Гісторыя1111

Літоўскі даследчык назваў канкрэтнае месца, дзе схаваныя парэшткі Вітаўта Вялікага

Міжваенныя ўлады Польшчы схавалі шкілет у каралеўскай крыпце Віленскай катэдры, сцвярджае Саўлюс Подзерыс. 

Крыпта ў Віленскай архікафедры. Як мяркуе Саўлюс Подзерыс, у праходзе за сцяной, размешчанай паміж трунамі з парэшткамі Барбары Радзівіл і Аляксандра Ягелончыка, могуль быць схаваныя парэшткі вялікага князя Вітаўта. Фота: Alkas.lt

Дэталі гістарычнага расследавання, праведзенага літоўскім рэстаўратарам Саўлюсам Подзерысам, былі нядаўна агучаныя ў падкасце Neredaguota і на партале Alkas.lt. У іх былі сістэматызаваныя матэрыялы даследчыка, прадстаўленыя раней падчас тэматычнай прэс-канферэнцыі ў Сейме.

Гісторыя з магчымым знаходжаннем парэшткаў вялікага князя бярэ пачатак пасля катастрафічнай вясновай паводкі 1931 года. Тады падчас маштабных рамонтна-ратавальных работ пад кіраўніцтвам прафесара Юліюша Клоса быў знойдзены маўзалей з пахаваннямі манархаў. Афіцыйная гістарыяграфія і ўлады міжваеннай Польшчы абвясцілі пра знаходку толькі трох целаў: вялікага князя Аляксандра Ягелончыка, Лізаветы Аўстрыйскай і Барбары Радзівіл.

Каралеўская крыпта ў Віленскай катэдры, выяўленая ў 1931 годзе. Паводле версіі Саўлюса Подзерыса, парэшткі з правага боку могуць належаць князю Вітаўту. Фота Яна Булгака / LVIA

Аднак архіўныя матэрыялы, выяўленыя ў фондах Гданьска, ставяць афіцыйную версію пад сумнеў. На негатывах, зробленых падчас будаўніцтва каралеўскага маўзалея і антрапалагічнага аналізу знаходак, выразна бачныя не тры, а чатыры акуратна раскладзеныя шкілеты.

Фотаздымак з Гданьскага фотаархіва, на якім паказанае антрапалагічнае вывучэнне парэшткаў, выяўленых у каралеўскай крыпце ў 1931 годзе. Як вядома, былі знойдзеныя парэшткі толькі трох чалавек, Подзерыс мяркуе, што чацвёрты шкілет на заднім плане можа належаць Вітаўту.

Гэтае назіранне ўскосна пацвярджаецца і некаторымі гістарычнымі дакументамі. Яшчэ ў 1806 годзе пралат катэдры Францішак Ксаверый Богуш у сваіх лістах пісаў, што вялікі князь Вітаўт спачывае ў адной крыпце з Аляксандрам Ягелончыкам. Даследчыкі таксама звяртаюць увагу на першапачатковыя чарцяжы самога архітэктара Клоса, дзе ў планах новага маўзалея было прадугледжана месца менавіта для чатырох саркафагаў.

Адкуль узялася версія пра ўтойванне

Інфармацыя пра тое, што парэшткі Вітаўта былі знойдзеныя, але з палітычных ці кансервацыйных меркаванняў схаваныя, не з'явілася на пустым месцы. Як вынікае з сабраных даследчыкамі дакументаў, гэтыя чуткі цыркулявалі ў вузкіх колах віленскай інтэлігенцыі дзесяцігоддзямі. Спачатку пра гэта асцярожна згадваў скульптар Рафал Яхімовіч, які ў міжваенны час займаўся стварэннем помнікаў вялікаму князю. У 1990‑я гады гэтую версію па архіўных слядах сур'ёзна вывучаў архітэктар Ромас Казлаўскас.

Віленская інтэлігенцыя і духавенства перад уваходам у раскрытую каралеўскую крыпту. 1931 год. Фота: NAC

Але найбольш важны доказ утрымліваецца ў мемуарах архітэктара Вітаўтаса Ландсбергіса-Жамкальніса «З экрана памяці», выдадзеных у 2009 годзе. Аўтар абапіраўся на прамыя сведчанні свайго калегі Яна Пекшы — таго самага архітэктара, які ў 1931 годзе разам з тэхнікам Вількусам першым праціснуўся ў затопленую каралеўскую крыпту.

Паводле ўспамінаў Пекшы, у падзямеллях было больш месцаў пахаванняў і асобных трунаў, чым трапіла ў афіцыйныя справаздачы. Камісія свядома хавала інфармацыю, імкнучыся звесці да мінімуму маштаб адкрыцця, каб пазбегнуць палітычных спрэчак (палякі шанавалі Ягайлу, для літоўцаў галоўны герой — Вітаўт) і не ўскладняць працэсу ўмацавання аварыйнага сабора.

Куды маглі перанесці парэшткі вялікага князя Вітаўта

Аналіз усіх гэтых сведчанняў, а таксама гістарычных архітэктурных планаў катэдры дазволіў Подзерысу вызначыць найбольш імавернае месца, куды ў пачатку 1930‑х гадоў маглі перанесці чацвёрты шкілет. Гэта стары, замураваны ўваход часоў дынастыі Вазаў, размешчаны ў падмурку капліцы Святога Казіміра каля заходняй сцяны маўзалея.

Сухі калідор мае даўжыню каля трох метраў. Ён знаходзіцца крыху вышэй за ўзровень сучаснай падлогі, якраз паміж сучасным размяшчэннем трунаў з парэшткамі Барбары Радзівіл і Аляксандра Ягелончыка.

Праход часоў дынастыі Вазаў, які быў раскрыты пры будаўніцтве каралеўскага маўзалея пад капліцай Святога Казіміра ў міжваенны час. Фота: Neredaguota
План каралеўскага маўзалея, створанага ў міжваенны час пад капліцай Святога Казіміра. Замураваны калідор, у якім Подзерыс разлічвае адшукаць парэшткі Вітаўта — унізе чарцяжа

Калі гэта так, то парэшткі нязручнага для польскіх уладаў вялікага князя схавалі так, каб не мучыла сумленне: пакінулі ў максімальна пачэсным месцы, побач з іншымі княжацкімі пахаваннямі, але за глухой сцяной.

Подзерыс лічыць, што каб праверыць гэтую версію, не патрабуецца ні мільённых бюджэтаў, ні маштабных раскопак. Дастаткова атрымаць дазвол на свідраванне невялікай адтуліны ў гістарычным муры, праз якую ўсярэдзіну можна прасунуць эндаскапічную камеру з падсветкай і агледзець пустоты.

Чаму літоўская дзяржава не спяшаецца рэагаваць на гіпотэзу Подзерыса

Рэалізацыя гэтага простага тэхнічнага плана пакуль тармозіцца, магчыма, не ў апошнюю чаргу з-за спецыфічнай рэпутацыі ініцыятараў.

Аўтар гіпотэзы, рэстаўратар Саўлюс Подзерыс, раней быў асуджаны за сувязі з чорнай археалогіяй і знаходзіцца ў адкрытым канфлікце з архідыяцэзіяй праз спрэчкі вакол выяўлення тайніка з каралеўскімі інсігніямі. Ён таксама вядомы подпісам пад патрабаваннем забараніць беларусам выкарыстоўваць гістарычны герб «Пагоня».

У ліку першых ужо выказаў сваё абурэнне бяздзейнасцю літоўскіх уладаў у гэтай справе дэпутат Вітаўтас Сініца, заклікаўшы ацэньваць выказванні Подзерыса асобна ад ацэнкі яго асобы. Сініца раней быў выключаны з уласнай нацыяналістычнай партыі за парушэнне яе статута, беларусам яго асоба вядомая ў першую чаргу акцыямі з патрабаваннямі выгнаць з Літвы Офіс Святланы Ціханоўскай.

На гэты момант інфармацыя пра дакладнае месцазнаходжанне гіпатэтычнага пахавання перададзена Міністэрству культуры і парламенцкай камісіі па гістарычнай памяці. Рашэнне аб тым, ці будзе праведзена эндаскапічнае даследаванне мура, застаецца за дзяржаўнымі ўстановамі і Віленскай архідыяцэзіяй.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • Жвір
    14.05.2026
    Мяркую, што ў польскіх архівах, дзяржаўных, гістарычных ды касьцельных, утрымліваецца сапраўдная інфармацыя, але палякі маўчаць на карысьць ліетувісаў, каб ня даць нікому ведаць, што Міндоўг і каранаваны быў у Наваградку, і пахаваны нейдзе тамсама...
  • CV
    14.05.2026
    У той камісіі былі мясцовыя патрыёты Булгак і Рушчыц, яны хоць і былі палякамі па самавызначэнні, але гэты край ім быў даражэйшы за нейкую Варшаву. Яны б не змаўчалі пра знаходку парэштак Вітаўта.
  • Valadzimir
    14.05.2026
    Ліетувцы-ліетувісы, якія, як і белоруссы, узьніклі як "нацыя" у 19 ст., і як і яны, не могуць патлумачыць імёнаў літоўскіх князёў і самой назвы "Літва", гэтаксама НЕ маюць права выкарыстоўваць гістарычны герб "Пагоня" (абазваны імі "Вітісам") ВКЛ - дзяржавы лютічаў-лютвы-літвы-літвінаў.

Цяпер чытаюць

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Усе навіны →
Усе навіны

У расійскім Энгельсе гарыць вайсковая часць пасля начной украінскай атакі1

Замест металадахоўкі — дубовая драніца. У цэнтры Віцебска на месцы міліцыі адкрылася кавярня ў бездакорна адноўленым 200‑гадовым будынку10

«Людзі дамовіліся ў адзін час выйсці ў лакальныя ўчасткі і біць усіх актывістаў». Ігар Лосік расказаў пра бунт у Наваполацкай калоніі8

Турэцкага губернатара звольнілі за веласіпедныя легінсы ў абліпку13

Галкіпер Каба-Вэрдэ Вазінья, што стаў легендай чэмпіянату свету, знайшоў сабе новы клуб

Ратавальнікі патушылі пажар на «Інтэграле»

Галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан адхілены ад пасады праз абвінавачанні ў сэксуальных дамаганнях3

З букіністычных крам па ўсёй Германіі масава скупляюць кнігі. У чым прычына?11

У Польшчы праз адчыненае акно ў дом залез спалоханы лось ФОТА6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць