Меркаванні

Гулі не аднаго ў лапці абулі

Недарэчна, калі зьверху пачынаюць чытаць патрыятычныя маралітэ тым, хто заўсёды быў за незалежнасьць. Піша Аляксандар Класкоўскі.

Недарэчна, калі зьверху пачынаюць чытаць патрыятычныя маралітэ тым, хто заўсёды быў за незалежнасьць. Піша Аляксандар Класкоўскі.

У такіх выпадках Гарбачоў казаў: «Нам падкідваюць». Пасьля пэўных эківокаў улады мысьляры дэмакратычнай супольнасьці зноў ламаюць галаву над дылемай. Ісьці або не ісьці на «супрацоўніцтва з дыктатарам», калі Айчына ў небясьпецы?

Маецца на ўвазе расейскі сцэнар задушэньня нашай незалежнасьці газам. Дзеля яе абароны апазыцыі нібыта прапануецца стаць у адзін шыхт з уладай. Змагацца не «за Сталіна», а за Радзіму.

Але калі адкінуць мэтафары, дык што мы бачым?

Недарэчна, калі зьверху пачынаюць чытаць патрыятычныя маралітэ тым, хто заўсёды быў за незалежнасьць. У тым ліку й тады, калі дзяржаўныя прапагандысты заклікалі зьліцца з Расеяй у экстазе.

Нацыянальна сьвядомая грамада так ці іначай будзе змагацца за вольную Бацькаўшчыну (нават калі б здарылася найгоршае і намэнклятура ўжо стаяла ў чарзе па маскоўскія ярлыкі на княжаньне).

Дык што ж насамрэч прапануецца апанэнтам рэжыму? «Усяго толькі» зьняць нібыта недарэчныя – бо акурат жа «крытычныя дні»! – прэтэнзіі да кіроўных вярхоў. Адсунуць убок усе гэтыя свае дэмакратычныя бразготкі.

Тут некалькі разьлікаў.

Згуляць на незалежніцкім рэфлексе. Абуць наіўных у лапці. Максымальна нэўтралізаваць палітычных супраціўнікаў, каб не ачолілі пратэсты ва ўмовах нарастаньня эканамічных цяжкасьцяў. Атрымаць пэўны абсяг для гульні з Захадам (пабачце, панове, якая ў нас ідылічная ўнутраная кансалідацыя!). Урэшце, наладзіць даўно жаданую сэлекцыю. То бок пакінуць на развод «канструктыўную» апазыцыю і дадушыць астатнюю – як канчаткова выкрытую ва ўмовах газавай вайны пятую калёну.

Іншых, болей высакародных, матываў пакуль што не разгледзіш і празь мікраскоп. Бо іначай бы альгарытм дзеяньняў улады мусіў быць зусім іншы. Якая ж тут, трасца яе бяры, абарона Бацькаўшчыны, калі змагары-незалежнікі абяззброеныя, у кайданках, з кляпам у роце?

Як ні парадаксальна, але сёньня, спэкулюючы момантам, хочуць яшчэ й дамагчыся нейкіх васальных клятваў ад тых, каму за незалежніцкія перакананьні столькі гадоў мялі рэбры.

Насамрэч ніякай дылемы (што найперш – дэмакратыя ці сувэрэннасьць?) перад апазыцыяй няма. Так даводзіць палітоляг Валер Карбалевіч. Бо дэ-факта пагроза незалежнасьці й дэмакратыі ў нас зыходзіць з адной крыніцы...

Калі ж фантастычным намаганьнем уявіць, што ўлада насамрэч дасьпела, каб паставіць на службу сувэрэнітэту дэмакратычны патэнцыял, то трэба яго элемэнтарна разьняволіць. Выпусьціць з-за кратаў усіх ахвяраў палітычнага перасьледу. Стварыць партыям людзкія ўмовы – для пачатку на мясцовых выбарах (пусьціць нарэшце ў гэтыя табуяваныя выбаркамы!). Вярнуць у каталёгі ды шапікі незалежную прэсу (заўважце, адзін корань зь «незалежнасьцю»!). Сьпіс можна доўжыць і доўжыць, бо задушылі ж усё, што маглі.

Сёньня, калі навісла расплата за інтэграцыйныя гулі, менавіта ўлада мусіць даводзіць сваю адданасьць ідэалам незалежнасьці. А не распачынаць іншыя, цяпер ужо фальшыва-патрыятычныя забаўкі.

Каментары

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну32

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі пацвердзіў, што карвет «Меркурый» каля Лівіі патапіла Украіна. Другой цэллю быў сухагруз «Ангара»3

Фінансы акцёра Эштана Кутчэра перасягнулі адзнаку адзін мільярд даляраў2

У Расіі пасля атак дронаў гараць два НПЗ і нафтавая станцыя, звязаная з «Дружбай»5

Мінчук развесіў фота суседкі ў пад'ездзе і зрабіў «дошку ганьбы»15

Новы хітрык махляроў. Зараз тэлефануюць нібы ад імя «Белэнерга» і прапануюць праверыць электрычнасць1

Дэмакраты атрымалі найбуйнейшую большасць у Палаце прадстаўнікоў ЗША з 1992 года2

Памятаеце Насту Рыбку? Яна цяпер праваабаронца19

Мінчанцы забаранілі хадзіць у спартзалу з дзіцем у вазку7

Z-каналы скардзяцца на страту пазіцый на Сумскім кірунку і рыхтуюцца да абароны Курскага памежжа9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну32

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць