Выбары-20202828

«Вы з гэтым пытаннем дзейнічаеце як правакатар». Замест Качанавай агітацыйную сустрэчу зноў правёў Крывашэеў

Давераныя асобы Аляксандра Лукашэнкі працягваюць замест яго сустракацца з выбаршчыкамі. У мінскай гімназіі №38 такую сустрэчу мусіла правесці Наталля Качанава — найбліжэйшая паплечніца дзеючага кіраўніка дзяржавы. 

Каля 6-й вечара актавая зала гімназіі была амаль поўная, на сустрэчу з чыноўніцай прышло з паўтары сотні чалавек, калі не больш.

Але замест Качанавай да людзей выйшаў тэлевядучы Андрэй Крывашэеў.

«Надзвычайныя абставіны прывялі да таго, што Качанава на нарадзе Савета бяспекі з Лукашэнкам», — паведаміў ён, маючы на ўвазе затрыманне баевікоў з расійскай прыватнай кампаніі, пасля якога Лукашэнка правёў экстранную нараду.

І адразу ж Крывашэеў папалохаў аўдыторыю Украінай:

«Я прыкладна ўяўляю той сцэнар, які прывёў нашу суседку да канфлікту, які доўжыцца больш за Вялікую Айчынную вайну. Мне б не хацелася верыць, што такое магчыма ў Беларусі. Веру, што такое немагчыма, пра гэта сведчыць і імклівая рэакцыя ўлады. Знешнім сілам не атрымаецца паўплываць на выбары».

Пасля прыйшоў час пытанняў.

Адзін мужчына выказаўся пра заробкі: маўляў, не растуць ужо з дзясятак гадоў.

«Вы дзе працуеце?» — пацікавіўся Крывашэеў.

«Я баюся адказваць на гэтае пытанне», — шчыра адказаў суразмоўца, але пасля прызнаўся, што ён выкладчык.

Крывашэеў патлумачыў: невысокія зарплаты сапраўды праблема, але ж гэта часткова кампенсуецца сацыяльным пакетам, напрыклад, бясплатнай медыцынай. І сёння ў прыярытэце павышэнне заробкаў медыкам, якія паказалі вельмі добрыя вынікі ў барацьбе з каранавірусам. Наступныя пасля медыкаў будуць настаўнікі, выкладчыкі, выхавацелькі і нянечкі, запэўніў Крывашэеў. Пасля чаго нагадаў, што не ўсё так кепска: маўляў, развіццё закладзена ў большасць сфераў эканомікі, і многія галіны не стаяць на месцы.

Наступнае пытанне было ад маладога хлопца: пра белыя стужкі штаба Ціханоўскай.

«Як будзе ставіцца ўлада да людзей са стужкамі?»

«Гэты сімвал скрадзены ў прыхільнікаў Навальнага. І гэта спроба раскалоць грамадства, якая ні да чаго добрага не прывядзе», — адказаў Крывашэеў.

«Калі [ў Лукашэнкі на выбарах] афіцыйная лічба Ярмошынай будзе 70%, а фота бюлетэняў пакажа, што ёсць разбежка? Што будзе, калі пачнуцца хваляванні, як адрэагуе ўлада?» — спытаў усё той жа хлопец.

«Разбежка будзе вялікая, бо праект «Голас» — гэта правакацыя, каб падштурхнуць грамадзян да такога выніку. І вы з гэтым пытаннем дзейнічаеце як правакатар», — паведаміў Крывашэеў.

«У нас сёння неспакойна, ёсць згодныя і нязгодныя. І хваляванні людзей можна было б зняць празрыстасцю таго ж галасавання, напрыклад. Ёсць жа ПВТ, ёсць платформа, якая засталася пасля перапісу. І калі будуць празрыстыя факты — не будзе пытанняў і напружанасці», — выказаўся іншы ўдзельнік сустрэчы. У адказ Крывашэеў нагадаў, што ў нас галасаванне таемнае.

«І ў іншых краінах вопыт паказвае, што электроннае галасаванне прасцей сфальсіфікаваць», — адказаў Крывашэеў.

«А чаму не паставіць камеры?»

«Навошта калі ёсць назіральнікі?» — спытаў Крывашэеў.

«Якія там назіральнікі!..» — адмахнуўся мужчына.

«Навошта вы абражаеце 60 тысяч педагогаў? Я ім веру больш, чым любым правакатарам, якія збіраюць подпісы!» — завёўся Крывашэеў.

«97 працэнтаў…» — пачаў наступны чалавек.

«Гэта фэйк!» — імгненна перабіў Крывашэеў.

Але мужчына працягнуў пытанне: чаму не ўзялі ў выбарчыя камісіі незалежных членаў?

«Па-першае, якая розніца? Па-другое, мне казалі старшыні, што ад апазіцыі не прыходзілі заяўкі», — адказаў журналіст.

«Я сам падаваў. Але камісію сфармавалі з тых, хто лічыў галасы раней», — не здаваўся мужчына.

«Тых, хто меў вопыт!» — парыраваў Крывашэеў.

«А дзе такое ў заканадаўстве, што члены камісій мусяць мець вопыт?» — пачалі дзівіцца ўжо і іншыя людзі.

«У камісіі адбіраюць як і на працу: па вопыце і кампетэнцыі, — паведаміў Крывашэеў. І згадаў студэнта Гарварда: — Я сам больш давяраю педагогам і грамадзянам Беларусі, чым замежным студэнтам».

Спыталі і пра каранавірус. Калі скараціць адказ Крывашэева, то мы амаль перамаглі, але ці будзе другая хваля — невядома.

Маладая настаўніца распавяла, што ў яе адпрацоўка ў гэтай гімназіі. Але дзе і як жыць? Здымаць кватэру дорага.

Крывашэеў у адказ чамусьці распавёў, што жыве з жонкай у арэнднай аднапакаёўцы ў Чыжоўцы і гэта не так і дорага, а пасля з’ехаў на агульныя расказы пра развіццё краіны.

«Як яна вырашыць кватэрнае пытанне? Ніяк! Выйдзе замуж хіба», — пачалі хіхікаць некаторыя кабеты ў зале.

«Чаму вы не агітуеце за прэзідэнта? Вы ж тут для гэтага», — спытаў наступны глядач, чым сарваў смех і апладысменты аўдыторыі. Пасля мужчына прывёў у прыклад выбары ў Польшчы, дзе разрыў паміж кандыдатамі быў мінімальны.

Але Крывашэеў адказаў, што палякі перадралі двухпартыйную сістэму ў ЗША.

«Вы хочаце, каб у нас таксама было дзве партыі, напрыклад, «Белая Русь» і ЛДПБ ці камуністы, і каб яны перадавалі ўладу адна адной?» — запытаў журналіст.

А пасля адзначыў, што і ў Польшчы не ўсё так гладка, прыгадаўшы самагубства лідара партыі «Самаабарона» Анджэя Лепера.

На гэта пачуліся крыкі: «А ў нас — Завадскі? А Ганчар дзе?»

На гэта Крывашэеў спакойна адказаў, што следства па гэтых справах закрыта.

Зайшла гутарка і пра пасадку Бабарыкі.

«БабарЫка, ці БабАрыка, ці БабарыкО, як там яго», — пачаў крыўляцца з націскам Крывашэеў, але яго абсяклі людзі: «Навошта абражаць? Нібыта вы не ведаеце, як прозвішча гучыць».

«Следства па справе аб фінансавых махінацыях ідзе з 2016 года, у ім удзельнічаюць 18 краін, для кантроля мы запрасілі Інтэрпал»,— тлумачыў Крывашэеў. Але некаторыя пачалі выкрыкваць: «У чым яго віна? Суд быў? Калі не, то чаму дзяржканалы выстаўляюць яго вінаватым?»

«Матэрыялы справы выклікаюць цікавасць, і таму Белтэлерадыёкампанія прыадкрывае частку звестак», — такім было тлумачэнне Крывашэева.

Спыталі ў яго і пра стаўленне да затрыманняў журналістаў «Радыё Свабода», «Еўрарадыё», «Белсата».

На гэта Крывашэеў адзначыў, што «Радыё Свабода» — гэта не незалежнае СМІ, а сродак прапаганды ЗША.

«А так я кепска стаўлюся да любых перашкодаў журналістам. Але журналіст мусіць следаваць заканадаўству і прынцыпам этыкі», — адказаў Крывашэеў і ўжо другі раз за вечар пачаў скардзіцца на «цкаванне і булінг» дзяржаўных журналістаў, якім людзі пачалі пісаць у сацыяльных сетках непрыемныя, мякка кажучы, рэчы. Маўляў, мы займаемся, усіх крыўдзіцеляў знойдуць і пакараюць. Таксама Крывашэеў падзівіўся: калі незалежных журналістаў хтосьці таксама крыўдзіць, чаму яны не прыходзяць у яго Саюз журналістаў па абарону? Маўляў, «хай амерыканскія ці польскія СМІ звяртаюцца, але прапаную ім аплаціць працу нашай камісіі па этыцы!»

«Я захапляюся вашай мужнасцю, — пачала чарговае пытанне жанчына. — Вы любіце гэты народ?»

«Так», — адказаў Крывашэеў.

«Прашу памятаць пра гэта заўсёды», — параіла жанчына і спытала пра ўстаноўку камер фіксацыі на ўчастках — нядаўна была такая ініцыятыва, людзі былі гатовыя самі сабраць грошы на гэта.

«Не ведаю, наколькі гэта законна, калі людзі хочуць перадаць грошы — я «за», але распараджацца імі будзе выбарчая камісія на свой густ», — адказаў Крывашэеў.

Пасля сустрэча пачала пераўтварацца ў лёгкі балаган: людзі стаміліся, хтосьці ад спёкі, хтосьці ад абцякальных адказаў даверанай асобы. Пачаліся выкрыкі з месцаў, і мерапрыемства скончылі, прапанаваўшы затрымацца тым, хто яшчэ меў пытанні.

Але ж праз некалькі хвілін у актавай зале стала пуста. Хіба адна кабета затрымалася, каб адчытаць за кепскую барацьбу з каранавірусам, астатнія ж даволі хутка разышліся.

Самае цікавае на гэтых сустрэчах — як іх успрымаюць людзі. Аповедаў пра планы, праграму кандыдата, эканоміку, курс рубля няма — ды ніхто іх і не чакае. Пазіцыя прадстаўнікоў Лукашэнкі простая: паглядзіце, як усё добра, без яго ўсё будзе горш. Нават не «без яго» — прозвішча Лукашэнкі тут ніхто і не згадвае — пры любым адхіленні ад дзяржаўнага курса.

Для апанентаў улады такія сустрэчы — гэта магчымасць нарэшце задаць якое-ніякое вострае пытанне якому-ніякому прадстаўніку сістэмы. Калі пашанцуе — атрымаць які-ніякі адказ. А тыя, хто абыякавы да рэжыму ці згодны з ім, увогуле выкарыстоўваюць момант, каб падзяліцца сваімі набалелымі праблемамі кшталту жыллёвага пытання.

Большасці ж прысутных — і на гэтай, і на мінулых сустрэчах у школах, — у прынцыпе, усё роўна. Іх задача — проста адседзець патрэбны час. Чаму так? Бо яны педагогі, тыя самыя, якім так давярае Крывашэеў. А педагогі ў Беларусі — гэта штосьці кшталту чалавечага аналага мантажнай пены: маўклівая маса, якой пры патрэбе можна запоўніць любыя пустоты. Гэтая маса пакорліва прымае любую форму: аўдыторыі на сустрэчы, гледачоў на канцэрце ці нават выбарчай камісіі. І самае сумнае, што самі педагогі даўно ўспрымаюць такое стаўленне да сябе як належнае.

Каментары28

Цяпер чытаюць

Пуцін: Мы згодныя з прапановамі спыніць баявыя дзеянні, але ёсць нюансы9

Пуцін: Мы згодныя з прапановамі спыніць баявыя дзеянні, але ёсць нюансы

Усе навіны →
Усе навіны

«Хтосьці даведаўся, дзе мы трымаем грошы, і падмяніў іх». Экс-палітвязня з сям'ёй абрабавалі ў Грузіі5

Сем тыпаў «п’янай асобы»: кім вы становіцеся пад уздзеяннем алкаголю і што гэта азначае?9

Патэнцыйныя патрабаванні Расіі на перамовах уключаюць «дэмантаж кіеўскага рэжыму»8

Расійскія прапагандысты паказалі Пуціна ў Курскай вобласці7

Вольга Карач пахвалілася новай працай. Яна звязана з ядзернай зброяй9

У нямецкім бундэстагу працаваў рэлакант з Расіі з сувязямі ў ФСБ5

Мінск увайшоў у топ-20 гарадоў свету, найлепшых для прагулак9

Мінчук абурыўся кантынгентам у сталічным метро: Усе з новымі айфонамі, але не могуць дазволіць сабе танную машыну ці паездкі на таксі?24

Двухрублёвую манету прадаюць на аўкцыёне за 490 рублёў. Чаму так дорага?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін: Мы згодныя з прапановамі спыніць баявыя дзеянні, але ёсць нюансы9

Пуцін: Мы згодныя з прапановамі спыніць баявыя дзеянні, але ёсць нюансы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць