Лідар Каардынацыйнай рады Баграцоў патлумачыў, чаму трэба, каб беларусы былі ў Беларусі
Былы старшы віцэ-прэзідэнт IT-гіганта EPAM Максім Баграцоў цяпер знаходзіцца ў Беларусі і ўдзельнічае ў дзейнасці Каардынацыйнай рады. У відэагутарцы «Ток» з Настассяй Роўда ён патлумачыў, што ім кіравала, калі ён вылятаў з «бяспечнай» Амерыкі ў Мінск і чаму важна цяпер фізічна быць на радзіме.
— Многія лічаць, што можна перавесці грошы з-за мяжы ці яшчэ штосьці. Што кіравала вамі, калі вы сядалі ў самалёт і ехалі ў Мінск?
— Па-першае, наконт таго, што вы кажаце, што можна дапамагаць здалёк. Безумоўна можна, і тое, што робяць людзі, — гэта цудоўна. І тое, што яны выходзяць на акцыі падтрымкі, і тое, што дапамагаюць грашыма, — гэта клас. Гэта паказвае, колькі ўсяго можна будзе зрабіць потым, калі тут усё ж такі ўсталюецца нармальная прававая сістэма. Бо ўвесь гэты ўзровень патрыятызму і гонару за сваю краіну, ён у гэтых людзей нікуды не дзенецца, ён застанецца. А далей тут ужо кожны павінен абіраць прымальны для сябе ўзровень рызык, таму што ён не маленькі. У кожнага тут безумоўна свая сітуацыя і тое, што я вырашыў для сябе дапушчальным, неабавязкова дапушчальна для іншых людзей.
Ёсць моманты, якія можна рабіць толькі тут. Вось мы кажам пра збор дапамогі. Сёння, каб дапамога сюды паступала нейкім чынам, каб дапамагаць тым людзям, якім трэба дапамагаць, — гэта вельмі складана. Амаль немагчыма. Улады заўсёды рабілі ўсё, каб перашкаджаць у працы і дакладна не дапамагаць некамерцыйным арганізацыям, якія маглі займацца дабрачыннасцю. Улады заўсёды непакоіліся, што гэта можа быць агмень нечага яшчэ. А цяпер яны перакрываюць кісларод паўсюль, дзе толькі магчыма. Таму сабраць грошы на Захадзе — гэта не тое самае, што дапамагчы чалавеку тут. І мы гаворым толькі пра самую простую частку — як арганізаваць дапамогу.
А ёсць жа складаныя рэчы, як пераадоленне крызісу і пераход да нармальнага жыцця, якое адбываецца паводле закону. Мы вельмі часта з калегамі абмяркоўваем такую вельмі простую дылему. З аднаго боку, не гаварыць пра змены ў Канстытуцыю нельга, таму што хочацца ўсім паказаць, што ёсць план, як потым перайсці да такога жыцця, што гэта [тое, што адбылося ў Беларусі пасля выбараў] будзе немагчыма, што гэта не паўторыцца.
З іншага боку, наша сённяшняя сітуацыя не ў тым, што ў нас кепская Канстытуцыя і кепскія законы, хаця многа ў іх ёсць кепскага. Кепска тое, што гэтыя законы не выконваюцца абсалютна ніяк. Калі яны не выконваюцца дзяржавай, то якая тады розніца, наколькі мы можам палепшыць гэтыя законы і наколькі хутка?
Тут фундаментальнае пытанне ў тым, як прыйсці да таго, калі ўсё выконваецца. Ну і знаходзячыся па той бок мяжы, я не бачу асабліва шмат інструментаў, як можна было б у гэтым працэсе дапамагчы. А дапамагаць тут, хоць пакуль з абмежаванымі магчымасцямі, але ва ўсякім разе яны ёсць.
— Я правільна разумею, што гэта магчымасці такога дыялогу і пошукаў шляхоў з такімі ж аднадумцамі?
— Як адзін з маіх калег вельмі правільна сфармуляваў, мы праходзім некалькі фаз.
Цяпер мы праходзім фазу ціску, калі ўлада ўсё яшчэ думае, што ціскам можна вырашыць праблему. І тут нічога нельга зрабіць, апроч таго, каб быць са сваім народам і паказваць, што ціск ні да чаго не прыводзіць. Вось гэта тое, дзе мы знаходзімся.
Натуральна, калі нарэшце да розных удзельнікаў гэтага працэсу на баку ўладаў дойдзе, што гэта ні да чаго не прыводзіць, будзе адбывацца пераход да нейкай размовы. І хто ў гэтай размове будзе ўдзельнічаць, у якой якасці, якую суб’ектнасць прадстаўляць, гэта другасна. Важна, што камусьці тут гэта трэба будзе рабіць. Будзем спадзявацца, што мы да гэтага пяройдзем даволі хутка.
А далей нікуды дзецца будзе немагчыма, апроч як правесці ўсё ж такі нейкія рэчы, якія прывядуць да новых выбараў. Таму што на сённяшні дзень легітымная ўлада ў Беларусі адсутнічае, яе няма. І мы павінны прыйсці ў момант, калі яна з’явіцца. Таму гэтыя ўсе тры фазы яны будуць патрабаваць максімальнай прысутнасці і працы тут, бо гэта наша ўнутраная справа, унутрыбеларуская.
Каментары