Гісторыя3030

У Нацыянальным гістарычным адкрываецца выстава пра БНР. Сярод дакументаў — пасведчанне Ганны Макей, зямлячкі міністра

«1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава. Крок да Незалежнасці» — такая выстава пачынае працу ў Нацыянальным гістарычным музеі 15 сакавіка. 

Яна паказвае Беларускую Народную Рэспубліку як неабходную частку працэсу, без якой немагчыма зразумець гісторыю паўставання беларускай дзяржавы. Гэтую ідэю куратары выставы падкрэслілі, змясціўшы пры канцы экспазіцыі, на ганаровым месцы, на аксаміце, сучасную Канстытуцыю Беларусі.

Выстава ж, якой адведзеная прасторная зала на першым паверсе музея, ілюструе шлях, які прайшла Беларусь у 1914—1918: ад «этнаграфічнага племені» на мапах Карскага да нацыі з ідэяй незалежнасці, дзяржавай, заканадаўчымі актамі.

Спісы дэлегатаў Усебеларускага з'езда.
Устаўныя граматы БНР.

Пачэснае месца займаюць дакументы: можна пабачыць арыгінальныя спісы дэлегатаў Усебеларускага з’езда 1917-га, Устаўныя граматы, нават своеасаблівую «генеалогію беларускай дзяржаўнасці»: накрэсленую ад рукі схему перадачы ўлады ад Прэзідыума Усебеларускага з’езду да Рады БНР.

Хто яе маляваў на бланку Народнага сакратарыята? У гэтым належыць разабрацца гісторыкам. 

Пячатка Рады БНР, якую насіў у кішэні Вацлаў Ластоўскі.

Побач — артэфакты: пячатка Рады БНР, якую насіў у кішэні Вацлаў Ластоўскі (яна ўстаўленая ў металічны футарал ад кішэннага гадзінніка, а на вечку надрапана, каму пячатка належыць); арыгінальная бел-чырвона-белая стужка — адзнака вайскоўца-беларуса, многае іншае.

Пашпарт грамадзянкі БНР.

Спекуляцыі на тэму таго, што БНР «не была дзяржавай», «не адбылася» лёгка абвяргаюцца асабістымі дакументамі тых часоў. Сярод экспанатаў ёсць, напрыклад, пашпарт грамадзянкі БНР, ёсць пасведчанне, выдадзенае Радай сялянцы Ганне Макей з вёскі Крынкі Навагрудскага павета. 

Пасведчанне сялянкі з Крынак Ганны Макей. Крынкі — за два кіламетры ад вёскі Некрашэвічы Карэліцкага раёна, дзе нарадзіўся цяперашні кіраўнік МЗС Уладзімір Макей. 

Ёсць і звароты, якія сяляне слалі ва Урад са скаргамі на рабункі ад нямецкіх войскаў. Гэта значыць, людзі на месцах рэальна ўспрымалі БНР як сваю дзяржаву і сваю ўладу.

Зварот селяніна Мінскага павета ў Раду БНР з просьбай распарадзіцца кампенсаваць нямецкія рэквізіцыі.

Асобныя стэнды прысвечаныя дыпламатычнай дзейнасці.

Можна пабачыць перапіску з урадам Леніна, з украінскай Дырэкторыяй, фота місіі ў Канстанцінопалі. Ёсць і арыгінал тэлеграмы кайзеру Вільгельму.

Выставу збіралі не толькі з фондаў Гістарычнага. Многія экспанаты, напрыклад, маляваныя гербы тагачасных беларускіх рэгіёнаў, літаральна тыдзень таму знайшліся ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны. Яны трапілі туды ў канцы 1940-х.

Ёсць экспанаты з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага архіва, Беларускага дзяржаўнага архіву-музея літаратуры і мастацтва, а таксама Архіва КДБ.

Выставу стваралі супольнымі намаганнямі: супрацоўнікі музея прыцягнулі да яе афармлення мастакоў. Гісторык Сцяпан Цемушаў, адзін з найлепшых картографаў Беларусі, зрабіў якасную мапу, са збораў прыватных калекцыянераў былі ўзятыя некаторыя экспанаты — напрыклад, выдатная рэканструкцыя строю вайскоўца БНР.

Пратакол допыту Канстанціна Езавітава з 1945 г. і яго арыгінальны пашпарт БНР
Тагачасныя плакаты і агітацыйныя матэрыялы.

Гэтая цэльная і якасная выстава вартая таго, каб стаць часткай пастаяннай экспазіцыі.

Пачуўшы гэту ідэю, супрацоўнікі музея ўздыхаюць: у нас пяцьсот тысяч экспанатаў, калі б толькі была магчымасць усё выставіць!

Будзем спадзявацца, пытанне з новым будынкам і дэпазітарыем для Гістарычнага музея, якое даўно стаіць, урэшце вырашыцца. І ў новым памяшканні Беларускай Народнай Рэспубліцы будзе прысвечана цэлая зала. А можа, і не адна.

Выстава адкрываецца 15 сакавіка аб 11-й у Нацыянальным гістарычным музеі (вул.Маркса, 12) і будзе працаваць да 7 мая.

Каментары30

Як цяпер выглядае палітзняволены Ігар Лосік ФОТА16

Як цяпер выглядае палітзняволены Ігар Лосік ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

«Гэта я з’явіўся ў цэнтры Кіева, а не Пуцін». Байдэн падвёў міжнародныя вынікі свайго прэзідэнцкага тэрміну5

У Новай Баравой прадаюць кватэру па $5500 за метр. І гэта не памылка13

З чырвонай цаной атрымалася даражэй, чым са звычайнай. Мінчанка купіла шакаладкі і засмуцілася15

Ноччу ўкраінскія беспілотнікі атакавалі Тульскую, Саратаўскую, Арлоўскую, Растоўскую вобласці і Татарстан2

Кітай думае прадаць амерыканскі сегмент TikTok Ілану Маску2

Ветэрынара са Смілавічаў асудзілі па пяці палітычных артыкулах. Яму пагражала да 12 гадоў калоніі

Паглядзіце, які прыгожы кот працуе ў МЗС Літвы і стаў сапраўднай зоркай ФОТА3

Ці праўда, што ў абменніках не прымаюць даляры старога ўзору?7

«Павінна стаяць калі і не ў першых, дык у шэрагах». Мукавозчык заклікаў творчую інтэлігенцыю публічна падтрымліваць рэпрэсіі19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як цяпер выглядае палітзняволены Ігар Лосік ФОТА16

Як цяпер выглядае палітзняволены Ігар Лосік ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →