Аўтарка часопіса «Міліцыя Беларусі» выдае ворагаў беларусаў за ўзор афіцэрскай службы
У майскім нумары ведамаснага часопіса «Міліцыя Беларусі» выйшаў матэрыял супрацоўніцы музея Унутраных войскаў МУС Кацярыны Андрончык «Неписаный кодекс чести: из истории офицерского корпуса».
Тэкст пачынаецца з даволі слушных словаў.
«Сёння мы ўсё часцей звяртаемся да гісторыі, — піша аўтарка, — цікавімся жыццёвымі правіламі і традыцыямі тых, хто абараняў Радзіму і ахоўваў парадак».
Далей ідзе пералік афіцэрскіх традыцый тых «абаронцаў Радзімы», пра якіх вялася гаворка ў падводцы.
Але каго аўтарка ставіць ва ўзор сённяшнім беларускім афіцэрам? Якую краіну называе Радзімай?
У матэрыяле няма аніводнага нашага суайчынніка! Ні адзін з герояў не мае ніякага дачынення да гісторыі беларускага афіцэрства.

Так, у раздзеле «Пачуццё афіцэрскай роўнасці» даецца спасылка на расійскага генерала Ганецкага — камандуючага Віленскай вайсковай акругі, які адзначыўся падчас падаўлення паўстання Кастуся Каліноўскага і нават атрымаў за час кампаніі тры ордэны.
Ганецкі вядомы тым, што разбіў корпус Серакоўскага — афіцэра, якога якраз і можна было б прывесці ў якасці ўзора. Яго потым з падачы Ганецкага павесяць на Лукішках, як і Каліноўскага.
Вось такімі прыкладамі забойцаў беларускіх патрыётаў натхняе сучасных афіцэраў Кацярына Андрончык. Але гэта толькі пачатак.
Далей у тэксце прыводзіцца прыклады сяброўства на фронце.
«Успомнім класічны прыклад: Сувораў, Кутузаў, Багратыён. Ужо як любілі Аляксандр Васільевіч і Міхаіл Іларыёнавіч свайго паплечніка! Хто кіраваў авангардам пры наступленні? Багратыён! Яго любілі і з ім сябравалі, бо ведалі: на яго можна пакласціся», — гаворыцца ў матэрыяле.
Нават калі адкінуць у бок гістарычную неадпаведнасць —Багратыён недалюбліваў Кутузава — усё адно застаюцца пытанні. Якое дачыненне да Беларусі мае расійскі камандуючы Сувораў? Прычым да Беларусі Кутузаў?
Вядома, што сувораўскімі штыкамі Расійская імперыя ўрэшце ажыццявіла даўнюю сваю мару захапіць землі ВКЛ — для гэтага давялося рэзаць і беларускае цывільнае насельнцітва, ваюючы з паўстанцамі Касцюшкі.
І хаця ў той час беларусы масава апалячваліся, а палітычная і ўнутраная сітуацыя была цяжкая, факт застанецца фактам — войска Суворава было расійскім, ніякага беларускага афіцэрства там не было. Якія ў ім можна шукаць традыцыі?
Падобная сітуацыя з Кутузавым, які шырока вядомы як кіраўнік кампаніі супраць Напалеона.
Але ці закладаліся ў расійскім войску Кутузава беларускія афіцэрскія традыцыі?

«Большая частка тутэйшых маладых людзей носяць ордэн Ганаровага легіёна, які даў ім Напалеон за тое, што ў 1812-м годзе яны ваявалі супраць нас, і гэта вельмі натуральна надае халоднасць узаемным адносінам», — так у 1821 годзе пра Мінск пісаў Мікіта Мураўёў, адзін з кіраўнікоў расійскіх дэкабрыстаў.
Дык ці можна пісаць, што ў войску Кутузава, супраць якога разам з Напалеонам ваявалі беларусы, складваліся афіцэрскія традыцыі?
Але і гэта не ўсё. У тэксце як на падбор фігуруюць гістарычныя асобы, да якіх тагачаснае беларускае насельніцтва не адчувала ніякай любові.
У раздзеле «Аб узнагароджванні» прыводзіцца ўзор расійскага генерала Еўграфа Федотавіча Камароўскага і ягоныя погляды на заахвочванне падначаленых афіцэраў да службы.
Ці можна гэтага пецярбургскага генерала ад інфантэрыі часоў Кацярыны ІІ аднесці да пачынальніка беларускіх афіцэрскіх традыцый?
Паглядзім у ягоныя ж «Запіскі» — аўтабіяграфічныя нататкі Камароўскага.
Вось ён апісвае момант прыбыцця ў Вільню расійскага імператара Аляксандра І і ўрачыстую вячэру з гэтай нагоды, у якой генерал суправаджаў расійскага манарха.
«На тое прызначаны быў замак недалёка ад Вільні, — піша Камароўскі. — Замак прызначаны быў для балю, а для вячэры трэ' было выбудаваць драўляную галерэю, што даручана было найлепшаму архітэктару з палякаў [Тагачаснае насельніцтва былой Рэчы Паспалітай рускія пагалоўна называлі палякамі — Аўтар.], які знаходзіўся ў Вільні. Напярэдадні таго дня, як прызначана было свята, уся пабудаваная галерэя абрынулася; на шчасце, што ў ёй тады нікога не было, а больш яшчэ, што не тады, калі б яна была напоўнена гасцямі. Архітэктар, які будаваў гэтую галерэю, пасля гэтага няшчаснага здарэння без вестак знік: казалі, што знайшлі яго капялюш на беразе ракі Віліі».
Вось так беларускае насельніцтва сустракала тых, каго ў часопісе «Міліцыя Беларусі» ставяць ва ўзор.
Ці варта казаць, што далей у тэксце прыводзяцца нейкія унтэр-афэцэры Мурамскай (!) інваліднай каманды і г.д.
Тэкст сканчаецца высновай аўтаркі пра тое, што час хуткаплынны, і вельмі імкліва змяняюцца войска і людзі ў пагонах.
Але, маўляў, «традыцыі, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, заўсёды будуць тым падмуркам, на які абапіраецца кодэкс гонару афіцэраў».
Мы паспрабавалі звязацца з аўтаркай і высветліць, чаму ў яе тэксце няма ні слова пра беларусаў, якія маюць свае, адрозныя ад рускіх афіцэрскія традыцыі.
Але яшчэ перад гэтым мы высветлілі, што ўвесь тэкст, надрукаваны ў «Міліцыі Беларусі» — гэта мікс з публікацый расійскага аўтара Аляксандра Гірына і некаторых іншых крыніц.
Таму нашае пытанне палягала толькі ў тым, чаму Кацярына Андрончык выдае (з мінімальнымі праўкамі) чужы тэкст за свой і не разумее пры гэтым, што падмяняючы нашую слаўную гісторыю чужой, наўрад ці спрыяе тым самым беларускаму патрыятызму сярод афіцэраў.
Але Кацярына адмовілася каментаваць штосьці па тэлефоне.
Замест гэтага ў Рэдакцыю праз некаторы час пазваніў чалавек, які назваўся намеснікам старшыні арганізацыі ветэранаў МУС, палкоўнікам у адстаўцы.
Ён спрабаваў высветліць, якая нам справа да публікацый у часопісе «Міліцыя Беларусі» і на поўным сур'ёзе сцвярджаў, што «кансультаваў» аўтарку пры падрыхтоўцы матэрыялу — і гэта ён казаў пра тэкст, цалкам злізаны з інтэрнэта.
Але вось галоўны рэдактар часопіса Сяргей Рачыла прыняў нашыя заўвагі і запэўніў, што рэдакцыя адкрыта да супрацоўніцтва і гатовая друкаваць матэрыялы іншых аўтараў, якія валодаюць тэмай.
Каментары