У Івацэвічах мужчына раскідаў на дарозе цвікі-«вожыкі», пратэстуючы супраць інтэнсіўнага руху
У Івацэвічах мужчына пашкодзіў колы як мінімум чатырох аўтамабіляў. Прычынай яго ўчынку стала незадаволенасць інтэнсіўным рухам на гарадскіх вуліцах, паведамляе ivatsevichy.by

Некалькі аўтамабілістаў звярнуліся ў Івацэвіцкі райаддзел міліцыі, калі выявілі пашкоджанні сваіх машын. Падчас руху ў іх праколваліся шыны: у колах знаходзіліся цвікі.
Як высветлілі сілавікі, цвікі на праезную частку раскідаў 62‑гадовы мясцовы жыхар. Аднойчы мужчыну давялося з цяжкасцю пераходзіць дарогу каля свайго дома праз інтэнсіўны рух транспарту. Гэта яго абурыла, і ён вырашыў адпомсціць аўтамабілістам.
З дапамогай абцугоў мужчына сагнуў цвікі асаблівым чынам, зрабіўшы з іх своеасаблівыя «вожыкі». Такая канструкцыя дазваляла ім заўсёды класціся на дарозе вастрыём уверх і праколваць колы аўтамабіляў. У выніку пацярпелі як мінімум чатыры машыны суседзяў. У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу за хуліганства.
Каментары