У сеціве новы флэшмоб #янебаскетбалістка: дзяўчаты дзеляцца гісторыямі, як іх дражняць праз вялікі рост ФОТЫ
Флэшмоб #янебаскетбалістка запусціла мадэль Марыя Мінагарава. Пасля чарговага мерапрыемства, дзе ёй не маглі падабраць адзенне і разоў дзесяць незадаволена сказалі, якая яна ж «велізарная», яна напісала вялікі пост-прызнанне ў сваім інстаграме, дзе скардзілася не толькі на цкаванне праз свой рост у дзіцячым узросце, але і на сённяшнія праблемы, звязаныя з адсутнасцю выбару адзення.
«З таго часу, як мне споўнілася 16 год, жанчыны з маленькімі дзецьмі, убачыўшы мяне, казалі ім: «Глядзі, якая вялікая цётка». Цяжкасці былі і з мадэльнай працай. Меркаванне, што, чым ты вышэй, тым лепш як мадэль — таксама вялікая памылка. Мне даводзілася чуць нямала адмоў з-за сваіх 184 сантыметраў», — распавяла дзяўчына.
Марыя нават не чакала, што яе пост выклікае такую бурную рэакцыю. Такімі ж гісторыямі хутка пачалі дзяліцца дзясяткі і сотні іншых дзяўчат з усяго свету (у тым ліку з Беларусі): як высветлілася, комплексы, звязаныя з высокім ростам, вядомыя многім з іх.
Удзельніцы флэшмоба спадзяюцца, што некарэктнае пытанне «А ты баскетбалістка?» перастануць задаваць зусім, а вытворцы адзення пачнуць ствараць больш калекцый для кліентак, рост якіх больш за 180 сантыметраў.
Каментары