Меркаванні8585

Алексіевіч: Беларускай нацыянальнай ідэяй можа быць толькі пабудова нацыянальнай дзяржавы з нацыянальнай мовай

12 і 13 жніўня лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч наведвае Гомельшчыну. Першая сустрэча на зямлі, дзе прайшло юнацтва пісьменніцы, адбылася ў Гомельскім грамадска-палітычным цэнтры і была арганізавана, акрамя гэтага цэнтра, яшчэ і намаганнямі абласных філіяў Беларускай асацыяцыі журналістаў і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Святлану Алексіевіч у Гомелі чакалі. Яе сюды запрашалі яшчэ да вядомай цырымоніі ў Швецыі. Але сустрэча адбылася толькі цяпер. Прычым, гэта першая паездка нобелеўскай лаўрэаткі ў рэгіён Беларусі. Арганізатары спрабавалі зладзіць сустрэчу ў абласной бібліятэцы, але кіраўніцтва ўстановы адмовілася прымаць у сваіх сценах уладальніцу Нобеля, таму імпрэза прайшла ў дастаткова сціснутым фармаце.

У памяшканне, дзе адбывалася сустрэча, змясціліся не ўсе, шмат людзей назіралі відэатрансляцыю ў двары грамадска-палітычнага цэнтра і толькі потым мелі магчымасць падыйсці да пісьменніцы. На сустрэчы са Святланай Алексіевіч былі не толькі жыхары абласнога цэнтра, але і людзі з Веткі, Рэчыцы, Калінкавіч, Мазыра і Мінска.

Нягледзячы на вялікую колькасць інтэрв’ю, якія давялося даць пісьменніцы пасля атрымання самай прэстыжнай сусветнай прэміі, кожны хацеў пачуць яе адказ менавіта на сваё пытанне. І нобелеўская лаўрэатка адзначыла, што, нават, калі пытанні падобныя ды тых, што задаваліся калісьці, яна сама не заўжды загадзя ведае, што адкажа.

Пачаў сустрэчу палітык Уладзімір Кацора. Ён пацікавіўся меркаваннем Святланы Алексіевіч наконт таго, ці праўдзівымі былі яе рэспандэнты ў кнігах, якія выйшлі з-пад пяра пісьменніцы ў савецкія гады і ў першыя гады пасля знікнення СССР, і што змяніла б аўтарка ў тых кнігах з вышыні сёняшняга часу.

Пісьменніца асабліва адзначыла, што дакумент — гэта жывая рэч, якая змяняецца разам з чалавекам, з часам.

Людзі, якія фігуравалі ў ранейшых кнігах пісалі ёй лісты, пачынаючы словамі: «Я нібы ведаў, і не ведаў гэта. Я ведаў, што так было, але я не ведаў, што праўда — гэта менавіта тое, што я бачыў, а не тое, чаму нас вучылі». Святлана Алексіевіч сказала, што яна не адчувае, што яна скончыла свае кнігі.

Пісьменніца закранула тэму прапановы ёй узначаліць фонд «Курапаты». Калі яна атрымала прапанову, яна зразумела, што гэта немагчыма зрабіць. Таму, што помнік у Курапатах — гэта не проста пайсці і паставіць кавалак каменю. Гэта азначае, што грамадства павінна выканаць вялізную працу — улада павінна прызнаць, што такое былі сталінскія гады, людзі павінны разумець і размаўляць пра гэта, настаўнікі, навукоўцы павінны казаць пра гэта — гэта цэлы парадак дня. Гэта павінна быць пачаткам насамрэч новай дзяржавы. А мы сёння пад моцным ценем Расіі, а там помнікі Сталіну ставяць. І вельмі наіўна ўяўляць, што мы паставім у Курапатах камень, і такім чынам зробім тую работу, якую тыя ж немцы, хай і праз сорак гадоў, але зрабілі.

Гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі папрасіў пісьменніцу ўзгадаць сваё юнацкае жыццё на Гомельшчыне і ацаніць уплыў рэгіёна на яе жыццё.

«Я радая, што вырасла ў вёсцы, сярод гэтых вясковых жанчын. У тыя гады ў вёсках былі амаль адны жанчыны, мужчыны з’явіліся неяк пазней. І я памятаю гэтую цяжкую працу, лён.

Менавіта на Гомельшчыне ў вёсцы Прысно — мая першая настаўніца. Бацька родам з вёскі Камаровічы Петрыкаўскага раёна. Таму ў мне вельмі моцная гэтая беларуская якасць. Іншая справа, што калі я пісала свае кнігі, а гэта амаль 40 гадоў, то я займалася савецкай, чырвонай ідэяй. І гэтая ідэя размаўляла расійскай мовай, утопія размаўляла расійскай мовай. Таму

ў мяне няма добрай беларускай мовы, але ёсць такое [беларускае] адчуванне свету, як у тых людзей, сярод якіх я выгадавалася» — адказала Святлана Алексіевіч. 

Пра асацыяцыі з Гомелем запыталася і гомельская спявачка, настаўніца Вальжына Цярэшчанка. Святлана Алексіевіч узгадала, што ў Гомелі ў юнацтве была некалькі разоў з бацькамі, і ёй здавалася, што яна едзе амаль як у Мінск. Але самыя сумныя ўражанні засталіся ў пісьменніцы ад паездак па Гомельшчыне пасля Чарнобыля: «Такія прыгожыя мясціны і кінутыя вялізныя дамы. Тое самае нядаўна бачыла ў Фукусіме. Там таксама вельмі прыгожыя мясціны і пустыя дамы. Чамусьці прыгажосць і смерць неяк побач».

Якаў Гутман, прэзідэнт зарэгістраванай у ЗША арганізацыі «Сусветная асацыяцыя беларускіх яўрэяў», выхадзец з Мазыра, які мае беларускае грамадзянства, але жыве ў Нью-Ёрку выказаў абурэнне стаўленнем беларускіх уладаў да магілаў продкаў: «Ёсць такая мудрасць: для таго каб вызначыць, як жыве горад, трэба наведаць могілкі і рынак. Цяпер на яўрэйскіх могілках у Мазыры і Гомелі будуюцца жылыя дамы». Якаў Гутман папрасіў удзелу нобелеўскай лаўрэаткі ў спыненні знішчэння могілак.

Праваабаронца Леанід Судаленка таксама звярнуўся да Святланы Алексіевіч з просьбай. Ён папрасіў паўдзельнічаць у зборы сродкаў для пратэза чалавеку з інваліднасцю з Пінска, які падчас вясновых пратэстных акцыяў прыходзіў на мітынгі супраць дэкрэту аб дармаедах. Пісьменніца паабяцала дадаць да ўжо сабранай грамадствам патрэбную суму.

Таксама ад Леаніда Судаленкі прагучала пытанне аб стаўленні лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі да смяротнага пакарання, якое цяпер у Еўропе ўжываюць толькі ўлады Беларусі

«Паводле якога права мы можам рабіць справу Бога? — спыталася Святлана Алексіевіч. — Нават, калі гэта маньяк — я разумею адчай бацькі ці маці, якія на судзе хочуць забіць, але дзяржава не павінна так рабіць. Гэта паказвае ступень нашай дзікасці».

Гомельскі блогер Віктар Рубцоў перадаў пытанне сваіх гледачоў пра тое, чаму беларуская апазіцыя раз’яднаная і што павінна адбыцца, каб яна аб’ядналася. Святлана Алексіевіч сказала, што павінна прыйсці новае пакаленне: «Ёсць маладыя хлопцы — Дашкевіч ды іншыя, няшмат, але яны ёсць. Пакуль жа будзе старая апазіцыя, нічога не зменіцца. Яны страцілі фактар даверу ў народа, прайграючы 20 гадоў. Калі народ вырас у культуры барацьбы, то ён не любіць тых, хто прайграў».

Паэтка Ларыса Раманава пацікавілася, як Святлана Алексіевіч здолела прапусціць праз сябе столькі жудаснай інфармацыі, ствараючы свае кнігі. Нобелеўская лаўрэатка звярнула ўвагу на тое, што яна ўбачыла ў анкалагічнай лякарні ў Бараўлянах, дзе лекарам даводзіцца бачыць смерці дзяцей, гаварыць бацькам, што шансаў няма. «У мяне пасля гэтага язык не паварочваецца сказаць, што пісьменнік — гэта нешта такое незвычайнае. Ёсць прафесіі, дзе ёсць доля такой рызыкі. Канешне, я б не хацела быць на вайне ў Афганістане, бачыць тое, што я там бачыла, але гэта мая прафесія».

Ларыса Раманава падарыла Святлане Алексіевіч рушнік, які быў вытканы ў Ветцы: «Гэта ад усіх людзей, хто любіць нашу Беларусь».

Журналіст Юлія Сівец запыталася пра магчымасць паўтарэння Данбасу на памежжы, якім з’яўляецца Гомельшчына. «Усё можа быць. Побач з намі такі непрадказальны сусед, у яго такія непрадказальныя геапалітычныя фантазіі. І пачуццё імперскасці вельмі моцнае ў расійцах. Неяк мы здымалі паводле маіх кніг кіно з японцамі і апынуліся ў Усць-Куце. Чалавек, які вёз нас на аўтобусе быў такі рады, што зможа зарабіць, бо там работы няма. І ўвечары мы селі паесці, а рэжысёр Камакура кажа: «Якога д’ябла вы лезеце то ва Украіну, то ў Чачню, то яшчэ некуды?» І вы ведаеце, гэты мужык устаў, паслаў нас усіх матам і пакінуў нас у тайзе. І гэта тая імперскасць, якая не недзе ў Пуціна ці ў каго, а вось — вось яна!»

Пра сваё стаўленне да будаўніцтва АЭС у Беларусі Алексіевіч адказала рэзка адмоўна, узгадаўшы і намеры ўлады выкарыстоўваць землі, пацярпелыя пасля чарнобыльскай аварыі. «Аўтарытарная ўлада небяспечная менавіта тым, што не сам народ вырашае свой лёс, а ягоны лёс вырашае адзін чалавек», — адзначыла пісьменніца.

Пра пошук беларусамі нацыянальнай ідэі спыталася ў Святланы Алексіевіч журналістка Марыя Шыманоўская. «Гэта вечная тэма. Пры Ельцыне расійцы шукалі нацыянальную ідэю. Цяпер яны яе знайшлі — мілітарызацыя. У Расіі любое расчараванне заканчваецца вяртаннем да мілітарысцкага шляху, — адзначыла нобелеўская лаўрэатка. — А ў нас нацыянальнай ідэяй можа быць толькі пабудова сваёй нацыянальнай дзяржавы, дзе была б наша нацыянальная мова. Я пэўны час меркавала, што ўлада пасля Крыма перахопіць у апазіцыі гэтую нацыянальную ідэю. Не можа быць нейкай паветранай нацыянальнай ідэі. Для нас — беларусаў, яна вельмі канкрэтная. У нас няма сваёй дзяржавы, бо мовы няма, школы не на беларускай размаўляюць, у беларускай літаратуры мізэрныя наклады. Гэта вельмі сур’ёзная праблема».

Напрыканцы сустрэчы са Святланай Алексіевіч у двары грамадска-палітычнага цэнтра адбыўся невялікі канцэрт гомельскіх бардаў Вальжыны Цярэшчанкі і Андруся Мельнікава, а ўсе, хто прыйшоў з кнігамі, маглі атрымаць подпіс ад аўтаркі.

Каментары85

Міліцыя выпадкова апублікавала ВІДЭА для ўнутранага карыстання — інструкцыю, як трэба паводзіць сябе з насельніцтвам

Міліцыя выпадкова апублікавала ВІДЭА для ўнутранага карыстання — інструкцыю, як трэба паводзіць сябе з насельніцтвам

Усе навіны →
Усе навіны

Што вядома пра стан беларускі, якая звалілася з чацвёртага паверха на Пхукеце

Нават калі схаваў твар, цябе пазнаюць — з'явілася новая сістэма відэаназірання6

Стаў вядомы прысуд пінскаму журналісту Яўгену Мікалаевічу, які вярнуўся ў Беларусь4

Сацыёлаг Коршунаў: Лукашэнка хоча паказаць, што ён дыктатар з чалавечым тварам, не доктар Асад

«У беларускім тэатры сёлета рост рэпрэсій. Толькі ў лістападзе звольнілі шэсць чалавек з РТБД»

У мінскім аэрапорце запускаюць электрычны перонны аўтобус1

«Растлумачце мне, дзе зайчыкі і сняжынкі?» Тата з Брэста абурыўся адзеннем чужых дзяцей на ранішніку31

Стала вядома, за што пасадзілі на чатыры гады журналістку Вольгу Радзівонаву2

Лідар паўстанцаў заявіў, што Сірыя не ўяўляе пагрозы для свету, і папрасіў зняць з краіны санкцыі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыя выпадкова апублікавала ВІДЭА для ўнутранага карыстання — інструкцыю, як трэба паводзіць сябе з насельніцтвам

Міліцыя выпадкова апублікавала ВІДЭА для ўнутранага карыстання — інструкцыю, як трэба паводзіць сябе з насельніцтвам

Галоўнае
Усе навіны →