Грамадства55

Чаму закрылі «Мае сэнс», які сабраў мільён даляраў на сацыяльныя праекты?

«Мае сэнс» — адна зь першых краўдфандынгавых пляцовак. Цягам 8 год грошы на сацыяльныя праекты тут зьбіралі праз продаж сустрэчаў. Чаму заснавальнікі закрылі сайт maesens.by, за якую суму і каму хацелі б прадаць праект, пра гэта Свабодзе распавёў Дзяніс Кандратовіч — заснавальнік і ўласьнік «Мае сэнс», піша Радыё Свабода.

«Хацелі спрасьціць сабе жыцьцё, а мусілі сысьці з працы дзеля «Мае сэнс»»

Дзянісу Кандратовічу быў 21 год, калі разам зь Міхаілам Карпіцкім ён стварыў групу «ЎКантакце» дзеля зьбіраньня грошай на дабрачыннасьць. У якасьці лотаў удзельнікі суполкі выстаўлялі сустрэчы з сабой: яны пагаджаліся сустрэцца з тым, хто прапануе найбольшую стаўку. Выручаныя грошы ішлі на дабрачыннасьць — на лекаваньне хворых дзяцей або на патрэбы дзіцячых дамоў.

Мадэраваньне суполкі забірала час, а таму сябры вырашылі аўтаматызаваць справу: распрацавалі адмысловы сайт. І адразу пасьля запуску ў іх дадалося працы: сайт maesens. by хутка стаў папулярным.

«Мы думалі, што спрашчаем сабе жыцьцё, — кажа Дзяніс Кандратовіч Свабодзе. — Але адразу нам давялося сысьці з нашых асноўных працаў на паўстаўкі дзеля «Мае сэнс». Прайшло яшчэ паўгода, і мы цалкам сталі займацца гэтай справай».

Хобі ператварылася ў сацыяльна адказны бізнэс. Цяпер гэта называецца прыватна-дзяржаўным партнэрствам. Гэта калі бізнэс вырашае нейкія сацыяльныя праблемы, зь якімі складана справіцца за кошт бюджэтных арганізацый. За свае паслугі па пераводзе грошай Maesens. by як пасярэднік атрымліваў 20%.

За адзін год сабралі 250 тысяч даляраў

«Мае сэнс» зьбіраў грошы на дабрачыннасьць, але пляцоўка не была клясычным краўдфандынг-праектам. Асаблівасьць «Мае сэнс» была ў тым, што людзі прапаноўвалі сустрэцца з сабой. Да праекту часта запрашалі публічных людзей, сустрэчы зь якімі каштавалі па некалькі тысяч даляраў. Самай высокай за ўсе часы была стаўка на Юрыя Гурскага. За магчымасьць паразмаўляць з ІТ-прадпрымальнікам і інвэстарам заплацілі 12 тысяч даляраў.

Большасьць праектаў — гэта збор грошай на лекаваньне хворых дзяцей, падтрымку дзіцячых дамоў, або для грамадзкіх арганізацый, якія займаюцца дабрачыннасьцю.

«Мае сэнс» займаўся тым, на што павінны былі б ісьці бюджэтныя грошы. Але супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі арганізацыямі калі і здаралася, то рэдка афішавалася.

«Для дзяржавы гэта нявыгадна, — кажа Дзяніс. — Гэта паказвае іх няздольнасьць даваць рады праблемам. Дзіцячым дамам дапамога патрэбная, але пра гэта нельга пісаць. Нельга паказваць, што ў іх усё дрэнна».

Аднак Аляксандар Скрабоўскі, дырэктар фонду «Добра» і кіраўнік Social Weekend, лічыць, што дзейнасьць краўдфандынгавых пляцовак нельга разглядаць як праяву беднасьці краіны.

«Гэта найпершы індыкатар уцягнутасьці грамадзкай супольнасьці ў вырашэньне ўласных праблемаў, — сказаў Скрабоўскі Свабодзе. — Зьяўленьне новых пляцовак — гэта прыкмета таго, што мы самі як грамадзяне незалежнай краіны становімся больш дарослымі. Ня варта спадзявацца, што дзяржава вырашыць усе пытаньні. Так не адбываецца ў ніводнай краіне сьвету».

Ня склаліся стасункі з другім інвэстарам, і касьцяк каманды сышоў

«Гэта была адна сустрэча, але там было тры пераможцы, — тлумачыць Дзяніс. — Для сярэдняй кампаніі 4 тысячы даляраў — гэта няшмат. Бо кансультацыя Гурскага шмат сьвежых ідэй можа прынесьці».

За 8 год на «Мае сэнс» сабралі грошы больш як на 500 дабрачынных праектаў — прыватных і для арганізацый. На піку папулярнасьці сайта — у 2012—2013 гадах — «Мае сэнс» зьбіраў 250 тысяч даляраў на год. Агулам за восем год на сацыяльныя праекты праз плятформу ўдалося сабраць мільён даляраў.

З 2011 году сайт імкліва разьвіваўся. Штодня сюды прыходзіла да 10 тысяч унікальных наведнікаў. Неўзабаве каманда вырашыла выйсьці з аналягічнымі праектамі на замежныя рынкі: спачатку ў Расеі, а потым у Штатах і Вялікай Брытаніі. У 2012 годзе распрацоўшчыкаў «Мае сэнс» запрасілі ў ЗША, дзе яны працавалі над праектам пад назвай Goodwillion. На некалькі месяцаў беларуская каманда пераехала ў Каліфорнію. Але замест выхаду на новы ўзровень тая вандроўка стала канцом праекту.

«Там былі вельмі добрыя пэрспэктывы, кампанію ацэньвалі ў шмат мільёнаў, — кажа Дзяніс. — Але ў нас ня склаліся стасункі з другім інвэстарам, і каманда развалілася. Касьцяк каманды сышоў».

У 2013 годзе з «Мае сэнс» сышлі ўсе сузаснавальнікі, акрамя Дзяніса Кандратовіча. Па яго словах, апошнія пяць год сайт быў у стагнацыі.

«У мяне яшчэ былі пляны. Але на той момант я вырашыў займацца іншым стартапам. Бо ўнутры ўжо ўсё перагарэла. У нас былі вялікія надзеі, а потым яны абарваліся. Гэта вельмі цяжка».

Новае жыцьцё праекту надаў Юры Зісер, які далучыўся да Maesens у 2014-м. Дзякуючы заснавальніку TUT. BY праект Social Weekend, які пачынаўся на «Мае сэнс», ператварыўся ў незалежны хакатон. Там можна атрымаць грошы на разьвіцьцё свайго сацыяльнага праекту.

Трэба аддаць «Мае сэнс» у кіраваньне людзям, якія будуць гэтым гарэць

Дзяніс кажа, што выразна бачыць будучыню «Мае сэнс», у яго ёсьць не адна ідэя для разьвіцьця праекту. Напачатку трэба зрабіць перазапуск сайту з мабільнай аплікацыяй. Але самому займацца гэтым яму ўжо ня хочацца.

«Трэба аддаць «Мае сэнс» у кіраваньне людзям, якія будуць гэтым гарэць».

Ад пачатку 2018 году сайт не працуе, бо шукаюць пакупніка. У 2012—2013 гадах за «Мае сэнс» прапаноўвалі да 150 тысяч даляраў. Сёньня ўласьнікі гатовыя аддаць увесь праект за 10 тысяч даляраў. У гэты кошт уваходзіць 40 гадзін кансультацыі Дзяніса Кандратовіча.

«Мы ня ставім задачы зарабіць на «Мае сэнс», — кажа Дзяніс. — Асноўная мэта — каб праект працягваў жыць пад новым кіраўніцтвам».

У якасьці пакупнікоў ён бачыць ці дабрачынныя арганізацыі, якія б хацелі зьбіраць грошы на ўласныя праекты, ці сацыяльна-адказныя бізнэсы.

«Мы глядзім ня толькі на кошт, які прапануе пакупнік, — кажа Дзяніс. — Калі мы пабачым, што чалавек гарыць, магчыма, што зьдзелка адбудзецца і за меншыя грошы».Сёньня на беларускім рынку краўдфандынгу ёсьць тры асноўныя пляцоўкі: «Улей», Talaka, часопіс «Имена». Але ці будзе тут месца для забытага, а апошнія паўгода яшчэ і закрытага «Мае сэнс»? Аляксандар Скрабоўскі лічыць, што месца на беларускім рынку краўдфандынгу яшчэ вельмі шмат. Па яго словах, толькі ў апошні час краўдфандынг-пляцоўкі пачалі спэцыялізавацца на праектах рознага кшталту.

«Цяпер адбываецца працэс першаснай сэгмэнтацыі, і гэта вельмі раньняя стадыя рынку. У нас яшчэ процьма нішаў», — сказаў Скрабоўскі.

Каментары5

Цяпер чытаюць

Галіна Дзербыш казала пракурору: «Як памру, буду да ўсіх вас ноччу прыходзіць». І жыццё ўжо дагнала яе суддзю і сведак. Гісторыя пенсіянеркі, якой далі 20 гадоў калоніі

Галіна Дзербыш казала пракурору: «Як памру, буду да ўсіх вас ноччу прыходзіць». І жыццё ўжо дагнала яе суддзю і сведак. Гісторыя пенсіянеркі, якой далі 20 гадоў калоніі

Усе навіны →
Усе навіны

Некаторым беларусам з ДНЖ і замежным пашпартам трэба будзе здаваць у Беларусі адбіткі пальцаў4

Пяць прычын — у тым ліку адна фантастычная, — па якіх беларусам адключылі святло ў гарадах23

Лідары Латвіі і Эстоніі заклікалі прызначыць спецпасланніка ЕС для кантактаў з Крамлём2

Моцныя маразы адступілі. Ніжэй за 20 градусаў амаль няма

Трамп заявіў пра візіт Сі Цзіньпіна ў ЗША

Кітай акружае Афрыку сеткай партоў2

Зяленскі: На полі бою загінулі каля 55 тысяч украінскіх вайскоўцаў3

Летась Беларусь паставіла рэкорд па экспарце сельгаспрадукцыі2

Расія заявіла, што больш не лічыць сябе звязанай дамовай аб абмежаванні ядзернага арсенала3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Галіна Дзербыш казала пракурору: «Як памру, буду да ўсіх вас ноччу прыходзіць». І жыццё ўжо дагнала яе суддзю і сведак. Гісторыя пенсіянеркі, якой далі 20 гадоў калоніі

Галіна Дзербыш казала пракурору: «Як памру, буду да ўсіх вас ноччу прыходзіць». І жыццё ўжо дагнала яе суддзю і сведак. Гісторыя пенсіянеркі, якой далі 20 гадоў калоніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць