
Прынамсі 32 супрацоўнікі праваахоўных органаў пацярпелі пры спробе прыхільнікаў Міхаіла Саакашвілі прарвацца ў Кастрычніцкі палац у цэнтры Кіева, паведаміла прэс-служба кіеўскай паліцыі, піша Бі-бі-сі.
«У выніку сутыкненняў пад Кастрычніцкім палацам пацярпелі 32 праваахоўнікі. На гэты час яны з атручваннем невядомым рэчывам знаходзяцца ў бальніцы. Інфармацыя пра іншых траўмаваных удакладняецца», — гаворыцца ў паведамленні.
У прыватнасці, пацярпелі 15 байцоў нацгвардыі і 17 паліцэйскіх, яны знаходзяцца ў бальніцы з атручваннем невядомым рэчывам, у некаторых дыягнаставаны ўдары. Улады распачалі тры крымінальныя справы.
У нядзелю ўвечары прыхільнікі экс-прэзідэнта Грузіі і былога губернатара Адэскай вобласці Украіны Міхаіла Саакашвілі паспрабавалі штурмам узяць Кастрычніцкі палац, дзе ў гэты час праходзіў канцэрт, у выніку чаго ўспыхнулі сутыкненні.
Перад гэтым, выступаючы на мітынгу на майдане Незалежнасці, Саакашвілі заклікаў прыхільнікаў ісці да Кастрычніцкага палаца, дзе, паводле яго слоў, павінна была пачаць працу каардынацыйная рада пратэстоўцаў. У палацы ў гэты час ішоў канцэрт джазавай музыкі.
Па дадзеных паліцыі, удзельнікі акцыі зладзілі бойку, падчас якой ужывалі невядомы газ раздражняльнага дзеяння, кідалі петарды і бутэлькі з вадой. Акрамя таго, у некаторых вайскоўцаў адабралі спецсродкі.
Пазней пасля закліку Саакашвілі большасць з мітынгоўцаў пакінулі палац і накіраваліся да Вярхоўнай Рады. Сам Саакашвілі заявіў у інтэрв'ю аднаму з украінскіх тэлеканалаў, што ў найбліжэйшыя дні не будзе заклікаць да акцый пратэсту з-за падзей ля Кастрычніцкага палаца.
Каментары