Гісторыяй пра тое, як спявачка Алеся разам з сябрам Лукашэнкі праз афіляваную юрасобу заглушыла амаль увесь рынак тэле- і радыёрэкламы ў Беларусі, дзеліцца партал расследаванняў belsled.org.
Як высветлілася некалькі гадоў таму, адзін з самых шыкоўных катэджаў у элітнай вёсцы Веснінка (гэта «Дразды-2») пабудаваў сам… Анатоль Ярмоленка. Канечне, народны артыст Беларусі вядомы на ўсёй постсавецкай прасторы і заўсёды сябраваў з уладай: у 2006 годзе яго ансамбль «Сябры» выканаў бессмяротны хіт «Слухай бацьку!», а зараз Анатоль Ярмоленка апраўдвае прызыў у армію магістрантаў і аспірантаў. Але ўсё ж, ці можна аднымі турамі зарабіць на асабняк, круцейшы, чым у найвышэйшых чыноўнікаў і мясцовых алігархаў?
Самы папулярны моладзевы тэлеканал у Беларусі — TNT-International, належыць ТАА Trio Media, уладальнікам якога з 2015 года з'яўляецца яшчэ адзін жыхар Вяснінкі, асабісты сябар Аляксандра Лукашэнкі Сяргей Цяцерын, а таксама дачка Анатоля Ярмоленкі Вольга Мінец, больш вядомая як спявачка Алеся. Можа, «кудзесніца лесу» раптам стала паспяховай бізнэсоўкай і, безумоўна, дапамагла бацьку ў будаўніцтве катэджа-амфітэатра. Дарэчы, менавіта яна ў 2018 годзе афіцыйна набыла асабняк спевака за сімвалічную плату 50 тысяч даляраў.
За апошнія некалькі гадоў Вольга Мінец разам з Сяргеем Цяцерыным праз афіляваныя юрыдычныя асобы падмялі пад сябе амаль увесь рынак тэле- і радыёрэкламы, тым самым стаўшы ценявымі медыямагнатамі Беларусі.
Перш чым працягнуць, неабходна зрабіць лірычнае адступленне і сцісла распавесці пра тое, як уладкаваны рэкламны рынак у медыясферы Беларусі.
Як вядома, галоўны прыбытковы артыкул любога медыя — гэта продаж рэкламы. З развіццём медыярынку буйным СМІ стала больш выгадна не ўтрымліваць уласную рэкламную службу, а даручыць гэтую дзейнасць самастойным фірмам-пасярэднікам, якія называюцца медыяселерамі. У задачы селераў уваходзіць продаж рэкламных магчымасцяў СМІ рэкламадаўцам і рэкламным агенцтвам.
Натуральна, самыя прыбытковыя селеры працуюць са СМІ з самай дарагой рэкламай — гэта значыць, з тэлеканаламі. Але каб правільна купіць або прадаць рэкламу, неабходна валодаць дакладнай інфармацыяй аб рэйтынгах тэлеканала ў розны час вяшчання, а таксама аб якасных характарыстыках яго аўдыторыі. Уся гэтая інфармацыя замяраецца адмысловымі фірмамі-вымяральнікамі.
У Беларусі існуюць два тэлевізійныя селеры. Найстарэйшым з іх з'яўляецца фірма «ВіАйБел» (VIBel), створаная ў далёкім 1999 годзе. Цяпер яна займаецца продажам рэкламы на такіх тэлеканалах, як АНТ, СТБ, РТР-Беларусь, ТВ3-Бел, БелМузТВ. З 2019 года яна таксама абслугоўвае значны сегмент радыёрынку: «Гумар ФМ», «Рускае радыё», «Рокс», Мелодыі века» і іншыя.
Другі тэлевізійны селер прыйшоў на беларускі рынак з 2014 года пасля таго, як Белтэлерадыёкампанія правяла адпаведны тэндар і заключыла кантракт з фірмай «Алькасар Медыя Сэрвіс». Абедзве фірмы першапачаткова з'яўляліся адгалінаваннямі аднайменных прэстыжных расійскіх кампаній.
Аднак, як вынікае з інфармацыі рэгістра юрыдычных асоб, 31 снежня 2015 года «ВіАйБел» на 99% адышоў фірме ТАА «ФлуменІнвест», якая на 50% належыць вядомай фірме Сяргея Цяцерына «БелГлобалСтарт».
Што тычыцца «Алькасар Медыя Сэрвіс», то ўсяго праз паўтара месяца пасля заключэння кантракта з БТ ён быў цалкам перааформлены на кіпрскую фірму «Русат Сатэлайт Лімітэд». Дазнацца пра яе ўласнікаў цяжка, але па ўскосных прыкметах можна вызначыць, з кім яна звязаная.
Пры ўважлівым разглядзе выпіскі з рэгістра юрыдычных асоб высвятляецца, што юрыдычны адрас, е-мэйл і кантактны тэлефон «Алькасар Медыя Сэрвіс» цалкам супадаюць з вышэйзгаданай фірмай Сяргея Цяцерына і Вольгі Мінец ТАА «Трыа Медыя».
Цяпер наконт вымярэння рэйтынгаў тэлеканалаў і радыёстанцый. Гэты рынак у Еўропе (за рэдкім выключэннем) падзелены паміж трыма прафесійнымі міжнароднымі карпарацыямі, адна з якіх нават выйграла ў Беларусі адпаведны конкурс у 2011 годзе.
Але ў нашай краіне сацыялогія — справа дзяржаўнай важнасці, таму даследаваннем аўдыторыі ўсіх тэлеканалаў і радыёстанцый зараз займаецца ПУП «Рэальнае вымярэнне», дырэктарам якога з'яўляецца былы загадчык сектара сацыялогіі СМІ і ІТ Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Віталь Студэнт, а ўласнікам, падобна, — яго бацька Сяргей Студэнт.
У 2018 годзе на гэтым рынку з'явіўся пасярэднік — адзіны замоўца вымярэнняў аўдыторыі тэлебачання і радыё, які аплаціў правядзенне даследаванняў на некалькі гадоў наперад і зараз прадае доступ да базы дадзеных усім рэкламным агенцтвам і рэкламадаўцам.
Гэтым адзіным замоўцам стала фірма «АМГ-Кансалт», 90% якой аформлена на кіпрскую фірму «Абрыма Энтэрпрайзіс Лімітэд». Не трэба лезці ў кіпрскія рэестры, каб выявіць, што ў «АМГ-Кансалт» усё той жа е-мэйл, што і ў «Трыа Медыя», а зарэгістраваны ён на ўсё той жа кантактны тэлефон, які належыць дырэктару «АМГ-Кансалт» Вікторыі Саўчыц (Мержва), якая раней працавала на тэлеканале БелМузТБ.
І гэта яшчэ не ўсё. Акрамя тэлебачання і радыё, досыць прыбытковым з'яўляецца і рынак інтэрнэт-рэкламы. У беларускім сегменце інтэрнэту дзейнічаюць тры вялікія сэлеры: WebExpert, Admixer і ENTER NET AV.
Апошні — самы малады з трох, зарэгістраваны ў 2016 годзе. За кароткі час фірме ўдалося заняць важнае становішча на рынку. У цяперашні час ЭнтэрНэтАВ прадае беларускай аўдыторыі банерную і мабільную рэкламу на кучы беларускіх і расійскіх сайтаў — ад kyky.org да Лента.ру, гандлюе відэарэкламай на папулярных відэасэрвісах накшталт Megogo або Rutube, а таксама з'яўляецца эксклюзіўным партнёрам Яндэкса ў Беларусі па продажы рэкламы на галоўнай старонцы.
Дык вось, 80% фірмы «ЭнтэрНэтАВ» належыць… усё той жа Вользе Мінец.
Дарэчы, пра БелМузТВ. 10% тэлеканала таксама належыць Вользе Мінец, астатнія 90% — фірме-сузаснавальніку «Трыа Медыя», ТАА «АМГ-Інфарм», за якой знаходзім усё тую ж кіпрскую фірму «Абрыма Энтэрпрайзіс Лімітэд».
У сваю чаргу, фірме «Трыа Медыя», акрамя ТНТ-International, з 2017 года належыць яшчэ і 50% кампаніі ТАА «Дабрабачанне», якая з'яўляецца праваўладальніцай тэлеканала ВТВ. Сетка вяшчання гэтага канала ў асноўным складаецца з прадукту расійскага СТС, таму нядзіўна, што ён уваходзіць у дзясятку самых папулярных каналаў Беларусі, а сярод аўдыторыі ва ўзросце да 44 гадоў займае сёмае месца.
Напрыканцы некалькі слоў пра яшчэ аднаго чалавека, які, трэба меркаваць, і з'яўляецца трэцім у тым самым «трыа». У мінулым расследаванні мы мімаходам згадалі мужа Вольгі Анатольеўны, за якога яна выйшла замуж у 2011 годзе. Гэта Леанід Ігаравіч Мінец, які з 2007 па 2011 год быў адным з уласнікаў тэлеканала БелМузТБ.
Паколькі СМІ называлі яго ўладальнікам канала БелМузТБ яшчэ ў 2016 годзе, а сам ён пераважна пражывае на Кіпры, рызыкнём выказаць здагадку, што менавіта ён з'яўляецца канчатковым бенефіцыярам і ТАА «АМГ-Інфарм» і ўсіх кіпрскіх фірмаў нашага расследавання.
Думаем, нікому не трэба тлумачыць, як фігурантам нашага расследавання ўдалося дамагчыся такіх неймаверных поспехаў у бізнэсе. З Сяргеем Цяцерыным усё ясна: гуляў у тэніс з Лукашэнкам, касіў з ім траву і збіраў кавуны, таму цяпер для яго ўсе дарогі адкрыты. Спявачка Алеся таксама не апошні чалавек у нашай краіне. А вось яе муж… Па паведамленнях СМІ, Леанід Мінец да шлюбу меў нейкі бізнэс у Аўстрыі. Можа, ён сапраўды проста паспяховы прадпрымальнік? Можа, і так.
Вось толькі пры спробах знайсці хоць нейкую інфармацыю пра яго поспехі ў краінах Еўропы, можна натрапіць толькі на пару навін пра нейкага грамадзяніна Беларусі па імені Леанід Мінетс, якога ў 2009 годзе суд Латвіі прызнаў вінаватым у махлярстве і прысудзіў да штрафу, а праз 3 гады — яшчэ і да кампенсацыі шкоды дзяржаве ў памеры амаль 1,7 мільёна даляраў.
Каментары