супрацоўнічаць — бібліятэка заўсёды добра супрацоўнічала з рознымі арганізацыямі ў Беларусі, у тым ліку савецкай Беларусі. Добра вядомы факт, што значная частка фондаў бібліятэкі была атрыманая празь Бібліятэку Акадэміі навук Беларусі, зь якой у свой час існавала праграма абмену фондамі. Гэты абмен спыніўся, бо цяпер няма матэрыяльнага сэнсу гэта рабіць. Але заўсёды існавалі кантакты — са Скарынаўскім цэнтрам часоў Адама Мальдзіса, зь іншымі арганізацыямі і ўстановамі, гэта заўсёды было, хоць часам і мянялася, і гэтак яно будзе і ў будучыні. Але залежнасьці ня будзе, бібліятэка павінна заставацца голасам, які гаворыць да Беларусі — якой бы яна там ні была, да беларусаў у Брытаніі, да брытанскага грамадзтва.

СШ: Ці не магла б бібліятэка выконваць функцыю, падобную да той, якую маюць культурныя прадстаўніцтвы розных краінаў за мяжою — Інстытут Гётэ, Інстытут Сэрвантэса, British Council?

ІІ: Сама па сабе бібліятэка такую функцыю выконваць ня можа. Скарынаўская бібліятэка заўсёды была тут часткай большага беларускага праекту, і такой часткай яна застанецца. Было б, вядома, пажадана, каб у выніку ўсё гэта разьвілася ў нейкі грамадзка-культурны цэнтар.

СШ: Тут маглі б праводзіцца канфэрэнцыі, выставы, курсы беларускай мовы…

ІІ: Ёсьць самая новая ініцыятыва і, з майго гледзішча, вельмі цікавая — бібліятэчны абанэмэнт, якога тут ніколі не было. Сюды прыходзіць маладое пакаленьне — па нядзелях сюды прыходзяць на службу, разам з бацькамі прыходзяць дзеці — яны хочуць пазычаць кніжкі!

СШ: Хто б мог быць наступнікам айца Аляксандра як бібліятэкара?

ІІ: Айцец быў унікальны як асоба, і ягоная роля таксама была ўнікальная. Ягоная пасада ў бібліятэцы называлася «бібліятэкар». Але насамрэч ён — і заснавальнік, і філёзаф гэтай бібліятэкі, і яе натхняльнік. І я думаю, што замяніць яго «адзін да аднаго» немагчыма, дый ня трэба. У красавіку сёлета бібліятэка зноў была зарэгістраваная як дабрачынная арганізацыя (charity) паводле брытанскіх законаў. Гэта для нас вельмі значная падзея, бо гэта азначае, што ў вачах брытанскай дзяржавы бібліятэка выконвае вельмі важную культурную і грамадзкую ролю, робіць вельмі важны ўнёсак у жыцьцё гэтай краіны, яе сацыяльных і этнічных грамадаў. Гэта прызнаньне таго, што бібліятэка мае неабходны патэнцыял і энэргію. Гэта азначае таксама, што праца, якую Айцец пачынаў, будзе працягвацца — толькі іншымі людзьмі і ў іншых формах.

СШ: За кошт чаго існуе і будзе існаваць бібліятэка?

ІІ: Айцец у свой час здолеў сабраць даволі значныя фонды, каб забясьпечыць будучыню бібліятэкі. Дзякуючы гэтаму бібліятэка мае стабільнае становішча ў блізкай і сярэдняй пэрспэктыве. Фінансавая сытуацыя бібліятэкі будзе вельмі моцна залежаць ад таго, наколькі актыўна мы будзем шукаць і знаходзіць сродкі. Ёсьць прыклады таго, як гэта робяць іншыя бібліятэкі — напрыклад, польская бібліятэка ў Лёндане цалкам фінансуецца за кошт тэстамэнтаў сваіх суайчыньнікаў, а гэта велізарная бібліятэка. Магчыма, яны атрымліваюць пэўную тэхнічную дапамогу ад Польскай дзяржавы, але фінансава яны ад яе незалежныя. Як беларуская грамада ў Вялікабрытаніі мы павінны працаваць над тым, каб пераканаць нас саміх у важнасьць бібліятэкі ў нашым жыцьці, у жыцьці Беларусі. Таму ахвяроўваць грошы бібліятэцы, пакідаць ёй грошы тэстамэнтам, працаваць як валанцёр — высакародная справа. І мы ўжо маем прыклады таго, што беларусы з па-за Брытаніі падтрымліваюць бібліятэку — ужо цяпер рэалізуюцца праекты, дапамога на якія прыйшла з па-за Брытаніі, і не ад Беларускай дзяржавы.

Каментары

Цяпер чытаюць

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі15

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Над Кіевам стварылі купал РЭБ супраць рэактыўных «Шахедаў»1

Мінчанка знайшла абгарэлыя купюры. Ці можна іх абмяняць?

Яму далі 15 гадоў па паказаннях Пратасевіча. Ён пасівеў за адну ноч40

29‑гадовага беларуса забілі ў Маскве. Падазраюць іншага беларуса4

У Лёзне ў гаражы знайшлі бітоны з чалавечымі парэшткамі1

Жанчына ў Бабруйскім раёне памерла ад укусу змяі

На «Мінск-Арэне» шайба трапіла заўзятарцы ў галаву. Хакеісты наведалі яе ў бальніцы1

МНС назвала нечаканыя крыніцы радыяцыі ў паўсядзённым жыцці3

«Прапанавалі каву, бутэрброд — а потым адвезлі ў СІЗА». Уладальнік «Новага зроку» расказаў, як яго затрымалі па ноце Інтэрпала1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі15

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць