Грамадзяніна Беларусі Глеба Сароку асудзілі ў Інданезіі да 7,5 года пазбаўлення волі за захоўванне наркотыкаў. Прысуд 30‑гадоваму беларусу 24 лістапада вынес раённы суд горада Дэнпасар на востраве Балі, заўважыла Reform.news.

Суд прызнаў Сароку вінаватым у захоўванні 483,5 грама марыхуаны і 33,69 грама какаіну. Акрамя турэмнага зняволення, яму прызначылі штраф у памеры 100 мільёнаў інданезійскіх рупій — каля 5,5 тысячы даляраў. Калі асуджаны не выплаціць гэту суму на працягу месяца пасля вынясення прысуду, штраф заменяць яшчэ на 60 дзён зняволення.
Пракуратура патрабавала для беларуса дзевяць гадоў турмы.
Сароку затрымалі ў красавіку 2026 года. Следства пачалося пасля таго, як на Балі прыслалі пасылку з наркотыкамі са Швейцарыі. Адпраўніком быў пазначаны чалавек па імені Ягор, які цяпер абвешчаны ў вышук.
Беларус заказаў пасылку на імя мясцовага жыхара і папрасіў пакінуць яе ў гатэлі. Калі ён прыехаў забраць адпраўленне, паліцыя яго затрымала. У пасылцы знайшлі марыхуану, а падчас ператрусу ў нумары беларуса ў красоўках знайшлі схаваны какаін.
Каментары