У Беларусі закрываюць для пасажыраў 30-кіламетровую чыгуначную лінію. Па ёй яшчэ ходзіць незвычайны цягнік
У Беларусі для пасажыраў закрываюць не проста станцыю, а цэлую чыгуначную лінію даўжынёй больш за 30 кіламетраў з васьмю станцыямі. Па гэтай лініі пакуль яшчэ ходзіць (да закрыцця засталося ўсяго паўтара месяца) незвычайны цягнік, піша Blizko.by.

Што адбылося?
Краязнаўца і блогер Дзяніс Блішч выклаў фатаграфію аб'явы, якой з ім падзяліўся адзін з падпісчыкаў. У аб'яве гаворыцца:
«З 26 мая 2025 года цягнікі рэгіянальных ліній эканом-класа №961, №963 Асіповічы — Градзянка (адпраўленнем з Асіповічаў 09:41 і 20:57, прыбыццём на станцыю Градзянка ў 11:15 і 22:34), №964 Градзянка — Асіповічы (адпраўленнем з Градзянкі ў 16:28, прыбыццём у Асіповічы ў 17:58); з 27 мая 2025 года цягнік рэгіянальных ліній эканом-класа №962 Градзянка — Асіповічы (адпраўленнем з Градзянкі ў 06:03, прыбыццём у Асіповічы ў 07:32) адмяняюцца».

Хтосьці можа падумаць: ну і добра, усяго два цягнікі адмянілі. Але гэтыя два цягнікі ў дзень — гэта ўвогуле ўсе цягнікі, якія ідуць у тым кірунку, усе 100% цягнікоў.
Да закрыцця пасажырскага руху застаецца крыху больш за месяц.
Што гэта за кірунак?
Чыгуначная ветка Асіповічы — Градзянка — унікальная па беларускіх мерках лінія. Знаходзіцца яна ў Магілёўскай вобласці і самым сваім кончыкам заходзіць таксама ў Мінскую вобласць. Пра ўнікальнасць скажам крыху ніжэй, а пакуль трохі гісторыі.
Ад галоўнай лініі Асіповічы — Мінск на станцыі Вярэйцы адгаліноўваецца шлях, які ідзе на паўночны ўсход раёна. Там, сярод лясоў, у 1905 годзе была пабудаваная лесапільня каля маленечкага паселішча Градзянка. Лесу было шмат, вывозіць яго трэба было больш эфектыўна, чым проста вазамі, таму прамысловец Мікалай Радзівіл арганізаваў акцыянернае таварыства і ў 1911 годзе была адкрыта чыгуначная лінія ў Градзянку. Гэтае адгалінаванне з'явілася раней, чым больш важныя лініі Асіповічы — Магілёў або Жлобін — Калінкавічы, якія злучаюць буйныя вузлавыя станцыі.
На ёй былі прамежкавыя прыпынкі і станцыі, таксама ад станцыі Уборак зрабілі яшчэ адно адгалінаванне на паўднёвы захад, на станцыю Завішына. Ва Уборку нават было разваротнае паравознае кола.
На старых картах у Градзянцы можна разгледзець скарачэнне «Пильн.», то-бок пільня. Тут наогул многія населеныя пункты так ці інакш звязаныя з лесам: вёскі Дзеражно і Старое Дзеражно (гэтыя назвы, таксама як і Дражня, азначаюць месца раскрыжоўвання лесу), лясны тэхнікум, смалакурні пры станцыях.

Лінію на Завішына разабралі ў 1953-м, пасля чаго засталася толькі галоўная лінія: Асіповічы — Вярэйцы — Градзянка з прамежкавымі прыпынкамі і станцыямі Цэль, Лапічы, Восава, Гоманаўка, Уборак, Пагарэлае, раз'езд Лазавы і ўласна станцыя Градзянка. Даўжыня лініі ад Вярэйцаў да Градзянкі — 34 км, а ўвесь шлях ад Асіповічаў — 44 км.
Дарэчы, менавіта на гэтай лініі праходзілі выпрабаванні аднавагоннага дызель-цягніка Д1 вытворчасці польскага завода PESA, якіх БЧ закупіла шэсць штук і якія цяпер працуюць у дэпо Магілёва і Калінкавічаў.
У чым унікальнасць лініі?
Пакуль пасажырскі рух па лініі не закрылі, тут ходзіць адзіны (прычым адзіны ўжо шмат-шмат гадоў) грузапасажырскі цягнік. Што гэта значыць? Тое, што да цеплавоза М62 прычэпленыя адначасова і пасажырскія, і таварныя вагоны.

Усе вы маглі бачыць на іншых лініях у пасажырскага цягніка прычэплены да звычайных вагонаў паштовы вагон. Але ў выпадку з Градзянкай гаворка не пра паштовыя вагоны, а менавіта пра таварныя. Гэта значыць, гэта могуць быць у розных спалучэннях адкрытыя паўплатформы, вагоны-хоперы для сыпкіх грузаў, закрытыя вагоны, паўвагоны для перавозкі лесу, цыстэрны і да т. п. І вось такія вагоны прычапляліся адначасова з пасажырскімі. Часцей прычаплялі адзін пасажырскі, і толькі часам у летні час маглі дадаваць другі.

Бывала і такое, што ў дарогу адпраўляўся цеплавоз толькі з адным-адзіным вагонам — пасажырскім — без таварных наогул.

Яшчэ адна асаблівасць лініі ў тым, што гэта, падобна, апошняе месца ў Беларусі, дзе можна праехацца ў вагоне з драўлянымі сядзеннямі. У дзень паездкі журналістаў Blizko.by па лініі да цягніка быў прычэплены толькі адзін пасажырскі вагон: выпушчаны ў 1976 годзе на Калінінскім вагонабудаўнічым заводзе (у Цвяры) і прайшоў некалькі капітальных рамонтаў на гомельскім заводзе. '
Драўляныя лаўкі, размешчаныя па схеме 2+3, пранумараваныя, усяго ў вагоне 95 сядзячых месцаў. Але такая колькасць пасажыраў ці наўрад ці калі-небудзь набіралася ў цягніку: часцей едуць не больш за дзясятак, максімум два дзясяткі пасажыраў, калі толькі кампанія аматараў чыгунак не адпраўлялася на «пакатушкі».


Калі менавіта ходзяць цягнікі?
Цяпер у раскладзе два цягнікі: адзін штодзённы, другі па выхадных. Схема іх руху такая. Цягнік №963 адпраўляецца з Асіповічаў штодня ўвечары і прыбывае ў Градзянку а палове адзінаццатай. Там ён начуе і а шостай раніцы наступнага дня адпраўляецца назад у Асіповічы. Па выхадных дадаецца яшчэ адзін цягнік: раніцай ён адпраўляецца з Асіповічаў і прыбывае ў Градзянку неўзабаве пасля адзінаццатай, у палове ж пятага вечара ідзе назад на Асіповічы.


Некалькі гадоў таму абодва цягнікі былі штодзённымі. Роўна тры гады таму адзін з жыхароў Асіповіцкага раёна на сустрэчы з Наталляй Качанавай скардзіўся, што ранішні штодзённы цягнік адмянілі. Наталля Іванаўна тады адказала:
«Развіццю рэгіёнаў надаецца самая вялікая ўвага, таму трэба не скарачаць колькасць цягнікоў, а радавацца, што людзі сюды едуць».
У вырашэнні гэтага пытання было даручана паглядзець, якая колькасць людзей карыстаецца рэйсам у гэты час.

Час у дарозе складае ад 1 гадзіны 29 хвілін да 1 гадзіны 37 хвілін. Гэта значыць, сярэдняя хуткасць руху складае ўсяго толькі каля 27-29 км/г. Кошт квітка — 1 рубель 76 капеек.

Чаму цягнікі адмяняюць?
У тэксце аб'явы сказана, чаму пасажырскія цягнікі адмяняюць:
«У сувязі з вельмі нізкім пасажырапатокам, а таксама наяўнасцю аўтобусных зносін на ўчастку Асіповічы — Градзянка».
Расклад аўтобусаў паказвае, што ёсць два штодзённыя аўтобусы Асіповічы — Градзянка (адпраўленнем з Асіповічаў каля паловы сёмай раніцы і каля гадзіны дня), а па пятніцах і суботах да іх дадаецца трэці аўтобус. Адлегласць у 53 км аўтобус праходзіць за 1 гадзіну 30 хвілін — 1 гадзіну 50 хвілін. Акрамя таго, жыхары часткі вёсак недалёка ад чыгункі таксама могуць скарыстацца аўтобусамі Асіповічы — Жорнаўка і Асіповічы — Пагарэлае.

Цягнікі адменяць зусім?
У аб'яве сказана пра закрыццё пасажырскага руху. Але рух грузавы яўна застанецца. У пачатку артыкула гаварылася, што самым сваім кончыкам лінія трохі заходзіць на тэрыторыю Мінскай вобласці.
Пасажырскі рух заканчваецца ў Градзянцы яшчэ на Магілёўшчыне (Асіповіцкі раён), але рэйкі ідуць далей на поўнач і прыводзяць у Пухавіцкі раён Міншчыны. Там, паміж вёскамі Ляды, Рэчкі, Луч, Тадулічы і Каляіны знаходзяцца некалькі прадпрыемстваў, дзеля якіх чыгуначную лінію стогадовага ўзросту і працягнулі.

Найперш гэта нафтабітумны завод. Ён так і называецца: унітарнае прадпрыемства «Нафтабітумны завод». Ён зарадзіўся ў 1991 годзе каля вёскі Каляіны як малое прадпрыемства «Вёска», а паўнавартасным заводам стаў у 1997-м. Прадпрыемства стваралася пад праграму развіцця сеткі аўтамабільных дарог Мінскай вобласці. Сёння гэта найбуйнейшы ў краіне вытворца дарожнага бітуму, бітумных эмульсій, халоднага асфальту, дахавай масцікі і іншай падобнай прадукцыі.
Крыху на поўнач, каля вёскі Тадулічы, знаходзіцца асфальтабетонны завод. Вось там, перад аўтадарогай Н9918, якая злучае Ляды і Рэчкі, рэйкі заканчаюцца зусім.

У карпаратыўнай газеце «Железнодорожник Беларуси» начальніца станцыі Градзянка Ірына Харытончык расказвала:
«Усяго ў нас больш за 30 пастаянных кліентаў. Сярод іх прадпрыемствы не толькі Асіповіцкага раёна, але і суседніх Чэрвенскага і Бярэзінскага: вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Нафтабітумны завод», ААТ «Чэрвенскі райаграсэрвіс», ДРБУ-31 РУП «Дарожна-будаўнічы трэст №5», ДРБУ №121 — філіял КУП «Мінскаблдарбуд», ДЛГУ «Асіповіцкі вопытны лясгас», ДЛГУ «Жорнаўская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу НАН Беларусі», ААТ «ФанДАК»».
Напрыклад, за 7 месяцаў 2014 года на станцыі Градзянка пагрузілі больш за 10 тысяч вагонаў, а выгрузілі 9 951 вагон, што, адпаведна ў 18 (!) і 6 разоў больш, чым за такі ж перыяд 2013 года. Гэта значыць, у сярэднім кожны дзень загружалі і разгружалі прыкладна па 47 вагонаў.
Калі састаў прыязджае з Асіповічаў у Градзянку, то цеплавоз адчапляе пасажырскія вагоны, а грузавыя адвозіць у Тадулічы на нафтабітумны завод, адтуль забірае іншую партыю вагонаў, у Градзянцы падхоплівае вагоны з дрэвам ці іншым грузам і паступова фармуе састаў на зваротны шлях.


Так што без руху чыгуначная лінія наўрад ці застанецца, затое кіраўніцтва чыгункі зможа ашчадзіць на абслугоўванні пасажырскай яе часткі: залы чакання, продаж і праверка білетаў і ўласна адпраўка цягніка толькі таму, што графік абавязваў.
Падчас уласнай паездкі Blizko.by у Градзянку і назад таварных вагонаў не было зусім. Гэта значыць, што таварныя вагоны можна будзе збіраць-счапляць не да пэўнага раскладу штодзённага цягніка, а «па меры напаўнення».

Гэта ж ужо не першая закрытая чыгуначная лінія ў Беларусі?
Blizko.by расказваў: пачынаючы з 2014 года ў Беларусі закрылі пасажырскі рух па некалькіх лініях. Асабліва ўзмацніўся гэты працэс пасля пандэміі каранавіруса.
Вось кароткі спіс ліній, дзе больш няма ніякага пасажырскага руху.
- Крычаў — Шасцёраўка (і прамежкавыя прыпынкі Крычаў-2 і Звязда);
- Бялынкавічы — Журбін (і прамежкавая станцыя Боні);
- Церахоўка — Куток;
- Гарынь — Бухлічы;
- Андрэевічы — Бераставіца (і прамежкавыя Мсцібава, Леснікі, Рудаўка, Жылічы);
- Парэчча — Вучыцель (і прамежкавы прыпынак Чарнуха).
Акрамя таго, закрыліся прыпыначныя пункты на некаторых іншых лініях, дзе пасажырскія цягнікі ходзяць, але не спыняюцца.

На станцыі Багданаў загарэўся чыгуначны будынак
У Асіповічах імкліва разбудоўваюць інфраструктуру. Імаверна, для расійскай ядзернай зброі
У Лідскім раёне можна набыць пад жыллё будынак былой чыгуначнай станцыі 120-гадовага ўзросту
З Мінска хочуць запусціць цягнік у Маскву з хуткасцю да 400 км/г. Што не так з праектам?
Каментары
Ва Ўкраіне ёсьць цікавыя вузкакалейкі, але з часам там ці то закрыліся якія, ці якіх "фішак" згубілі. Крыўдна тое.