«БПС-Сбербанк» адказаў на прэтэнзіі жонкі памерлага кіроўцы: «Дапамога будзе. Але мы не згодны з інтэрпрэтацыяй»
«Наша Ніва» апісвала трагічную гісторыю, якая адбылася праз каранавірус у цэнтральным офісе БПС-Сбербанка.
Чытайце: Каранавірус у БПС-Сбербанку: 51-гадовы кіроўца памёр, топ-менеджары ў бальніцы
Пасля смерці 51-гадовага Эдуарда Ціхамірава ягоныя сваякі заяўлялі аб намеры судзіцца з банкам.
На момант выхаду публікацыі аператыўнага каментара ад банка не было, аднак сёння прэс-сакратар «БПС-Сбербанка» Арсень Ліпскі адказаў на пытанні «Нашай Нівы».
«Наша Ніва»: Ці адпавядаюць рэчаіснасці словы сваякоў аб тым, што нейкі супрацоўнік банка — нулявы пацыент — пасля вяртання з-за мяжы (а канкрэтна — з Іспаніі, краіны з высокай рызыкай), быў пратэсціраваны на каронавірус, але хадзіў на работу да таго, як прыйшоў станоўчы вынік?
Арсень Ліпскі: Гэта няпраўда, мы такую трактоўку адмаўляем цалкам, не разумею, з якіх чутак гэта ўзялося, што яны так гэта разумеюць.
Першы станоўчы тэст у нашага супрацоўніка, пра які нам стала вядома, прыйшоў 27 сакавіка. Ніводзін з 12 пацверджаных супрацоўнікаў у лютым і сакавіку не быў у Іспаніі.
Да таго ж у нас было прынята распараджэнне, згодна з якім усе, хто вяртаецца з-за мяжы, ідуць на мусовую самаізаляцыю на 14 сутак, так было і асабіста са мной у пачатку сакавіка.
«Наша Ніва»: Вы сказалі, што першы вынік тэсту прыйшоў 27 сакавіка. А калі ён быў зроблены?
Арсень Ліпскі: Такой інфармацыі у мяне няма. Мы ж не ведалі, з якім дыягназам наш супрацоўнік сыходзіць на бальнічны.
Але першую супрацоўніцу, у якой быў выяўлены каранавірус, шпіталізавалі 18 сакавіка. Першы вынік тэсту прыйшоў 27 сакавіка.
Яна была за мяжой у першай палове лютага, але не ў Еўропе.
Магчыма, сваякі Эдуарда і могуць мець на ўвазе гэтага чалавека, але часу між вяртаннем і шпіталізацыяй прайшло шмат, мы не бачым тут сувязі.
Да таго ж, у кантактаў першага кола гэтай жанчыны, у тым ліку тых, хто працаваў з ёй у кабінеце, няма ніводнага станоўчага тэста.
«Наша Ніва»: Як банк падтрымае сям'ю?
Арсень Ліпскі: У нас ёсць калектыўная дамова, усе супрацоўнікі — удзельнікі. Ёсць пункты, якія апісваюць сітуацыю, якая здарылася. У дамове зафіксавана падтрымка сваякам, апісана базавая падтрымка, якая аказваецца ў мусовым парадку — канечне, кампенсацыя выдаткаў на пахаванне.
Апроч гэтага, мы вядзем размову аб матэрыяльнай падтрымцы сям'і. Мы звязваліся са сваякамі, але яго грамадзянская жонка па працэдуры не лічыцца сваяком, яны ж не распісаны. Таму гавораць не з ёй, а з братам.
Ёсць і іншыя магчымасці, у рамках якіх выплачваецца да паловы гадавога акладу супрацоўніка, які сышоў з жыцця. Рашэнне аб такой падтрымцы прымаецца калегіяльным рашэннем кіраўніцтва банка. Вялікая доля верагоднасці, што гэтая падтрымка будзе аказаная.
Хачу падкрэсліць, што мы ні ў якім разе не ўступаем з сям'ёй у палеміку. Мы выказваем глыбокія спачуванні родным і блізкім спадара Эдуарда.
Каментары