Меркаванні99

Віктар Марціновіч: Беларускія багі, ці Што будзе з тымі, хто валіў крыжы

Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра ўчорашнія падзеі ў Курапатах і магчымы рэванш савецкай мінуўшчыны.

Так, з пункту гледжання паліттэхналогій, логікі і падрыхтоўкі да выбараў ніякага плёну «добраўпарадкаванне» Курапатаў бульдозерамі і трактарамі не мае. Сапраўды, цяпер уладзе трэба актыўна шукаць шляхі да нацыянальнага кампрамісу, «паяднання з народам» і г.д. Але тое, што адбылося 04.04, можна ўспрымаць зусім на іншым узроўні. Не як паліттэхналогію, а як рытуал. Рытуал, першапачаткова зладжаны не з рацыянальнымі, а з адваротнымі рацыянальнасці мэтамі.

Я глядзеў на тое, як на крыжы накідваюць петлі і выцягваюць іх з зямлі над могілкамі, і не мог забыць тую частку «Таемных відаў на гару Фудзі» Пялевіна, дзе тры алігархі, напалоханыя сваім выпадковым паглыбленнем у будысцкія інсайты, вырашылі парушаць усе будысцкія запаветы адразу, каб як найхутчэй пазбавіцца ад прасвятлення, якое моцна муляла.

Крыўдзіць мёртвых і яўна, з асуджэннем прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій, ісці супраць Бога — спрадвеку вельмі хуткі шлях выйсці за межы зразумелага свету і апынуцца ў прасторы, дзе ўсё крыху па-іншаму. Беларусь — тэрыторыя, на якой сышліся ў адвечнай спрэчцы не толькі Захад і Усход, тут вядуць бойку за мазгі мільёнаў хрысціянства і сацыялізм, Новы Запавет і Кодэкс Будаўніка Камунізму, Крыжовы шлях і Вайсковы Парад. Тут ужо секлі галовы цэрквам, тут ужо ўзрывалі храмы, і ў кожнай беларускай вёсачцы ёсць асобны аповед пра тое, якую кару панеслі дурні з сякерамі, што завіхаліся пад нябёсамі.

Але сталінізм — гэта таксама рэлігія, прычым рэлігія магутная, мяркуючы па тым, як дагэтуль «не адпускае» тых-сіх яе заўзятараў. Нарэшце, каб узяць і ні за што пакласці ў зямлю мільёны, каб толькі ў Курапатах забіць тысячы ні ў чым не вінаватых, трэба быць моцным чараўніком. І такія масавыя чалавечыя ахвяры выклікаюць сур’ёзныя і працяглыя наступствы (азірніцеся навокал, мы ў іх жывём). Да нядаўняй пары Беларусь упэўнена схілялася на бок камуністычных багоў: паўсюдныя вуліцы Леніна і Энгельса, уся гэтая моўная нумералогія, з савецкімі абрэвіятурамі ў найменнях устаноў, помнікі катам у любым невялічкім райцэнтры, салюты, чырвоныя зоркі — вось гэта ўсё.

Але апошнія два-тры гады ў афіцыйным спектры пачало праглядаць нешта чалавечае. Нейкія такія, ведаеце, ваганні. Там помнік Леніну прыхаваюць. Моўчкі, каб не злаваць свае чырвоныя нябёсы. Тут акцыю ў гонар сталінскай перамогі «не разрышаць». Святкаванне сотых угодак БНР ля Опернага, зноў жа.

І на тонкім узроўні, калі апісваць гэта ўсё словамі Кастанеды ці Пялевіна, нешта, ведаеце, не пайшло. Заробкі падаюць. У Брэсце няспынныя пратэсты праз акумулятарны завод, Гомель жабруе, з Масквой «ніпаняткі», каровы стаяць абасраныя, капыты — нячышчаныя. Быццам і таго бога, у кіцелі, з люлькай, прагнявілі, і гэтым багам, нармальным, чалавечым, не спадабаліся. Яно, безумоўна, даволі прадказальна, бо багі — не «Газпрам» і не любяць інструментальнага да сябе стаўлення. Калі ты ўжо сталініст, дык насі сваю форму і не аглядайся на БНР-100 ці іншыя дзікунствы «бандэраўцаў». Але нешта тут было і Сізіфава, калі, перад тым як выправіцца ў пекла катаць свой каменьчык угару, той вырашыў пакрыўдзіцца на нябёсы і пасвысвятляць з імі стасункі. То быццам Сталін нам недаплачваў. І газ заўсёды мусіў быць па 80 даляраў за 1 тыс. куб. м проста па факце наяўнасці помніка Леніну ля Дома ўрада.

То — вы заўважылі, як рэзка пачаўся рэванш? Мне асабліва спадабалася, што валка крыжоў у Курапатах супала з перайменаваннем вуліцы Адама Міцкевіча (беларускага паэта) у Рэчыцы ў вуліцу Яўгена Міцкевіча (ганаровага чэкіста, працаўніка АГПУ-НКУС). На тонкім узроўні нас спрытненька вяртаюць назад, да узножжа чыгуннай статуі Сталіна, пад цень агромністых Сярпа і Молата, у надзеі на тое, што савецкія здані выцягнуць нас у гэты лёсавызначальны год.

У гэтай сітуацыі мне асабіста вельмі шкада палеглых у Курапатах: калі дапусціць, што жыццё істоты не канчаецца смерцю (вельмі імаверна) і што душа памерлага мае хаця б які імпэт да пражытага колісь лёсу (меней, але імаверна), як ім, нашым дзядам, продкам, назіраць за тым, што робіцца на народным мемарыяле? І ці хопіць у іх моцы за сябе пастаяць?

Завяршыць хацеў бы цытатай з аднаго беларускага рамана апошніх гадоў:

— Мёртвыя пакрыўджаны, — сказаў ён.

— Мёртвыя пакрыўджаны? — зноўку перапытаў я.

— Мёртвыя пакрыўджаны. Колькі гадоў ужо, колькі стагоддзяў тут сруць на магілы продкаў. Іх зневажаюць, іх, як яны кажуць, «ушчыльняюць», будуючы на могілках жылыя кварталы. Іх крыўдзяць наўмысна, а мёртвыя бачаць, але трываюць. Бо мёртвыя пачынаюць гаварыць толькі ў самых выключных выпадках. І такі выключны выпадак настаў.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Латушка: Лукашэнка асабіста загадаў мне скараціць Спіс помнікаў удвая, бо яны «замінаюць інвестарам»15

Латушка: Лукашэнка асабіста загадаў мне скараціць Спіс помнікаў удвая, бо яны «замінаюць інвестарам»

Усе навіны →
Усе навіны

«Заўсёды хочацца больш». Як трацяць грошы беларусы з заробкам 5—6 тысяч рублёў3

У Беларусі вырашылі знішчыць любыя праявы «польскасці»? Улады цішком рыхтуюць глабальную зачыстку Дзяржаўнага спісу помнікаў38

Пры ўдары па Самары, верагодна, пашкодзілі цэх, дзе вырабляюць электроннае абсталяванне для ракет-носьбітаў «Саюз-2»2

Беларус пайшоў гуляць у лес і сустрэў «вужа на максімалках» ФОТАФАКТ3

Скандальна вядомая сетка дастаўкі сушы «Ёбідаёбі» памяняла назву

Пад Гомелем са дна Сожа паднялі мораныя дубы, якія праляжалі пад вадой тысячы гадоў12

Верагоднасць рэкордна моцнага Эль-Ніньё дасягнула 70%

Талібы прапанавалі ЗША вярнуцца ў Афганістан4

Стала вядома, як склаўся лёс іранскай жанчыны, якая ў знак пратэсту распранулася ва ўніверсітэцкім дворыку16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Латушка: Лукашэнка асабіста загадаў мне скараціць Спіс помнікаў удвая, бо яны «замінаюць інвестарам»15

Латушка: Лукашэнка асабіста загадаў мне скараціць Спіс помнікаў удвая, бо яны «замінаюць інвестарам»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць