Грамадства1111

«І ў дождж, і ў снег вярхом». Школьніца прыручыла дзікую кабылу ФОТЫ

У вялікай гаспадарцы сям’і Гуцько з вёскі Амневічы, што ў Баранавіцкім раёне, коні былі амаль заўсёды, як толькі атрымалася зарабіць на першую кабылку. Без гэтай жывёліны на вёсцы як без рук, аднак для 15-гадовай Каці коні з самага дзяцінства — не проста памочнікі, а сябры і асноўнае хобі. А яшчэ з імі звязаная яе галоўная мара: адкрыць уласны конны клуб.

Кацярына Гуцько.

Каця не падобная на сваіх равеснікаў: сур’ёзная не па гадах і разважлівая. Яна не ў тэме хайпаў і апошніх трэндаў ютуба, можа паслухаць рэп, але не сочыць за навінкамі, бо ў цэлым аддае перавагу класіцы. Адзіную дыскатэку, што непадалёк, у Гарадзішчанскім доме культуры, і тую не наведвае — сумна.

Пасля заняткаў у тым жа Гарадзішчы яна закідвае рукзак за плечы і сядае на школьны аўтобус, які адвозіць яе дамоў, у Амневічы. Каця імкнецца хутчэй зрабіць хатняе заданне, калі трэба, дапамагчы што бацькам па гаспадарцы і адразу да сваёй Адэль — двухгадовай паўкроўкі: напалову — кабардзінкі, напалову — гановерскай.

Каця вучыцца ў Гарадзішчанскай сярэдняй школе імя М. А. Скіпара. Па вясковых мерках яна досыць вялікая: у класе Каці вучыцца 21 чалавек. Акрамя заняткаў па праграме, дзяўчына ходзіць на валейбол.

Каханне, якое цягне на кінасцэнар

Амневічы — родная вёска бацькі Каці Валянціна. Сёння тут стаіць двароў 70, але маладых сямей не назбіраецца і пяць.

Сюды, у бацькоўскую хату, Валянцін і прывёў сваю жонку Ірыну, якая нарадзіла яму трох дачок: старэйшыя Валя і Настасся ўжо з’ехалі ў іншыя гарады вучыцца музычнай і кандытарскай справам.

Валянцін жартуе, што пра гісторыю яго з Ірынай кахання можна было б зняць фільм, які па сюжэтным напружанні абышоў бы ўсе іншыя ў любым кінаконкурсе. Раслі яны ў розных вёсках, але ведалі адно аднаго праз агульных знаёмых: са старэйшай сястрой Іры Валянцін нават працаваў на адным паштовым вузле.

Але заварушыцца і зрабіць нейкі сур’ёзны крок насустрач прыгожай і гаспадарлівай дзяўчыне (маці Ірыны памерла, калі ёй было 12 гадоў, таму дзяўчыне рана прыйшлося стаць самастойнай) яго прымусіла толькі навіслая канкурэнцыя. Ірыне зрабіў прапанову іншы хлопец, ужо нават была прызначаная дата вяселля і вянчання — 13 лютага.

Сваякі Валянціна пачалі нагнятаць: «Такую дзяўчыну ўпускаеш — алкаголіку аддаеш!» За месяц да вяселля Іры Валянцін неяк нагнаў яе на прыпынку і прывёз у бацькоўскі дом: дзяўчыне ён таксама даўно падабаўся, але раз прапаноў не паступала, то пагадзілася пайсці замуж за таго, хто быў спрытнейшым. Праўда, у выніку пераможцам усё ж аказаўся Валянцін. «Недамуж» пасля, канечне, спрабаваў буяніць, вярнуць нявесту, але нічога не атрымалася.

Сёння разам з маці Валянціна яны даглядаюць вялікую гаспадарку: быкі, індыкі, куры, тры гектары зямлі і, канешне, конь. Гэта пры тым, што кожны з іх яшчэ працуе: Ірына — даяркай, а Валянцін — трактарыстам у прыватніка на фермерскай гаспадарцы.

Конныя гісторыі

Першую кабылу сабе ў гаспадарку Валянцін набыў яшчэ ў маладыя гады. Аддаў некалькі заробкаў, але пасля яна акупілася з лішкам: за тры тыдні працы ў сезон з ёй на лецішчах ён лёгка мог зарабіць сярэдні месячны вясковы заробак.

Апошняя кабыла Машка праслужыла сям’і верай і праўдай 22 гады: гаспадары ўсё думалі, што яна зможа нарадзіць жарабя, але жывёліна ніяк не пакрывалася, колькі спроб ні рабілі.

Менавіта на Машцы бацька вучыў Кацю ездзіць вярхом (ён — адзіны ў сям’і, хто па-майстэрску гэта робіць: нават праз вясковыя платы раней скакаў) — і гэта стала яе самым любімым спосабам баўлення часу.

Калі Машкі не стала, дзяўчына пачала чэзнуць на вачах. Бацькі не маглі спакойна глядзець на стан дачкі і падарылі новую кабылу на дзень народзінаў: 24 верасня, калі Каці споўнілася 15 год. 

Падарунак мары

«Спачатку мы шукалі каня ў інтэрнэце — абралі адзін варыянт па аб’яве ў Мінску, але калі прыехалі паглядзець, убачылі, што тая кабыла не вельмі высокая: мне ж хацелася адшукаць такую, на якой я б магла годна выступаць на спаборніцтвах», — расказвае Каця.

Два гады таму яна трапіла ў лагер коннага клуба «Троя», што непадалёк ад Амневічаў, у вёсцы Зялёная, і амаль адразу папрасілася працаваць там валанцёрам. За тое, што валанцёры даглядаюць жывёл, прыбіраюцца на тэрыторыі, яны маюць права займацца бясплатна.

Каця прыйшла ў клуб ужо падрыхтаванай, таму вельмі хутка навучылася выконваць усе асноўныя трукі джыгітоўкі: скачкі стоячы і ўніз галавой, на двух конях і гэтак далей. Без падзенняў у такім відзе спорту, канечне, не абыходзіцца, але сур’ёзных траўм Каця не атрымлівала. Толькі адзін раз няўдала саскочыла з каня і прызямлілася на пяткі, тады ногі распухлі на некалькі дзён.

Так званая «бочка» — тут вучацца катацца навічкі.

З 16 клубных коней Каці дасталася пяцігадовая беларуская запражная Нюра, з якой яна паўсюль і выступае. У кожнага каня, як і ў чалавека, свой характар і тэмп, таму вельмі важна адразу пасябраваць з тым самым, які стане для вершніка найлепшым партнёрам. Але нават пры ўдалым партнёрстве з Нюрай Каця ўсё адно марыла пра ўласнага каня.

Каця і Нюра, якая можа дасягаць хуткасці 40 км/г.

Менавіта гаспадыня «Троі» Святлана Крывіцкая параіла Каці звярнуцца да айца Змітра з Жыровіч. Настаяцель Слонімскага Свята-Траецкага сабора Зміцер Сёмуха даглядае ўнікальны заасад, на тэрыторыі якога амаль без абмежаванняў гуляюць не толькі коні, але і мядзведзь, і нават вярблюд.

У Жыровічах Каця сустрэлася нарэшце са сваёй Адэль — шакаладнай высокай кабылай. Каштавала сям’і яна 900 даляраў. Праўда, проста так забраць яе не атрымалася, гэта вам не машына з салона.

Каця і Адэль.

«Амаль усе коні святара жывуць у дзікіх, натуральных умовах, прыйшлося сілай заганяць Адэль у хлеў і спрабаваць накінуць на яе аброць — яна ніяк не давалася, станавілася на дыбы. Толькі накінуўшы ёй на шыю пятлю, мы змаглі хоць неяк управіцца з ёй і адвесці да машыны», — расказвае Каця.

Транспартавалі Адэль у спецыяльнай канявозцы. Першыя дні яна прастаяла ў хляве: Каця спрабавала прывучыць яе есці з рук і ўвогуле да пастаяннай чалавечай прысутнасці. Праз чатыры дні кабыла ўжо была не супраць, каб новая гаспадыня выводзіла яе на вуліцу. Трэба было яшчэ некалькі тыдняў, перш чым яна дазволіла надзець на сябе аброць, сядло, а пасля і прызвычаілася да чалавечай вагі на спіне.

У месяц на харчаванне каня сыходзіць каля 500 кілаграмаў сена. Таксама Адэль даюць авёс і ячмень. Усё гэта Гуцько нарыхтоўваюць, запасаюць самі. Жартуюць, што пакуль гарадскія летам адпачываюць на курортах, яны тут працуюць у некалькі змен.

Але самы любімы ласунак Адэль — морква, якую яна атрымлівае за паслухмянасць.

Нягледзячы на тое, што Адэль два гады, выглядае яна куды больш развітай, дужай, менавіта таму яе пачалі аб’язджаць раней. Імя Адэль, дарэчы, абіралі ўсім конным клубам.

З марамі пра ўласны конны клуб

«Як толькі дачка аб’ездзіла Адэль, дык ужо пачала проста на ёй ездзіць у конны клуб — і ў дождж, і ў снег, як я ні лаяўся», — мякка скардзіцца бацька.

«Ага, а ў гаспадарцы нам выкарыстоўваць каня не дае, забараняе — усё трэніруецца», — працягвае маці.

І так, сапраўды, якое б ні было за акном надвор’е, дзяўчына запрагае вернага сябра і імчыць за 5 кіламетраў у Зялёную, на трэніроўкі і да іншых коней. Мо, таму і не хварэе — загартаваная.

Ёсць і яшчэ адна нагода наведваць любімае месца часцей: на трэніроўках Каця пазнаёмілася са сваім хлопцам Вадзімам. Ён вучыцца на трактарыста, але таксама мае прыхільнасць да аднакапытных. У клубе займаюцца і сябры Кацярыны: у роднай вёсцы сяброў-аднагодак не знайшлося.

«Я вельмі хачу стаць ветэрынарам, хоць з хіміяй і біялогіяй не вельмі сябрую, але дзеля мэты можна веды і падцягнуць. Гэта мне абавязкова спатрэбіцца ў будучыні, калі спраўдзіцца мая мара пра ўласны конны клуб. Калі хто з жывёл захварэе — я адразу буду ведаць, што рабіць», — дзеліцца самым патаемным дзяўчына.

І чамусьці, гледзячы на яе ўпэўненасць і настойлівасць, верыцца, што ўсё ў яе ўдасца.

Каментары11

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка20

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Усе навіны →
Усе навіны

Тыль Швайгер расказаў, у якім жанры зняў бы фільм пра Беларусь. Вы здзівіцеся11

Мігрант на беларуска-польскай мяжы схаваўся за прыбіральняй. Але не ўлічыў адзін нюанс ВІДЭА2

Фанаты распавялі, як змаглі арганізаваць перфоманс на матчы ў Варшаве і як змагаліся з п'янымі правакатарамі

Імаверны прэм'ер Літвы: Штучныя абмежаванні для беларусаў нелагічныя. Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы12

«Ты здзейсніла сапраўдны ўчынак». «Дынама» запісала ВІДЭА з падзякай жанчыне ў чырвона-зялёным23

Продажы новых аўтамабіляў у Беларусі зноў паставілі рэкорд2

«Зноў з'езджу ў Мінск, усё вырашым». Украінскі дэпутат, які прыязджаў у Беларусь, заклікаў Зяленскага да перамоваў з Расіяй10

Чаму выбаршчыкі галасавалі за Трампа?4

Гендырэктар «Беларусьфільма»: «Лістапад» — гэта БРІКС у сферы кіно3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка20

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Галоўнае
Усе навіны →