Пяць фактаў пра самага паспяховага бізнэсоўца Беларусі Віктара Кіслага
Сайт ej.by надрукаваў новы спіс 200 самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны. Нечакана на першым месцы аказаўся генеральны дырэктар Wargaming Group Ltd. Віктар Кіслы. «НН» расказвае цікавыя факты з біяграфіі бізнэсоўца.
Скончыў фізфак БДУ
Віктару Кісламу 39 гадоў. Ён мінчук. «У навуковай лабараторыі, дзе працаваў мой бацька, стаялі камп’ютары — старажытныя, пузатыя. І там былі першыя гульні ў выглядзе кіравання каралеўствам — прымітыўныя, назваў я ўжо не памятаю, памятаю, яны былі жудасныя і страшныя. Але ў нас па іх настальгія. Потым з'явіліся камп’ютарныя клубы, а ў іх ужо відэагульні: хтосьці кудысьці бяжыць, страляе, касмічны карабель кудысьці ляціць. Нам, хлапчукам, усім пагалоўна гэтыя гульні вельмі падабаліся, яны заваражылі цэлае пакаленне!» – расказваў Віктар Кіслы.
На вучобе на фізічным факультэце БДУ настаяў бацька Віктара, ён жа аддаў сына ў шахматны гурток. Бацька Уладзімір Кіслы на сёння з’яўляецца адным з суўладальнікаў Wargaming-а. «Адукацыя вельмі дапамагла нам у плане мадэлявання і іншага», — кажа бізнэсмэн. Праўда, прызнаецца, што адну з сесій фактычна заваліў праз гульню ў «Цывілізацыю».
Першая гульня – шахматная партыя на сусветнай карце
Сваю першую гульню Віктар Кіслы пачаў распрацоўваць у 1996 годзе, калі яму было 17 гадоў. Гэта была анлайн-гульня ў шахматы на карце свету.
«Мы, пяць-шэсць студэнтаў, жылі на стыпендыю. Мой бацька трошкі дапамагаў кішэннымі грашыма. Заробак першага праграміста - $ 25 у месяц. Працавалі і падзараблялі, проста каб не памерці з голаду. Але мы разумелі, калі зробім гульню ўсіх часоў і народаў, яна захопіць свет і тады мы разбагацеем! Але тады, да 2000-х, усё трымалася на энтузіязме».
Фактычна ўсе гульні Віктара Кіслага так ці інакш былі звязаныя з ваеннымі баталіямі. «Яшчэ са школы я захапляўся ваеннай гісторыяй. Памятаеце, была такая серыя - «Кніга будучых камандзіраў», «Кніга будучых адміралаў». Я чытаў іх, глядзеў шмат фільмаў пра грамадзянскую вайну, Вялікую Айчынную вайну і 1812 год. Ваенная гісторыя дапамагла мне зразумець, што немагчыма перамагчы адразу».
Свет танкаў
Першым вялікім поспехам стала стратэгія «Аперацыя Баграціён», якая з’явілася ў 2007 годзе. У ёй рэканструяваліся вайсковыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў 1943—1944. Паміж шахматамі і «Баграціёнам» было яшчэ з паўтара тузіна гульняў.
Але славу і грошы Віктару Кісламу прынёс «Свет танкаў». Гэта гульня проста захапіла ўсю постсавецкую, а таксама частку сусветнай прасторы. Хаця і яна стрэльнула не адразу. Варта адзначыць, што гульня пабудаваная так, што 75% яе карыстальнікаў не плацяць за ўдзел. Але нават тыя 25%, што гатовыя выкладваць грошы на прасунутыя акаўнты і рэтра-танкі здольныя прыносіць кампаніі аграмадныя прыбыткі.
«Я люблю «танчыкі» усёй душой. На маім асабістым рахунку 10 000 баёў. Я чалавек не азартны, але World of Tanks мяне зацягвае. У сярэднім я праводжу ў танкавых баталіях па 50 гадзін у месяц», — кажа пра сваё гульню Віктар Кіслы.
Нядаўна кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ў «танкі» любіць гуляць яго малодшы сын Мікалай. «Так, у «танках» сядзіць. Але ў яго абмежавана. Гадзіну — танкі, паўтары гадзіны музыкі, дзве гадзіны танкі — чатыры гадзіны музыкі. Чатыры — цяжка, таму больш за гадзіну ў танкі не гуляе», — сказаў Лукашэнка.
Прыбыткі і новыя рынкі
Выручка Wargaming-а за 2014 год па неафіцыйных лічбах склала каля 505 мільёнаў даляраў. «Зразумела, што з-за падзення расійскага рубля наша даляравая выручка, мякка кажучы, не вырасла», — кажа Кіслы. Ён заўсёды падкрэслівае, што гэты сегмент бізнэсу вельмі канкурэнтны і любая памылка можа прывесці да нечаканых вынікаў, расслабляцца нельга ні ў якім разе.
Кіслы кажа, што сакрэт поспеху таксама заключаецца ў тым, каб не спыняцца на дасягнутым, а ўвесь час заваёўваць новыя рынкі. «Сказаць, што «Штаты мы ўзялі», вядома, нельга. На гэтым рынку вельмі высокая канкурэнцыя, прычым не толькі ў гульнях - ва ўсіх абласцях. Але мы атрымалі там нейкую сваю аўдыторыю. Гэта старэйшыя мужыкі, якія водзяць дзяцей у танкавыя музеі, глядзяць Discovery Channel. Наступнай задачай было ахапіць аўдыторыю маладзейшую. Але гэта ўжо значна складаней: ім ужо патрэбныя шутэры, ім падабаецца гуляць на кансолях. У Еўропе і ЗША нам яшчэ ёсць куды расці. А вось у Расіі адбылося насычэнне рынку. Знайсці ў Расіі мужчыну, які не чуў пра World of Tanks, напэўна, ужо немагчыма, хіба што ў тайзе».
Самым перспектыўных рынкам на сёння Віктар Кіслы лічыць Азію. Зусім нядаўна кампанія адкрыла прадстаўніцтвы ў Паўднёвай Карэі, Сінгапуры, Тайвані, Японіі, а таксама актыўна заваёўвае Кітай. Ёсць прадстаўніцтва нават у Аўстраліі.
Зарэгістраваны на Кіпры
Варта адзначыць, што штаб-кватэра кампаніі Wargaming знаходзіцца ў афшорным Кіпры, аднак цэнтры распрацовак раскіданыя па ўсім свеце — ад Мінска да Аўстраліі. «Мы спраўна плацім ўсе падаткі, актыўна прасоўваем рэпутацыю Кіпра, ўносім свой уклад у развіццё гэтай краіны», — кажа Кіслы.
«Мінск быў і застаецца сэрцам Wargaming-а, таму казаць аб пераездзе на Кіпр не зусім дакладна. У Мінску размешчаны найбуйнейшы офіс кампаніі, дзе цалкам ствараюць сусветны хіт World of Tanks: ад напісання кода да арганізацыі кіберспартыўных спаборніцтваў і прасоўвання праекта. Увогуле офіс цалкам займае 16-павярховы будынак і налічвае каля 2000 чалавек».
У 2014 годзе намеснік дырэктара па развіцці СТАА «Гейм Стрым» Уладзімір Кіслы быў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».
Каментары