«Краіна можа ператварыцца ў чорную дзірку». Эксперты ацанілі меры падтрымкі эканомікі ў Беларусі і за мяжой
У пятніцу ўвечары быў прыняты ўказ аб падтрымцы эканомікі на час пандэміі. Антыкрызіснага пакета бізнэс чакаў ужо месяц. «Наша Ніва» паглядзела, якія меры прымаліся ў іншых краінах, і папрасіла экспертаў ацаніць шлях, прапанаваны беларускімі ўладамі. А таксама расказаць, як дзейнічаюць іншыя краіны Еўропы.
Вопыт Еўропы і ЗША: субсідыі бізнэсу, прамая раздача грошай людзям, сацыялка
На Захадзе меры падтрымкі прынялі яшчэ ў канцы сакавіка.
«Ёсць розныя прыярытэты. Але ў выніку ўсё зводзіцца да таго, як падтрымаць людзей у выпадку, калі ў іх падаюць даходы. Няважна, гэта ўладальнікі бізнэсу ці работнікі, — кажа эканаміст Сяргей Чалы. —
Паўсюль [у Еўропе] выкарыстоўваецца або прамая раздача грошай людзям, або субсідаванне кампаній, якія будуць захоўваць занятасць».
У ЗША на выратаванне эканомікі выдзелілі беспрэцэдэнтныя $2 трыльёны. Сярод мер — падатковыя канікулы, льготныя крэдыты для малога бізнэсу, пашырэнне страхавання ад беспрацоўя. А таксама прамая раздача грошай людзям — па $1200. Сем’і з дзецьмі дадаткова атрымалі па $500 на кожнага малога.
Федэральная рэзервовая сістэма (амерыканскі Нацбанк) пачала друкаваць даляры і на іх скупляць дзяржаўныя аблігацыі і каштоўныя паперы. Па сутнасці краіна займае грошы ў самой сябе.
Уражваюць меры, якія распрацавала Германія. Нямецкія ўлады скіравалі сілы на падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу. Іпэшнікам выплацяць да 9 тысяч еўра ў бліжэйшыя тры месяцы, фірмам, дзе працуе да 10 чалавек, — да 15 тысяч еўра.
Адметна, што грошы атрымаюць тыя, хто ў папярэднія гады працаваў эфектыўна, а з праблемамі сутыкнуўся толькі з прыходам каранавіруса.
Работнікам, які вымушаны будуць працаваць у рэжыме няпоўнай занятасці, прадугледжаны кампенсацыі з бюджэту. Такая мера дазваляе прадпрыемству не звальняць людзей у цяжкі перыяд. Немцы пры гэтым у вольны час павышаюць кваліфікацыю ці перавучваюцца на іншую прафесію.
Домаўладальнікам забаранілі разрываць дамовы арэнды з тымі, хто цяпер не можа плаціць рэгулярна. Пакуль такі захад уведзены да верасня.
Агульны аб’ём падтрымкі эканомікі ў Германіі — каля 750 мільярдаў еўра.
Італія, якая моцна пацярпела ад пандэміі, прапануе сацыяльныя выплаты. Бацькі, якія працягваюць працаваць, могуць атрымаць ваўчар у 600 еўра на няньку. Або сысці ў аплатны адпачынак. Такая мера працуе для сем’яў з дзецьмі да 12 год. Бізнэсу і людзям дазволілі прыпыніць выплаты па пазыках і крэдытах.
У Чэхіі, каб пазбегнуць масавых звальненняў, з бюджэту пакрыюць 80% заробку работнікам рэстаранаў, крам і іншых устаноў, якія вымушаны былі спыніць працу праз каранцін. Астатнія 20% будзе выплачваць наймальнік. Прадпрымальнікам выдалі беспрацэнтныя крэдыты, вызвалілі на паўгода ад сплаты ўнёскаў на сацыяльнае страхаванне. За нясвоечасовую сплату падаткаў фірмы не будуць штрафаваць. А самазанятыя з дзецьмі могуць разлічваць да дапамогу па доглядзе.
У Польшчы прадпрымальнікаў таксама вызваляюць ад выплат на сацстрахаванне — на тры месяцы. На пэўны перыяд асобным прыватным фірмам, якія будуць захоўваць занятасць, дзяржава гатова кампенсаваць 40% заробку работнікам. Дробны бізнэс можа разлічваць на льготныя крэдыты, а самазанятыя і тыя, хто працуе па дамове падраду, — на 80% мінімальнага заробку на час прастою.
«Такое можа сабе дазволіць толькі краіна, якая займае грошы ва ўласнай валюце»
Для Беларусі, на жаль, многія заходнія меры непрымяняльныя.
«Напрыклад, тое, што рабілі цэнтрабанкі Брытаніі, ЕС, Японіі, ЗША, ратуючы свае фінансавыя рынкі — там былі абсалютна беспрэцэдэнтныя сумы на пакупкі каштоўных папер.
Такое можа сабе дазволіць толькі краіна, якая мае магчымасць займаць грошы ва ўласнай валюце. А мы як краіна, якая развіваецца, вымушаны пазычаць грошы ў той валюце, якую самі не ствараем. Мы ж не друкуем ні даляры, ні еўра, у якіх ільвіная доля доўга краіны.
У эканоміцы краін, што развіваюцца, ёсць нават такое паняцце, як першародны грэх — немагчымасць займаць грошы ў інвестараў ва ўласнай валюце, бо да яе няма даверу.
У Амерыцы, нягледзячы на гіганцкае пашырэнне дэфіцытнага фінансавання, інфляцыя ледзь-ледзь павысілася да 2%. А гэта некалі была мэта банка. У іх зваротная гісторыя: яны не маглі выклікаць інфляцыю, а яна для іх была пажаданая», — дзеліцца Сяргей Чалы.
Ён адзначае: краіна, якая можа фінансавацца ў сваёй уласнай валюце, не можа збанкрутаваць. Яна практычна неабмежавана можа ствараць грошы і імі ўсё аплачваць.
Эканомікі Еўропы нашмат здаравейшыя за беларускую. Таму яны могуць прадастаўляць так званыя прамыя манетарныя стымулы — што называецца, раскідваць грошы «з верталёта».
«Чаму мы такі найбольш папулярны падыход не можам рэалізаваць? Адказ просты: бо ў нас назапашаныя даўгі ў замежнай валюце. Яны ёсць і ў прадпрыемстваў, і ў дзяржавы, — кажа эканаміст Дзмітрый Крук.
— Нашы буйныя прадпрыемствы маюць праблемы, звязаныя не толькі з каранавірусам. Эпідэмія для іх — гэта дадатковы моцны удар. Калі пачаць уліваць у іх грошы, гэта з вялікай верагоднасцю можа раскруціць спіраль інфляцыі і паўплываць на абменны курс».
Найбольш блізкі да нас па эканамічным становішчы прыклад — гэта Украіна, мяркуе Дзмітрый Крук.
«У іх нават трохі горшая сітуацыя. Ад іншых краін, асабліва развітых, мы моцна адрозніваемся. Ісці па шляху Злучаных Штатаў ці Германіі — для гэтага ў нас перадумоў ніякіх няма», — цвяроза ацэньвае сітуацыю эксперт.
«Фактычна, людзям плацяць не заробак, а дапамогу па схаваным беспрацоўі»
Яшчэ адна праблема — у Беларусі няма эфектыўнай сістэмы абароны беспрацоўных. Сённяшняя дапамога па беспрацоўі — гэта максімум 54 рублі на месяц.
«Доўгі час ў нас працавала дастаткова хітрая сістэма. Дзяржаўныя прадпрыемствы выконвалі функцыю тых самых органаў сацыяльнага забеспячэння. Калі львіная доля занятасці была на дзяржпрадпрыемствах, нам дастаткова было падтрымліваць іх з бюджэту, яны плацілі незароблены заробак. Каб у іх была задача зарабляць грошы, зразумела, што там занятасць была б меншая і даходы былі б ніжэйшыя.
Атрымлівалася, што фактычна людзям плацілі не заробак, а дапамогу па схаваным беспрацоўі», — разважае Сяргей Чалы.
Нельга дзейнічаць па старой звычцы і ўбухваць шалёныя грошы ў дзяржпрадпрыемствы, як гэта было, напрыклад, у крызіс 2015—2016 гадоў, мяркуе Чалы. За тыя два гады на падтрымку дзяржсектара патрацілі з бюджэтных сродкаў $1,5 мільярда. Прыватнікаў жа кінулі без увагі. Як вынік — сур’ёзныя праблемы ў раёнах.
«Менавіта тады ў асобных рэгіёнах стала утварацца заганнае кола. Прыватны бізнэс спыніў сваё існаванне, даходы хатніх гаспадарак упалі, адпаведна знізіўся плацежаздольны попыт, няма стымулу адкрывацца там, бо ніхто ў вас нічога не купіць. Людзі пачынаюць з’язджаць — даходы становяцца яшчэ меншыя. Ужо каля 60 рэгіёнаў у нас у такой сітуацыі апынуліся», — заўважае эканаміст.
Прыватны сектар быў важным, бо ён нарошчваў занятасць. Калі адбывалася скарачэнне і аптымізацыя на дзяржпрадпрыемствах, людзі знаходзілі сабе працу менавіта ў прыватнікаў. Яны выконвалі функцыю сацыяльнага буфера. Цяпер бізнэс, у сілу ўласных эканамічных праблем, такія абавязкі на сябе ўзяць не можа. І дзяржава, відаць, не спяшаецца ім дапамагаць.
Чалы малюе песімістычныя перспектывы:
«Наступствам гэтага можа стаць, што не толькі асобныя рэгіёны будуць у адстаючых (з іх праблемамі, дарэчы, так і не справіліся). Ёсць вялікая небяспека, што ўся краіна можа ператварыцца ў чорную дзірку».
Чаму некаторыя прынятыя меры выглядаюць сумнеўна?
Беларускі ўказ №143 аб падтрымцы эканомікі тычыцца асобных галін, якія найбольш пацярпелі ад каранакрызісу. Напрыклад, рэстаранаў, цырульняў, турыстычных фірмаў, тэкстыльшчыкаў, гандлю, фітнэс-індустрыі…
Ім прапануюць адтэрміноўку і растэрміноўку па асобных падатках і арэндзе з красавіка да верасень уключна. На гэты ж перыяд увялі мараторый на павелічэнне базавай арэнднай велічыні. Мясцовыя ўлады маюць права змяншаць сумы падаткаў і арэнды на працягу ІІ і ІІІ кварталаў 2020 года. Але тут не ўсё так проста.
«Мясцовыя ўлады і раней маглі ўстанаўліваць паніжальныя каэфіцыенты, — кажа Чалы. — Але фокус у тым, што яны гэтым ніколі не карысталіся, бо ў нас рэгіянальныя бюджэты дэфіцытныя, іх ледзь-ледзь хапае на выплаты пенсій, дапамог.
За любым фінансаваннем, якое больш за гэтыя сацыяльныя абавязкі, мясцовым бюджэтам трэба было звяртацца ў цэнтральны. А той, як правіла, адказваў так: мы лічым, што вы не выкарысталі ўсе свае магчымасці па максімізацыі ўласных бюджэтных паступленняў».
Эксперт таксама лічыць, што варта было б бізнэсу не даць адтэрміноўку, а дараваць гэтыя плацяжы хаця б за тры месяцы. Калі прадпрымальнікі не зарабляюць, яны проста не могуць іх сплаціць, так хутка сітуацыя не выправіцца.
Згодна з указам, ІП могуць перайсці на іншыя рэжымы падаткаабкладання. Скарочаны мінімальны тэрмін папярэджання работнікаў аб змяненні наймальнікам істотных умоў працы. Тым, хто даглядае дома дзіця ўзростам да 10 гадоў, якое стала кантактам першага ці другога ўзроўню, будуць выплачваць дапамогу.
Сярод пунктаў указа — права на дзяржзакупкі з адной крыніцы, каб спрасціць працэдуру. Гэта можна рабіць ў аб’ёме, неабходным для забеспячэння патрэб заказчыка на два месяцы і ў тым выпадку, калі папярэдняя дамова была скасавана.
Цалкам указ можна прачытаць тут.
Яшчэ раней урад прыняў пастанову, якая дазваляе не налічваць амартызацыю ў 2020 годзе. Тут ёсць падводныя камяні.
«Амартызацыя — гэта тое, што дазваляе вам потым фінансаваць абнаўленне асноўных сродкаў. Умоўна кажучы, вы назапашваеце на наступны станок, калі зносіцца гэты. Але калі вы амартызацыю сабе не лічыце, у вас грошай не будзе. Гэта такія кароткатэрміновыя рэчы, якія ў доўгатэрміновай перспектыве прыносяць шмат шкоды», — лічыць Сяргей Чалы.
Указ аб пераносе курсавых розніц, які анансуе Мінфін, дасць магчымасць сплаціць розніцу з-за перападу курсаў у больш познія перыяды. Чалы крытыкуе гэту меру: яна дазваляе маляваць бухгалтарскі прыбытак вышэйшым за сапраўдны і ніяк не падтрымлівае бізнэс.
«Фактычна што адбудзецца: у вас справаздача аб прыбытках і стратах будзе больш аптымістычнай, чым насамрэч. Праз гэта ж падаткі вырастуць — гэта дапамога бюджэту. Інакш бы даходы бюджэту ўпалі проста цяпер. Прыдумана такая сумніўная мера: калі вы страты панесяце пасля, але ў выніку заплаціце больш падаткаў», — мяркуе эксперт.
Колькі сродкаў з бюджэту агулам зарэзервавана для выратавання эканомікі ад каранакрызісу, не вядома. Пакуль урад агучваў толькі суму ў 110 мільёнаў рублёў — для сектараў, дзе працуе 550 тысяч чалавек.
«Гэта наогул капейкі, — катэгарычны Чалы. — Паглядзіце: сумарна ўвесь свет траціць больш за 10% ВУП. У Брытаніі, напрыклад, калі лічыць не толькі прамыя расходы, але і ўскосныя, якія лягуць на бюджэт, гэта прыкладна 30% ВУП. Гэта і ёсць мера падтрымкі. У нас ВУП да дэвальвацыі быў каля $60 мільярдаў. То-бок для таго, каб прытрымлівацца хаця б сярэднесусветнага ўзроўню, трэба $6 мільярдаў траціць.
Мы ў настолькі крохкай аказаліся сітуацыі, што здолелі знайсці толькі такую ўбогую колькасць сродкаў з бюджэту. Гэта наступствы таго, што стан нашай эканомікі працягваў паступова пагаршацца. Усе думалі, што яна будзе павольна падаць, нічога не здарыцца, а калі жахнула, высветлілася, што і няма грошай», — мяркуе эксперт.
Што яшчэ можна было б зрабіць для ўратавання эканомікі?
Асноўнае, што мы можам сабе дазволіць, — гэта ўскосныя стымулы для бізнэсу, кажа Дзмітрый Крук. Тыя ж падатковыя і арэндныя канікулы, якія прадугледжаны ўказам.
«Чаму гэта больш эфектыўна? Гэта дазволіць выжыць тым, хто патэнцыйна жывы. А тых, хто меў праблемы і да каранавіруса, выратаваць амаль немагчыма. Таму рабіць стаўку на іх — фактычна браць у закладнікі ўсе астатнія прадпрыемствы.
У выніку мы можам атрымаць сітуацыю, калі будзем ратаваць патэнцыйна мёртвых і на выхадзе з крызісу тыя, хто быў эфектыўны, таксама акажуцца мёртвымі», — папярэджвае ён.
На думку эканаміста, можна было б прыняць і іншыя ўскосныя меры. Напрыклад, даць адтэрміноўку па камунальных плацяжах. А ў дачыненні да манапалістаў у сферы паставак газу, электра- і цеплаэнергіі ўвесці жорсткія абмежаванні па тарыфах.
Ёсць і такі радыкальны варыянт, як працэдура buy-out праз дзяржаўныя аблігацыі. Дзмітрый Крук тлумачыць яе сутнасць:
«Бізнэс звяртаецца да Мінфіна па наступнай схеме: перадае ў дзяржаўную ўласнасць на нейкі прамежак часу сваю долю (акцыі або долю ў статутным фондзе), а ўзамен атрымоўвае дзяржаўную аблігацыю ў беларускіх рублях. Аблігацыя — ліквідны інструмент, у заклад яе любы банк выдасць крэдыт. Фактычна гэта дапаможа жыць.
У рамках такой працэдуры бізнэс праходзіць падвойны фэйскантроль. Першасны — умова Мінфіна, каб у 2018-2019 гадах прадпрыемства было прыбытковым, а другасны — праз банк, калі фірма будзе звяртацца па крэдыт. Гэты механізм прадугледжвае, што ў любы момант па жаданні бізнэсу ён забірае свае акцыі, а ўзамен аддае дзяржаўныя аблігацыі».
У тэорыі можна было б накіраваць грошы і наўпрост насельніцтву — напрыклад, усім, хто страціў даход, выплаціць бюджэт пражытковага мінімуму.
«Гэта таксама можа мець пэўныя інфляцыйныя наступствы, але значна меншыя, чым у выпадку раздачы грошай прадпрыемствам. Па-першае, такі крок гуманістычны, ён вырашае праблему для тых, хто страціў працу. Па-другое, калі мы даем жывыя грошы наўпрост людзям, мы тым самым стымулюем спажывецкі попыт на тавары і паслугі першай неабходнасці», — каментуе Дзмітрый Крук.
«Падзенне ВУП на 6% — досыць аптымістычны сцэнар»
Чаму антыкрызісны пакет (а ён прыняты яшчэ не да канца) давялося чакаць так доўга? Эксперты бачаць таму некалькі прычын.
Першая — надзея, што праблемы акажуцца кароткатэрміновымі і па выніках мая-чэрвеня ўсё ў свеце і ў нас пачне аднаўляцца. Таму, маўляў, лепш перачакаць. Тым больш па выніках першых трох месяцаў года статыстыка досыць неблагая. Усе чакалі горшага — і па ВУП, і па замежным гандлі.
Другая прычына — абмежаванасць фінансавых інструментаў.
«У нас шмат хранічных балячак у эканоміцы, таму дапамога далікатным чынам павінна ажыццяўляцца. Вялікая рызыка таго, што няправільныя меры падтрымкі могуць стварыць дадатковыя штучныя праблемы», — заўважае Дзмітрый Крук.
Трэцяя прычына — палітычная. Пачаць выкарыстоўваць актыўныя антыкрызісныя захады — фактычна прызнаць, што ўсе не ідзе па плане.
Фота Надзеі Бужан.
МВФ прагназуе, што ВУП Беларусі сёлета ўпадзе на 6%. Чалы згодны з такой ацэнкай. Крук жа лічыць, што прагноз МФВ досыць аптымістычны.
Прадбачыць, што эпідэмія прынясе айчыннай эканоміцы, пакуль немагчыма.
«Мы не разумеем, колькі пратрывае крызіс у свеце, не разумеем, наколькі моцным будзе ўдар па беларускім экспарце. Колькасць сцэнароў у разы шырэйшая, чым звычайна. Як правіла, кажуць пра нейкі базавы сцэнар з верагоднасцю 60%, а таксама негатыўны і спрыяльны сцэнары (з верагоднасцю па 15%).
Сёння варыянтаў, як можа разгортвацца сітуацыя, па меншай меры 10.
Таму ўстрымаюся ад канкрэтыкі. Магу сказаць, што найлепшае, на што можна разлічваць, калі з траўня эпідэмія спадзе, — скарачэнне ВУП на 3% па выніках года. Тыя лічбы, якія называе МВФ, трошкі горшыя, але гэта таксама аптымістычны сцэнар», — падсумоўвае Дзмітрый Крук.
Каментары