Прэзентаваны Samsung S9 коштам ад $720. Якія новыя функцыі з'явяцца ў ім?
Пасля некалькіх месяцаў розных уцечак і намёкаў 24 лютага Samsung паказаў флагманскія смартфоны Galaxy S9 і Galaxy S9+. У продажы гаджэты з'явяцца ў сярэдзіне сакавіка. Што новага мы ў іх убачым?
Вонкава навінкі нічым не адрозніваюцца ад сваіх папярэднікаў — Galaxy S8 і Galaxy S8+. Змянілася толькі размяшчэнне адбітка пальца: цяпер ён знаходзіцца не справа ад камеры, а пад ёй.
Экраны не змяніліся: 5,8 і 6,2 цалі з разрозненнем 1440×2960 пікселяў. Акрамя стандартных колераў, шэрага, чорнага і блакітнага, з'явіўся новы варыянт — бэзавы.
Асноўны ж акцэнт зроблены на палепшаных характарыстыках камеры. «Камера Galaxy S9 атрымала змяняльную дыяфрагму ў дыяпазоне ад f/1,5 да f/2,4», — з гонарам заявілі на прэзентацыі. У ранейшых мадэлях паказчык апертуры складаў f/1,7. Разрозненне камеры засталося ранейшым — 12 Мп.
З'явілася новая сістэма шумапрыглушэння на фота: смартфон робіць адразу 4 здымкі, затым злучае іх у адзін для павышэння рэзкасці.
Galaxy S9+ таксама атрымаў яшчэ адну «фішку» — падвойную камеру. Гэта дазваляе здымаць аб'екты з двухразовым аптычным павелічэннем і праграмна размываць задні фон на партрэтах.
У адказ на прадстаўленыя Apple разам з iPhone X анімаваныя эмоджы, Samsung стварыла сваю «фішку» — AR Emoji. З дапамогай франтальнае камеры смартфон складае аб'ёмную маску твару карыстальніка і стварае віртуальнага анімацыйнага персанажа, які паўтарае рухі і міміку твару.
Віртуальны асістэнт Bixby, які не набыў вялікай папулярнасці, цяпер можа вызначаць каларыйнасць ежы па фота.
Заяўленыя на прэзентацыі кошты Galaxy S9 | S9+ у мінімальных канфігурацыях складаюць адпаведна 720 і 840 даляраў.
Каментары