Аж шэсць дэпутатаў прагаласавалі супраць паправак аб адтэрміноўцы ад прызыву
Рэдкі выпадак у гісторыі беларускага парламента. Калі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў галасавалі ў першым чытанні за папраўкі ў законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы», «за» было толькі 87 чалавек, шэсць прагаласавалі «супраць», а шэсць устрымаліся.
Папраўкі ў парламенце прадстаўляў міністр абароны Андрэй Раўкоў.
«Пэўнай навацыяй з'яўляецца замацаванне абмежавання на прыём на дзяржаўную службу, службу ў сілавы блок краіны грамадзян, якія не прайшлі ваенную службу па прызыве, не маючы на гэта законных падстаў», — цытуе Раўкова interfax.by.
Міністр адзначыў, што гэтае абмежаванне мае канкрэтную мэтавую групу ўздзеяння — «несумленныя грамадзяне рэспублікі, якія свядома і наўмысна пазбягаюць выканання канстытуцыйнага абавязку па абароне Айчыны».
«У сухім астатку застаюцца прызыўнікі, якія хаваюцца за мяжой ці ў рэспубліцы, прымаюць усе меры, каб не атрымаць павесткі ваенных камісарыятаў. Яны прыходзяць у ваенкамат толькі калі ім спаўняецца 27 гадоў, атрымліваюць ваенны білет і ідуць працаваць куды ім хочацца. Прыблізна гэта 4 тыс. чалавек на кожны прызыў. Мы лічым, што такія дзеянні грамадзян несумяшчальныя з займаннем дзяржаўных пасадаў. Як яны могуць працаваць у інтарэсах дзяржавы, калі наўмысна не выканалі воінскі абавязак у інтарэсах гэтай жа дзяржавы», — дадаў кіраўнік Мінабароны.
У выніку дэпутаты прагаласавалі за законапраект у першым чытанні.
Нагадаем, што асноўныя новаўвядзенні законапраекта наступныя:
1. Адтэрміноўка для атрымання адукацыі будзе давацца толькі раз. Пасля школы малады чалавек, напрыклад, можа паступаць у ВНУ, сярэднюю спецыяльную ўстанову. Але, калі ён адвучыўся ў каледжы, яму прыйдзецца спачатку адслужыць, а потым ісці ў ВНУ. Калі пасля школы хлопец адвучыўся ў ВНУ, то адслужыць давядзецца перад магістратурай.
2. Прызыўная камісія можа прыняць рашэнне аб прызнанні чалавека «грамадзянінам, які не прайшоў ваенную службу па прызыве, не маючы на тое законных падстаў». Такімі будуць прызнаныя хлопцы, якія да 27 гадоў ўхіляліся ад прызыву. Звесткі аб тым, што яны не прайшлі ваенную службу, будуць заносіцца ў ваенны білет у графу «Асаблівыя адзнакі». З такой адзнакай не возьмуць у МУС, МНС, Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, у органы фінансавых расследаванняў КДК, СК, а таксама на дзяржслужбу.
3. Тым, хто «належна апавешчаны і не з'явіўся на мерапрыемствы па прызыве», забароняць выезд за мяжу. Маладога чалавека павінны прызнаць ухілістам (а гэта пэўная працэдура з завядзеннем крымінальнай справы і інш.) І толькі потым выезд могуць забараніць.
4. Разам з тым тых, хто пасля вучобы пойдзе ў войска па кантракце, вызваляць ад размеркавання. Пры гэтым грошы за адукацыю яны вяртаць не будуць.
Каментары