«Пэўна ж, пра гэты край Баршчэўскі ў «Шляхціцы Завальні» піша?» – запытвалі менчукі, прыяжджаючы ў Сітна. Менавіта.
«Пэўна ж, пра гэты край Баршчэўскі ў «Шляхціцы Завальні» піша?» – запытвалі менчукі, прыяжджаючы ў Сітна. Менавіта. Ды, шчыра сказаць, да часу мяне гэта абыходзіла: прачытаўшы «Шляхціца...» яшчэ калісьці ў школе, лічыў, што казачны трымценьнік ХІХ стагодзьдзя – не чытво для сучаснага хрысьціяніна.
Але, калі томік Баршчэўскага прынёс мне Робэрт Багарад (той самы, які слухае радыё «Свабода» з пачатку вяшчаньня) і паказаў, што тут тройчы згадваецца Сітна, мне чыста дзеля ветлівасьці давялося перагарнуць колькі старонак. І мой колішні стэрэатып як прыпячатала: «...Вось да чаго даводзіць п’янства і зухаватасьць бязбожная!»
З фантастычнага аповеду яўна патыхала сіценскай рэальнасьцю. Пачаў перачытваць – і перада мной раптоўна адкрылася добра вывучаная за дзесяць апошніх месяцаў карціна. Настрой тутэйшага насельніка, гэтак выяўна перададзены Баршчэўскім, і праз 150 гадоў застаўся той самы: «Жыхары гэтага краю, а менавіта Полацкага, Невельскага ды Себескага павету, спрадвеку пакутуючы, зусім зьмяніліся характарам: на іх тварах заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасьць. У іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду». Адразу пазнаеш зямлю, зь якой 1000 гадоў таму пачалася Беларусь і якая ўяўляе цяпер сабою цьмянае дно. І, прыгледзеўшыся – а людцы мае! – бачыш, бачыш тых самых пачвараў, якія насялялі старонкі «Шляхціца Завальні». Лесавікі, п’яныя дык страшнейшыя за фінскіх монстраў з «Эўравізіі»; кабеты-інсэкты, зморшчаныя ад злосьці й «максімкі», якія прагудуць вам вушы пра «нашага прэзыдэнта»; карузьлікі, дзеці алькаголікаў, што днямі корпаюцца на сьметніках, ганяюць па вёсцы жывёлу ды птаства й праводзяць мінака дзікаватым позіркам; лёкаі, што сябруюць зь нячыстым (дзесьці ў мясцовых уладных структурах) і маюць праз гэта падазронае багацьце...
Тады, у часы пана Завальні, уся грамада нячыстай сілы хаця й панавала над краем, але адступала перад воляю пабожнага: «У нас яшчэ, дзякуй Богу, шануюць сьвятую веру, а д’ябал ад крыжа й малітвы ўцякае». А цяпер ужо не шануюць. «Бог ёсьць, толькі мы ў Яго ня верым...» Быццам Плачка, блукае багамолка, упрошвае сельсавет ды Полацка-Глыбоцкую япархію пабудаваць тут царкву... Марна. І вось паўстаюць у Сітне страшыдлы куды жахлівейшыя, што й ня сьніліся сучасьнікам Завальні.
Драпежны Леспрамгас, які, быццам агромністы караед, выгрызае лепшыя полацкія лясы гектарамі, пакідаючы толькі скалечаныя тралёвачнымі гусеніцамі й вываратнямі пусткі.
Гіганцкая Чорная Мытня, што аблытала шчупалкамі ўсе тутэйшыя дарогі, распладзіла зграі ваўкалакаў у пагонах ды начамі, аж стогн стаіць, высмоктвае зь беларускай зямлі ўсе скарбы.
Жудасны Палігон, які разарыў ды працяў жалезьзем і танкавымі дырэктрысамі цэлы павет і, нібыта дракон, час ад часу прачынаецца з пачварнымі сутаргамі й грымотамі й зарывам да небакраю.
Крэпасьць Івана Жахлівага, даўно спаленая, але няўмольнай зданьню прысутная ў сьвядомасьці кожнага вяскоўца, каб вартаваць рабства паняволенай краіны.
Нарэшце, Максімка, агнявы дух, існы амаль у кожнай сіценскай хаце, які кідае людзей у эпілепсію, прымушае іх дурэць, біцца адно з адным і накладаць на сябе рукі.
Сядзіш у інтэрнаце цёмнымі вечарамі, быццам сам Завальня ў сядзібе, штодня прымаеш усё новых падарожных – вяскоўцаў, «хімікаў», прыежджых паплечнікаў, чуеш усё новыя й новыя страшныя гісторыі – і думаеш рыхтык словамі з Баршчэўскага: «Ня сьпіць злы дух, усюды шкодзіць людзям і заўсёды сябруе з тымі, хто забывае пра бліжніх сваіх».
У наш век вампірскіх жудзікаў, бэтмэнаў і гары потэраў сэнс кнігі Баршчэўскага звычайна зводзяць да аднаго сумнеўнага аргумэнту – маўляў, нашая беларуская мазгаўня здольная спараджаць жахі ня горшыя, чым у Хічкока ці Кастанэды. Між тым, у адрозьненьне ад згаданага псыхадэлу, кожная (кожная!) гісторыя Баршчэўскага завяршаецца настойлівай і трапнай маральлю: самая жахлівая нечысьць, што плодзіцца ад бязбожжа, страху ды бяспамяцтва, перамагаецца Боскай верай і любоўю ў тваім уласным сэрцы. Як напісана ў Бібліі: «Упакорцеся Богу, успраціўцеся д’яблу – і ён уцячэ ад вас» (Якава 4:7).
Заключныя словы Завальні да Янкі – запавет кожнаму вандроўнаму беларусу, які раптам апынуўся пасярод пачвараў. «Ідзі ў сьвет, шукай сабе долі, любі Бога, бліжняга і праўду. Воля Творцы цябе не пакіне. Калі спаткаеш дзесьці там шчасьлівейшых ад нас людзей, не забывай пра пакуты сваіх землякоў. Няхай твая малітва да Бога лучыцца зь іх малітвамі. Можа, калі-небудзь і нашыя дзікія пушчы й лясы загучаць весялосьцю. Бог магутны й міласэрны».
У Боскасьці й беларускасьці апошнія стагодзьдзі было багата сьмяротных ворагаў. Але калі не дранцьвець перад імі, не палохацца, не хавацца ў бульбу – раптам адкрыеш, што ўсе гэтыя пачвары народжаныя сном нашага ж розуму. І пераканаесься: каб скончыць валадарства нечысьці на нашай зямлі, нам патрэбнае проста нацыянальнае абуджэньне.
в.Малое Сітна
Каментары