Грамадства2929

Пра каранавірус, парад на 9 мая і «Саакашвілі пад кайфам». Вялікая гутарка з адзіным дэпутатам у масцы Тэнгізам Думбадзэ

Тэнгіз Думбадзэ — чалавек пакручыстай біяграфіі. Дэпутат, былы тэлевядучы АНТ, экс-кіраўнік тэлерадыёкампаніі Аджарыі, «беларускі грузін», як ён сам сябе называе.

У вялікай размове з «Нашай Нівай» Думбадзэ распавёў пра сваё дзяцінства і працу на ТБ, Савецкі Саюз і беларускі парламент, выказаўся пра парад, каранцін і каранавірус.

«Наша Ніва»: Мы размаўляем з вамі пасля пасяджэння Палаты прадстаўнікоў. Вы выйшлі ў масцы. І раней вы былі адзіным дэпутатам, які быў у масцы на пасяджэннях.

Тэнгіз Думбадзэ: Так, сёння я таксама быў адзін.

«НН»: Калегі-дэпутаты з вас не смяюцца?

ТД: Хай хто паспрабуе! (смяецца).

«НН»: Але ж чаму іншыя не носяць? Што кажуць?

ТД: Не ведаю, гэта іх уласныя справы.

Але многія носяць у калідорах. А на пасяджэнні здымаюць. А я лічу, што наадварот трэба рабіць.

Я быў у шмат якіх бальніцах, мы з сынамі перадавалі сродкі абароны медыкам. Гаварыў з дактарамі, яны раяць: насіце маску. Так што мая маска — не піяр-ход нейкі ад Думбадзэ! Думбадзэ не з такіх!

Хачу яшчэ сказаць — галоўная наша заслуга, што падчас каранавіруса няма панікі ў краіне. Я ў курсе, у якіх краінах як людзі рэагуюць. І ў нас няма закона, што ўсе мусяць павальна насіць маскі, хто хоча, той носіць. Я прыводжу Швецыю як аналаг — скандынаўская краіна, еўрапейская. І ў нас, хто занепакоены, той сам вырашае ў метро не ездзіць, на мерапрыемствы не хадзіць, тым больш што іх і паадмянялі. Ніхто нікога не прымушае. Дактары сказалі: «Мы рэкамендуем…»

«НН»: Але чаму гэта не сказаць па ТБ, каб рэкамендацыі пачулі людзі, якія атрымліваюць інфармацыю толькі з тэлепраграм? Чаму не сказаць: бабулі, дзядулі, насіце маскі! Але так жа не кажуць.

ТД: Ну чаму не кажуць, кажуць. Ды і я сваім прыкладам паказваю. На мінулым тыдні два разы шпацыраваў пехатою дадому, гэта 9 кіламетраў! Ішоў у масцы!

«НН»: Дык вас у масцы ніхто не пазнае, падумаюць, ну мужык нейкі…

ТД: Не, са мною віталіся, пазнавалі! Я паказваю прыклад!

«НН»: Санітайзер таксама носіце?

ТД: Так, ляжыць у машыне адзін, другі ў кабінеце.

«НН»: Вы казалі ў каментары «Нашай Ніве», што спыталіся ў Караніка, ці не будзе сорамна праз два месяцы? Ён адказаў, што не будзе. Прайшоў пакуль адзін месяц. Але як ацэніце дзеянні дзяржавы, Караніка — не сорамна?

ТД: Сам я сказаў Караніку на тым пасяджэнні: можа, мы не ўсё ведаем? Можа, варта без прэсы правесці сустрэчы? Можа, нам не кажуць, а сітуацыя нашмат горшая?

А ён адказаў мне так: «Нам, у адрозненне ад вас, сорамна не будзе».

Пасля гэтага на мяне некаторыя чыноўнікі пачалі коса паглядваць, дарэчы. Але сёння ёсць у мяне пытанні да Караніка.

«НН»: Напрыклад?

ТД: Ну, ёсць. Чамусьці рост [колькасці захворванняў] павялічваецца, хоць шмат якія меры прымаюцца. Я гаварыў з медыкамі, заўважна, што ідзе харошая праца, гэта грэх не заўважыць. Але пытанні ёсць. Калі мы рапартуем, што ўсё ў нас выдатна, — на мой погляд, не зусім усё так.

«НН»: Можа рост хворых і ёсць вынік таго, што шырока не кажуць: «Насіце маскі, не хадзіце нікуды!», а кажуць: як хочаце, так і рабіце.

ТД: Я думаю, гэта не той выпадак, калі трэба жорстка і ў форме загада казаць усім. Ды і народ у нас такі… Калі так загадаць сёння, то ўсё роўна павальна ў масках людзі хадзіць не будуць. Народ так выхаваны, так ён жыве.

«НН»: Але калі б Лукашэнка з’явіўся ў навінах у масцы, гэта б дало зусім іншы эфект.

ТД: Ведаеце, я паважаю гэтага чалавека, бо ён сёння такі ціск адказнасці вытрымлівае, і не заўважаць гэтага — трэба быць сляпым.

«НН»: А афіцыйныя лічбы па каранавірусе, на вашу думку, адэкватныя рэальнасці?

ТД: Мы жывём не ў такой краіне, як Расія, Амерыка ці нават Украіна, дзе могуць згубіцца факты. Беларусь маленькая, тут схаваць смяротнасць нерэальна. Таму я так кажу: калі фарбуеш падлогу у чорны колер, то колькі фарбы не дадавай, чарнейшай яна не стане. Так і тут, не трэба нагнятаць і так няпростую сітуацыю. Я хачу звярнуцца да людзей: будзьце дабрэйшымі, давайце давяраць адно аднаму! Хай гэтая зараза нас зробіць больш згуртаванымі!

Мы сёння мусім забыцца на свае палітычныя погляды, на крыўды, прэтэнзіі, калі мы сапраўды патрыёты, калі мы любім нашу Беларусь. Бо атрымліваецца, што людзі, якія не вераць, яны што, радуюцца, што насамрэч больш смерцяў? Гэта што, па-чалавечы? Гэта па-боску?

Сёння, яшчэ раз скажу, на Лукашэнку такі ціск! Я яму не зайздрошчу! І ён спрабуе справіцца! Хай, можа, што будзе на сумленні тых, хто яму перадае інфармацыю, хто мусіць перадаваць праўду яму, але ён як грамадзянін, як патрыёт, як сапраўдны гаспадар свайго дома, робіць усё, каб зберагчы Беларусь не толькі для нас, але і для нашых нашчадкаў!

 «НН»: Вынікае, што вы ідэю жорсткага каранціну не падтрымліваеце?

ТД: Для гэтага ўжо позна. А па-другое, калі заводы і фабрыкі закрыюцца, то што будзе? Дзяржава не мае магчымасцяў усё спыніць, Беларусь не такая багатая, каб сказаць: сядзіце дома, мы вам будзем плаціць зарплату. Плюс ва ўсіх сем’ях крэдыты… Таму каранцін мы б проста не выцягнулі.

Самае галоўнае — гэта каб шчыра працавалі тыя, хто адказвае. Я схіляюся перад медыкамі — вось каму бы выпісаў Ленінскія ці якія хочаце іншыя прэміі.

«НН»: А інфармаваць людзей трэба? Ці варта агучваць толькі частку даных, як мяркуюць некаторыя, каб не было панікі.

ТД: Тут свае нюансы. Калі гэтыя лічбы пастаянна мусоліць, то цісне на псіхіку. Тут акуратна трэба. Але я і супраць таго, калі зусім маўчанне — бо ўбачыў статыстыку чалавек, які хадзіў без маскі, і, можа, задумаўся. На яго, можа, паўплывае гэта. Але гэта такі выпадак, калі медаль мае два бакі.

«НН»: І што рабіць?

ТД: Мы сёння ў такой сітуацыі, што я шчыра і не ведаю. Бо і сам хацеў бы разабрацца, напрыклад, з сітуацыяй у Стоўбцах, думаў паехаць туды. Але пачытаў артыкул аўтараў, якіх і не абвінаваціш у «100% дзяржаўнасці», пагаварыў з сябрамі ў Стоўбцах… І кажуць рознае, некаторыя пачынаюць расказваць, што ў нас аж спальваюць целы! Ну як так можна?!

Але кіраўнікам дзяржаўных СМІ я казаў: трэба больш інфармаваць людзей, вы ж саступаеце фэйкам! Вы прайграяце! Трэба ток-шоу выпускаць штодня, абмяркоўваць, запрашаць кампетэнтных людзей, вы не будзеце гэтым палохаць народ.

Мне пасля сказаў адзін кіраўнік, не хачу называць імя: «Тэнгіз Шукрыевіч, вам, можа, не хапае часу нармальна паглядзець наша тэлебачанне?» Я кажу: «Хіба вы сумняваецеся, што прайграеце? Вы зрабілі адну нармальную перадачу і ўсё, «ура!», і пайшлі».

Хоць сёння і шмат журналістаў працуюць на перадавой, бываюць у бальніцах — малайцы, так кожны мусіць працаваць. І адчуваць сваю адказнасць!

«НН»: Вы казалі, што масавыя мерапрыемствы паадмянялі. Але ж 9 мая чакаецца святочны канцэрт і парад, вакол якіх столькі сёння спрэчак…

ТД: Я ўпэўнены ў адным — напэўна, калі дзяржава вырашыла праводзіць, то я толькі Бога прашу, каб усё было арганізавана, каб зберагчы старых, якія прыйдуць…

Цяжка штосьці сказаць. Я ноч не спаў, думаў: як тут быць? І такая дата, і гэты вірус, які абрынуўся на нас, на ўвесь свет, усё памяняў…

У мяне спачатку было такое жаданне — паехаць з сям’ёй у Дзяржынскі раён, на магілы дзеда і бабулі. Узяць флягу сапраўдную, вайсковую, гарэлачку… Памянуць іх там, там ляжыць і дзядзька мой, былы партызан…

Я так хацеў. Але на парад пайду.

Я пайду на парад, бо лічу, што гэта мой доўг. Хай хто разумее мяне як хоча. Я пайду ў масцы, канечне, буду намагацца вытрымліваць дыстанцыю… Але лаўлю ў сябе такую думку: а калі я ўбачу франтавікоў, старых без масак? З майго боку гэта маральна будзе, што я ў масцы?

«НН»: З вашага боку «маральна» будзе ўзяць з сабою яшчэ масак і раздаць ім тады.

ТД: Цікавая думка (смяецца).

«НН»: Дык а што змянілася, навошта вам парад? Ехалі б у вёску, як збіраліся.

ТД: Я паеду, абавязкова, але пасля.

«НН»: А ў суботніку вы ўдзельнічалі, дарэчы?

ТД: Так, саджаў дрэвы! Я адразу сказаў: калі будзем прыбіраць штосьці там, то я не еду! А пасадка дрэваў для мяне — святое!

Я саджаў дрэвы ў Фрунзенскім раёне, там новы парк, мы саджалі бярозкі. Я сына ўзяў з сабою, памочніца мая была. Пасля я паехаў у Партызанскі раён, на вуліцы Солтыса. Ну і там закладвалі парк.

«НН»: На Вялікдзень былі ў царкве?

ТД: Не, мы сям’ёй падышлі да царквы, памаліліся — і ўсё, а дома ўзялі ікону, паставілі перад трапезай. А перад Радуніцай ездзілі на могілкі загадзя, калі нікога не было. На саму Радуніцу былі дома: выставілі фотаздымкі продкаў, запалілі свечкі, ікону паставілі… Адкрылі сапраўднае чырвонае грузінскае хатняе віно… І лічу, што паступілі правільна. Галоўнае ж тое, што перад Богам. І думаю, што гэтыя дні мы правялі правільна.

Яшчэ скажу вось што: як чыноўнік я не маю права 9 Мая… Гэта мой доўг. А калі хтосьці кажа: навошта гэта, яшчэ і салют… Дык давайце тады ўсе разам памолімся за тых, хто туды прыйдзе. Я не прыхільнік, каб людзей гвалтоўна кудысьці склікалі. Але калі людзі прыйдуць добраахвотна… Я персанальна добраахвотна туды пайду. Каб не было парада, я б сам наведаў плошчу Перамогі і паехаў бы па сваіх планах. Але калі аб’явілі, што парад будзе — мой доўг туды пайсці. І самае галоўнае — каб прыйсці на яго не было абавязкам. І так, здаецца, і ёсць, гляджу па сабе. Паверце, мне ніхто загад не даваў.

***

«НН»: Дарэчы, а на сённяшнім пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў штосьці было асабліва цікавае?

ТД: Усяго разглядалася восем пытанняў, чатыры я лічу вельмі важнымі. Выступаў міністр унутраных спраў… Галоўнае набалелае пытанне — амністыя, прымеркаваная да 75-годдзя Перамогі. Да мяне як да дэпутата часта звярталіся, у тым ліку і група матуль па пытаннях артыкула 328 і група жонак і дачок тых, хто сядзіць па эканамічных злачынствах.

Няпроста было з імі гаварыць, бо я бачыў, што перада мною нармальныя жанчыны, людзі, занепакоеныя тым, што іх кармільцы сядзяць. Я ім сказаў: «Я чалавек, які ўсё жыццё намагаўся толькі добрае рабіць, вас разумею».

Але калі чалавек, які скраў дзясяткі ці сотні тысяч, сядзіць за карупцыю… — за такога ў мяне язык не паднімецца заступацца. Ёсць факты, на жаль, калі бацькі сядзяць, а іх дзеці ездзяць на такіх крутых машынах… Узнікаюць пытанні, правільна?

Пасля выступлення Караева, я пацікавіўся: раней эканамічныя злачынствы не траплялі пад амністыю, а цяпер пайшлі на ўступкі? Міністр патлумачыў, што гэта калі дробныя справы.

Але гэта важна ўсё, улічваючы наколькі сёння азлобленае грамадства…

«НН»: Чаму азлобленае?

ТД: Калі я напісаў на сваёй старонцы, што больш за 6 тысяч чалавек трапілі пад амністыю, людзі пачалі пісаць, маўляў, вось, больш няма чаго рабіць, толькі бандытаў, крымінал выпускаць! Я тлумачыў, што пад гэты закон не трапляюць гвалтаўнікі, забойцы, рэцыдывісты. Ды і задумайцеся пра людзей, пра мам, якія чакаюць сыноў, пра жонак, дзяцей… Гэта ж людзі, мы мусім неяк нарэшце навучыцца радавацца за іншых.

Ды і за краты трапляюць з рознымі лёсамі. Хтосьці раз аступіўся, дык што, ён не мае права на шанец?

«НН»: Калі вы самі загаварылі на гэтую тэму, то скажыце, як ставіцеся да пакаранняў па 328 артыкуле? Калі 17-гадовых закрываюць на 13, на 15 гадоў?

ТД: Тут ёсць пытанні, канечне. Я сам быў на судовым пасяджэнні: у маіх сяброў сын так трапіў. Было няпроста, бо я ведаў гэтага хлопца. 19 гадоў яму. Трапіўся за распаўсюд: яму названьваў знаёмы, маўляў, прыйдзі, прынясі, ламае… Той прыйшоў, прынёс сваю дозу, «дапамог» такім чынам. І ўсё, распаўсюд.

На судзе ён раскаяўся, праслязіўся, выбачаўся перад сваімі бацькамі, што іх падвёў… Такіх мне вельмі шкада. А яму спачатку далі 4 гады, і казаў яго бацькам: супакойцеся, супыніцеся, паверце, ён будзе добра сябе паводзіць, можа трапіць пад датэрміновае ці амністыю… Але бацькі вырашылі пайсці далей, падавалі на апеляцыю, у выніку прысуд пераглядзелі — але ў іншы бок. І хлопцу далі 10 гадоў.

«НН»: Ніхто не спрачаецца, што наркотыкі гэта кепска. Але 10 гадоў 19-гадоваму хлопцу… Такім чынам проста ламаюцца людзі.

ТД: Так, я згодзен. У першую чаргу трэба шукаць і саджаць тых, хто прывозіць наркотыкі, падсаджвае на іх. Такіх людзей расстрэльваць трэба. Расстрэльваць. Бо гэта такая бяда…

«НН»: Хм, але па такой логіцы і сына вашых знаёмых расстралялі б тады.

ТД: Ну, зараз скажуць, што Думбадзэ такі агрэсіўны… Я, даруй Божа, вернік, я ведаю, што пазбаўляць іншага чалавека жыцця — гэта не добрая справа. Я ведаю, я на столькіх войнах быў, хоць нідзе і не страляў. Мая зброя вось што была — (дастае ручку з кішэні) — і мікрафон. 

Але калі бачыш, што спецыяльна людзі такім займаюцца… Я гадоў пяць таму ездзіў па сельскай мясцовасці ў Мінскай вобласці. І вось там, дзе дыскатэкі, прыязджалі людзі, раздавалі таблетачкі бясплатна, маўляў, паспрабуйце! Усім, нават школьнікам! Каб яны падселі на гэта! Іх пасля, праўда, узялі за адно месца, але такое было.

«НН»: Атрымліваецца, вы выступаеце за смяротнае пакаранне?

ТД: Складанае пытанне. Я кажу заўсёды так: дай Бог, каб калі да гэтага дойдзе, то не атрымалася так, як бывае часам нават у самых цывілізаваных краінах — калі праз 10-15 гадоў высвятляецца, што чалавек быў не вінаваты. Вось такога нельга дапускаць, вось гэта страшна. Бо перад Богам там столькі людзей вінаватымі акажуцца…

Але з іншага боку, як можна выбачыць чалавека, які забівае дзяцей? Расчляняе жанчын? Такі чалавек выправіцца калі-небудзь?

Так, кажуць пра пажыццёвае, што гэта яшчэ большая пакута, чым расстрэл. Але пажыццёвае абыходзіцца дзяржаве ў немалыя грошы. Гэта нармальна?

Вось у Нарвегіі, што зрабіў той крэтын, расстраляў людзей (маецца на ўвазе Андрэс Брэйвік, які ў 2011 годзе зладзіў выбух у Осла і страляніну ў моладзевым лагеры на выспе Утоя. Загінула 77 чалавек). Я ведаў сям’ю з Грузіі, у якой мама адна выхоўвала дзяўчынку, і дзяўчынку як выдатніцу адправілі ў Нарвегію. І яна была на той выспе, загінула ад рук таго мярзотніка! А яго паказваюць на судзе, ён стаіць у касцюме і гальштуку, піжон, і выказвае прэтэнзіі, што яму не хапае кніжак у бібліятэцы… Гэта нармальна? Гэта гуманна, дэмакратычна?

Я сябе лічу свабодным чалавекам, як хочаце разумейце гэта. Я паважаю сябе за тое, што ніколі не жыў са згрызотамі сумлення. Камусьці гэта здаецца смешным, але паверце, нават у сённяшніх умовах, калі некаторыя кажуць, што мала дэмакратыі — калі чалавек хоча, ён паўсюль можа і дэмакратыю, і справядлівасць знайсці. Я адрозніваюся ад многіх. Адрозніваюся ад журналістаў, бо маю сваё крэда, сваё меркаванне. Мяне ніхто не папракне, што я хамелеон.

Я з 1994 года ведаю прэзідэнта і ганаруся тым, што быў першым замежным журналістам, хто ўзяў у яго інтэрв’ю! І я адсочваў увесь час, і мне шмат што падабаецца, але галоўнае, што ён утрымаў незалежнасць. Незалежная Беларусь — гэта яго заслуга. Сёння гэтага, можа, не разумеюць, але пра гэта скажуць праз 20 ці праз 50 гадоў. А крытыка — ну, не крытыкуюць толькі тых, хто нічога не робіць.

Такое маё меркаванне, якое я гатовы адстойваць. І ў пытанні таго ж смяротнага пакарання, калі крытыкуюць прэзідэнта — а калі правесці рэферэндум, людзі адкажуць у большасці, што, напэўна, смяротнае пакаранне патрэбнае. Можа, прыйдзе з часам іншае, зменіцца свядомасць, але сёння яшчэ савецкае жыве ў нас. А савецкае мае пад сабою, што мусіць быць пакаранне, бо заўсёды так было. І, напэўна, людзі стаўку робяць на тое, што калі сёння не пакараць, то заўтра такіх стане больш.

«НН»: Пра савецкае — вы ў нейкім інтэрв’ю казалі, што шкадуеце пра развал Савецкага Саюза.

ТД: Ну як шкадую… Гэта краіна, дзе я нарадзіўся, і там было шмат негатыву, але і шмат добрага. І з аднаго боку, такому лёсу, як у маёй сям’і, не пазайдросціш. У мяне па бацьку ўсе былі князі. Яго бацька, мой дзед, быў выкладчыкам геаграфіі ў гімназіі горада Батумі. У 1921 годзе туды ўвайшла Чырвоная армія. У кабінет дзеда ўвайшоў казак і першае, што зрабіў — перарубіў шабляй палітычную карту свету! І дзед пакляўся, што ніколі не будзе служыць той уладзе, якая так ставіцца да навукі. І пасля дзед прынцыпова працаваў простым рабочым на тытунёвай фабрыцы! Але што ён рабіў: калі бачыў, што хто з дзяцей сваякоў талковы, ён іх вучыў дома, пасля за свае грошы купляў квіток на цягнік і адпраўляў з Батумі ў Тбілісі! І ўсе паступалі ў інстытуты! Чатыры рэктары, тры першыя сакратары абкомаў — вось кім сталі тыя, каго так вывучыў дзед! Але сам ён нікога з бальшавікоў не любіў.

Цікава, што дзед-беларус зусім іншы быў. Пры ім пра Сталіна нічога кепскага казаць нельга было — забіў бы! Ён жа франтавік, партызан.

«НН»: Цікава, а вы самі як ставіцеся да Сталіна?

ТД: Па-першае, я з яго праўнукамі сябрую, сябраваў з яго унукам. А сам Сталін… я паважаю і пункт гледжання дзеда па бацькоўскай лініі, і паважаю падыход другога дзеда. А кумір мой заўсёды быў дзядзька, пісьменнік Надар Думбадзэ. Калі сёння пачытаць яго, вы зразумееце, як ён у тыя часы мог прыгожа і тонка крытыкаваць штосьці з гумарам… Але ён сябе лічыў савецкім чалавекам.

І, хачу я таго ці не, напэўна, недзе ў глыбіні я таксама савецкі. У савецкі час людзі па-іншаму жылі. Нашмат горш, чым сёння, нашмат. Але больш сяброўства было. Не было столькі эгаізму, нянавісці, зайздрасці. Сёння, гляньце, сусед не ведае, як суседа завуць. Гэта хіба нармальна?

Я сёння сам пра сябе кажу так: я беларускі грузін. Я ганаруся, што люблю дзве Радзімы, дзве Айчыны і праслаўляю культуру і традыцыі двух народаў.

«НН»: А вы ж нарадзіліся пад Дзяржынскам у вёсцы, так?

ТД: Так. Бацька грузін, а мама беларуска. Ён там служыў і хадзіў у вёску Негарэлае на танцы ў самаволку. Там жонку сабе і прыкмеціў. Калі служба скончылася, яны ажаніліся, і бацька забраў маму ў Грузію. Там у 1962 годзе нарадзіўся першы сын, мой брат.

А пад Дзяржынскам засталіся маміны бацькі. Мой дзед быў франтавік, меў раненні. І ў 1964 годзе мама зацяжарыла мною. Ёй тэлефануюць: дзед пры смерці.

Цяжарная мама прыехала разам з мужам — думалі, дзеда хаваць, а ён на папраўку пайшоў! А там і я нарадзіўся, дарэчы, быў першым дзіцём, якое нарадзілася ў радзільні пасёлка!

«НН»: Вы недзе расказвалі, што пасля раслі ў Грузіі, а затым вас аддалі дзеду ў Беларусь «на перавыхаванне».

ТД: Так, да 7 класа школы я жыў з бацькамі ў Батумі. Быў хуліганісты, вельмі. У дзіцячым пакоі міліцыі бываў не аднойчы. І там была жанчына, напалову беларуска, дарэчы, яна мне сказала: «Не, я ўсё ж веру, што з гэтага хлопчыка нешта выйдзе». Я на ўсё жыццё запомніў.

Ну і прыехаў да нас у Батумі дзед з Беларусі. Паглядзеў на мяне і кажа: давайце я яго забяру да сябе на перавыхаванне! І забраў!

«НН»: Перавыхаваў?

ТД: О-хо-хо! Першы год для мяне цяжкі быў у Беларусі! Ніякага хуліганства… Мне пайшло яго выхаванне на карысць.

«НН»: Не біў вас дзед?

ТД: Не, такога не было. Але на танцы не пускаў, закрываў дзверы. А бабуля цішком мне адкрывала фортку, я так збягаў. А на раніцу дзед прыходзіў мяне адчытваць (смяецца).

«НН»: У войску вы не служылі?

ТД: Не, у мяне інваліднасць з дзяцінства, няма часткова трох пальцаў на левай руцэ. Трапіў у аварыю. Мне было 5 гадоў, я ехаў у аўтобусе са сваёй цёткай і ўрэзаўся грузавік, мне прыціснула руку.

Але я хацеў у войска, прычым выключна ў паветрана-дэсантныя войскі. Я хаваў руку на медаглядзе, паўсюль — годны! І хірург заўважыў, калі я ўжо выходзіў ад яго кажа: «А ну ідзі сюды! Пастаў руку на стол!» Ну, я паставіў — і ўсё, ніякага войска.

«НН»: Цікава, ці сутыкаліся вы калі-небудзь у Беларусі з абразамі па нацыянальнай прыкмеце?

ТД: Вельмі рэдка. Але ну людзі розныя, гадоў 6-7 таму быў на мерапрыемстве ў Палацы спорту. Стаю з жонкай, чакаю ўваходу і падыходзіць хлопец-беларус, кажа: о, я вас ведаю, паважаю, што ездзіце ў гарачыя кропкі! А пасля і кажа: а чаму толькі вы ездзіце, нашага не маглі знайсці, беларуса?

Мне прыемна было, што людзі, якія побач стаялі, за мяне ўступіліся. Але той хлопец і не са злосці гэта сказаў: так, ляпнуў, не падумаўшы.

Але такое рэдка. І ў Беларусі, і ў Грузіі людзі добрыя, талерантныя. А сам я ўвогуле жыву па запаветах бацькі, які казаў: сын, памятай, ёсць адна нацыянальнасць — харошы чалавек.

І сваіх сыноў я так выхаваў, што яны хоць і жывуць у Грузіі, але ніколі не сцерпяць, калі пачуюць, што хтосьці абражае Беларусь. Маўчаць не будуць, іх гэта зачэпіць. Мне гэта падабаецца ў іх.

«НН»: А вы не лічыце, што сёння ў Беларусі і Расіі ідзе такая рэстаўрацыя савецкасці: піянерыя, культ дзяржавы, культ Перамогі, кіраўнікі сядзяць на пасадах дзясяткамі гадоў, як генсекі.

ТД: Ну гэта адбываецца амаль на ўсёй постсавецкай прасторы, за выключэннем, можа, Балтыі. У Грузіі і Украіне забаранілі ўвогуле савецкую сімволіку, але просты народ усё роўна нярэдка жыве настальгіяй па СССР.

Але ж СССР ніколі ўжо не вернецца, час ідзе наперад. Можа паступова ад усяго гэтага адыдзем…

Але вось вы кажаце: піянеры, БРСМ… А што кепскага? Там жа не выхоўваюць кепскія звычкі, там вучаць калектывізму, добрым справам. Не трэба баяцца.

«НН»: Усё роўна, варта як мінімум змяніць лексіку, не? Ну якія піянеры?

ТД: Можа, паціху так і будзе. Але нельга рэзка. Я заўсёды супраць таго, каб перамены былі рэзкімі. Вось у маёй Грузіі рэзка ўсё прыбралі — і ўва што яе ператварылі? Сёння няма ніводнага завода, ніводнай фабрыкі, як людзям жыць?

«НН»: Дарэчы, пра Грузію. Вы скончылі БДУ ў Мінску, так?

ТД: Я скончыў гістфак БДУ, бо мяне заўсёды цікавіла палітыка, паліталогія. І гэта быў цікавы час — я неадназначна стаўлюся да Гарбачова, але перабудова дала магчымасць студэнту гаварыць, дыскутаваць з выкладчыкам.

А пасля разваліўся СССР. Радасці я не адчуў, бо прадчуваў гэты хаос. І развал Саюза я сустракаў у Грузіі і казаў сябрам: не спяшайцеся радавацца! У Грузіі 9 красавіка 1989 года разагналі мітынг у Тбілісі, загінула некалькі дзясяткаў чалавек, у асноўным жанчыны. І ў той час у Грузіі на любым мерапрыемстве паднімалі тост за загінулых. А я казаў: таварышы, сябры! Адумайцеся! Не рабіце моду! Гэта нельга, гэта вы смеяцеся над гэтымі людзьмі!

Прайшлі гады, вы думаеце сёння хтосьці памятае прозвішча хоць адной дзяўчыны, якая там загінула? Чаму сёння за іх не паднімаюць тосты?

Тое ж самае, як і з так званай Нябеснай сотняй ва Украіне. А я быў на Майдане, усё было на маіх вачах. У той вечар, калі там расстрэльвалі людзей, я спусціўся ўніз, у пераход — 500 метраў ад Майдана, купіў там сабе кофту і кашулю. На памяць, для гісторыі. Разумееце? Уявіце — тут гандлююць, а там людзей забіваюць. Пра які патрыятызм можна казаць? Калі вы патрыёты, то вы ўсе б усталі! Ці як ты можаш там працаваць, гандляваць? Для мяне гэта дзікунства.

У Грузіі тры грамадзянскія вайны было. Тут піруюць — там ваююць. Як так можна? Гэта вялікая трагедыя. І амаль усе краіны праз такую трагедыю прайшлі, акрамя Беларусі, і мы гэтага не ўсведамляем! Бо тут ніхто не ведае, што такое, калі брат ідзе супраць брата! І я зноў кажу, можна з асобнымі момантамі не пагаджацца, але цаніць мір, які ёсць сёння, неабходна!

«НН»: Пасля развалу СССР вы вярнуліся ў Грузію, працавалі на тэлебачанні Аджарыі, так? Пачыналі карэспандэнтам, скончылі кіраўніком.

ТД: Так, я стаяў ля вытокаў. Атрымалася наступным чынам: я ажаніўся ў 1990-м, жонка мая — грузінка. І яе бацька сказаў: я не супраць шлюбу, але дачку далей за Батумі нікуды не адпушчу! Таму мне прыйшлося шукаць працу ў Грузіі. Там сябры адкрывалі гэты канал, я пачаў пазаштатным карэспандэнтам.

«НН»: Вялікія грошы круціліся, напэўна?

ТД: Туды ўкладваў кіраўнік Аджарыі грошы. Мы, напрыклад, першыя ва ўсім Каўказе транслявалі перадачы праз спадарожнік, нас можна было глядзець у 70 краінах! Кіраўнік Аджарыі Абашыдзэ праз сяброў здабываў пірацкія копіі галівудскіх фільмаў, мы іх пасля круцілі! (Смяецца.) Кіно яшчэ ў шырокі пракат не выйшла, а тэлебачанне Аджарыі яго ўжо паказвала!

«НН»: З крыміналам не сутыкаліся?

ТД: Не, у нас і рэкламы не было, бо Грузія тады была жабрацкай. І канал належаў дзяржаве, таму абыходзіліся без крымінальных разборак. Мы былі пад крылом у Абашыдзэ, ён разумеў, якая важная рэч — тэлебачанне.

Я быў у апазіцыі да Шэварнадзэ, але Шэварнадзэ мяне настолькі паважаў, што я быў хіба не апошні журналіст, якога ён падпускаў да сябе аж да свайго апошняга ўздыху.

«НН»: Вы і ў апазіцыі да Саакашвілі былі таксама?

ТД: Так. Што тычыцца яго знакамітай барацьбы з карупцыяй — я бачыў гэтую барацьбу. Ён навёў паліцэйскі рэжым, прыбраў даішнікаў, але і гэта не ён — гэта амерыканцы. Сам Саакашвілі толькі гуляў, выпіваў, больш нічога не рабіў. Гэта чалавек хворы. Ён разумны, харызматычны, начытаны — але самаўлюбёны фраер! Я яго ведаю даўно. Каб вы разумелі, Саакашвілі — хросны сын Шэварнадзэ. Шэварнадзэ яго сам і стварыў фактычна. А пасля амерыканцы над ім правялі эксперымент, такія пляцоўкі для эксперыментаў былі Грузія, Украіна і Польшча. У гэтыя краіны амерыканцы шалёныя грошы ўкладалі. Грузія дала ім вынік, але гэта не заслуга Саакашвілі.

І барацьба з карупцыяй была такая, што галодны курыцу скрадзе, а яго на камеры здымаюць: глядзіце, злавілі карупцыянера! У той час як каманда Саакашвілі мела мільярды! І сам ён, паглядзіце, як жыве гэтыя гады! Калі я згублю працу, я не ведаю, як буду жыць! А ён, паглядзіце, спакойна катаецца па ўсім свеце. Паглядзіце, якія машыны мае, якое жыллё. Адкуль гэта, за якія шышы?

І апошні момант, калі б ён быў такім добрым — грузіны яго б не паслалі б. А ўкраінцаў сёння мне шкада.

Я быў у Адэсе, сустракаўся з Саакашвілі, зняў з ім інтэрв’ю. Ён мне кажа: я чуў пра вас, што ёсць такі грузін у Беларусі. Пытаецца: а калі вы з’ехалі з Грузіі? Я адказваю: калі вы прыехалі, тады я і з’ехаў.

«НН»: Вы казалі, што вам улада Саакашвілі нібыта выставіла ўльтыматум і вы вымушаны былі з’ехаць з Грузіі.

ТД: Ён не мог мне выбачыць, калі я ў жывым эфіры прыйшоў у студыю, калі ішла Рэвалюцыя ружаў, прынёс ружу. Я сказаў: «Ружа, сябры, улюбёная кветка кожнага з нас. Але не забывайцеся, што яна мае калючкі!» і пасля гэтага я пракалоў сабе палец шыпом. Сказаў: барані нас Божа, каб не пралілася кроў!

А Саакашвілі пад кайфам знаходзіўся, убачыў гэта і кажа: любымі сродкамі яго злавіце і тыдзень пакатуйце! Мне знаёмыя з органаў гэта перадалі, параілі на вуліцу не выходзіць. Ёсць такі загад, кажуць. І я быў вымушаны з’ехаць з Грузіі.

«НН»: А з чаго вы ўзялі, што Саакашвілі быў пад кайфам?

ТД: Ён увесь час быў пад кайфам! Гуляў, тое-сёе. У Адэсе я бачыў, як ён ідзе на сустрэчу з людзьмі і два разы ў шкло ўразаецца, ну што вы.

«НН»: І як вы ад’язджалі з Грузіі?

ТД: А трэцяй гадзіне ночы я з’язджаў. Каб мяне тады хтосьці злавіў, то таму чалавеку Саакашвілі б героя даў. Я архіў вывез такі, з такімі матэрыяламі!.. Ну дапамаглі мне, свет не без добрых людзей.

Галоўнае, што я сёння бываю ў Грузіі — і людзі мяне памятаюць, паважаюць. Я здраднікам не быў ніколі, мне не сорамна.

«НН»: Вы вярнуліся ў Беларусь. А як трапілі на АНТ?

ТД: Я сябраваў з Рыгорам Кісялём усе гэтыя гады, яшчэ з 1995-га. І штогод я прыязджаў у Беларусь, рабіў шмат фільмаў, мы з ім шчыльна супрацоўнічалі. І калі прыехаў з Грузіі тады, мы пагаварылі з Кісялём, я кажу, што думаю ў Беларусі заставацца. Мяне прынялі «на ўра», было прыемна. Але момантамі было няпроста: калі ўзначальваў тэлебачанне Аджарыі, я быў фактычна на пасадзе, аналагічнай міністру,а тут гэта нікому не дакажаш. Я сам тады сказаў, што пайду з нуля пачынаць, узяў мікрафон, стаў карэспандэнтам зноў.

«НН»: Ваша перадача «Дыхание планеты» — праект для небагатага беларускага тэлебачання — унікальны. Гэта вы прыдумалі самі?

ТД: Мы спачатку рабілі з Кісялём праект «Пятнаццаць», праехалі па ўсіх постсавецкіх рэспубліках. Ён быў паспяховы. І пасля я прапанаваў праект дакументальных фільмаў па ўсім свеце: мала палітыкі, больш пазнавальнасці, каб розныя аўтары здымалі. Ён пагадзіўся.

І гэта гонар мой. Тады АНТ меў магчымасці, уявіце: кожны панядзелак мы пяць здымачных груп адпраўлялі па свеце!

І прыемна, што разнастайная геаграфія была, я хачу сказаць дзякуй усім, хто працаваў над праектам. Але, на жаль, сённяшняе кіраўніцтва першае, што зрабіла, — закрыла гэты праект.

«НН»: Чаму?

ТД: Не ведаю. Гэта на сумленні Маркава хай будзе. Але мне было вельмі крыўдна.

«НН»: Як вам Маркаў увогуле як кіраўнік канала?

ТД: Не ведаю, не магу шмат казаць. Меў стасункі з ім вельмі рэдка, таму не ведаю. Ёсць пытанні, але не магу ўсё казаць.

Але крыўдна, што не далі магчымасць мне працаваць, бо я шмат што мог і хацеў зрабіць. Апошнія тры гады на АНТ усе мае праекты на 90% рабіліся маімі знаёмымі і сябрамі, я маю на ўвазе, пераезды, жыллё. Не бюджэтныя грошы траціліся. І за гэта мне нават не сказалі дзякуй нармальна.

«НН»: Чаму пасля вы вырашылі ісці ў дэпутаты?

ТД: Па-першае, у палітыцы я 30 гадоў, даўно. Па-другое, мне было вельмі сумна на АНТ, гэта было ўжо не маё.

«НН»: А сёння ў дэпутацкім крэсле вам весела?

ТД: Мне асабіста сёння перашкаджае каранцін. Адкрыецца ўсё — у мяне шмат ідэй. Хачу звязацца з Украінай як міратворац, можна наведаць Данбас, пастарацца наладзіць расійскія зносіны з Украінай… Я гэта хачу рабіць як прадстаўнік Беларусі, рабіць усё магчымае, каб на міжнароднай арэне пра Беларусь таксама інакш гаварылі. На гэта я патэнцыял маю! Маю шмат сяброў у палітыцы! І сёння я сябе больш камфортна адчуваю нават у такіх умовах, бо на АНТ мне было вельмі сумна. Бо мне не давалі працаваць. Не давалі! Я мусіў упрошваць, маліць! Думбадзэ павінен быў па запісе хадзіць да Маркава — для мяне гэта было абразліва.

Каментары29

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу23

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Усе навіны →
Усе навіны

Прагноз надвор'я на першыя дні зімы1

Бацьку, які адсудзіў дваіх дзяцей у жонкі і вярнуўся з Бельгіі ў Беларусь, судзяць за згвалтаванне непаўналетніх1

Агенты ГРУ Мішкін і Чапіга, якія атруцілі Скрыпалёў, вярбуюць людзей для дыверсій у Еўропе4

Прэтэндэнт у прэзідэнты Аляксандр Хіжняк расказаў, што трапіў у 2020 годзе ў «Чорную кнігу»3

Ва Узброеных сілах заявілі, што распрацавалі аналаг Starlink для беларускай арміі13

Бізнэсоўца з Гомеля судзяць па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве і абразе Лукашэнкі

92-гадовая жанчына штотыдзень абедае ў замку ўжо 37 гадоў

Зяленскі: Перамір'е магчыма, калі Украіну запросяць у NATO7

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу23

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Галоўнае
Усе навіны →