Меркаванні3636

«А мне беларусский язык режет ухо!» — як пасажырка паставіла на месца кіроўцу маршруткі

Піша чытачка і аўтарка «НН» Зоя Доля.

У маршрутцы сустрэлася з чарговым адэптам «рускага свету». Я зайшла ў салон, працягнула кіроўцу грошы за праезд і прамовіла:

— Вазьміце, калі ласка.

— БНФ! — фамільярна кінуў у мой бок кіроўца маршруткі, усяго за пару слоў, сказаных на беларускай мове, ён залічыў мяне ў Беларускі народны фронт.

Мужчына яўна хацеў мяне падчапіць за беларускасць, але рабіў гэта неяк няўпэўнена, без запалу. Я нічога не адказала, аднак вырашыла на канцавым прыпынку правесці гаворку з ім сам-насам. Транспарт даехаў да плошчы Якуба Коласа, пасажыры пакінулі салон, а я павольна наблізілася да кіроўцы і спытала:

— Вы тут залічвалі мяне ў БНФ. Чаму? Хацелася б даведацца.

Кіроўца тым часам адрывіста, з напускной значнасцю тарахцеў з кімсьці па тэлефоне. Гэтага тыпа ў манеры сябе падаваць яскрава характарызаваў слэнгавы выраз «мужык увесь на пантах». Пачуўшы маё пытанне, ён буркнуў суразмоўніку, што патэлефануе пасля, адключыў мабільны і незадаволена зыркнуў спадылба.

— Вы разговаривали на белорусском языке, — нядобразычліва прамовіў ён.

— Так, размаўляла. Але пры чым тут БНФ? — перапытала я ў кіроўцы і адразу дадала: — Я не належу да партыі, а размаўляю на беларускай мове з той нагоды, што скончыла беларускую школу і мае бацькі, і дзяды заўсёды гаварылі па-беларуску.

— А мне беларусский язык режет ухо, — дэманстратыўна падкрэсліваў ён непрыязнасць да мовы краіны, у якой жыве.

Мой погляд скіраваўся на яго вушы, тыя былі на месцы, «рэзала» іх беларуская мова, ды, відаць, не дарэзала. У заезджанай, шаблоннай фразе пра «режет ухо» чыталася напышлівая задзірлівасць паказной «рускасці», якая не церпіць іншых моў. Я магла асадзіць яго, сцебануць у адказ рэзкім і непрыемным словам, але вырашыла выбраць тактыку дыялогу, каб прамацаць сутнасць дадзенага персанажа.

— А вы беларус? — пацікавілася я ў кіроўцы, з іранічнай усмешкай гледзячы яму проста ў вочы.

Ад гэтага пытання мужчына неяк скурчыўся, ухапіўся за стырно і прыглушаным голасам неахвотна адказаў:

— Я беларус, ну і што с этава? — ён нервова дрыгануў плячамі і, спрабуючы ўцячы ад размовы, нудна загундосіў: — Мне нада е-е-ехаць!

На выгляд кіроўцу маршруткі было каля сарака гадоў, тыповы беларус: сярэдняга целаскладу, блакітнавокі, светлавалосы. Толькі ў галаве яго пасяліўся «рускі свет», засунуты туды тэлевізійнай прапагандай.

— Беларус?! Як гэта Вы, беларус, не любіце беларускую мову? — здзіўлена запытала я.

— Потому что мы в Советском Саюзе разговаривали на русском языке и это было правильно, и все должны говорить на русском… не надо вот всего этого. Нам не надо. Чтобы принуждать, чтобы заставлять разговаривать на белорусском языке.

— Прызнацца, такога не чула, каб некага прымушалі. Але пакінем размовы пра іншых. Я ж вас ні да чаго не прымушаю, размаўляйце, як вам хочацца, але ж і я жадаю выказвацца, як мне падабаецца, то бок па-беларуску.

— А я не люблю белорусский язык. Потому что все мои родственники разговаривают на русском.

— Праўда? — голас мой напоўніўся скепсісам. — Нешта мне ў гэта не верыцца, калі вы беларус, такога не можа быць, дапускаю, што бацькі вашы размаўляюць па-руску, але каб дзяды і бабулі, то гэта — наўрад ці.

— Да, мои деды тоже по-русски говорят, — хаваючы вочы, няўпэўненай хуткагаворкай невядома для чаго хлусіў кіроўца.

— У нашай беларускай вёсцы дзед з бабкай гавораць па-руску?! І дзе ж такая вёска знаходзіцца? — даймала я яго пытаннямі.

Тут ён збянтэжыўся і зрабіў «прызнанне»:

— Да, на самом деле они разговаривают на белорусском языке.

— І вы, унук, сваім дзеду з бабай заяўляеце, што не любіце іх мову і забараняеце ім з вамі па-беларуску размаўляць?! — паставіла на месца кіроўцу дакорлівым позіркам.

— Нет, я им этого не говорю, — прыціхлым голасам адказаў ён і зноў заныў: — Мне нужно е-е-хаць!

— Ды паспееце яшчэ з’ехаць, — наўмысна затрымлівала я кіроўцу. — Мы ж так «цікава» вядзём бяседу! — пакеплівала з яго, бачачы, як ён, бедны, круціцца, унікае дыялогу: чалавек, які адмаўляецца ад сваіх каранёў дзеля міфічнага «рускага свету», — відовішча, вартае жалю.

— А я вось люблю беларускую мову, бо Беларусь — мая радзіма і тут мой дом, — абмалёўвала я адэпту «рускага свету» рэчаіснасць. — Дык што ж мы будзем з Вамі рабіць?

Кіроўца замяўся, ён не ведаў, што мне адказаць і толькі нервова дрыгаўся.

— Я не знаю, — з цяжкасцю выціснуў ён з сябе словы.

— Затое я ведаю. Нам, беларусам, трэба сябраваць, тым, хто любіць русский язык, і тым, хто любіць беларускую мову! — давялося мне павучыць добрым манерам гэтага сталага недавыхаванага дзядзьку.

Кіроўца маўчаў і адводзіў ад мяне позірк, яму не было чым крыць.

А я больш не жадала працягваць з ім размову і выйшла з маршруткі.

Каментары36

Цяпер чытаюць

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі9

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі

Усе навіны →
Усе навіны

Джон Коўл падзякаваў Лукашэнку за сённяшняе вызваленне палітвязняў16

У Беларусі прыдумалі, як рабіць жаночыя пракладкі з крухмалу3

У Мінску знясуць прыватны сектар каля Свіслачы ў Серабранцы. Што будзе замест?1

Стала вядома, як будзе выглядаць могільнік для радыеактыўных адкідаў у Беларусі3

Ізраіль загадаў жыхарам Бейрута пакінуць вялізны раён Дахіе. У Ізраілі заявілі, што яго чакае лёс сектара Газа13

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі13

Трамп заявіў, што павінен удзельнічаць у выбары новага лідара Ірана8

Трамп заявіў, што ў Зяленскага цяпер «яшчэ менш картаў», і абвінаваціў Кіеў у тармажэнні перамоў14

Буйнога беларускага імпарцёра цюльпанаў злавілі на падатковых махінацыях

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі9

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць