«Затрыманае развіццё»: усё больш маладых людзей адкладае дарослае жыццё на святога ніколі
Традыцыйнымі маркерамі пераходу з юнацтва ў дарослае жыццё былі стварэнне сям'і, купля ўласнага жытла і нараджэнне дзяцей. Усё больш маладых з пакалення цяперашніх 20—30-гадовых не проста адкладаюць гэта на пасля, але і зусім не плануюць таго рабіць. Эканамісты папярэджваюць — тое, што раней здавалася часовай затрымкай, цяпер выглядае як пастаянны стан «затрыманага развіцця». Чаму так адбываецца?
Як піша The Wall Street Jornal, амерыканцы, якім да 30 гадоў — і тая самая тэндэнцыя характэрная для ўсяго свету — усё менш падобныя да дарослых.
Ва ўмовах рэзкага зніжэння паказчыкаў валодання жыллём, шлюбаў і нараджальнасці эканамісты папярэджваюць, што моладзь адчувае цяжкасці з дасягненнем звыклых маркераў дарослага жыцця. Адны 30-гадовыя свядома выбіраюць менш традыцыйны шлях, іншыя і хацелі б «пасталець», але прызнаюць, што для іх такое шчасце недасяжна.
Цяпер, калі спалучэнне сацыяльных і эканамічных фактараў стрымлівае цэлае пакаленне, тое, што раней даследчыкі называлі затрымкай, пачынае выглядаць як пастаянны стан затрыманага развіцця.
Гэта больш не пытанне «пазней», а хутчэй «ніколі».
Паводле прагнозаў аналітычнага цэнтра Institute for Family Studies, траціна цяперашніх маладых людзей ніколі не створаць сям'і, што значна вышэй, чым у мінулыя дзесяцігоддзі. Таксама, па даных Pew Research Center, доля людзей да 50 гадоў, якія не збіраюцца заводзіць дзяцей, вырасла на 10 працэнтных пунктаў толькі за пяць гадоў з 2018 па 2023 год.
Жыць з татам і мамай
Звычайна гэтую змену прыярытэтаў тлумачаць высокім коштам жыцця, асабліва ростам інфляцыі і цэнаў на жыллё.
Сапраўды, сённяшнія 30-гадовыя сутыкнуліся з няпростымі эканамічнымі ўмовамі: многія з іх увайшлі на рынак працы ў перыяд рэцэсіі і перажылі пандэмію, у выніку чаго пасля вучобы яны вярнуліся жыць дадому да бацькоў.
У ЗША, дзе вышэйшая адукацыя платная, значна вырасла запазычанасць па крэдытах на навучанне, а наяўнасць вышэйшай адукацыі не гарантуе добрай працы. Працэнтныя стаўкі на іпатэку ўзраслі, а кошт жытла ў вялікіх гарадах і вакол іх такі, што робіць куплю ўласнага дома амаль немагчымай для многіх маладых людзей.
Нягледзячы на тое, што сярэдні заробак работнікаў ва ўзросце 35—44 гадоў з 2000 па 2024 год вырас на 16%, а агульны дабрабыт сённяшніх 30-гадовых на 66 % вышэйшы за іх равеснікаў з 1989 года, толькі 21% гэтай катэгорыі насельніцтва ацэньваюць стан эканомікі як добры ці выдатны, што сведчыць аб суб'ектыўным унутраным песімізме і завышаных чаканнях.
Сярэдні ўзрост пакупніка першага жылля ў ЗША ў 2024 годзе дасягнуў 38 гадоў. Гэта значна болей, чым у 1981 годзе, калі ён складаў 29 гадоў. У сваю чаргу, доўг па студэнцкіх крэдытах больш чым падвоіўся за апошнія 20 гадоў, што таксама моцна ўскладняе набыццё жылля і стварэнне сям'і.
Хочуць добра жыць
Аднак эканамісты робяць высновы, што ў нежадання сталець у маладых людзей ёсць і больш глыбокія праблемы, не звязаныя выключна з эканамічнай нестабільнасцю. Прычыны такой змены ляжаць у сацыяльным і культурным кантэкстах.
Маладыя людзі значна больш песімістычна настроеныя ў адносінах да будучыні, чым пакаленні да іх. Яны заклапочаныя не толькі эканамічнымі праблемамі, але і глабальнымі выклікамі, такімі як змена клімату, палітычная палярызацыя, развіццё штучнага інтэлекту і рост уплыву карпарацый, што стварае адчуванне нявызначанасці і трывогі з нагоды будучыні.
Паводле апытання Wall Street Journal/NORCМ, праведзенага ў ліпені 2024 года, моладзь усё радзей верыць у магчымасць дасягнення «амерыканскай мары» — поспеху дзякуючы працавітасці, у параўнанні з тымі, каму цяпер больш за 50 гадоў.
І найпершая прычына гэтага — завышаныя чаканні. Сённяшнія пакаленні імкнуцца да большага, чым іх папярэднікі. Напрыклад, яны хочуць мець прасторныя дамы з асобнымі пакоямі для кожнага дзіцяці і пры гэтым адпачываць некалькі разоў штогод, штогод падарожнічаць, а то і не раз, і дазваляць сабе дарагія кавярні і іншыя радасці, пра якія іх бацькі нават не марылі.
Ёсць нямала сямей, дзе бацькі за сваё жыццё ездзілі ў падарожжа за мяжу раз за жыццё, а іх 30-гадовыя дзеці лічаць за норму вандраваць два разы на год.
Моладзь, якая дасягнула 30 гадоў, цяпер адчувае меншы ціск з боку сям'і і грамадства прытрымлівацца традыцыйнага шляху сталення, які прадугледжваў кар'еру, сям'ю, жытло і нараджэнне дзяцей да 35 гадоў. Аднак гэтая свабода выбару прывяла да павышаных чаканняў, паколькі цяпер для многіх поспех звязаны не толькі з базавымі этапамі сталення, але і з высокімі стандартамі жыцця.
Характэрная для сучаснай эканомікі нестабільнасць на рынку працы і дарагоўля нерухомасці абцяжарваюць дасягненне гэтых мэт, што выклікае ў шматлікіх разгубленасць і няўпэўненасць у тым, што значыць быць паспяховым дарослым у сучасных умовах.
Сёння моладзь значна больш арыентуецца на індывідуальныя каштоўнасці.
Многія лічаць за лепшае заставацца адзінокімі, не заводзіць дзяцей або адкладаць гэтыя рашэнні, паколькі адчуваюць, што яны павінны спачатку «разабрацца з сабой» і сваім жыццёвым выбарам.
Па даных аналізу перапісу насельніцтва ЗША, з 1990 года доля людзей ва ўзросце 30-40 гадоў, якія знаходзяцца ў шлюбе, знізілася з дзвюх трацін насельніцтва да трохі больш за палову. Доля жанчын у гэтым узроставым дыяпазоне, якія калі-небудзь нараджалі, толькі за перыяд з 2012 па 2022 год, адпаведна даных Current Population Survey, упала на 7 працэнтных пунктаў — з 78% да 71%.
Нават такая важная падзея, як выезд з бацькоўскага дома, становіцца ўсё больш цяжкай для многіх амерыканцаў. Сёння амаль 9% людзей у 30—40 гадоў жывуць з бацькамі, што значна больш, чым у 1990 годзе, калі гэты паказчык быў на ўзроўні 6%.
Такім чынам, цэлы шэраг фактараў прыводзіць да таго, што многія маладыя людзі застаюцца ў стане нявызначанасці, не ўпэўненыя ў тым, як павінна выглядаць іх жыццё, і перажываюць крызіс сталення, які можа ператварыцца ў пастаянны стан «затрыманага развіцця».
Прэзідэнцкая гонка ў ЗША радыкальна падзяліла маладых жанчын і мужчын. У каго якія прыярытэты?
Пакаленне «ні-ні»: хто яны такія і наколькі гэта небяспечная тэндэнцыя?
У Германіі вызначылі моладзевае слова года. Гэта старажытны тэрмін, але з новым сэнсавым напаўненнем
Як гэта — працаваць на боса пакалення Z? Гэта зусім іншы тып начальніка
Хто б чакаў такіх тэндэнцый? Большасць моладзі кладзецца спаць а 9-й вечара, спіць дзевяць гадзін
Каментары
до рейганомики один супруг мог обеспечить ипотеку на многочисленный дом, неработающего супруга, детей, сбережения.
сегодня работающий человек еле может позволить себе рент, а количество бездомных в США за год выросло на ВОСЕММАДЦАТЬ ПРОЦЕНТОВ.
о каких завышенных сверхожиданиях рассказывают эти клоуны? завышенное сверхожидание иметь крышу над головой и еду на столе?
Да , я сейчас могу позволить и себе и детям путешествовать два раза в год и хорошее жилье.
Но им то начинать с нуля…
Так вот я внутренне не желаю им с пеленками на голове жарить картофельные очистки. И я не рвусь получить от них внуков. И в самостоятельную жизнь не гоню. Может им это передалось?
Короче статья хороший анализ