Грамадства

Татальны кантроль за аўтазакамі: як адзін з мінскіх раёнаў патрулюе тэрыторыю падчас нядзельных маршаў

Сёння мы трапілі ў «Дзённую варту» па-беларуску — патруль народных дружыннікаў, які ад раніцы кантраляваў квартал, каб забяспечыць бяспеку свайму маршу. Галоўным крытэрам паспяховасці тут лічаць не колькасць удзельнікаў, а адсутнасць затрыманых, а сілу бачаць у дэцэнтралізацыі. Таму пасля таго, як нядзельныя прагулкі разгрупаваліся па горадзе, у гэтым квартале іх пачалі таксама планаваць і каардынаваць.

Ілюстрацыйны здымак.

Раён, дзе мы знаходзімся, — ездзім па вуліцах і выглядваем калі не аўтазакі, то падазроныя бусы з ціхарамі — аб’ядноўвае некалькі дваровых актываў. У мінулую нядзелю дазорную групу сфарміраваў адзін двор, гэтым разам адказнасць на сябе ўзяў іншы — яны плануюць маршрут раённага маршу, фарміруюць патруль і размяркоўваюць пункты, па якіх павінна разысціся частка з прызначаных 15—20 чалавек. Астатнія курсіруюць на аўтамабілях.

Калі ў раён пачнуць сцягвацца сілавікі, пра гэта паведамяць кантактнай асобе з пратэснай калоны, яна — групе актывістаў, а тыя — усёй калоне. Такім чынам, калі на лакацыю, дзе толькі што быў раённы марш, прыедуць аўтазакі, пратэстоўцы ўжо будуць сядзець па дамах. Так адбылося ў мінулую нядзелю: па гэтых вуліцах тады гуляла больш за пяцьсот чалавек, а калі прыехалі бусы з амапаўцамі, пазікі з «аліўкамі» і вадамёт, удзельнікі маршу пераможна адсутнічалі. Сілавікі ў выніку затрымалі некалькі выпадковых людзей.

«Трэці раз збірацца на тым жа месцы і ў той жа час пасля таго, як там пабывалі аўтазакі і вадамёт, бессэнсоўна. Калі ты паляўнічы, табе дастаткова ведаць, дзе і ў які час з’яўляецца твая цэль, каб паставіць пастку, таму хадзіць рознымі шляхамі і ў розны час для нас бяспечней»,

— кажа арганізатар варты і актывіст адной з мясцовых дваровых супольнасцяў, які цяпер едзе за рулём. Гэтым разам было вырашана пачаць марш раней і ў новым пункце: апроч таго, што гэта дае больш бяспекі, такім чынам можна адсунуць увагу сілавікоў ад актыўнасцяў у іншых раёнах.

Час збору быў апублікаваны апоўначы, а месца — раніцай. Патрульная група стварае асобны чат у тэлеграме — ён называецца «Дзённая варта», — праўда, асабліва на яго не разлічвае, таму ўсе важныя паведамленні перадаюцца па тэлефоне. У майго суразмоўцы для такіх выпадкаў — асобны тэлефон і асобная сім-карта, зарэгістраваная на чужое імя. «Мала для гэтага купіць толькі новы тэлефон альбо толькі новую сім-карту. У ідэале яшчэ павінны быць грошы на тое, каб абнаўляць іх штотыдзень». На жарт аб фінансаванні заходнімі лялькаводамі, актывіст адказвае:

«Нават у маім актыве часам узнікаюць падазрэнні наконт гэтага, нават мая мама, калі мне на працы даюць прэмію, чамусьці лічыць, што насамрэч гэтыя грошы я атрымаў з-за мяжы. Але я айцішнік і нядрэнна зарабляю. Я нават прапаноўваў чалавеку з нашага двара кампенсаваць месячны заробак, калі ён пойдзе баставаць, але ён не пайшоў». 

Тым не менш, праз тое, што час і месца раённага маршу прызначаны новыя, калона рызыкавала сабраць менш людзей — відаць, праблема недастаткова наладжанай камунікацыі, калі людзі гуртуюцца ў дваровых супольнасцях, але часам ўсё яшчэ кіруюцца інфармацыяй, апублікаванай у папулярных тэлеграм-каналах.

«Так правяраюцца мясцовыя сувязі, якія ў арганізацыі маршаў яшчэ не выбудаваліся канчаткова, але тым не менш здольныя ў любы дзень арганізаваць стыхійную і адносна бяспечную акцыю. Наша сіла ў тым, што мы можам хутка ўсё мяняць, і чым больш людзей сочаць за гэтымі зменамі і адаптуюцца да іх, тым эфектыўней мы дзейнічаем. А сіла таго боку — у планаванні, што займае час, таму мы павінны мяняцца хутчэй, чым ён можа адрэагаваць».

Гэтым разам калона пратэстоўцаў сапраўды налічвае ўжо не пяцьсот, а каля ста чалавек: частка людзей адправілася на «паддазорны» марш, а пэўная колькасць — на звыклы пункт збору. «Крыўдна, што ў тых, хто сабярэцца паводле Нехты, не будзе нікога, каб дапамагчы. Але нават калі ў гэтага будуць наступствы, яны прынамсі зразумеюць, што трэба ў першую чаргу разлічваць на мясцовыя супольнасці. Гэта важна, таму што чым бяспечней праходзіць марш, тым больш гатоўнасці ўдзельнічаць у наступным».

Арганізаваная калона прайшла па запланаваным маршруце, што было зафіксавана на відэа, і разышлася, а ўжо хутка на вуліцах з’явіліся ціхары і сталі курсіраваць бусы — як мяркуюць мясцовыя, для таго, каб нагнаць на патэнцыйных удзельнікаў страху. Тым не менш, ужо хутка ўтварылася другая калона.

Мой суразмоўца кажа, што, нягледзячы на ўсе поспехі, страх часта перамагае: нават падчас паўнавартасных маршаў кожную раніцу нядзелі ва ўсіх буйных чатах пісалі пра вайсковую тэхніку ў горадзе і ачапленні, у выніку чаго менш людзей былі гатовыя да дзеянняў.

«Праз каранавірус і надвор’е на маршах цяпер не так шмат людзей, але гэта не адмяняе магчымасці ладзіць іх у любы дзень. Сабраць пяцьдзясят чалавек — лёгка, да таго ж мы адначасова перамагаем на іншых франтах — эканамічным і ідэалагічным».

На ідэалагічным фронце — праз лістоўкі, налепкі, акцыі ды іншае — якраз выступаюць сфарміраваныя за апошнія месяцы дваровыя супольнасці. «Гэтыя дзвіжухі, калі былі складаныя маршы і масавыя затрыманні, аднаўлялі дух. Заўсёды павінен быць нейкі поспех: ён забяспечвае ўздым настрою і гатоўнасць працягваць. Таму сёння паўстае пытанне ў тым, што мы можам супольна рабіць адназначна паспяхова».

Другі марш раёна паспеў прайсці па вуліцах і ўдала разысціся за дзве хвіліны да з'яўлення сілавікоў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў17

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў

Усе навіны →
Усе навіны

Што за Zorki? Патэсцілі новы беларускі дадатак для знаёмстваў6

Трамп: Цэны на нафту ўпадуць пасля знішчэння ядзернай праграмы Ірана2

108 гадоў таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка7

На вуліцы Чырвонаармейскай будзе квартал з жыллём і гандлёвымі аб'ектамі — скончылася грамадскае абмеркаванне2

Як бот са штучным інтэлектам OpenClaw спачатку захапіў свет, а пасля трапіў пад забароны і быў названы «кашмарам кібербяспекі»3

Што вядома пра Маджтабу Хаменеі, якога абралі вярхоўным лідарам Ірана?2

Цэны на нафту ўпершыню з 2022 года падняліся вышэй за 115 даляраў за бараль1

Ці сапраўды нам патрэбныя дабаўкі з электралітамі?2

Маджтаба Хаменеі афіцыйна стаў Вярхоўным лідарам Ірана3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў17

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць