Грамадства

Пінск: улада парушае Сусьветную дэклярацыю лінгвістычных правоў

Роўна 10 гадоў таму ў Барсэлёне была прынятая Сусьветная дэклярацыя лінгвістычных правоў. У Беларусі, як даводзяць экспэрты, афіцыйная практыка вельмі часта парушае гэтую дэклярацыю. Спэцыялісты адзначаюць, што ў адукацыі, сродках масавай інфармацыі, у найноўшых тэхналёгіях й сувязі беларуская мова выціскаецца цалкам праз русыфікацыю. Пра новыя факты такіх парушэньняў паведамляе карэспандэнт "Свабоды" зь Пінску.

Да 8 чэрвеня ў перадачах мясцовай тэлевізіі Пінску гучалі конкурсныя праекты гарадзкога гімну. Паводле сябра адмысловага журы Валянціны Матузка, сталіцу беларускага Палесься ўслаўлялі толькі расейскамоўныя тэксты:

(Матузка: ) «У журы склалася меркаваньне, што горад наш – расейскамоўны. Вырашылі, што гімн на расейскай мове будзе просты й зразумелы насельніцтву».

Нагадаем, менавіта на Піншчыне свае найлепшыя творы напісаў малады Якуб Колас, тут жыла «ластаўка Палесься» Жэня Янішчыц. Свае ўзрушаныя ўспаміны пра беларускі горад на Піне пакінуў Уладзімер Караткевіч. Ды й цяпер у суполцы Таварыства беларускай мовы называюць дзясяткі прозьвішчаў маладых беларускамоўных творцаў. Але, як кажа Ўладзімер Скварцоў, яны апынуліся па-за ўвагай арганізатараў конкурсу:

(Скварцоў: ) «Тое, што ў фінал ня трапіў ніводны тэкст на беларускай мове, сьведчыць, што ўмовы гэтага конкурсу былі загадзя вызначаныя неналежным чынам».

Пытаньнямі культуры ў Пінску кіруе загадчык аддзелу гарвыканкаму Аляксандар Лукашэнка. Цёзка прэзыдэнта ўхіляецца ад прамога адказу наконт увагі толькі да расейскамоўнай вэрсіі гімну:

(Аляксандар Лукашэнка: ) «Ну, так атрымалася...»

(Карэспандэнт: ) «Я высьветліў, што гэта была мясцовая ініцыятыва: стварыць гімн Пінску».

(Лукашэнка: ) «Вядома, канечне».

Камэнтуе сытуацыю старшыня грамадзкага Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алег Трусаў:

(Трусаў: ) «У Пінску цяпер да беларушчыны ставяцца надзвычай адмоўна. У мясцовай уладзе адпаведна настроеныя людзі. Я, напрыклад, упершыню чую, каб нейкі рэгіён меў свой гімн. Гербы, так – гэта ідзе яшчэ ад сярэднявечча. Магдэбурскае права давала гораду герб, пячатку й самакіраваньне. Але ніякіх гімнаў і быць не магло. Нават сама назва «Гімн Пінску» – гэта сьмешна».

Паводле старшыні ТБМ Алега Трусава, цяперашняя спроба пінскіх чыноўнікаў заснаваць расейскамоўны гімн спрадвечна беларускаму гораду зьяўляецца канкрэтным фактам парушэньня Сусьветнай дэклярацыі лінгвістычных правоў. Алег Трусаў заяўляе, што ТБМ будзе аспрэчваць хаду й вынікі мясцовага конкурсу ў заканадаўчых органах рэспублікі.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая90

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая

Усе навіны →
Усе навіны

У экс-трэнера зборнай Беларусі па хакеі Уладзіміра Крыкунова забралі дазвол на жыхарства ў Латвіі5

Іран пакараў смерцю трох маладых дэманстрантаў4

Як цяпер выглядае рынак «Ждановічы», дзе ідзе вялікая будоўля ФОТЫ1

Жонка вызваленага палітвязня Кіма Самусенкі апублікавала фота мужа

У Расіі хочуць прыняць закон, каб можна было ўводзіць войскі ў краіны, дзе арыштавалі расіян16

У Іране забілі афіцыйнага спікера КВІР3

Арыштаваных па справе кнігароў перавялі ў СІЗА КДБ. Сярод іх і дачка аднаго са схопленых4

Ціханоўская возьме ўдзел у шэсці ў Варшаве з нагоды Дня Волі4

Макс Корж анансаваў вялікі канцэрт у Стамбуле

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая90

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць