Культура

Фолк‑кароль зь піцерскай прапіскай

Лідэр OSIMIRA мог зрабіць неблагую кар’еру тэлевядоўцы. Сэрыю праграмаў Палаўчэні «Ключы ад гораду» дагэтуль паўтараюць у этэры магілёўскага тэлебачаньня.

«Як у вас тут халодна!» — першае, што сказаў, сыходзячы зь львоўскага цягніка, Андрусь Палаўчэня.

Ва Ўкраіне лідэр фолк‑каралёў мінулага году быў на адпачынку, але яго тэрмінова выклікалі ў Менск. Гурт OSIMIRA разам зь «Ляпісам Трубяцкім» запрасілі на «карпаратыўнік» у Сілічах. Андрусь у беларускай сталіцы бывае вельмі рэдка, пераважную частку часу ён праводзіць у Расеі і Польшчы. Жыве ў Санкт‑Пецярбургу. Тут ён пазнаёміўся з будучай жонкай на сваім канцэрце і вырашыў застацца. Грошы зарабляе прадусаваньнем канцэртаў у Польшчы — фэстываль WEGORAPA ў Вэнгажэве і вялікі культурніцкі форум Мediawave (ладзіцца ў пяці эўрапейскіх краінах) — ягоныя асноўныя дзялянкі. Нарадзіўся Андрусь у Магілёве ды мае спэцыяльнасьці, далёкія ад шоў‑бізу, — фэльчар і масажыст. Кажа, калі трэба падзарабіць, то вяртаецца да майстэрства масажу.

Лідэр OSIMIRA мог зрабіць неблагую кар’еру тэлевядоўцы. Сэрыю праграмаў Палаўчэні «Ключы ад гораду» дагэтуль паўтараюць у этэры магілёўскага тэлебачаньня, дзе ён працаваў тры гады, а летась нават атрымаў прыз «Тэлевяршыня» як найлепшы рэгіянальны тэлежурналіст. Андруся запрасілі на Першы канал, але якраз у гэты час адбыўся той самы піцерскі канцэрт гурту, які зьмяніў ягоны лёс.

Астатнія музыкі OSIMIRA таксама жывуць не ў адным горадзе — частка ў Магілёве, астатняя ў Віцебску. «800 кілямэтраў — адлегласьць зусім невялікая і нашай агульнай справе не перашкаджае», — кажа Андрусь, які езьдзіць на рэпэтыцыі ў родны горад на начным цягніку зь Піцеру.

У музычных колах стаўленьне да OSIMIRA неадназначнае. «Яны адпрацоў¬ваюць грошы па замежжах і душы ў музыку не ўкладаюць», — даводзілася нават такое пра іх чуць. Андрусь апанэнтам адказвае з усьмешкай: «Самае галоўнае, што мы атрымліваем задавальненьне ад працы з старымі беларускімі сьпевамі. І што кепскага, калі гэтая праца мае камэрцыйны посьпех?» Андрусь кажа, што сьпеўны матэрыял яны шукаюць самі. 16 чэрвеня музыкі зьбіраюцца ў чарговую экспэдыцыю — у Бялыніцкім раёне яны хочуць запісаць у бабулек песьні, што здавён выконваліся на Тройцу.

«Мне яшчэ даводзілася чуць, што наша музыка не адпавядае ўсталяваным фолк‑канонам. Але мы ня граем фолк, мы працуем у плыні этна‑музыкі — паняцьці больш шырокім, — разважае музыка і праз хвіліну дадае: — Але мы ўсьведамляем, што нашы аранжыроўкі народных песень зробленыя з пункту гледжаньня гарадзкіх жыхароў. Каб выконваць фолк сапраўдны, трэба нарадзіцца і жыць у вёсцы». На думку Андруся, да сапраўднага фолк‑гучаньня найбольш наблізіліся два беларускі гурты — Guda і ESSA.

Музыку OSIMIRA няпроста клясыфікаваць. Апошні іх альбом Druva, выдадзены ў Маскве, істотна розьніцца ад таго, што яны выконваюць на канцэртах. «Восі» тут на час пазбыліся характэрнага для сваіх жывых шоў драйву ды запісалі спакойны дыск архаічных сьпеваў.

Канцэрты іх сапраўды трэба бачыць. Кожны, хто прысутнічае на сцэне, адпрацоў¬вае напоўніцу і зараджае папросту неймавернай энэргіяй. Музыкі сьцьвярджаюць, што ў іх падыход да кожнага слухача індывідуальны. На адным з сольных канцэртаў у Маскве яны сымбалічна частавалі кожнага наведніка кілішкам крамбамбулі ды дранікамі ўласнага прыгатаваньня.

На апошняй «Рок‑Каранацыі» Андрусь Палаўчэня атрымаў фолк‑карону з рук Алега Хаменкі ды сказаў лідэру «Палацу»: «Дзякуй, тата!». «Я сапраўды лічу Алега хросным бацькам нашага гурту. Калі мы толькі пачыналі з «Акругай вольнага мастацтва», то проста марылі выйсьці на адну сцэну з такімі гуртамі, як «Палац» і «Тройца». Мы на іх расьлі, ім прыпадабняліся і вучыліся ня толькі музычнага майстэрства, але і стаўленьня да гледача».

Можна ўжо сказаць пэўна, што OSIMIRA сваю мару зьдзейсьнілі — 26 траўня ў Летнім амфітэатры Віцебску яны выступілі ў вялікім фолк‑шоў разам з «Тройцай» ды «Палацам».

Сяргей Будкін

Каментары

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Усе навіны →
Усе навіны

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?29

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →